Пра доктара Юльяна Цітыюса
Доктар Юльян Цітыюс (1819–1898), сын віленскага рэстаратара Аўгуста Цітыюса (? –1839), быў у Вільні вельмі вядомай асобай. Працаваў ён у віленскіх шпіталях Савічы і св. Якуба, быў членам Віленскага дабрачыннага і Віленскага медыцынскага таварыстваў. З'яўляўся вядомым калекцыянерам. Пасля заканчэння Віленскай медыцынскай акадэміі Цітыюс вучыўся ў самых вядомых прафесараў у Празе, Лондане і Вене. Пасля вяртання ў Вільню ён ужываў самыя перадавыя метады лячэння, заслужыў давер, любоў і ўдзячнасць пацыентаў. Юльян Цітыюс лячыў не толькі заможных, але і бедных пацыентаў і не проста бясплатна, але нават часта сам матэрыяльна падтрымліваў іх.
Ніжэй падаецца пераклад успамінаў доктара Цітыюса, якія друкаваліся ў 1922 г. у віленскім «Пшэглёндзе Віленскім» і каментары Уладзіслава Талочкі (1887— 1942) да часткі ўспамінаў віленскага доктара, якія надрукаваны ў тым жа выданні.
Перакладчык і складальнік кнігі Леанід Лаўрэш
З успамінаў д-ра Юльяна Цітыюса
Ад рэдакцыі «Пшэглёнда Віленскага»:
Пра ўспаміны д-ра Юльяна Цітыюса (1820–1898) напісаў др. Юзаф Бялінскі ў №10 «Тыгодніка Віленскага» за 1911 г. Успаміны Цітыюса — фаліянт у 42 аркушы ў скураной вокладцы, напісаны добрым почыркам, захоўваецца ў бібліятэцы імя Урублеўскіх. Успаміны ахопліваюць значную частку XIX ст., змяшчаюць цікавыя матэрыялы пра незвычайна разгалінаваныя стасункі папулярнага ў Вільні лекара і маюць не толькі аўтабіяграфічную, але і гістарычную каштоўнасць. Не чакаючы поўнага выдання гэтых мемуараў, пачынаем друкаваць цікавыя фрагменты ў храналагічным парадку, так, як іх запісваў сам аўтар.
Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша
1.
1838 г. памятны тым, што вясной памёр слаўны доктар і прафесар Віленскай акадэміі Андрэй Снядэцкі, брат астранома Яна Снядэцкага, які шэсць гадоў быў рэктарам універсітэта і памёр, здаецца, у 1830 г.
Імяніны Андрэя студэнты апошні раз святкавалі ў 1837 г. у мурах клінікі, дзе ён выкладаў практычную медыцыну. Зала была аздоблена пальмамі і кветкамі, і сярод іх стаяў бюст шаноўнага віноўніка свята. Выступалі на лаціне, але апошняя прамова студэнта старэйшага курса Адама Пянкевіча была імправізацыяй, якая пачыналася наступнай страфой:
Штодзень даўні ўклад знікае,
Штодзень да новага заве,
Ды сістэма Каперніка трывае,
Ды тэорыя Снядэцкага жыве.
Прычынай яго смерці была язва на карку. Ганаровае пахаванне ў касцёле св. Яна. Знакаміты прамоўца кафедры, ксёндз Людвік Трункоўскі, сказаў прамову, а труну вучні неслі ажно да Вострабрамскай рагаткі, дзе яе паклалі на воз і павезлі ў маёнтак Болтупі ў Ашмянскім павеце. У памяць пра Снядэцкага, злева ад паштовага тракту, студэнты насыпалі курган. Было мала рук і часу, таму гэты курган не стаў сапраўдным помнікам пасярод суседніх пагоркаў.
Калі імправізаваная праца падыходзіла да канца, пайшоў вясенні дождж і ўдарылі маланкі. Тлум асоб рознага ўзросту, полу і стану хутка вярнуўся ў горад.
Анекдот па тэме.
Была тады ў Вільні пры Акадэміі тыповая і папулярная ў горадзе рэстарацыя панны Ганны Хольснер. У зале шмат гасцей. Уваходзіць тоўсты пан, бландзін з вусамі і ў віц-мундзіравым фраку і падае ў крэсла, выціраючы пот з румянага твару. Вітае знаёмых і кажа: «Але і змучыўся! Спачатку сагрэўся, а потым дождж мяне заліў. Ажно за горад праводзіў калегу».
