18+
Уладар рыбаў

Объем: 206 бумажных стр.

Формат: epub, fb2, pdfRead, mobi

Подробнее

Вінсэнт СУМІЦКІ

I зробіцца белае чорным.
I зробіцца чорнае белым

Праз чырвонае

Лісты Філона Кміты-Чарнабыльскага

цітры

«Няўдзячная праца… Фізічна адчуваю, як ува мне згарае энергія. Здаецца, пабег бы куды з цеснага кабінета, столькі спраў перарабіў бы… Аж не… Трэба сядзець, думаць, пісаць. I адчуваць, як згарае энергія. Як яна свярбіць у кожнай клетачцы, жылачцы, шукаючы выйсця, імкнецца праціснуцца, выйсці, выплюхнуцца, выбухнуць!.. Ды, не знайшоўшы прасветліны, вяртаецца па коле назад. У ліпучую, сонную багну выседжвання думак. Ну чаму іншым даецца ўсё так лёгка, нібы міжволі? Чаму яму, такому разумнаму, такому таленавітаму, нават выбітнаму, трэба так усё выпакутаваць? Так скрупулёзна падбіраць ідэі, меркаванні, думкі, быццам каштоўныя белыя зернеткі вылушчваць з закарэлага чорнага шалупіння. Так старанна сплятаць іх у сказы, складаць у адно цэлае, быццам кошык — пруток да прутка — шчыльна, ладна. А потым бурыць няўклюду, і зноў, і зноў ствараць…»


«Ну і навошта? Дзеля чаго? Чаму кожны, каму «свярбіць ягоная энергія», імкнецца выплюхнуць яе на паперу, а яшчэ горш — на галовы ні ў чым не вінаватых чытачоў? Чаму гэты свой неўтаймоўны «сверб» ён не рэалізуе ў скульптуры, матэматыцы, геаграфіі, складанні камп’ютарных праграмаў ці мікрабіялагічных даследаваннях? Не трэба прыладаў, акрамя аркуша ды асадкі?.. Няма таленту да іншага? А чаму кожны лічыць, што ў яго ёсць талент менавіта да пісання? Можа, тут лягчэй схаваць гэты талент… ці яго адсутнасць — не так навідавоку. Зрыфмаваў што-нішто, абвесціў сябе канцэптуалістам, загарадзіўся шыльдай з мудрагелістым назовам — і вось табе: крытэрыяў для творцы не існуе, усё новае спачатку ганіцца, не прымаецца, урэшце — час пакажа… I вось вам новаспечаны творца. А ўжо калі піша сяк-так па-беларуску — шчыра вітаем! Не, на пэўным этапе развіцця грамадства, ягонай свядомасці такая масавасць — нават вельмі добра. Народ асвойвае мову, абжывае яе, далучаецца да агульнанацыянальнага духоўнага вопыту, няхай творыць на добрае здароўечка. Урэшце, такія ўсплёскі актыўнасці народнай свядомасці давалі краіне выдатных творцаў. Аднак у ачмурэнні жаданнем навізны можна стварыць Малятку Цахеса. Тут згадваецца гісторыя, апісаная Куртам Ванэгутам. Ягоны бацька з сябрамі паехаў на паляванне. Вядома ж, трэба было некаму кухарыць, прычым па пэўным правіле: калі тваю ежу хваляць, ты павінен гатаваць і надалей. Кухарыў бацька, і заўсёды стравамі ўсе былі задаволеныя, бо, канешне, ніхто не хацеў гэтым займацца і губляць свой час. Тады бацьку тое абрыдла. Ён пайшоў у лес, знайшоў вялізную ласіную кучу, сабраў яе. Наляпіў катлетаў, падсмажыў іх на машынным масле і пачаў чакаць сяброў. Яны прыйшлі галодныя, з вясёлай гаманою, паціраючы рукі: «Ну што тутака ў нас смачненькага?» Пакаштаваўшы, адзін сябра мовіў: «Гэта падобна да ласінага дзярма, смажанага на машынным масле… Але нічога, смачна, досыць смачна!» — «Смачна, смачна», — адгукнуліся іншыя… Урэшце свой «сверб» можна задаволіць (як робіць тое адзін мой знаёмы паэт) у «храме самотнага роздуму», чытаючы томік Багдановіча, і, сцвярджальна спусціўшы ваду, урачыста агучыць надпіс на сцяне: «Усё ўдалося!»


— Адкуль гэта? Я не памятаю, каб такое пісаў. Што за трасца?! — малады чалавек даволі прыгожай рамантычнай знешнасці (насуперак ёй) усур’ёз вылаяўся. — Хто ж гэта мог зрабіць? Не звар’яцеў жа я? Хто ж тады? Так спаскудзіць мой твор на самым пачатку. Пад корань загубіць усе светлыя пачуцці, імкненні! (Перачытвае.) Не, цяпер я дакладна не змагу яго дапісаць! У-у, пачварына!!! З бруднымі лапамі ў чысты храм мастацтва!

— Не з такімі ўжо і бруднымі! Каты, ме-еўжду протчым, надзвычай ахайныя жывёліны!

— А-а-а! Ка-а-ты??? Каты! Дык вось яно што?! Няўжо такое можа быць? Няўжо мае неверагодныя здагадкі пацвердзіліся? — хлопец пачаў ліхаманкава шпацыраваць па пакоі, спрабуючы запаліць, аднак пальцы не слухаліся, цыгарэта трапіла ў рот не тым бокам, а запальнічка выслізнула з рук. — Не. Трэба супакоіцца. «Партрэтныя» каты не размаўляюць. Гэта ўсяго толькі карціна. Ды і з’явілася яна ў пакоі самым звычайным чынам. Хаця…

эпізод 1

Неяк блукаючы без пэўнай мэты па горадзе, выношваючы чарговы ўзнёсла-геніяльны (па ўсіх мерках) твор, ён забрыў у закуток адной вялізнай плошчы, паміж агромністых, адміністратыўна-напышлівых, адпаведна-шэрых збудаванняў. I раптам вочы ў вочы сутыкнуўся з ім. Ён — таўсты, раскошны, мяккі, чорна-паласаты з сівізной — пераможна абдымаў абедзьвюма таўстымі лапамі вялізную шэрую рыбіну і нахабна таропіўся на яго жоўтымі хітрымі вачыма, ледзь не расплываючыся ў загадкава-ганарыстай усмешцы. Гэтае таямнічае «мяў» так і павісла ў паветры…

— Што, падабаецца? — неяк з ніадкуль узнік перад хлапцом мужчына. Вельмі прывабны і абаяльны, пра якіх кажуць «без узросту». Апрануты ён быў даволі экстравагантна і, можна было б зазначыць, вытанчана: усё — ад пантофляў да камізэлькі і плашча — было чорным, модным і строгім, прычым у стылі пазамінулага стагоддзя, які дапаўняў нават цыліндр, — словам, «як дэндзі лонданскі», каб не… нахабна-пунсовы, напышліва-ганарлівы бант на грудзях, такі як колісь з годнасцю насілі на першамайскія дэманстрацыі, захоўваючы між святамі ў патаемнай скрыначцы паміж партрэтам правадыра ўсіх часоў і народаў ды нафталінай.

— Ну, бяры, як хочаш, — загадкава ўсміхнуўся незнаёмец, падаючы хлапцу карціну з упадабаным сюжэтам.

— Я… йя… Дзя-дзякуй… н-не… не ведаю. К-колькі вы хочаце за яе? — выдыхнуў хлопец, аблізнуўшы засмяглыя ад хвалявання вусны.

— А колькі дасі? — хітра прыплюшчыў вочы «дэндзі».

— Колькі скажаце! — рашуча выгукнуў хлопец.

— Дык што, нават таргавацца не будзеш?! Ён таргавацца не будзе! Ты падумай! Гэта ж абраза для творцы, тым больш для такога, як я. А-а лю-дзе-чкі ма-е-е, паглядзіце на я-го-о! — наўмысна-абурана, нібы капіруючы інтанацыі бабуляў-гандлярак на кірмашы, затарабаніў-загаласіў незнаёмец, што зусім не стасавалася з ягонай знешнасцю. — Не-е-е, тады не прадам, — раптам пасур’ёзнеў і хуценька схаваў карціну пад плашч.

— Не крыўдуйце, калі ласка, гэта я… так, не ведаючы традыцыяў, — збянтэжыўся ад такой неспадзеўкі хлопец і пачаў шураваць у сваім партманеце. — Вось, — ён працягнуў змятыя зялёныя паперкі, — гэта ўсё, што ў мяне ёсць.

Незнаёмец з веданнем справы, нібы лічыльная машына, імгненна ператасаваў грошы і вывеў:

— Шэсцьдзясят шэсць даляраў і ні цэнтам больш. Што ж, няблага для звычайнага творцы, які выйшаў на шпацыр без пэўнай мэты ў краіне без пэўнай нацыянальнай валюты, — ён блазнавата скрывіў вусны. — Няўжо я падобны да таго, каму патрэбныя грошы? — пагардліва адрэзаў.

Хлопец ужо не ведаў, што яму рабіць, і на чорта яму здалася тая клятая карціна, і навошта тут гэты дзіўны гандляр… Ён было наважыўся збегчы, унурыўшы голаў у каўнер, але адчуў, што яго трымае тут нейкая невядомая сіла, нібы моцны магніт. I раптам яму зрабілася сорамна за сваю баязлівасць, нават узяў злосны азарт.

— Я набываю гэтую карціну, і я з вамі ўжо разлічыўся. Ну, калі я не патрапіў у цану, тады… — ён дапытліва замоўк.

— Так лёгенька адмовішся? Ты паглядзі, якая прыгажосць, дзе ты яшчэ такое знойдзеш? — незнаёмец зноў заклікальна забубніў, бы гандляр. — А галоўнае, ён цябе ўпадабаў! Зірні!

Кот на карціне лагодна мружыў вочы.

— Ну што, загортваць? Хлопец насуперак сваёй волі згодна заківаў.

— Добра-добра, не трэба падзякі, — мужчына зрабіў характэрны спокіў рукой, спыняючы магчымыя пярэчанні суразмоўцы. — Аддаю ў надзейныя рукі. Дарэчы, будзеш вінен, сам ведаеш колькі. Я пазыкаў не даю, спаганю напоўніцу, — хітра-пагрозліва засмяяўся. Ну, затрымаўся я тутака. — Незнаёмец дастаў белымі жаночымі рукамі з даўгімі пазногцямі з-пад крыса недарэчны пузаты сакваяжык. 3 яго паволі выпаўзла чарапаха з залатым адмысловым ланцужком на шыі. Мужчына спрытна ўзяў яе пад чэраўца і адчыніў панцыр — бліснуў цыферблат, і гадзіннік цененька адлічыў шэсць.

