Слова да кнігі
Каб не ператварыцца ў пыл
Алесь Станкевіч — чалавек неардынарны, шляхетны, духоўна адораны. Нацыянальная гісторыя і культура, літаратура і мова, грамадскія клопаты — неад’емныя складовыя яго жыцця і шматграннай дзейнасці.
Зборнік А. Станкевіча «Прынагоднае» — мастацкае люстэрка яго напружанай інтэлектуальнай працы, вынік працяглых пошукаў, назіранняў і творчых знаходак.
Кніга адкрываецца вельмі кранальным аповедам-успамінам — «Па Магілёве басанож». Аўтар прыгадвае ўласнае пасляваеннае дзяцінства, вельмі цёпла піша пра бацькоў і родных. А. Станкевіч без прыхарошвання распавядае пра жыццё ў камунальнай кватэры, тагачасную беднасць і нястачу, калі не ставала хлеба, былі перабоі з крупой і цукрам. Разам з тым, у яго памяці ўсплывае шмат светлага і маляўнічага. Ён з захапленнем згадвае забавы і гульні, цікавыя здарэнні і прыгоды, як напрыклад, вялікую паводку і велічна-дзівосны крыгаход на Дняпры, наведванне з бацькамі гарадскога свята — Дня ваенна-паветраных сіл, якое адбывалася на аэрадроме. У творы мноства цікавых назіранняў, разнастайных звестак пра Магілёў і яго ваколіцы, а таксама адметных гісторый, які выдатна перадаюць агульную атмасферу часу. Вялікае ўражанне на юнака зрабілі матчыны расповеды, а таксама ўспаміны колішніх партызан, якія часта збіраліся ў бацькоўскай кватэры.
Ва ўспамінах А. Станкевіча шмат разважанняў, важных высноў і падсумаванняў. Нельга не пагадзіцца з яго думкай, што жыццё — гэта ў значнай ступені выпрабаванне і выклік для кожнага чалавека. Вельмі карысныя яго педагагічныя парады, асабліва аб тым, як належыць ставіцца да бацькоў і сталых людзей. У творы ёсць адна цікавая дэталь, звязаная з паходжаннем аўтара. Так, А. Станкевіч вельмі шкадуе, што позна даведаўся пра ўласную прыналежнасць да шляхецкага роду «па мячу і па кудзелі», бо ў савецкі час гэта не віталася, паколькі, нібыта, «перашкаджала будаваць камунізм».
Прыватныя, на першы погляд, успаміны Алеся Станкевіча пра ўласнае дзяцінства, сталенне, набыцё жыццёвага досведу, набываюць абрысы істотнага дапаўнення, вельмі неабходнай сюжэтнай лініі ў агульнай мазаіцы сапраўднай і поўнай усенароднай гісторыі, творцамі якой з’яўляюцца людзі.
Эсэ «Пачатак прайду» адрозніваецца добрым выкладам і псіхалагізмам. А. Станкевіч выдатна перадаў душэўны стан шчаслівага бацькі.
Значную частку зборніка А. Станкевіча займаюць яго вершы ды эпіграмы. Сярод іх — каларытныя віншаванні і прысвячэнні, а таксама творы інтымнай лірыкі, патрыятычныя заклікі, вершаваныя пратэсты супраць ганьбавання мовы і культуры («Мова», «Настаўніку»).Найбольш каштоўныя ў мастацкіх адносінах вершы-прысвячэнні: «Мечыславу Грыбу», «Чыславу Сяржуку» і «Тамковічу Алесю».
Несумненную гістарычную каштоўнасць уяўляюць дакументальныя занатоўкі і навукова-публіцыстычныя творы А. Станкевіча, яго выступленні, а таксама разважанні і меркаванні па актуальных пытаннях грамадскага жыцця.