На гэта адзін з сучаснікаў, хуткі і праўдзівы, не апошні ў Вільні чалавек (Шкультэцкі) адказаў: «Ты — асёл, калі называеш Снядэцкага сваім калегам. Не кажы так, бо ўсе будуць смяяцца». «Брава, Шкултэцкі!», — закрычалі ўсе тыя, хто вяртаўся з пахавання.
Нефартунны ягамосць аднак усё ж у нейкім сэнсе быў калегам, бо выкладаў студэнтам акадэміі курс… коннай язды, г. зн. быў прафесійным бярэйтарам. Ён заўсёды насіў прафесарскі віц-мундзір, прозвішча яго было Хебах, і паходзіў ён з Кракава.
1844. У траўні, падчас прыезду ўдзельнікаў на так званыя кантракты, інтэлігентныя аматары давалі дабрачыннае тэатральнае прадстаўленне ў Вялікім тэатры які знаходзіўся на Віленскай вуліцы. Тады гралі камедыю графа Ал. Фрэдры «Помста». Прыпамінаюцца былыя ўніверсітэцкія часы. Каля 1820 г. аўтар — арыстакрат адмыслова напісаў свой твор у 5 ці 6 актах. У горадзе распаўсюдзіліся лісты з не зусім прыстойным вершыкам:
Перад святасцю намеру хай укленчыць кожны,
Для любові бліжняга і… паплакаць можна.
З часам існаванне тэатра пачало камусьці муляць. Было вырашана ўжываць рускую мову разам з польскай і з даходаў горада заплаціць на гэта 3000 руб. Але цывільны губернатар пажадаў купіць гэты тэатр і патрабаваў не малых рэпарацый у памеры 12 ці 14 тысяч рублёў за гмах і плошчу перад ім. Гаспадыня (Кажынская) не пагадзілася, і яе зяць хутка перарабіў верхні паверх тэатра ў кватэры, а ніжні ў аптэку (Мікутовіча) і крамы.
Паўвека гэта быў дом муз. Пабудаваны Мараўскім у 1796 г. і прададзены яго ўдавой знакамітаму акцёру і антрэпрэнёру Мацею Кажынскаму, які са сваёй віленскай операй ездзіў у Пецярбург і Маскву. Першы публічны тэатр у Вільні адчыніў слаўны Войцех Багуслаўскі ў 1785 г. у палацы Аскеркі, які потым быў перароблены Мікалаем Абрамовічам і набыты для віленскіх губернатараў.
1846. Адкрыццё дзяржаўнага польска-рускага тэатра ў вялікай зале Ратушы, дзе адбываліся соймікі і канцэрты.
Цывільны губернатар Жарабцоў чынна гэтым займаўся. У абодвух канцах зала былі збіты каланады, усталявана сцэна і на слупах зроблена ложа. Вось ужо паўвеку, на шчасце, не было пажару, і тая ложа ўсё гэтак жа трымаецца на драўляных слупах.
Пра гэты зал з захапленнем успамінаў у Дрэздане слаўны скрыпач Караль Ліпінскі, і ўсе спявачкі таксама хвалілі цудоўную акустыку. Тут горад даваў баль для цара Аляксандра І.
1848. Зачынены заслужаны інстытут спадарыняў Герман, у якім шмат бедных дзяўчатак бясплатна атрымала адукацыю. Гэтыя шляхетныя людзі сталі ахвярай інтрыг.
Год запомніўся страшнай халерай улетку.
1851. 17 кастрычніка смерць пачцівага прафесара Віленскага ўніверсітэта, а потым Віленскай акадэміі Фелікса Рымкевіча. Меў незвычайную памяць. Слаўны Андрэй Снядэцкі называў яго «ходнай бібліятэкай».
Пасля смерці Снядэцкага Рымкевіч быў абраны дырэктарам клінікі ўнутраных хвароб, а пасля забароны ўніверсітэта і акадэміі не прыняў прапановы працаваць у іншых універсітэтах. З Абіхтам меў братэрскае сяброўства з маладосці да труны. Калі яшчэ не быў жанаты, разам з ім улетку жыў ў прыгожых Маркуцях. Абодва мелі праўдзівы і лагодны характар. Пагарджалі самым нявінным шарлатанствам і былі ўзорам для цэлага пакалення практыкуючых лекараў, іх глыбока шанавалі, а пад стараць нават любілі.