— Бай-бывай! — Быццам птушынае крыло ўзмахнула крысо плашча, узняўся моцны вецер, і блазнаватага дзівака як і не было…

— А мо і сапраўды не было. Можа, я ўжо сню наяве? Зусім з глузду з’ехаў. — Хлопец ледзь не бег з таго заклятага месца, потым супыніўся, аддыхаўся. — Гэта ж, відаць, нейкі гіпнатызёр-злодзей, проста абрабаваў мяне, а я, дурань, так павёўся, — лаяў сябе малады чалавек. Аднак, адчыніўшы партфель, упэўніўся, што набытак на месцы. — Ачмурэнне нейкае…

— Віна! Віна! — пракрычаў крумкач недзе над галавой…

Карціна заняла годнае месца ў пакоі. Кот быў сапраўды па-д’ябальску шыкоўны і жыў, як і належыць кату, сваім уласным жыццём — сам па сабе. На гэтым можна было б спыніцца, каб не…

нарэзка

Хлопец, а звалі яго Вінусь, пачаў заўважаць дзіўныя рэчы: то каву нехта разліе на рукапіс, то цыгарэты раскоціць па пакоі, то нейкія рэплікі ўвушшу гучаць, а цяпер… цяпер яшчэ і кавалкі незразумелага тэксту, які ён, ну далібог, не пісаў. Усё б нічога, ды толькі жыве ён адзін-адзінюткі ў сваёй аднапакаёўцы, так што шкоду рабіць няма каму, апроч, канешне, яго самаго ці… ну вядома ж, сяброў альбо сябровак! Відаць, нехта з іх так пажартаваў з яго, нават пакпіў з ягоных высілкаў. «Добрыя смешачкі! Гэта ўжо нахабства нейкае, злосны недарэчны жарт, ды ўрэшце проста здзек! Ну, пачакайце! Я ўсё адно высветлю! Аднак у маім камп’ютары пароль, які ніхто не ведае… акрамя… чакай, акрамя яе… Боўтнуў па глупстве. Ці па п’яні… Не, яна не здатная на такое…»

25-ты кадр

…Сніць ён сябе маленькім мурзатым хлопчыкам у падранай саколцы, у шорціках з адной помаччу і вялікім патрэсканым гузікам уперадзе, а на галаве — бацькава будзёнаўка з чырвонай зоркай — асаблівы гонар малога. Пачуўшы мужчынскую гаману, ён бяжыць за ваколіцу. I бачыць: «шчыра, шчыльна, як на касьбе»… крочаць, бы на Вялікі Сход… Хто гэта? А ўсё пісьменнікі, адышоўшыя ўжо ў іншы свет.

— Вазьме-еце мяне з сабой! Дзя-ядзечкі, вазьме-еце! — жаласліва заплакаў-заскуголіў малы.

— Недарослы яшчэ, бяжы да матулі, — лагодна ўсміхнуўся ў вусы адзін з дзядзькоў.

— Я… да вас, вазьме-е-еце! — душылі малога слёзы.

— Ты ж яшчэ ў цацкі гуляеш. Ці так патрэбна табе з намі? Цяжкі гэта шлях, сапраўдны — наноў не перапішаш. Трэба штодзень сплочваць відмам і адстойваць сваю самасць. Падумай, малец, — спагадліва-засмучона мовіў другі.

— Віна! — узяўся аднекуль груган…

эпізод 2

…Вінусь прачнуўся.

— Ну вось, зноўку заснуў за камп’ютарам. Дзіўны сон. I адкуль гэты груган? Нібы сочыць за мной і ў сне, і наяве. Скуль ён ведае маю мянушку? I якая віна за мной, каму я вінен? Так, вінен. Яму. Аднак дзе ён? I колькі я яшчэ вінен? Ён жа так і не сказаў, спадзеючыся на маю кемлівасць. Ужо колькі разоў хадзіў я на тое месца, а з ім так і не сустрэўся…

Пранізліва зазвінеў тэлефон.

— Слухаю.

— Віна? Здароў! — трубка пракрычала голасам сябра Анціка. — Ты што робіш, соня старая? — узбуджана гарлапаніў ён, не даючы апамятацца.

— Я? Ды покуль анічога. Пэўных планаў не маю, — без асаблівага энтузіазму адказаў Вінусь.

— А я маю. Узнімай свой стары азадак і бегма да мяне, мы ўжо цябе тутака чакаем. Узялі пляшачку, вуп’емо, пагамонім. Я напісаў выдатны верш — такога ты яшчэ не чуў! I не пачуеш анідзе! Хутчэй!

— Добра, зараз апрануся, — уздыхнуў Вінусь і паклаў слухаўку.

Не асабліва хацелася цягнуцца да Анціка, бо ведаў, чым гэткія мерапрыемствы заканчваліся. Словатворчасць зазвычай мела свой непасрэдны працяг у жыццёвых «подзвігах». Ну замала было паэтычнай натуры хатняга асяродку! Яна імкнулася, каб увесь горад, ды што там — увесь свет — далучыўся да яе жыццятворчасці! Такі быў Анцік.

Ужо збіраючыся і ўкладваючы гелем чорныя валасы каля люстра, Вінусь убачыў нешта незвычайнае: ката, намаляванага на карціне, у люстэрку чамусьці не відно — ёсць рыбіна, жоўта-бэзавы фон, чорная рамка, а самага галоўнага — няма. Хлопец азірнуўся на карціну — не, сядзіць, таўсты і нахабны, здаецца, за час «пражывання» ў ягоным пакоі ён яшчэ больш пасыцеў. Вінусь абярнуўся да люстра — кот быў на месцы і хітра-задаволена мружыў жоўтыя вочы.

— Глядзі ў мяне, падла тлустая, — сагразіў кулаком адлюстраванню хлапец.

Прычапурыўшыся, быццам дзяўчына, Вінусь агледзеў сябе з усіх бакоў і зрабіў выснову:

— А ўсё-ткі прыгожы я хлапец, нездарма дзеўкам падабаюся… і не толькі. Ну, бывай, кацяра! Паводзь сябе добра.

Вінусь злавіў сябе на думцы, што абыходзіцца з карцінным катом бы з жывой істотаю.

— Ага, яшчэ прыбіральню паставіць засталося ды місачку з малаком, — з’едліва пасміхнуўся ён, зачыняючы дзверы.

замалёўка

Вечаровы горад завабліваў хлопца як сапраўдны майстар-спакушальнік. Шэра-непрыкметныя ўдзень будынкі расквечваліся таемна-ліловым і цёпла-жоўтым святлом, паўстаючы велічна прыгожымі палацамі, а шарападобныя белыя ліхтары на гнуткіх чорных сцяблах прыўносілі ноты мінулых стагоддзяў. У іх загадкавым водбліску рэальнасць нібы праламлялася, так і здавалася, што зараз пройдзе паўз цябе гжэчны пан Быкоўскі ці вясёлая кампанія модных шляхцюкоў, спяшаючыся да якой пекнай спадарышні ў кватэрку з выцінанымі фіранкамі ды альясам на вакне. Заклікальна падміргвалі агеньчыкамі шыльдаў шматлікія бары і кавярні, казіно і більярдныя, прапаноўваючы добра правесці час. Крамы пранізліва пазіралі лупатымі вітрынамі, звысок ацэньваючы тваю пакупніцкую здольнасць. Настойліва грымелі музыкай дыскатэкі. Заманьвалі пахамі рэстараны. А звычайны трамвай падаваўся рамантычнай конкай — на ўсю моц імчалі чорныя ладныя жарабцы, і звінелі ў нябёсах іскры з-пад неўтаймоўных капытоў.

— Адмысловы кактэйль гэткай шыкоўнасці ўдарыў герою ў галаву, — з прагнасцю дзіцяці да новае цацкі ўхапіўся раптам Вінусь за неспадзявана ўзніклую думку, аднак зразумеў, што недзе ўжо чытаў такое, дый неаднойчы. — О горад! Чараўнік і ашуканец!

Вінусь звыкла ўзбягаў па знаёмых прыступках, калі надвор’е пачало псавацца — узняўся шалёны вецер і калючымі ледзянымі крупінкамі сыпнула ў твар — люты.

эпізод 3

У пад’ездзе было звыкла брудна і непрытульна — паламаныя парэнчы, спісаныя сцены, падраная столь ды запляваная падлога, што жаўцела змятымі «бычкамі». Кнопка званка была выпаленая, а побач красаваў гучна-непрыстойны зацёрты надпіс: «Анцік — неўя… ны беларускі паэт». Вінусь ані кроплі не здзівіўся б, калі б яго падазрэнні наконт аўтарства пацвердзіліся. Дзверы ў гэтай кватэры ніколі не замыкаліся, таму хлопец упэўнена іх расчыніў. Патыхнула застаялым табачным смуродам і перагарам ды разнастайнымі пахамі халасцяцкага жытла.

— А-а, Вінусь-Анусь?! Здароў! Заходзь хутчэй, мы ўжо без цябе тут урэзалі! — Анцік ледзь не садраў з плячэй хлапца паліто, крычучы яму ў вуха.

— Прывітанне спадарству! — увайшоў у закуродымлены пакой Вінусь.

— Вітанне! Здароў! Вечар добры! Прывітанне! — данеслася з усіх куткоў слаба асветленага пакоя — хаця ён і не быў надта вялікім, лямпачкі Ільіча для яго было яўна недастаткова. Учарнелыя гардзіны з апошняй надзеяй чапляліся за колькі кручкоў, каб не ўпасці. Дывана гэтае жытло не прадугледжвала. Стол быў вышчарблены і спісаны, бы студэнцкая лава, дарэчы і надпісы сустракаліся адпаведнай тэматыкі: «Спусціўся ў забой да шахцёраў. Забіў на лекцыі». Адно радавала вока — кнігі. Іх было мноства, і яны тут былі сапраўднымі гаспадарамі — стаялі на паліцах, ляжалі на стале, на шафе, на падваконні, на зэдліку, валяліся спрэс па падлозе. Праўда, такімі вечарамі ім даводзілася саступаць месца гасцям. А сёння іх было нямала. Асобна на табурэце сядзеў хударлявы, заўсёды пры касцюме, з залізанымі бясколернымі валасамі Алесь — ганарыста і па-шляхетнаму, без эмоцыяў на твары, бы каменны госць і незалежны эксперт. Бліжэй да стала падабраўся Мікіта — аматар выпіць, а яшчэ лепей закусіць на халяву. Яго зашмальцаванае, нямытае месяцамі адзенне, зрэшты, новых пахаў у пакой не прыўносіла. Калісьці ён быў талковым паэтам з няўдалым каханнем, цяпер — няўдалым паэтам з ніякай любоўю, што ў дачыненні да яго, у прынцыпе, адно і тое ж. У самым куце сядзеў Кірыл — таўсты і надзьмуты, па ягоным прыдуркаватым твары нельга было зразумець, што ён думае ці адчувае ў пэўны момант. Аднак гэты звонку рохля аказваўся надзвычай спрытным, калі справа закранала ягоныя інтарэсы. На бакавіну канапы прымасціўся Віталь — несуразмерная галава на па-дзіцячы танюткай шыйцы, заўсёды міргаючыя вочкі і ўспатнелыя маленькія далонькі. У атачэнні дзяўчат вызначаўся красамоўствам доўгавалосы іранічны Анатоль, са сваім нязменным чырвоным шалікам на шыі. Найбольшую ўвагу ён звяртаў на тую, што сядзела на канапе справа ад яго. Малое і ростам, і ўзростам дзеўчанё, між тым, відаць, ужо спасцігла сёе-тое ў жаночай навуцы «ачмураць» — яна знарок гучна смяялася, каб «калыхаліся грудзі», трэба зазначыць, немалыя для ейнага целаскладу, манерна крывіла пульхныя ярка нафарбаваныя вусначкі і здзіўлена-зацікаўлена выкругляла вішнёвыя вочы на кожную рэпліку Анатоля. 3 другой спадарыняй — заўсёдніцай такіх вечарынаў — Вінусь быў блізка знаёмы, дый ці адзін ён. Вірлавокая стройная Кіця (Кацярына) з выбеленымі накручанымі валасамі выглядала стомленай. Яна развалілася на канапе, падкурчыўшы пад сябе нагу, і, нібы сытая абыякавая цялушка на лузе, манатонна жавала гумку, не далучаючыся да агульнай размовы. А гаворка была скіраваная да па-ясенінску прыгожага бялявага юнака.

«I дзе яго толькі вычапіў Анцік? — падумалася Вінусю. — Такі танклявы, гожы, саромеецца, чырванее, бы дзяўчына».