Алесь Станкевіч бясспрэчна валодае пісьменніцкімі здольнасцямі, якія варта развіваць і ўдасканаліваць, абапіраючыся найперш на класічныя традыцыі нацыянальнай літаратуры. Яго кніга «Прынагоднае» чытаецца лёгка, на адным дыханні, з захапленнем. Жадаю ёй прыемнага спаткання з дабразычлівым і спагадлівым чытачом.
Іван САВЕРЧАНКА,
доктар філалагічных навук,
прафесар
Эсэ
Па Магілёве басанож
Унуку Мікітку.
Прайшоў мой ўжо які дзень нараджэньня. Прыемная, але звыклая працэдура.
Згадалася чамусьці, што, нібы толькі некалькі дзён таму адзначылі мінулы…
Ды й увогуле, пасталеўшы, заўважаеш, што неяк мяняецца й хада часу, нібы толькі ўчора прыбралі калядную елачку, але ўжо заўтра час паклапаціцца аб новай.
А ў маленстве як доўга ж даводзілася чакаць тых Калядаў…
Відаць працуе звыклы закон са школьнай фізікі. Чым далей ад вяршыні ды бліжэй да падэшвы схілу — тым хуткасьць вышэй. І, усьведамляючы, што жыцьце пражыць яшчэ раз немажліва, шмат хто ўсёж імкнецца пражыць сваё жыцьцё яшчэ разок, ну хаця б віртуальна. На маю думку гэта і ёсьць тое, што завецца НАСТАЛЬГІЯ…
Памяць захавала пэўныя падзеі ды асобныя моманты, нават пахі ды часам вяртае нас да іх… Помніцца як татка, прыходзячы з працы, уздымаў мяне ледзь не пад столь. У яго грубых спрацаваных руках мне было ўтульна і надзейна, ад яго ж пахла бянзінам ды тытунём, ды трошку калоліся няголеныя палічкі. Дарэчы, пах бянзіну ці нейкі іншы адмысловы пах машын вабіў мяне на працягу ўсяго дзяцінства, ды й ня дзіва, татка ж рабіў шафёрам і былі ў яго карыстаньні «палутарка» — гэта грузавічок кшталту сучаснай «Газэлі», легкавік «Хорх» — гэта прабацька сучасных «Аўдзі», ды вайсковы матацыклет з люлькай «М-72», вядома ж калі-нікалі я катаўся з татам.
А яшчэ ж выразна захавала памяць пах у вясковай хаце, на радзіме продкаў у Глухскай Сялібе, калі там даставалі з печы караваі гарачага хлебу, а калі ён крыху астываў, мне даставаўся няведамы ў горадзе пачастунак — вялікі ды надзіва смачны акраец, а да яго яшчэ цэлая конаўка сырадою, як казалі, толькі з-пад кароўкі… На вёсцы я бываў ня часта, але з вялікай ахвотай, надта ж там шмат было цікавага гарадскому падшыванцу…
Бадай шчэ ня было мне чатырох год, калі будучы у сваякоў у вёсцы Паплаўшчына, я дзівіўся, што па хаце гуляюць куры, што сабакі ня крыўдзяць катоў, што каля хаты на дрэве нейкае вялізнае збудаваньне, гэта бусьлянка і там жывуць дужа вялікія і прыгожыя птушкі — буслы. А калі па вёсцы вяртаўся з пашы статак, дзе разам былі і каровы, і козы, і авечкі, і сабакі, дык гэта быў мой першы заапарк. А як жа я напалохаўся, калі аднойчы да ганку, адкуль назіраў за дэфіладай з пашы, падыйшлі пара кашлатых невядомых мне жывёлаў ды, гледзячы на мяне, пачалі ці то раўсьці, ці мычэць, а былі то звычайныя авечкі…
Мой жа пляменьнік, нават маладзейшы за мяне на год, Лёнька Абакановіч, ускочыў адной з іх на сьпіну, учапіўся рукамі за поўсьць і, як сапраўдны вершнік, паехаў па вуліцы…
.