Дзякуючы ім, я маю свае прынцыпы і веды.
Рымкевіч пасля адпачынку і лекавання ў Бадзе-Кісінгене паехаў лячыцца ў Лондан, але дарэмна, бо рак страўніка невылечны. Абіхт закрыў яму вочы. Халодны быў чалавек, але заплакаў.
1855. 27 траўня шляхта Віленскай, Гарадзенскай і Ковенскай губерняў сустрэла Назімава прыгожым балем у залах дома Мюлера (потым Шышкі, зараз яго зяця Слатвінскага), дзе раней была Рэсурса.
З-за манаршай ласкі мелі вялікую радасць ва ўсім краі, бо цар прыслаў чалавека справядлівага, праўдзівага і сардэчнага. Яшчэ ў 1841 г. ён выявіў інтрыгі некалькіх вышэйшых чыноўнікаў, якія з дапамогай сфальшаваных сведчанняў абвінавацілі мноства заможных і ўплывовых асоб і трымалі іх у вязніцы больш за год.
Назімаў расказаў цару Мікалаю ўсю праўду, і цар, які на пачатку не паверыў, паслаў у Вільню генерал-ад'ютанта Кавеліна, які выпусціў нявінных з турмы. […] Пасля гэтага Назімаў атрымаў чын генерала світы. […]
Калі б на тым вясёлым балі (я быў на ім) знайшоўся нейкі прарок, які б сказаў: «Роўна праз сем гадоў тут у Вільні будуць стаяць шыбеніцы і пацячэ кроў вінаватых і невінаватых. Ухіліцеся ад гэтага, покуль яшчэ магчыма, вы бацькі сямействаў!» — усе палічылі б яго за вар'ята, за шаленца. Аднак ідэі Гарыбальдзі і Мераслаўскага з Варшавы прыйшлі на ціхія вулачкі Вільні. Маладое, недасведчанае пакаленне не паслухала старэйшых, бацькі спрабавалі з імі змагацца, але дэкламацыі, запал і энергія моладзі перамагалі.
Толькі Назімаву Вільня павінна быць удзячнай за чыгуначную лінію, бо па планах французскай кампаніі, каб скараціць шлях, чыгунка на ўчастку ад Пецярбурга да Гародні павінна была абмінуць Вільню. Таксам яму трэба быць удзячным за набярэжную Віліі, сквер каля Кафедры і перанос Берасцейскага кадэцкага корпуса з Масквы ў Вільню. А яго жонцы трэба быць удзячнымі за школу швачак і краўчых, якая атрымала назву Вострабрамскай і ў якой да 50 бедных дзяўчынак вучыліся на поўным утрыманні і мелі навуку за кошт гэтай спадарыні.
2.
1856. На пачатку жніўня я з мітрапалітам Жылінскім выехаў праз Мінск і Бабруйск у Маскву на каранацыю. Па дарозе, у Лебедзеве, у шамбеляна Ц. Цывінскага пазнаёміўся з маладзенькім доктарам Зянонам Цывінскім, які толькі што прыехаў з Масквы, а ў Радашковічах з інтэлігентнай спадарыняй В. Паміж Мінскам і павятовым горадам Ігуменам мы на цэлы дзень спыніліся ў прыгожай і стаўшай нядаўна вядомай рэзідэнцыі Дукоры, маёмасці шматгадовага маршалка Мінскай губерні Оштарпа. Ён быў агульнавядомы сваёй гасціннасцю. Чаго там не было! Уласны аркестр, з Мінска часта прыязджаў польскі тэатр ці конны цырк. Пасля пераносу Віленскай акадэміі ў Кіеў ў Дукоры ціха жыў «як быццам калега» Снядэцкага Хебах, ён служыў настаўнікам коннай язды для трох дачок маршалка.
Дасціпны, але трошкі зласлівы паэт, у старасці страціўшы зрок, аўтар надрукаваных эпіграм Ігнат Легатовіч, увекавечыў гэту рэзідэнцыю двухрадковым вершам:
Па смерці Оштрапа ў Дукоры
Змены значныя прайшлі,
Паны піць перасталі ад учора,
А мужыкі там есці пачалі.