— Увага! — скамандаваў Анцік. — Сёння да нас завітаў апошні паэт з вёскі Андрусь Налівоцкі. Вучыцца на першым курсе філфака. Хоць я падзяляю думку, што пачынаючых творцаў няма (ты альбо творца, альбо не — tercium non datur), аднак, як кажуць, не судзіце строга. Хто на Танку ў літаратуру ўязджае, хто Богам даны… Вось, — Анцік прыцягнуў услончык, — вось табе табурэцік, станавіся на яго — і гучна, выразна… Ну, давай, давай, не саромся!

Хлопец зачырванеўся:

— Не-не трэба гэтага. Йя-я пераб’юся. Я так.

Ён падняўся з-за стала, дастаў з кішэні акуратны тонкі сшытак, разгарнуў і, збіваючыся, пачаў дэкламаваць.

«А верш, вядома ж, пра Радзіму», — падумалася Вінусю.

— О, як люблю я той куток,

Дзе нарадзіўся я і рос…

«Памыліцца цяжка», — уздыхнуў пра сябе Вінусь.

Як сена мы складалі ў стог,

Як плёскаліся ў рэчцы,

Як усміхаўся нам мурог

I вабілі далечы…

— захліпаўся Андрусь звонкім дзіцячым галаском.

Калі ён скончыў чытаць, узнікла даўгая паўза. Усе крадком паглядвалі на Анціка: які тон задасць ён, каб потым абрынуць свае выказванні на новаспечанага паэта. Аднак гаспадар вечарыны не спяшаўся, выпіў чарку, нікога не запрасіўшы. Тады слова ўзяў Вінусь:

— Я не хачу тут анікога, так бы мовіць, разбіраць — мы не на партсходзе, і тым больш, як у школцы, казаць, што мне спадабаўся ці не спадабаўся твор за тое і за гэтае. Я проста пазначу тэндэнцыю. Відаць, усе пачынаючыя, прабач, Анцік, творцы, яшчэ не адышоўшыя ад дамашняй пупавіны ў самастойны свет, засноўваюць сваю творчасць на трох кітах: Прырода, Радзіма, Маці. Яны гатовыя бясконца апісваць усе іхныя «трэшчынкі» і клясціся ў вечнай і чыстай любові. Гэта нармалёва — чалавек пазнае свет. Адно шкада, што робяць яны гэта тымі ж самымі словамі, што пісалі гэткія ж маладыя паэты шмат пакаленняў таму. Твой верш, Андрусь, вельмі падобны да твора Канстанцыі Буйлы, і нічога страшнага ў тым няма. Проста павінна быць свежасць пачуцця, а перадаць яе трэба праз словы, якіх на самай справе не так і шмат. Аднак нотаў яшчэ меней. Так што ўся справа ў сугуччы — слова і душэўнага настрою. Працягвай свае практыкаванні, а яшчэ больш — чытай.

— Ну ты выдаў, — адгукнуўся Анцік, — проста прафесар, лекцыі чытаць табе. А ліха з імі, з тымі кітамі, давайце вуп’емо.

Усе ажывіліся, акром Кірыла, і пацягнуліся за чаркамі.

— Слушна, слушна, спадар Вінсэнт, — заўважыў Каменны Госць, — што значыць чалавек у выдавецтве працуе. Ну, за адвечных трох кітоў!

— Добра, слушна, ну, будзьма, — загаманілі ўсе разам.

— А я дык лічу, што гаўно.

Госці ў зняменні ўтаропіліся на Кіцю.

— Яно табе трэба, Андрэйка? Хадзі лепей да мяне, ды пасуньцеся ж вы, — ледзьве не прыкрыкнула яна на Анатоля з дзяўчынаю. — Хадзі да мяне, маленькі, я цябе чаму іншаму навучу, — сэксуальна закаціўшы вочы і бессаромна ўсміхаючыся, заклікала Кіця.

Падпіты хлапец памкнуўся ўжо да Кацярыны, аднак Анцік згроб яго ў абдымкі і ўсадзіў побач з сабою.

— Налівай свае вокі, ці што тамака, бокі, Андрусь-Габрусь, улівайся, адным словам, — падбаўляючы юнаку ў кілішак казаў Анцік. — Яно, шчыра кажучы, мела рацыю Кацярына. Сапраўды, гаўно твае вершы, і пісаць табе не трэба, але чалавек ты харошы, прыгажунчык які, — патрапаў па валасах, — не сумуй. Во табе, на, хлеб — бацька, гарэлка — маці. Што яшчэ трэба…

Аднак п’яны ўжо малы толькі хліпаў носам. I не ад крыўды, а ад роспачы, з-за таго, што не змог стрымацца перад гэтымі дзядзькамі.

— Пайшоў ты, Антон-г…н, да чаго дзіця давёў, — раскрычалася Кіця. — Піцьменнікі! Хадзем, малятка, са мной, — прыціскаючы галаву хлапца да сваіх грудзей, Кіця павалакла яго на кухню.

— А вуп’емо, хлапцы! Га? — наліваў Анцік.

— Нашто ты так з ім? — падаў голас Віталь, бясконца міргаючы вочкамі.

— Слабачок малы, а ўсё туды ж, у паэты. Вунь Наталя таксама вершы піша, а возьме шлюб, народзіць дзетак і забудзецца на ўсё. Праўда, Натка? — абдымаючы і цалуючы дзяўчо, вуркатаў Анатоль. Ачмураная гарэлкай і мужчынскай ласкай, дзяўчына слаба ківала.

Не кажучы нічога, Кірыл выпаўз са свайго кутка і сышоў, грымнуўшы дзвярыма.

— Дапраўды, не трэба было, — мовіў Вінусь. — Хай бы пісаў сабе, потым зразумеў бы што да чаго.

— Потым? Калі потым? — ашчэрыўся Анцік і, крыху счакаўшы, з мефістофелеўскай усмешачкай дадаў: — А люблю я людзей цвяліць. — Стукнуў кулаком па стале. — Творчая злосць павінна прачнуцца. Вось ты мне так сказаў, а я табе такім творам адкажу — на, атрымай, фашыст, гранату. Каб той, хто ганіў, запаважаў, мо ён гэтага і не выкажа. А не будзе злосці, цішком соплі вытраш аб падушку — бывайце, юначыя мары, і — усё, нічога не будзе, сканчылося! — Анцік абвёў пакой дэманічным позіркам. — Дзе ён? — Хутка і моцна, бы гепард, скокнуў на кухню і прывалок разамлелага ад Кіцінай кампаніі Андруся, рэзка пасадзіў ля сябе. — Не крыўдуй, вуп’емо прымірэнчую. Ты — паэт, я — паэт, крыху большы. Ты — дурань, я — дурань, большы ці меншы — не нам судзіць, — кульнуў чарку.

— Кірыл збег, — азваўся Віталь.

— Гэты надзьмуты? Ліха з ім, з тым таўстуном. Выбітныя пісьменнікі не былі таўстымі, яны былі Талстымі альбо яшчэ й агромністымі, — махнуў рукой Анцік. — Слухай, Андрусь. Буду чытаць свой верш.

Аднекуль пачуўся храп і соннае чмоканне. Анцік перагнуўся праз стол.

— А-а, гэта ты, рыба-прыліпала!

Пагляды прысутных скіраваліся на месца між сталом і канапай. Там, паклаўшы далоні пад галаву, мірна спачываў Мікіта.

— Ну й хай сабе спіць.

Між тым градус вечарыны мацнеў. Кіця нярвова паліла, кідаючы пажадлівыя позіркі на Вінуся. У кутку, пакінутым Кірылам, «салодкая парачка» — Анатоль і Наталя, — не звяртаючы ўвагі на астатніх, ледзьве не займаліся каханнем. Алесь сядзеў нязрушна. А Віталь лісліва зазіраў у вочы Анціку, чакаючы чарговай фразы. Вінусь выпіў і скрывіўся, узяў пляшку, паглядзеў на этыкетку:

— «Два буслы». Гэта ж, відаць, мы з табою, Анцік.

— Уга! Толькі я ўжо ў нябёсах, а ты яшчэ на зямлі вожкаешся. Шаноўнае спадарства! Маю гонар прапанаваць вам верш, — выйшаў на сярэдзіну пакоя Анцік. — Для цябе чытаю, Андрусь, як там цябе, Налібоцкі.

Ён абвёў усіх уладарным позіркам, і аўдыторыя скарылася ягонаму магнетызму, сціхла ў чаканні.

— Не хадзіце за мной, не хадзіце,

Бо я маю рахункі з сабой.

Не кахайце мяне, не любіце,

Бо каханне — для дурняў сымболь…

Чым далей Анцік чытаў, тым больш іранічнымі рабіліся пагляды слухачоў. Усе, акрамя зачараванага Андруся ды яшчэ Наталі, цішком пасміхваліся.

— I хоць трэсніце ногі цалуйце

Хоць Марыі Святой, хоць Хрысту.

Мо яны пашкадуюць, даруйце…

Анцік скончыў чытаць. Усе з цікаўнасцю дзяцей сачылі за тым, што будзе далей.

— Ну як? — чытальнік звярнуўся да Андруся.

Юнак захоплена ўсклікнуў:

— Якая моц!

— Вядома ж, моц! Болей чытаць трэба. Анатоль Сыс. У вас там, у школцы, сучасная беларуская літаратура Нілам Гілевічам, пэўна, заканчваецца. А ўжо і нашае пакаленне паспела састарэць, — сеў і выпіў чарку. — Ну а па шчырасці, дык вось што я маю. Ён ужо не выйшаў на «сцэну», застаўся сядзець і, гледзячы некуды скрозь стол, скрозь пакой, скрозь прастору, ціха пачаў чытаць:

— Уплятаючы ружы ў вершы,

Я памятаю каханне Пятраркі.

Аднаўляю сэнс праз пераклад.

Намацваю пачуццё праз час.

Бы археолаг, танюткім пэндзлем

Змятаю адвечны пясок занядбання.

Ды не, я — мастак.

Пад маімі адчувальнымі пальцамі

Праступае партрэт Лауры,

Яснеюць яе вочы ад майго дыхання…

Па закурэлым пакоі бы прашапацеў лёгкі ветрык. Аднак Анцік сам парушыў сабой жа створаны крохкі кавалачак космасу. Ён зноўку наліў і гучна пракаўтнуў змесціва кілішка. Ягоны позірк ужо быў няўцямны.

— Чаго я ніколі не мог зразумець, дык таго, наколькі твае вершы не стасуюцца з тваімі паводзінамі… — пачаў было Вінусь.

— А я не маю патрэбы ў разуменні! Шчасце, калі цябе разумеюць? Лухта!!! Чалавек не павінен падказваць некаму свае жаданні й намеры. Не разумееш? Цудоўна! Значыць, ёсць загадка. Ненавіджу гэтае ўсёдаравальнае разуменне ў вачах! — усхадзіўся Анцік. — А пайшлі б вы ўсе! Паселі тутака, п’яце… На блазна падзівіцца захацелі?!!

Усе напружана сціхлі. I толькі Наталя спалоханым шэптам прасіла Анатоля пайсці адгэтуль і нярвова церабіла ягоную руку.

— Ідзіце вы ўсе!!! Блага мне, — прасіпеў здаўлена.

Госці вяла пачалі разыходзіцца.

— Бывай, патэлефаную, — крануў абыякавага Анціка за плячо Вінусь. За ім учапілася Кіця. Яна ледзьве не прыціснула яго ў ліфце, горача прашаптаўшы ў самае вуха:

— Я хачу цябе.

Вінусь быў не такі п’яны, як Анцік, аднак гарэлка зрабіла сваю справу, а тым больш калі дзяўчына так адкрыта сябе прапаноўвае…

Да хаты дабраліся на таксі… Адзенне пачалі скідаць у вітальні. Сяк-так падаслалі прасціну, абы-як пакідалі падушкі і тут жа гэта ўсё змясілі. А Кіця ўсё крычала:

— Мне не хапіла цябе, Вінусь! Мне не хапіла цябе…

Ён жа, быццам праваліўшыся ў ватную цемру, не адчуваў нічога, нібы робат, атрымаўшы загад, тупа яго выконваў.

Яна спала, раскінуўшыся на пасцелі. У шэрай каламуці ранка яе цела падавалася гіпсавым, быццам забытая скульптура ў асірацелай майстэрні.

Вінусь паволі курыў і спустошана глядзеў у чорнае вока кавы ў кубачку.

Згадаўся радок:

— Дазволіш згвалціць сам сябе… Як прыкра…

— Пры-крап-ры-крап-ры-крап, — манатонна паўтарала вада з крана.

эпізод 4

«Бясконца, да адурэння, па пылінцы, па крышынцы, па хваінцы, бы мураш, цягаць і цягаць каштоўнае смецце — літарка да літаркі, слоўца да слоўца… А нехта няўмольны возьме і раздушыць безабароннае збудаванне… Згарае энергія. Бессэнсоўна. Нікому не патрэбныя веды, не скарыстаныя, напластоўваюцца і напластоўваюцца, асядаюць пад уласнай важкасцю і зноў адкладваюцца — слой за слоем, выпраменьваючы назапашаную энергію. А калі яна пяройдзе крытычную кропку, адбываецца самаўзгаранне. I тлее-гніе сабе паціху ў табе — вялізнай сметніцы, што ўяўляе сябе ўрнай. А сутнасць адна — парахня…»

— Моцна, але недакладна!!! Недаацаніў свае магчымасці ігрок! Мяч трапіў за лінію варотаў! Як шкада!! Паглядзім яшчэ раз… А пазіцыя была выгодная… Крок за крокам ствараўся галявы момант. А-я-яй, так памыліцца…

— Дзе я памыліўся? — здрыгануўся Вінусь, адрываючыся ад напісанага. Ён ледзь не адскочыў ад камп’ютара. — Адкуль раптам голас спартыўнага каментатара? Я не ўключаў ні радыё, ні тэлевізію. Так гучна, проста ўвушшу!

— Згубнае ўздзеянне тэхнікі на чалавека, — механічным голасам прамовілі камп’ютарныя калонкі, а на экране ўзнікла застаўка — карцінны кот з рыбінай.

— Ды што ж гэта такое?! Я не рабіў аніякай застаўкі! Пайшоў прэч! Псік!!! — крычаў хлопец, націскаючы на клавішы.

— Я, ме-еўжду протчым, павагі патрабую, — зноўку азваліся калонкі ўжо кашэчымі інтанацыямі.

— Хопіць з мяне здзекавацца! Знайсці б мне толькі гэтага «народнага ўмельца», што лазіць у мой камп’ютар ды нейкія вірусы запускае, я б яму паадбіваў ягоныя «ачумелыя ручкі». Ну хто так настойліва перашкаджае мне пісаць?

Раптам залямантаваў званок над дзвярыма.

— Каго там яшчэ чэрці прынеслі на маю галаву? — узлаваўся Вінусь.

На парозе стаяў Анцік з бутэлькай і ўжо на падпітку.

— Здароў! Давай пасядзім, удваіх. Абрыдлі мне гэтыя кампаніі, — не чакаючы запрашэння ўваліўся і пачаў распранацца.

Вінусь моўчкі пакорліва пайшоў за кілішкамі на кухню.

Анцік тым часам пасоўваў камп’ютар на стале, каб найлепей уладкавацца.

— Кацяра ў цябе шыкоўны! — крыкнуў ён з пакоя. — Даўно я не быў у цябе, не бачыў яшчэ. Дзе набыў?

— Ды так, у мастака аднаго, — азваўся Вінусь, мыючы чаркі.

Ён прынёс хлеб, сала, кіслыя агуркі — што яшчэ трэба для душэўнай размовы.

— I ўсё-ткі незвычайны нейкі кот у цябе. Быццам падміргвае. Дык ты і застаўку такую самую зрабіў? Ану, што тутака цікавага…

— Не лезь! Лазяць тут розныя, а потым вірусы пруць…

— Вой-вой-вой, вірусы, падумаеш! Пішаш што?

— Ну пішу. Табе што? — гыркнуў Вінусь.

— Ды нічога-нічога, не буду я глядзець без твайго дазволу. Гэта ж усё адно што ў душу лезці. Ну, за творчую смеласць, — выпіў і захрумсцеў агурком. — А я, ведаеш, нешта не магу пісаць. Апошнім часам нейкі страх апаноўвае. Думаецца, што пісаць — значыць растрачваць сябе. Вось увасобіш свае ідэі на паперы, выкажаш усё, а раптам больш анічога новага не прыйдзе? I застанешся ты пусты і непатрэбны, а яшчэ горш — нікому не цікавы. Я зрабіўся нейкім калекцыянерам думак. Ходзіш такі загадкавы, думкі цікавыя носіш, усім цікавы, сыплеш фразачкі налева-направа. А потым з жахам разумееш, што сёй-той спрытнейшы паклаў ужо твае выразы на паперу і ганарыцца імі як сваімі ўласнымі. I морду яму не наб’еш, бо плагіят «дакументальна» не зафіксаваны.

— Таму я лічу, што творца павінен быць вольным ад ягонага асяродку. Што кантакт ягоны з ім павінен быць на асобасным узроўні, а не на творчым. Бо ты літаральна атручваешся чужымі думкамі, губляеш сваю самасць і толькі клапоцішся пра тое, каб некага пераплюнуць. А на самай справе не можаш узняцца вышэй за гэты асяродак, варышся ў гэтай калатнечы і лічыш сябе найсамейшым. Інтэлектуальна кантактаваць трэба з наасферай, з вопытам усяго чалавецтва.

— Але ж ён таксама складаецца з асобных імёнаў, і ты кантактуеш з кожным паасобку. Некага прымаеш, некага — не, і ўсё гэта таксама на цябе ўплывае. Чаму ты гэта не лічыш атручэннем?

— Бо гэта ўжо спадчына — скарб, гэта іншыя варункі, і табе цікава ўсё асэнсоўваць з пазіцый сучаснасці.

— Аднак жа ёсць і побач з табой скарб — прызнаныя майстры, з якімі ты нібыта ў падобных варунках. Калі ты не будзеш ведаць, чым жывуць іншыя, што яны пішуць, ці не рызыкуеш ты паўтарыцца і ў няведанні стварыць нешта занадта падобнае да таго, што ўжо ёсць? Бо ж, па сутнасці, анічога ў свеце не мяняецца і мы існуем у адных і тых жа сюжэтах, толькі дзеючыя асобы іншыя.

— Дык на тое ты і творца, каб сказаць пра тое ж, ды не так. Усе творцы былі надзвычай самотнымі людзьмі. Ствараць чалавек пачынае толькі сам-насам з аркушам. Творчасць — гэта квінтэсенцыя сябе. Трэба жыць ёю. Жыць з дня ў дзень, не думаючы, што вось калі-небудзь я стану такім і такім, а пакуль і так абыдзецца.

— Ну добра, а ці не хочацца прызнання? — ажывіўся Анцік. — Трэба, каб гэтае самае не любімае табой атачэнне прызнала за табой талент, абвесціла твае творы таленавітымі, а інакш якая карысць ад твайго ўсведамлення сябе геніяльным?

— А што мне нечае меркаванне? Дзе цяпер многія з тых, каго на пэўных этапах гісторыі абвяшчалі таленавітымі, што патрапілі ў струмень часу, выявілі ягоны дух? Іх творы есць моль, грызуць мышы, паглынае пыл. Такія іх чытачы.

— Папера амаль аднолькавая, і мышам па зубах вялікі філасофскі трактат і смачная ім «мыльная» апупея. Не ўсе з трапятаннем адносяцца да кнігі. Людзі хутчэй распаляць у грубцы якім-небудзь Дастаеўскім і адлупцуюць дзіця за шчыра размаляваную матчыну меладрамку. Літаратура цяпер пад грыфам «Для службовага карыстання» — студэнтамі, навукоўцамі, выкладчыкамі. Такі час. Я ўжо не кажу пра беларускую. Вось пайшлі на вуліцу, сацыялагічнае апытанне правядзем, — ускочыў Анцік і пацягнуў за рукаво Вінуся, — якія творы беларускай літаратуры чыталі апошнім часам? Ну што, хадзем?

— Ды супакойся ты, сядай. Ну, згодны я з табой. Ад адчування ўласнай непаўнавартаснасці сёння літаратура рызыкуе стаць неразборлівай паненкай — прымае да сябе абы-каго. Не можа сказаць цвёрда: «Не!»

— Ды не літаратура не можа, — узлаваўся раптам Анцік, — мы, беларусы, не можам. Мы нікому ніколі ад паўстання Каліноўскага не можам сказаць цвёрдае не. Дый хіба гэтае «не» ў нас цвёрдае? Мова — выраз менталітэту. Нашая — мяккая, спеўная, што толькі з ёй ні робяць, а яна ўсё церпіць! Ты як рэдактар адчуй розніцу паміж рускім «нет» і беларускім «не». «Нет» — як стрэл, коратка, рэзка. «Т» — нібы грэбля, перашкода, яна адразае ўсе сумненні й ваганні. Што табе яшчэ прывесці? Нямецкае nаіn — гэтаксама. Ангельскае nо? Хітруе. Нешта няпэўнае, можна патаргавацца, аднак на сваю карысць. А мы сціпленька — «не» — і ніякіх перашкодаў. Так жаласліва: «Не-е-е». Хто паверыць у сур’ёзнасць намеру?

— Маеш рацыю. — Хлопцы выпілі, і Вінусь працягнуў: — Сапраўды, ад часоў Багушэвіча мы, беларусы, толькі і робім, што даказваем усяму свету: мы гэткія людзкія, як і вы, паночкі, і мова нашая нічым не горшая за вашую, прымеце нас да сябе, не зневажайце, калі ласачка. Аднак жа з тых часоў нічога не мяняецца і гучыць, і гучыць увушшу адвечнае: «Бо я мужык, дурны мужык». Можа, раней гэтыя словы і маглі абудзіць ягоную годнасць. Але задоўга мужыку гэтае паўтаралі. I прызвычаіўся ён. Ну, дурны, чорт яго бяры. Вунь рускаму Івану-дурню як шэнціла! Мо яно не так і блага дурнем быць. А менталітэт жа іншы — дурнем прыкінуўся, а што далей — не ведае, так і ўвайшоў у ролю — ну не «ушлыя» мы, па-іншаму нам дзейнічаць трэба. Ай, давай лепш не будзем пра гэта, — махнуў рукой Вінусь, — балюча, далібог.

— Вось і я кажу, што трэба перастаць нешта даказваць, трэба проста жыць з усведамленнем уласнай годнасці. Ну, добра-добра, маўчу, — наўздзіў хутка пагадзіўся Анцік. — Цс-с-с, — прыклаў палец да вуснаў. — А гарэлачка канчаецца, — пабоўтаў рэшткі ў бутэльцы. — Добра ты жывеш, буржуін, — агледзеў пакой. — Усё ў цябе ахайненька, па сваіх месцах. Ні табе адзежыны якой не валяецца, ані посуду бруднага, проста хлопчык-званочак, — хітра-напружана прыплюшчыў вока, — Кіця, відаць, прыбірае? За сякія-такія твае паслугі? — тнуў Вінуся кулаком у плячук.

Вінусь надзьмуўся і буркнуў:

— Ды йдзі ты! Дык вось чаго ты прыйшоў?