Залатыя купалы «сорока сороков» цэркваў асляпілі нас здалёк. Чароўны від з гары, з якой ішла ўніз дарога. Сонца свяціла нам у спіны і перад сваім заходам асвяціла горад, які раскінуўся перад намі, а іскры золата на купалах мігацелі і блішчэлі так, што трэба было прыжмурваць ці нават заплюшчваць вочы. Толькі адсутнасць сіняга мора, як у Басфоры, падказвала, што перад намі Масква, а не Канстанцінопаль.
У той час была не надта моцная эпідэмія халеры. Але мне давялося лячыць ад халеры нашых землякоў, якія таксама прыехалі сюды: гр. Рэйнальда Тызенгаўза, маршалкаў Дамейку і Станіслава Хамінскага, а таксама Калікста Ажэшку. Усе яны выздаравелі.
Ажэшка і Дамейка як губернскія маршалкі запрашаліся да міністра ўнутраных спраў Ланскога, дзе іх сакрэтна агітавалі за вызваленне сялян. Рускія маршалкі і саноўнікі працівіліся гэтаму, і на іх чале стаяў міністр дзяржаўнай маёмасці Міхаіл Мураўёў. Нашы нагадалі, што віленскія соймікі яшчэ ў 1818 г. хацелі даць сялянам волю, але тагачасны генерал-губернатар соймікі закрыў, а маршалка Міхала Ромера арыштаваў.
На дадзеным нам літаратурным вечары да мяне падышоў нейкі спадар і сказаў: «Вы з Вільні, і мы можам размаўляць па-польску». Гэты быў Каткоў, які праз сем гадоў атрымае вядомасць. Каткоў меў першую жонку польку з Любічанкоўскіх, сястру двух братоў — дактароў. Пасля яе смерці жаніўся з княжной, з якой меў цэлы тузін нашчадкаў.
1857. Падарожжа за мяжу. Меў вялікі смутак. Мой калега па шпіталю св. Якуба і галоўны лекар Юльян Машынскі (бацька сучаснага доктара Стэфана Машынскага), пасля кароткай хваробы (флебіт) памёр. Калі выязджаў з краю, ён праводзіў мяне за горад, потым мы перапісваліся, нават калі я быў у Парыжы. Смерць забрала майго добрага сябра і выдатнага, паважанага грамадствам лекара. Яго смерць зрабіла бессэнсоўнай маю працу ў шпіталі. Паветра там не для мяне. Часу забірала шмат, а аплата малая. Жадалі прызначыць галоўным лекарам мяне, але я не пагадзіўся, тым не менш на працягу года выконваў гэтыя абавязкі. У 1858 г. расстаўся са шпіталем, адпрацаваўшы 8 гадоў у шпіталі ў Савічах (толькі ўнутраныя хваробы) і 8 гадоў у шпіталі св. Якуба (хваробы ўнутраныя і акушэрства). Пасля гэтага заняўся прыватнай практыкай у горадзе.
У тым жа годзе пайшоў у вечнасць заслужаны, светлы і самы папулярны віленскі практык др. Францішак Урублеўскі, некалі ад'юнкт прафесара Франка, чалавек рэдкай сціпласці.
Пераезд у Варшаву на пасаду дырэктара оперы шляхетнага сябра і знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі. Пазнаёміліся мы за 20 гадоў да гэтага, калі з Мінска праз Вільню ў Берлін ён ехаў у кансерваторыю, дзе слаўны ў той час прафесар Рунгенхаген быў яго настаўнікам. У канцы 1840 г. пасяліўся ў Вільні. Граў на Святаянскіх арганах, пісаў спеўнікі (6 сшыткаў), кантаты (Мільда і Ніёла, тэкст з літоўскай міфалогіі), якімі сам дырыжыраваў. Пярлінай сярод іх была «Галька», якая першы раз ставілася ў Вільні 16 лютага 1854 г., а ў Варшаве ў 1858 г., калі аўтар пераехаў туды.
Для мяне ад'езд гэтага мілага, светлага чалавека з рэдкім досціпам быў стратай, якую немагчыма забыць. Гэта была страта для ўсіх, хто любіў музыку і асабліва для спевакоў-аматараў, якія спявалі кампазіцыі Манюшкі на музыкальных вечарах, гэткіх асоб як Боландзь, Ільцэвіч ці прафесар Цілях, які меў самы прыемны тэнар у Вільні. Маю шмат запісак Манюшкі, мы дзяліліся ўражаннямі і бавіліся імправізаванымі вершамі.