— Ды я не сярдую, ведаю гэтую сучку, усё адно да мяне прыбяжыць, язык высалапіўшы, — Анцік, набычыўшыся, стукнуў кулаком па стале. — Адпомсціць, бач, мне захацела…

— А ты б ажаніўся, мо яна б сябе так не паводзіла.

— Шлюб? Ды звар’яцеў ты ці што? Дзеці пойдуць, а дзе я пісаць буду? У ванне? Гэтак мы нічым адно аднаму не абавязаныя, у любы момант магу нагой пад зад выпхнуць.

— А як яна цябе?

— А ліха з ёй. — Заспяваў: «А я знайду другую…» — Давай вуп’емо, Віна, даўно не каштаваў ты дрына. — А ўжо й піць няма чаго, гыль-гыль-гыль, — перакуліў пустую пляшку, робячы выгляд, што п’е. — Збірайся, хадзем.

— Навошта? — азваўся падпіты таксама Вінусь.

— Колькі ні купляй — усё адно двойчы бегаць.

Вуліца сустрэла раскіслым снегам пад нагамі ды імжакай. Вінусь не памятаў, як апынуліся перад вітрынай. «Віна» — утаропіўся ў надпіс ён.

— Што за трасца, нібы ўвесь свет дамовіўся здзекавацца з мяне, — узлаваўся пра сябе. Потым перавёў пагляд на другую палову вітрыны: «гарэлачная». — Цьфу ты, віна-гарэлачная крама.

Анцік ужо ачмураў гандлярку, калі ў лаўку зайшлі дзве дзяўчыны. Апранутыя былі модна. Ніжэйшая, у чырвоным трусіным футрачку, была ўжо на падпітку. Высокая чарнявая была відавочна цверазейшая за сяброўку.

— Аглая, што возьмем, зноў па гарэлцы ці па піве? — звярнулася да яе.

— Бяры што хочаш, — азвалася тая, — цыгарэты не забудзь.

— Дзяўчаткі, даражэнькія, мы вам дапаможам з выбарам, — пачаў клеіцца Анцік, — скажы, Вінусь?

Ён згодна кіўнуў.

— Адвянь, — кінула чарнявая.

— Танюха, што табе, хай дапамогуць. Хлопцы, здаецца, відныя, сімпатычныя нават.

— А мы й жывем тутака блізка, — падхапіў Анцік. — Чаго вам па цемры блындаць, згвалціць яшчэ хто. Хадзем з намі.

— А вы не згвалціце? — хмыкнула Таня.

— А мы ўсё палюбоўна вырашым, — падміргнуў Анцік.

— Дапраўды, пайшлі, Танюха, — заблішчэлі вочкі ў Аглаі. — Думаю, яны нас не скрыўдзяць, — выходзячы з крамы працягвала яна.

— Пакрыўдзіш такую. Грэнадзёр у спадніцы, — шапнуў Анцік на вуха Вінусю, ківаючы на Таню. Абодва засмяяліся.

Расчыніліся дзверы ліфта. Уся кампанія ў абдымку вываліла на пляцоўку. Каля кватэры Вінуся на прыступках сядзела… Кіця.

— Што ты тут робіш? — памкнуўся да яе Вінусь.

— Я думала… я хацела… Ды нічога!!! — выкрыкнула яна і пабегла ўніз па лесвіцы.

— Стой, шалёная! — рынуўся за ёю Анцік.

— Сяброўка? — запыталася Аглая.

— Ды так, знаёмая, — запнуўся Вінусь.

— Не дагнаў, у тралейбус ускочыла, — уваліўся ў кватэру задыханы Анцік. — Ну й ліха з ёй.

Час ляцеў незаўважна і весела. Дзяўчаты аказаліся надзвычай шчабятлівымі. Адтаяла і суровая Таня. У нейкі момант позіркі Вінуся і Анціка сустрэліся, і яны зразумелі адзін аднаго. Анцік з Таняй паехалі да яго. Аглая мякка абвіла Вінуся за шыю…

…Яна спала на спіне, кароткія павекі напалову прыкрывалі вочы. Ненатуральна-белыя валасы і бялкі з-пад напаўзаплюшчаных павек рабілі яе падобнай да кінутай дзіцем лялькі… Вінусь паліў і прысёрбваў каву.

— Пры-крап-ры-крап-ры-крап… — назаляўся кран.

— Ды сціхні ты!!! Што вам усім ад мяне трэба?! Га?! Жыву як жыву. Я ні да кога не лезу! Ад-ча-пі-це-ся-я!!! — крычаў Вінусь некаму ўяўнаму. — Пакіньце мяне ў спакоі! Чуеце? — з усяго маху запусціў конаўку ў сцяну, плюхнуўся на табурэтку, ахапіўшы голаў рукамі.

эпізод 5

Скончыўшы рэдагаваць дзіцячую казку, Вінусь засеў за сваё. «Нясцерпна нудная, няўдзячная праца. Высмоктвае ўсе сілы. Яна ператварае цябе ў гіганцкага чарвяка, што заглытвае кавалкі няўробленага тэксту, пераварвае-перапрацоўвае яго і выдае багатую ўрадлівую глебу — твой твор, падпісаны іншым…»

— Ведаеш, Каа, як яны цябе называлі? Чарвяком, земляным чарвяком! — замяўкалі голасам Багіры з мульціка пра Маўглі камп’ютарныя калонкі.

— Ну гэта ўжо сапраўднае нахабства! — адштурхнуў ад сябе клавіятуру хлопец. — Такіх геніяльных вірусаў не бывае, каб ведалі мае думкі. — Выходзь, тлустая пачвара! Да цябе звяртаюся, — Вінусь з выклікам паглядзеў на карціну. — Не выйдзеш? Чорт з табой!

Раззлаваны хлопец пайшоў гатаваць каву.

— Зусім ужо дах з’ехаў. Няма з кім гаварыць, дык з намаляваным катом. Чорт ведае што такое.

— А такі й ведае.

Вінусь, уваходзячы ў пакой, ад неспадзеўкі выпусціў з рук кубачак кавы і, не адчуўшы апёку, проста здранцвеў. Ён не міргаючы ўтаропіўся на… Амаль на ўвесь стол, пасунуўшы манітор, уссядаў ён. Агромністы, увесь у тлушчавых зморшчках чорна-сіва-паласаты… кот. Задніх лапаў, на якіх ён сядзеў, не было відаць з-за тоўстага жывата, праз рэдкую шэрстку якога разавелася скура. Пухкі хвост звешваўся да крэсла. Кот задаволена ўсміхаўся. Уперадзе ў кенгуратні — прыладзе, у якіх маці звычайна носяць дзетак, каб мець вольнымі рукі, акругліўшы вялізныя вочы і выпрастаўшы плаўнікі, ляжала шэра-бэзавая рыбіна.

— Заходзь-заходзь, Вінсэнты. Не бойся, я не глюк. Я гэткая ж аб’ектыўная рэальнасць, дадзеная нам у адчуваннях, як і ты, ме-еўжду протчым.

Сутаргава зглынуўшы, на ватных нагах, з тым жа неміргаючым позіркам і выставіўшы адну руку ўперад, Вінусь паволі, як не ўмеючы хадзіць, пасунуўся да стала.

— Ну дакраніся, каб упэўніцца. Што за людзі, нігілісты ўсе як адзін. Толькі б памацаць, пакамечыць, на зуб узяць… Смялей, смялей. Дайце вы рады, так напалохацца.

— Гэ-гэ-тага не можа быць, — ледзьве прашаптаў збялелы хлопец.

— Ну яшчэ дадай: таму што не можа быць аніколі, — іранізаваў кацяра. — Ды не тры ты вочы, я — сапраўдны, нават больш, чым ты думаеш. Сядай, кажу табе. Ты ж сам мяне запрасіў. Праўда, не дужа ветліва. Ды мне ўжо, шчыра кажучы, абрыдла з табою паманьвацца, занадта прадказальна ты рэагуеш на мае жарты. Даўно хацеў бліжэй пазнаёміцца, ды ўсё неяк нагоды не было — зашмат наведвальнікаў у цябе.

Вінусь збянтэжана разглядаў незвычайнага госця. Хітрыя жоўтыя вочы і вялізны чырвоны нос.

— Ага, яшчэ скажы, як у п’яніцы. Чыя б ужо карова рыкала… Я ўжываю выключна высакародныя напоі, а не нейкіх там «буслоў». А нос такі — ад прыроды. Парода мая такая, асаблівая. Nulla fides fronti — як кажуць, не давярай знешнасці. Дарэчы, маю гонар, Апостраф.

— Вінусь, — прамармытаў хлапец.

— Ведаю, ведаю. А яшчэ ён жа Вінсэнт, ён жа Віна, ён жа Віначка і гэтак далей. А я проста Апостраф. А гэта — Палагея, — адрэкамендаваў кот рыбіну, тая нічога не адказала. — Ну, прымай гасцей.

Заўважыўшы разгубленасць у вачах хлопца, кот мовіў:

— Ага, ты, пэўне, не ведаеш, чым нас частаваць, што ядуць каты такога палёту. Клопат, першы і апошні раз прыходжу са сваім. Ну, падсоўвай фатэль — не люблю табурэцікаў, зэдлікаў і рознай часовай мэблі. Фатэль — вялізны, мяккі — на вякі, ён адпавядае майму светаадчуванню. Нясі келіхі, канечне, калі ў цябе нешта маецца, апроч цудам ацалелых чарак.

Вінусь пасунуўся за кубкамі на кухню. Ён па-вар’яцку ўсміхаўся і ўжо цалкам прымаў гэтую дзіўную гульню ашалелай фантазіі — можа, прынесены Аглаяй зёл даўся ў знакі?

Кот, нягледзячы на свае памеры і таўшчыню, быў надзвычай рухавы і спрытны. 3 ніадкуль ён дастаў марціні, тут жа аформіў келіх цукровым абадком са скрыльком лімона, сінім парасончыкам ды саломінкай — для Вінуся — выпрацоўвай эстэтычны густ. Пузатую запацелую пляшку тэкілы, соль і зноў жа нарэзаны лімон — для сябе. I прыгожую разетачку, у якой кішэла цёмна-чырвонае змесціва — матыль, — для рыбіны, а таксама пластыкавую бутэльку «Мінскай-4».

— Упадабала, ведаеш, вашую ваду, не прызнае іншай — нясмачна ёй, бачыце.

Рыбіна выслізнула з кенгуратні і прымасцілася на канапе побач з Вінусем.

Кот павязаў ёй чырвоную сурвэтку такім чынам, што закрыў рот. З адчуваннем зробленай справы запоўніў сабой вялізны стары дзедаў фатэль.

— Уф, запарышся тутака з вамі. Ну, запрашаю, калі ласка.

Вінусь з насалодай пацягваў марціні. Кот з неверагодным спрытам паглынаў тэкілу, лоўка арудуючы лапамі. Злізваў з лапы соль і прафесійным рухам адпраўляў у рот кружок лімона, заціснуты між указальным і сярэднім пальцамі. I толькі рыбіна злосна круціла вачыма і ўзмахвала плаўнікамі, спрабуючы выпрастацца з недарэчнай сурвэткі.

— Цябе, як філолага, відаць, цікавіць, чаму Апостраф? — чмякаючы лімонам, запытаўся кот. І, не чакаючы рэакцыі суразмоўцы, працягнуў: — Апостраф — гэта знакавая фігура, не кожная нацыя можа ім пахваліцца. Апостраф — надрадковы знак, не нейкая там коска на паслугах. Я заўсёды над — быў, ёсць і буду! Звысок аглядаць раўнюткае поле тэксту. Я — тая перашкода, што займае дух зычным і прымушае раскланьвацца галосныя! Я… Словам, за мяне, — бы жанглёр імгненна паўтарыў свае дзеянні з тэкілай. — На ўсё трэба майстэрства, — падміргнуў кот, прачытаўшы захапленне сваімі рухамі ў вачах Вінуся. Зноўку незаўважна дастаў аднекуль прыгожую разную люльку, лоўка набіў яе і пачаў раскурваць. Па пакоі паплыў водар тытуню.

— Пакаштуй! Тытунёк яшчэ дзедаўскі.

— Дык і люлька ягоная. Казаў мне, што калісьці сам Сталін яе курыў. Дзе ты яе знайшоў? Я ўжо абшукаўся — сямейная рэліквія ўсё-ткі.

— А я замову ведаю.

— Як гэта?

— А так. Скажу толькі «чорт-чорт, пажартаваў ды аддай» — адразу любая рэч знаходзіцца, — смяяўся ў вусы кот. — Пакаштуй-пакаштуй, гэта табе не шмаль розную паліць. Гэта мудрасці надае. Бо дурноты ў галаве і так заўсёды хапае. Так-так, здзіўляешся, што кот робіць неўласцівыя яму рэчы? Felis sum et humani nihil a me alienum puto — я кот, і нішто чалавечае мне не чужое, калі ты яшчэ не забыўся лаціну.

Тым часам канчаткова раззлаваная рыбіна абярнула са стала кілішак.

— Вой, прабач, Палагея, — кот паправіў ёй сурвэтку. — Частуйся.

Рыбіна пачала хапаць матыля, які ўжо амаль распоўзся па стале. Кот наліў ёй мінералкі ў вялізны пацір. I яна апускала туды галаву ды задаволена булькатала.

— Чарачка-каток, каціся ў раток, — з гэтымі словамі Апостраф зноў-такі віртуозна выпіў тэкілы. — Люлька, разумееш, настройвае на медытатыўны лад.

— А навошта табе рыбіна?

— Ага, разумею, куды ты вядзеш. Кот павінен есці рыбу. Не, мой даражэнькі. Палагея — не звычайная рыбіна, — адказаў кот, пыхкаючы люлькай. — Гея — Зямля, калі ты яшчэ памятаеш старажытныя міфы. Яна прамаці ўсяго, можна сказаць. Дык вось, я шкадую яе, покуль не знайду адказу на філасофскае пытанне: што ж усё-ткі было раней — рыбіна ці ікра? Я ўжо столькі часу назіраю за ёй, вывучаю яе мову, звычкі і — нічога, б’ю яе аб лёд — маўчыць, нават заглынуць спрабаваў дзеля страху — усё марна. Так і пакутую над гэтай праблемай, — кот хітра засмяяўся. — Антыномія.

За вокнамі было ўжо цёмна. Раптам шалёны парыў ветру ўварваўся ў кепска замкнёную фортку. Вінусь падхапіўся зачыніць.

— Прыродныя катаклізмы нейкія…

— Страшэнна не люблю гэтае слова, — скрывіўся кот. — Не прамаўляй яго пры мне, калі ласка. Гэта што ж атрымоўваецца, клізма для ката? Што да чаго? Іншая справа, напрыклад, байкот — баявы кот, катрыбуцыя — трыбуна для ката, катафонія — кашэчыя спевы, дый ці мала яшчэ добрых слоў! Гэтаксама не люблю слова «каталох» — каго-каго, а ката ўжо аніяк нельга так абазваць. А катавасія — што за мізэрнасць мыслення? — чаму як кот, дык абавязкова Васька?..

Нябачны гадзіннік цененька адлічыў шэсць.

— Ну, забарыўся я. Бывай, Вінсэнты, — кот па-мужчынску парукаўся з Вінусем, забраў рыбіну і знік як не было.

У пакоі таксама нішто не нагадвала аб ягоным візіце.

— Што за немарасць? Жыў бы за мяжой, неадкладна пайшоў бы да псіхааналітыка. Трызненне нейкае.

На момант падалося, што на рыбіне з карціны павязаная чырвоная сурвэтка. Вінусь моцна заплюшчыў вочы, потым зірнуў зноўку — нічога.

— Схадзі-схадзі… Да псіха-аналітыка… — рагатнуў нехта нібы здалёк.

эпізод 6

Вінусь стаяў на прыпынку, чакаючы тралейбус. Вясновы вецер расхінаў крысо незашпіленай курткі і прыемна бадзёрыў. Ці то ад цыгарэты нашча, ці ад вясновых пахаў кружылася галава. Раптам нейкая невядомая сіла прымусіла яго азірнуцца. Сонечнае зайчанё імгненна скокнула хлапцу ў вока. I ў нейкім загадкавым і надзіва яркім святле — бы пошуг — ён пабачыў… Яе. Зусім юная з выгляду, стройная дзяўчынка ў модным аранжавым палітончыку і гэткіх жа лакавых боціках з вострымі мысікамі і абцасікамі ды бэзавай маленькай сумачкай, з ільнянымі валасамі, у якіх ігралі бэзавыя таксама пасмачкі, трымала ў руцэ вялізны лядзяш — ад яго на ўсе бакі скакалі сонечныя іскаркі. Яна глядзела проста на Вінуся сваімі вялікімі… рознымі вачыма — блакітным і зялёным — і ўсміхалася ветла ды шырока, не, не яму — усяму свету. Ён ахапіў яе позіркам усю і адразу, да маленькай драбніцы, бы сфатаграфаваў. «Вясна!» — пранеслася ў галаве. Ён ашалела ўтаропіўся на яе свежыя вусны. «Цікава, як гэтая дзяўчына цалуецца?» — прыйшлі больш «зямныя» думкі.

Ён ніколі не баяўся завесці гаворку з упадабанай дзяўчынай — словы знаходзіліся самі сабою, а зараз проста зніякавеў, стаў міжволі церабіць гузік на куртцы і ледзьве не ўсмоктваць цыгарэту — ведаў, што банальным зваротам можа ўсё азвычайніць. Вінусь разумеў, што трэба нешта рабіць, бо зараз прыйдзе транспарт і ён можа больш ніколі не пабачыць гэтую дзіўную незнаёмку, што вось так проста скончыцца нечаканая яркая казка і… «Злазь у кішэню за словамі, мо што знойдзецца», — бы муха на вуха зумкнула. Падуладны нечаму неўсвядомленаму, Вінусь у прадчуванні цуду апусціў руку ў кішэню, аднак намацаў там толькі запальнічку. З роспаччу дастаў яе й пабачыў надпіс: ВOJENА. «Бажэна!» — вырвалася ў яго. Дзяўчына пайшла ўжо да пад’ехаўшага тралейбуса, але азірнулася на нечаканы ўсклік.

— Мы знаёмыя? — запыталася яна.

— Н-не, так… так… Мы дамовіліся сустрэцца тут і разам растапіць апошні зімовы лядзяш, — нечакана для самаго сябе знайшоўся хлопец. Дзяўчына засмяялася:

— I як завуць ратавальніка вясны?

— Вінсэнт.

— І ўсё-ткі адкуль вы ведаеце маё імя?

— Вясна на вуха шапнула, — пасмялеў хлопец. Як фокуснік дастае з рукава рознакаляровыя хусцінкі, так ён пачаў незаўважна і ненавязліва разгортваць сваё абаянне. Бліскучыя жарты і трапныя адказы на дзявочыя рэплікі зрабілі сваю справу — незвычайныя вочы Бажэны глядзелі на яго з дзіцячай цікаўнасцю.

Яны ўжо забыліся, што некуды спяшаліся, і паволі ішлі па парку, размаўляючы. Нейкі дзядок, апрануты ў чорнае рызманнё, з ярка-пунсовай насоўкай, што тырчэла з кішэні старога звалялага пінжака, відно на падпітку, запытаўся:

— Вы часам ці не брат з сястрою? Такія падобныя, вой-вой-вой.

— Ды не, — пасміхнуўся Вінусь, гледзячы на дзяўчыну.

— Дзетачкі, дайце колькі рублёў — на хлеб не хапае.

— А на гарэлку, значыць, дастаткова, — сказаў хлопец, аднак грошай даў.

Бажэна таксама працягнула яму паперкі, аднак адчувалася, што ёй неяк няёмка.

Дзядок раптам спрытна схапіў пяшчотную дзявочую далоньку сваімі парэпанымі, бруднымі пальцамі, з чорнымі абламанымі пазногцямі, зірнуў на яе.

— Чакае цябе нешта, — трывожна прамовіў ён.

Бажэна інстынктыўна адхіснулася ад яго.

— А не палохайцеся, дзеткі, дурня старога. Дай жа вам і ў ручкі, і ў ножкі, дый туды трошкі, — пайшоў ён, падкульгваючы ды мармычучы. Дзяўчына камячыла ў руцэ снежку і нярвова пакусвала вусны, стараючыся зладзіць з эмоцыямі.

— Не бяры да галавы. Калі яшчэ розных бамжоў слухаць… — імкнуўся заспакоіць яе Вінусь, хоць самому было таксама прыкра ад таго, што нехта парушыў тое няўлоўна-крохкае, што вось-вось пачало ўсталёўвацца паміж маладымі людзьмі, так рэзка ды нахабна.

— А я лекцыі прагуляла, — спахапілася дзяўчына.

— А я рукапіс у выдавецтва не аднёс… Узнікла паўза.

— А можа, ну яго? — з надзеяй паглядзеў Вінусь на Бажэну.

Тая згодна ўсміхнулася.

— Ведаеш, заўсёды няёмка пачуваюся ў такія моманты. Міма галоднага сабакі не магу прайсці — ці свой бутэрброд аддам, ці ў краму забягу якую сасіску куплю. Не магу ім у вочы глядзець. Чалавек заўсёды мае выбар, можа паклапаціцца пра сябе, калі не паралізаваны і не інвалід, канешне…

Ужо вечаровыя ліхтары перакінулі кладачкі святла з аднаго берага ракі на другі. У высокім небе яснелі зоркі. Паркавыя дрэвы стаіліся, перачэкваючы апошнія вясновыя халады. Яны беражліва ахоўвалі ад сцюжы ўжо пульсуючае ў кожнай галінцы новае жыццё — моцна сцялі пупышкавыя далонькі, сцярожка трымаючы ў іх вось-вось гатовы разгарнуцца-выпрастацца пяшчотна-зялёны пахкі камячок. Абнадзееная першым цяплом зямля вытачала ні з чым не параўнальны водар жаночага чакання. Пад нагамі папісквала цененькая ледзяная скарыначка, пахрумстваў яшчэ ацалелы снег.

— А ведаеш, чаму снег хрумсціць? — запыталася Бажэна.

— Чаму? — адгукнуўся Вінусь.

— Таму што ў сняжынак промнікі ломяцца. Мне так мама тлумачыла ў дзяцінстве.

— Прыгожа.

Хлопец гатовы быў бясконца вось так ісці ды ісці па гэтым вялікім парку.

Хацелася, каб у ім было яшчэ болей алеяў, сцяжынак, сцежачак, куточкаў — каб кружляць і кружляць па іх з гэтай незнаёмай прыгажуняй. Нібыта ўжо зусім блізкай і роднай, такой падобнай да яго і адначасова такой загадкавай і прыцягальнай. I, здаецца, ні аб чым незвычайным не гутарылі, а было нова, свежа і ўтульна, неяк цёпла ды натуральна.

Раптам у яе сумачцы зазвінеў мабільнік.

— Ало! Не хвалюйся, хутка буду. Потым пагаворым.

Перахапіўшы занепакоена-запытальны позірк Вінуся, дзяўчына паспяшалася патлумачыць:

— Мама хвалюецца. Час ужо дадому.