1858. Памятаю наведванне Вільні ў верасні царом Аляксандрам І. Ён першы раз прыехаў у наш горад і быў з энтузіязмам сустрэты. Заснавальнік Віленскага музея гр. Яўстах Тышкевіч меў гонар прымаць яго. Цар зрабіў запіс у кнігу наведвальнікаў і пахваліў зборы. Граф Міхал Тышкевіч за дзве мілі па дарозе на Вількамір зладзіў добрае паляванне.
У сваёй прамове да шляхты літоўскіх губерняў, акрамя іншага цар сказаў: «Дзякуй вам за удзел у справе паляпшэння быту сялян. Вы першыя паказалі ўзор, і ўся імперыя рушыла за вамі. Я ўпэўнены, што вы будзеце дапамагаць мне ва ўсім». І дадаў: «Яшчэ раз дзякую вам за сардэчны, ветлівы прыём. Мне прыемна быць у вашым атачэнні. Я спадзяюся на вас».
Прыгожы баль у шляхочым клубе. Манументальныя сходы вялі ў вялікую залу, пераробленую парыжскім дэкаратарам у рэстаранную залу.
Другі вечар Аляксандр ІІ правеў у польскім тэатры. Паказвалася камедыя з танцамі і спевамі Юзафа Кажанеўскага «Дажынкі». Актор у ролі вясковага арганіста сваім віншаваннем і ўстаўнымі спевамі (лепшы комік Малеўскі) пацешыў цара, а па-зухвальску станцаваная мазурка яму спадабалася.
Забыўся сказаць, што Музей старажытнасці ахвяраваў яму выданне, напісанае адмыслова ў памяць наведванне царом Вільні. Кніга на працягу лета выдадзена на пяці мовах як прысяга народаў Літвы. Гэты друкаваны падарунак выклікаў адмоўную рэакцыю ў Варшаве і Парыжы. Ананімных аўтараў назвалі адступнікамі. Не хапіла розуму ці такту зразумець, што малады манарх, пасылаючы Назімава ў Вільню, засведчыў, што будзе шанаваць наш народ, калі мы будзем вернымі манарху. Ён на тым балі падчас вячэры, з правага боку меў гаспадыню, маршалкавую Гарадзенскай губерні Ажэшку (з Скірмунтаў), а з левага — генерал-губернатара Назімава і пасярод размовы па-французску са спадарыняй Ажэшкай размаўляў па-польску.
1859. Нарэшце, праз 5 гадоў, Вільня зноў убачыла паўсюдна любімага і шанаванага доктара Райкоўскага. Выязджаў ён у Ніжні, потым у Парыж, дзе пільна вывучаў навінкі медыцыны і акулістыкі.
Канец лета правёў у Варшаве ў жонкі міністра і сенатара Вычахоўскай-Гізэ. Тут пазнаёміўся з графам Андрэем Замойскім. Калі зрабіў яму заўвагу, што запал моладзі можа прывесці да… паўстання, граф з жывасцю ўскочыў з крэсла і, заломваючы рукі, закрычаў: «Хай Пан Бог ад гэтага нас бароніць!».
1860. Смерць прафесара медыцыны ва ўніверсітэце, а потым Віленскай акадэміі Адольфа Абіхта. 3 жніўня. Гэты шляхетны муж заўсёды стаяў на варце чысціні і святасці навукі Гіпакрата. Як прафесар паталогіі, гэтай філасофіі медыцыны, выкладаў з непараўнальным талентам. У кароне нашых прафесараў Абіхт быў самай дарагой пярлінай. Глыбокі мысляр, меў паэтычны склад душы, любіў прыгожую прыроду і музыку. Любоў да праўды і інтэлект прыносілі яму перамогі падчас кансультацый з іншымі лекарамі. Ён паважаў сваю прафесію і ствараў з усіх нас адзіную сям'ю. Рана пазнаў людзей, а пра сабе заўсёды казаў цытатай Лафантэна: «Да пары збан ваду носіць, покуль не паб'ецца». Мой добры калега Станіслаў Вікшэмскі прыгожа прамовіў над яго магілай.