Хлопец вяртаўся дахаты акрылены. Наперадзе мігцелі зоркі, а за спінай вялізнымі пухкімі шматкамі паволі і ўрачыста падаў развітальны снег. Вокны дамоў глядзелі на яго па-асабліваму ветла ды адкрыта. Было дзіўнае адчуванне яднання каменнай стыхіі ды абуджанай прыроды, бы гожая Паненка-Вясна, звонка цокаючы абцасікамі, ішла пад руку са шляхетным Спадаром-Горадам і залівіста смяялася.

— Луста неба з разынкамі зорак — луста дома з разынкамі вокнаў, — прыйшлі радкі.

Усю ноч Вінусю снілася Бажэна, ён адчуваў яе рукі, валасы, вусны, яе пах, ап’яняльную прысутнасць. То, як Даная, яна заклікальна адгортвала прасціну. То, як мармуровая Венера, стаяла прыцягальна і непадступна. То, як чараўніца, сцярожка ступала ў купальскіх росах, аголеная і чыстая, ззяючая пад месяцовым святлом. Ён тысячы разоў прачынаўся ад пякучага жадання валодаць ёю. Усхопліваўся, нярвова паліў, зноў спрабаваў заснуць…

эпізод 7

Анёл спусціўся на зямлю —

Сусветны сум у зялёным воку,

У блакітным — радасць ад быцця,

Турбот людскіх, зямных аблокаў…

Вінусь не знаходзіў сабе месца. Ён не мог дачакацца вечара, каб пабачыць яе. Пачынаў пісаць ёй верш і не знаходзіў слоў, вартых яе. Браўся гатаваць каву, і яна збягала, пэцкаючы пліту. Як дзяўчынка-падлетак, разглядаў сябе ў люстры, вывучаў кожную рысачку ледзь не пад лупу, каб зразумець, ці спадабаўся ёй. Тысячы разоў хваліў сябе і тут жа ганіў. Згадваў свае фразы ў размове з ёй і захапляўся ўласным красамоўствам ды тут жа дзівіўся свайму глупству. Сядаў за працу і не мог адрэдагаваць ні радка — думкі распаўзаліся па ўсіх шчылінах свядомасці. Хацеў напісаць нешта ўласнае і не здалеў набраць ані слова.

— Ды што ж гэта такое?! — адштурхнуўшы ад сябе клавіятуру, у роспачы крыкнуў ён.

— Няйначай хва’оба нейкая п’ычапілася, да’ажэнькі мой.

— Хто тут?

Вінусь пабачыў ката. Апрануты ён быў у белы халат, што ажно трашчаў па ўсіх швах на ягонай «фігуры», гузікі гатовыя былі пырснуць у розныя бакі ўсе і адразу, гэткі ж каптур з абы-як прышытым чырвоным крыжам. На шыі матляўся стэтаскоп. Наўскасяк, па-паштарску, была перакінутая торба таксама з белай тканіны, з гэткім жа крыжам, толькі большых памераў — як малыя ў дзіцячым садку гуляюць у доктара. Рыбіна тупала побач, трымаючы ў плаўніках вялізны шпрыц.

— Дык вось шьто я качу сказаць, да’ажэнькі, — працягваў кот, папраўляючы пенснэ, — дыягназ: сінд’ом вясновай гіпе’пачуццёвасці на фоне клінічнай безвыходнасці эмоцыяў, ускладнены татальным па’алюшям волі, шьто суп’аваджаецца сінусаідальным га’манальным усплёскам і ацёкам ня’вовых канчаткаў. Гэта вам не жа’тачкі, — размахваў указальным пальцам перад носам «пацыента» кот.

— I што мне цяпер рабіць? — няўцямна прамармытаў Вінусь.

— Ін’екцыя тво’аглабуліна неадкладна, антысэксны комплекс ад са’дэчнай залежнасці і т’анквілізата’ы, каб знізіць «эакцыю «эцэпта’аў на эйфа’ыю шчясця, мой да’ажэнькі.

— А потым?

— А потым-потым, — перадражніў кот. — Потым джын з кампотым. Потым ужо вам будзе ўсё адно — пішіця, не пішіця — як каціця. Хво’ых не судзяць. Рыбіна пагражальна пырскнула фантанчыкам са шпрыца і пачала набліжацца да Вінуся. Ён ускочыў на стол і закрычаў:

— Адчапіцеся! Пашалелі вы, ці што?

Кот зарагатаў і, сеўшы ў цацачную машынку «хуткай дапамогі», пакаціў, гарлапанячы як сірэна, рыбіна наверсе круціла галавой бы мігалка.

— Звар’яцець нядоўга, — выдыхнуў хлопец, злазячы са стала. — Аднясу на выставу ды прадам цябе, гад паласаты, будзеш тутака паманьвацца са мной.

— Уга, прадай-прадай, хоць грошай на сваю паненачку заробіш, не па кішэні яна табе, — цвяліўся кот.

— Ды ідзі ты, — Вінусь проста з нянавісцю зірнуў на карціну.

Яму падалося, што кот на два бакі расцягнуў пальцамі рот і падражніўся чырвоным даўгім языком, як мульцяшныя героі, — «бала-бала-бала».

— Вар’яцтва нейкае! Шыфер шаргаціць па швах — ціха аб’язджае дах… Ін’екцыя твораглабуліна — неадкладна! Прымроіцца ж такое?! А мо і сапраўды я ёй не спадабаўся? Што можа знайсці ўва мне гэткая дзяўчына? Ну, працую ў выдавецтве рэдактарам — нібыта прэстыжна. Маю за плячыма вышэйшую адукацыю, аспірантуру. Ну, даволі сімпатычны хлапец, як усе кажуць.

Вінусь падышоў да люстра.

— А дапраўды, я нічога сабе. Можа, нос крыху велікаваты. Але гэта прыкмета неардынарнай асобы. Лоб высокі. Вочы немаленькія. Бровы нелінялыя. Вусны… Вусны нават вельмі сэксуальныя. Ну што яшчэ трэба?

— Так-так, сапраўдны мужчына павінен быць крыху прыгажэй ад малпы, як сцвярджае народная банальнасць, — зрабіў выснову кот. — А мужчына без жывата — гэта ўвогуле пацан, — сказаў ён, задаволена гладзячы сябе па бруху. — Аднак ты, Вінсэнты, не адчайвайся, возьмеш шлюб — адрасце.

Хлопец, не звяртаючы на яго ўвагі, працягваў:

— Урэшце, я цікавы суразмоўца…

— Вой, трымайце мяне сямёра, — зарагатаў кот. — Ды з цябе ж слова добрага клюгамі не выцягнеш. Толькі і чую адныя абразы ад цябе — нават пераказваць прыкра.

— Я разумны, скрозь дзяўчатам падабаюся…

— Ага, толькі такіх, якім ты падабаешся, найбольш цікавіць не розум, а нешта… крыху ніжэй.

— Ды я… я… Я творы пішу — вось! Дзе яна яшчэ такога знойдзе? — Вінусь пераможна распасцёр у бакі рукі.

— Вядома ж, non omnia possumus omnes (не кожнаму ўсё даступна), — заўважыў кот.

— Такія незвычайныя вочы… Ёй толькі фотамадэллю быць, тварам якой фірмы! Няўжо такое магчыма? Мо гэта лінзы?

— А для катоў у гэтым нічога нязвычнага няма.

— Верш для яе не выходзіць. Ну не атрымоўваюцца ў мяне радасныя рэчы. Можа, у маёй мове болей сумных слоў — недарэчная мова…

— Гэх ты, філалох. Мова яму не падыходзіць!

— Жыццесцвярджальных слоў няма. А слоў няма…

— Сапраўды, пашукаць яшчэ такіх аслоў! — бурчэў кот. — Раuса vеrbа (меней слоў). Згортвай ужо свае сентэнцыі з інсінуацыямі, абрыдла гэтая ода сабе любімаму.

— Куды ж яе запрасіць?

— Так-так, каб хаця не падацца банальным.

— Рэстаранамі ды кавярнямі яе не здзівіш…

— Згуляем? — крадком падышоў кот з веерам картаў у лапе.

— Гэта яшчэ навошта?

— А ты выцягні карту — аб нечым даведаешся. Вінусь узяў карту: «Тэатр» — значылася на ёй.

— Тэатр… Тэатр! Сёння ж «Тутэйшых» даюць! Калі яшчэ такое надарыцца?! Вядома ж, тэатр! Ты малайчына!

— Вось ты і першы раз мяне пахваліў, — прамуркатаў кот.

эпізод 8

Вінусь праз дзясятае знаёмства ледзь дастаў квіткі на спектакль. 3 аднаго боку, такое паломніцтва радавала, з іншага — засмучала: ідзе п’еса гады ў рады, а зараз яшчэ нібыта дэкарацыі рамантаваць будуць. I колькі?

— Няма лішняга квіточка? — бясконца з усіх бакоў торгалі Вінуся. I вось у натоўпе ён заўважыў яе, радасна пабег насустрач.

— Прывітанне, баяўся ўжо, што не прыйдзеш.

— Прывітанне. Крыху прыпазнілася, прабач.

Калі яны ўвайшлі ў залу, месцы былі безнадзейна занятыя. Ім удалося вызваліць толькі адно крэсла на дваіх.

— Даруй, не ведаў, што гэтак будзе, можа, сядзь да мяне? — разгублена і вінавата прапанаваў хлопец.

— Нічога не застаецца, — усміхнулася Бажэна.

Ён адчуваў яе, лёгкую, духмяную, так блізка. Бачыў, як ёй няёмка, як наструнена яна замерла ў яго на руках — яны ж амаль што незнаёмыя. Аднак потым, калі дзеянне паглынула абаіх, напружанне знікла само па сабе. I калі пачало ўрачыста ўзнімацца бел-чырвона-белае палотнішча, дзяўчына годна ўстала. Гледзячы на яе, людзі сталі падымацца са сваіх месцаў адзін за адным — шчыльна, з гонарам.

…Яны ішлі па вуліцы.

— Дзякуй табе. За тое, што запрасіў мяне… Ведаеш, у мяне крыху іншае атачэнне, з іншымі інтарэсамі… А тут — бы глыток паветра. Вось паступіла. Скончу — буду прадстаўляць краіну на міжнародным узроўні. А што я пра яе ведаю? Дранікі-бульбянікі, сінявокая Беларусь з зубрамі. Дык гэта і без мяне ўжо ведаюць. Я думаю, трэба самой спасцігнуць, каб усё асаблівае, адметнае, толькі ёй уласцівае да іншых данесці. А інакш навошта мая праца?

— А ты не спрабавала ў конкурсах мадэляў удзельнічаць? Думаю, ты была б па-за канкурэнцыяй.

— Дзякуй. Не хачу на ўсеагульны агляд выстаўляцца, бы тавар на кірмашы. Ненавіджу гэтыя сальныя мужчынскія позіркі, нібы слізкай ад іх робішся. Не хачу быць манекенкай — я пакуль жывая. Мне і матуля кажа, што трэба працу для розуму і для душы мець. Маладосць пройдзе, а што за душой застанецца?

— Слава, вядомасць, прыгажосцю ўсе любавацца павінны. Яна, як вядома, уратуе свет.

— Мне здаецца, Дастаеўскі іншае меў на ўвазе. Такая прыгажосць толькі разбэсціць здольная.

— А я… ненавіджу сваю маці.

Бажэна з жахам адхіснулася.

— Колькі памятаю — адныя папрокі… Ніколі не забудуся, як у дзяцінстве прынёс дахаты бяздомнае шчаня. Адразу нібыта прыняла, у надзеі, што мне гэта хутка абрыдне і я на ўсё пагаджуся. Малое, вядома ж, рабіла паўсюль лужыны ды кучы, і я не спраўляўся прыбіраць. Аднойчы я нешта майстраваў, захапіўся. Маці мыла падлогу. I трэба было небараку нарабіць на чыстае. Маці выцерла і, ні слова не кажучы, прыйшла ды адлупцавала мяне гэтай жа бруднай анучаю, а сабаку выпхнула за дзверы. Ён няўцямна скуголіў і драпаў кіпцікамі дзверы, просячыся назад. Ад болю і крыўды я не вытрываў, схапіў куртку ды збег на вакзал разам са шчанём. Вярнулі мяне міліцыянты — маці ўвесь горад на вушы паставіла. Шчаня жыло ў агульным калідорчыку, усе яго падкормлівалі і любілі. А неяк я вяртаўся са школы, а мне насустрач бяжыць хлопчык з суседняга двара. «Малога забралі. Сабакаловы. Што мы ні прасілі, ні плакалі — не аддалі», — выгукнуў мне ён. Я ўсё зразумеў. Мы з хлопцамі знайшлі тую станцыю, для сабак. У падпітага дзядзькі я запытаўся: «Гэта тут вы сабак на мыла трымаеце?» — «Выключна на губную памаду, — проста ў твар зарагатаў мне ён. — Ідзіце адсюль, смаркачы. Спачатку выкідаюць, а потым расшукваюць. Шмат вас тут такіх сноўдае, пайшлі прэч». Мы з ровам пабеглі. Я думаў, каб я быў вялікі і дужы, вось так бы даў гэтаму п’янюгу, каб не падняўся, а я ўсё лупцаваў і лупцаваў бы яго. Я доўга хварэў. Не падала тэмпература, я трызніў. Мне ўсюль падаваўся гэты страшны дзядзька, які забівае майго Малога. Я выкінуў у сметніцу ўсё мыла і матчыну памаду. Ні з кім не размаўляў. Затое маці была хоць да скулы прыкладай — усё што пажадаю… I з таго часу неяк замкнуўся, быў сам па сабе. Ніколі не мог з ёй нічым падзяліцца… Пакаціла цяпер у Італію — падчапіла нейкага карча. Тэлефануе мне зрэдку. Прабач, нагрузіў цябе. Даруй…

— Даруй ёй, усе мы памыляемся. Невядома, якімі мы бацькамі будзем. Хаця, напэўна… дараваць можна толькі розумам.

Калі Бажэна адчыняла дзверы ў калідорчыку, з кватэры насупраць выйшла суседка — бабулька з аблезлым пудзелем.

— Вой, глядзі, дзеўка, прынясеш у прыпале, ад гэткіх гадочкаў па цемры сноўдацца.

Бажэна нічога не адказала, а пра сябе ўзлавалася: «Ну чаму ўсім да мяне справа ёсць, нібы я адна на гэты пад’езд, дом ды на ўвесь свет? Ад такіх гадочкаў… Некаторыя ўжо ў шлюбе і дзяцей маюць. I нічога. Усё нармалёва».

— Бажэна, дачушка, ты ўжо каторы дзень так познішся… — сустрэла на парозе маці.

— Што вы ўсе так непакоіцеся за мяне?

— Проста бачу, што гэта не звычайныя шпацыры для цябе. Хто ён?

— Рэдактар і пісьменнік.

— Даволі гучна.

— Мамачка, ён такі цікавы, прыгожы. Калі мы ідзем па вуліцы, усе на нас заглядаюцца.

— Зразумела, ты закахалася. Толькі…

— Ведаю-ведаю, «толькі памятай, што табе яшчэ ўніверсітэт скончыць трэба. Дзяўчына без годнасці і прафесіі — хатняя клуня, цалкам залежная ад мужчыны».

— I нічога смешнага. Першы год вучобы самы напружаны, пакуль асвойтаешся. А мужчынам нашмат старэйшым сама ведаеш, што трэба. Глядзі, каб у яго яшчэ сям’і не аказалася. А то мо з жонкай палаяўся…

— Ну хопіць жа, хопіць! — закрычала Бажэна. — Чаму табе ўсё прызямліць трэба?! Я не маленькая ўжо!

— Я ўжо вопыт сякі-такі маю. А ты ўся ў аблоках… Тым больш пісьменнік. Ніхто яшчэ за імі шчаслівы не быў!

Бажэна пабегла ў свой пакой, зачынілася. Падкурчыўшы ногі, зашылася ў кут канапы і заціснула далонямі вушы.

— Яшчэ нічога няясна, а ўжо ўвесь свет супраць нас. Нібы чужое шчасце яму вочы коле. А я кахаю яго. I ўсё тут. Так і павінна быць — адразу і назаўсёды. Нібы іскра між намі. «Глядзі, каб цябе любілі», — вучыць маці. А як жа я? Мяне ніхто не пытаецца? Мае пачуцці ў разлік не прымаюцца? Я хачу кахаць і аддаваць гэтае каханне любаму.

25-ты кадр

Вінусь паліў і запіваў цыгарэту кавай.

— Такая чыстая. Чыстая ды наіўная. Спасцігнуць неспасцігальнае. Жыцця не хопіць. I ўсё-ткі яна яшчэ дзяўчынка. Гэтая рысачка на шыйцы, пульхныя падушачкі пальчыкаў. Хаця такая прыгожая — жаніхоў, відаць, хоць адбаўляй. I сяброўкі засмяюць: у такім узросце па цяперашнім часе — не цалавана — не мілавана. Не можа быць. Аднак гэты пах. Малачком. Кажуць жа, малако на вуснах не абсохла… Што, калі так? Ці маю права парушыць гэтую чысціню? Аднак знойдзецца ж нехта, хто не задумаецца. Чаму ў такім разе не я?.. I чаму я? За што мне гэткае? У мяне іншы шлях. Праўду казаў Анцік. Пойдуць дзеці. А я ў ванне пісаць буду? Дый што я магу ёй даць? Адныя ейныя ўборы колькі каштуюць! Відаць, бацькі ўжо настройваюць яе супраць. Мы ў адказе за тых, каго прыручылі. А я не хачу нікога прыручаць! Кожны сам за сябе адказвае. На тое ён чалавек. Якая ж яна прыгожая. Трэба хоць фотаздымкаў нарабіць. Але ж на яе так усе хлопцы пазіраюць, быццам мяне побач і няма. Я побач — і я — пустое месца. Я!!! Яна яшчэ не ведае сваёй моцы. А хто-небудзь падкажа. I што тады? Бывай, Віна! Раздушаць цябе танюткім абцасікам. Столькі гадоў будаваць уласную самастойнасць. Ды не гатовы я! Урэшце творчаму чалавеку змена ўражанняў патрэбная, пачуццёвы вопыт, падпітка эмоцыям… Не магу я сябе звязаць! Не мая яна. 3 іншага кола…

— Ён той, каго я чакала. Дык чаму я не магу падараваць яму ўсю сябе? Я адчуваю непазбежнасць гэтага. Быццам нейкая невядомая сіла — добрая ці не, не ведаю, — штурхае мяне да яго. Бы засмоктвае ў гэтую віхуру. А можа, для яго гэта нічога не значыць?..

эпізод 9

— Запрасіць яе дахаты? Ёй жа няма васямнаццаці. Не звязвайся, Віна. Запрасіць. Чым я яе здзіўлю? Чым частаваць? Яна, відаць, усе вытанчаныя стравы каштавала.

— А сапраўдную беларускую мачанку з блінамі? — аблізваючыся, муркнуў кот. — На булёне, са скабачкамі ды каўбасой пальцам пханай, ды засквараную з цыбулькай, ды падкалочаную — духмяная, пыхкае-булькоча, паважная. А блінцы пухкія, таўстыя, на кіслым малацэ ды яйках — папіскваюць на патэльні. Смаката! — гучна пракаўтнуў слінку кот.

— Ды ну цябе, сірэна знайшлася. Дзяўчынка мадэльнай знешнасці пабаіцца псаваць фігуру… Дый хто гэта ўсё прыгатуе? Маё кулінарнае майстэрства абмяжоўваецца смажаннем катлетаў з крамы, — сумна ўсміхнуўся Вінусь.

— Што ж з табой зробіш? Давядзецца дапамагчы. Кліч сваю пасію палуднаваць. А я складу для цябе спіс прадуктаў.

— ???

— Што глядзіш? Мае магчымасці таксама не бязмежныя!

— Але ж я не ўмею выбіраць мяса. Дый, можа, гэта ўсё, так бы мовіць, недалікатна для дзяўчыны…

— Та-а-ак. Беларускае, значыць, для нас ужо, бачыце, недалікатна? Запанелі! Тады назаві па-кітайску.

— Як гэта?

— Мсяо-о! — зарагатаў кот. — А для мяне купі, калі ласка, кефір-р-ру. Вельмі ўжо смачны быў раней, памятаю.

У кухарскім высокім белым каптуры і халаце кот быў сапраўдным майстрам, на сваім месцы. Рыбіна дапамагала ў якасці кухарчука. Ужо хутка ўсё сквірчэла, пішчэла, папыхквала, ад водараў проста немагчыма было стрымліваць неўтаймоўны апетыт. Кот, з замурзанымі кефірам вусамі ды носам, прыцмокваючы, казаў:

— Што за кефір? Напісана «Любіцельскі». Хутчэй «Дылетанцкі». Не такі ўжо смак, як колісь… А ці не баішся, Вінсэнты, маіх прысмакаў?

— Чаму?

— А можа, я цябе атручу? — прыплюшчыў вока кот.

— Навошта?

— Sancta simplicitas (святая прастата). А можа, я вас, бы Трышчана з Іжотаю, напаю чароўным напоем ды пазбаўлю волі. I прыкіпіце адно да аднаго павек у разбуральнай жарсці, — тэатральна закаціўшы вочы, дэманічным голасам прамовіў кот.

Вінусю зрабілася ніякавата.

— Ці ж ты не ведаеш, што кату цалкам давяраць нельга? Ката ніколі даастатку не прылашчыш, ён заўсёды сам па сабе і пры зручным выпадку скарыстаецца табой з дапамогай свайго абаяння. Ды не палохайся, не палохайся. Жартачкі ў мяне такія. Пакаштуй лепей, якая смаката атрымалася, — дзьмухаў кот на лыжку з мачанкай, — язык пракаўтнеш. Ехсклюзіў, можна сказаць, для цябе. Глядзі, за вушы не адцягнеш.

Зазвінеў тэлефон.

— Слухаю.

— Вінсэнт? Сустракай, пад’язджаю ўжо, — сказала Бажэна.

Калі яны ўвайшлі ў пакой, там ужо стаяў сервіраваны ў нацыянальным стылі стол — белы саматканы абрус-вышыванка, адмысловы керамічны посуд, па пакоі разносіўся прывабны пах. А ў вазе сіняй пухкай аблачынкай красавалі… валошкі.

— Як прыгожа! Ты ўсё гэта сам зрабіў дзеля мяне?!

— Н-не, к… Так, я, — запнуўся Вінусь. — Праходзь, праходзь жа, калі ласка.

— Васількі?! Сапраўдныя васількі напачатку вясны? Гэтак не бывае! Дзе іх можна зараз дастаць?

— У Галандыі, — нечакана для сябе адказаў Вінусь.

— Гэта проста нешта незвычайнае!

Ён сам не верыў ва ўсё гэтае. «Вось дык кот, малайчына. Матроскін побач з ім адпачывае», — падумаў хлопец.

«Вось ты і другі раз мяне пахваліў», — падміргнуў з карціны кот.

— Як смачна! Ты такі малайчына. 3 гэткім майстэрствам толькі ў элітнай рэстарацыі працаваць, — захаплялася Бажэна.

Вінусь пачуваўся няёмка. Аднак ён у хуткім часе сам паверыў, быццам усё зрабіў сапраўды ён.

18+

Книга предназначена
для читателей старше 18 лет

Бесплатный фрагмент закончился.

Купите книгу, чтобы продолжить чтение.