У першыя дні кастрычніка цар Аляксандр ІІ прыбыў у Вільню па праведзенай з Дынабурга чыгунцы, якая яшчэ не працавала для грамадства. Генерал-губернатар прыняў гэта як доказ царскай міласці да горада, які пакінуў у цара добрыя ўспаміны пры папярэднім наведванні. На жаль, калі гэта вестка дайшла да Варшавы, наш палітычны гарызонт пакрыўся хмарамі. Галоўныя жыхары горада і свецкія дамы атрымалі ананімныя лісты з забаронай быць на балі з царом, гэтыя лісты я сам чытаў.
Дайшло да таго, што Назімаў быў вымушаны папярэдзіць Аляксандра… Назімаў хацеў зрабіць баль у памяшканні цывільнага губернатара для высокага госця і прыбыўшага з ім вялікага князя Саска-Веймарскага (стрыечнага брата цара), князя Гессен-Касельскага (швагер цара) і двух прускіх князёў, бо свой палац уступіў цару. Я быў на тым балі і бачыў толькі некалькі мясцовых дам. Цар танцаваў з імі паланезы і доўга размаўляў са старой сяброўкай Аляксандра І, знакамітай акторкай, графіняй Шуазёль-Гуф'е (з Тызенгаўзаў).
Прымаючы на ранку ў палацы шляхту і чыноўнікаў, цар не прамаўляў, а гутарыў толькі з адным князем Агінскім, бацькам Міхала і Багдана.
3 кастрычніка ў прысутнасці цара адбылася цырымонія асвячэння Віленскага (Панарскага) тунэля. Выйшаўшы з вагона перад тунелем, цар падаў руку пані Назімавай, а міністр камунікацый генерал-ад'ютант Чэўкін графіні Шуазель і г. д. Мы прайшлі праз ілюмінаванае падзямелле, усярэдзіне якога стаяў алтар. Вясенняе сонца спаборнічала з французскай ілюмінацыяй (менавіта французы будавалі гэтую чыгунку), і праз гадзіну тунель адчынілі для грамадскасці. Гумор манарха таксама быў сонечны, не такі як учора падчас абеду ў палацы. Тады шэф жандараў князь Даўгарукаў сказаў губернскаму маршалку Аляксандру Дамейку, які ўжо сыходзіў: «Прашу пачакаць, цар хоча вам нешта сказаць». Хутка разам з Даўгарукім цар выйшаў з кабінета і пачаў размову. Прайшло ўжо 32 гады пасля гэтага дня, у які Дамейка сам мне расказаў пра размову (пасля абеду быў гала-тэатр, дзе мы з маршалкам і сустрэліся), і я не магу ўжо шмат што ўспомніць. А потым я не здагадаўся вярнуцца з Дамейкам да гэтай тэмы. Але вось галоўныя словы Аляксандра ІІ: «Я вамі незадаволены… я вельмі незадаволены… вы хочаце немагчымага. Скажыце ўсім… хай ведаюць тут і ў Еўропе, што тут не Польшча… Народ тут летувісы і беларусы… Мой бацька ведаў легкадумнасць палякаў, а я вам паверыў».
Успамінаю пра тэатр у кастрычніку 1860 г. Не ведаў цар, чым вечарамі забаўляць сваіх гасцей-немцаў і ўзяў іх два разы з сабой у польскі тэатр. У адзін вечар давалася камедыя Эміля Аж’е «Цыкута», у якой прыгожая, маладая актрыса з Варшавы Ванда Ляшчынская грала ролю прыгожай нявольніцы і нейкі рускі вадэвіль са спевамі. У другі вечар давалі камедыю за спевамі і танцамі Малецкага: «Гарохавы вянец ці мазуры ў Кракаве». Аляксандр па-сапраўднаму адпачываў і тлумачыў гасцям змест п'есы. Дырэктара і антрэпрэнёра Шлягэра цар паклікаў да сябе ў ложу, хваліў усё і падзякаваў Ляшчынскай і Анеце Пацэвіч за ігру. Першая праз год памерла ў Вільні ад сухотаў, другая пасля закрыцця віленскага тэатра, паехала ў Пецярбург, праз некага нагадала пра сябе цару («тая, што была ў ружовай сукні») і атрымала падтрымку.
Цар выехаў у Белавежу, а ў Варшаве яго чакала першая дэманстрацыя. Запахла нечым зусім не тэатральным…
Бесплатный фрагмент закончился.
Купите книгу, чтобы продолжить чтение.