Блізка майго гораду Магілёву на Дняпроўскім поплаве, ля чыгуначнага мосту і зараз ёсьць вёска Палавінны Лог, жыла ў ёй з дзецьмі ды ўнукам старэйшая сястра маёй маці, мая цётачка Фруза. Да яе на госьці мы з бацькамі выпраўляліся пешкі, ідучы па Паднікольлі ўздоўж Машэкавай гары і даводзілася нам пераходзіць чыгуначны пераезд. Шлагбаум звычайна быў зачынены, дык бацькам прыходзілася пад яго нахіляцца напалам, каб прайсьці, тое ж рабіў і я, а яны ж з мяне сьмяяліся, бо я, нават падняўшы рукі не дастаў бы таго шлагбаўму… Але ж бацькі падавалі прыклад.
Па калгасах тады заробкаў не плацілі, замест грошай налічваліся «працадні», а выжываць мусілі з уласнае гаспадаркі, гэта было прыгоннае права бальшавікоў. Горад, з яго крамамі, быў побач, таму многія імкнуліся прадаць месьцічам свойскага малачка, яек, тваражку, ці якой садавіны, гародніны, вядома ж гэта адрывалася ад сябе ды свіх дзетак Але, атрымаўшы якую капейчыну, можна было нешта неабходнае набыць з адзежы, які танны абутак ці лекі. Звычайным было, што ўлетку амаль усе сяляне хадзілі басанож, а вопратка мужчынская, з большага, была спрэс жаўнерская, гімнасьцёркі, галіфэ — што засталося на сабе пасьля перамогі, кірзовыя боты на нагах былі амаль раскошай. Ды вось жанчынам было складаней, бо на сукенкі, спадніцы разжыцца тканінай было вельмі цяжка, затое шырока ў побыце былі ватоўкі — савецкае вынаходніцтва, на нагах буркі, гэта самаробныя сьцёганыя з сукна ды ваты боты, замест галёшаў — бахілы, таксама самаробныя, клеяныя з аўтамабільных камераў. «Заможныя» апраналіся у плюшавыя паўпаліто. Ужо і першы у сьвеце касьмічны карабель паляцеў, а гардэроб вяскоўцаў не мяняўся, жылі як дзесяткі год раней…
Смачным успамінам нясу скрозь усё жыцьцё адзін з пачастункаў цётачкі сваёй. Аднаго разу, каб пачаставаць нас, яна на хуткім часе з градаў выцягнула каліўца шчэ недасьпелай бульбачкі, пашкрэбла яе ды адварыла, адцэдзіла, зялёнага перья цыбулі нацерушыла зверху, да таго ж дадала жменьку духмянага кропу і ўсё гэта троху паліла алеем.…. Што ж гэта была за смаката! Калі праз чвэрць веку на цешчыным лецішчы я прапанаваў гэтую ж страву сваім сынам, яны таксама былі ў захапленьні, хаця й час быў зусім іншы, ведалі яны ўжо розныя прысмакі…
Сямья нашая складалася з чатырох асобаў, гэта бацькі — Васіль ды Ганна Станкевічы, мой брат Арнольд, старэйшы за мяне на дзесяць год, ды я, званы ў маленстве Сашкам… Усім тром старэйшым давялося добра паспытаць акупацыйнага ліха. Бацькі былі у шэрагу магілёўскіх падпольшчыкаў на працягу паўтара год, Арнольду ж было чатыры-пяць год, ён мог быць толькі неад’емным закладнікам.
Але лёс быў на іх баку і, пры пагрозе арышту, яны здолелі зысьці да партызанаў, дзе і працягвалі сваю барацьбу ўжо трохі ў іншай якасьці. Калі нарадзіўся я ішоў на Беларусі ўжо трэці мірны год, тата з маці разам працавалі ў Дзяржпартархіву ЦК КПБ, пасады былі самыя ніжэйшыя, але ж кватэру бацькі атрымалі, бо тая хацінка лупалаўская, дзе яны туліліся, ў вайну згарэла. Дом, у якім мы жылі, двухпавярховы, старажытны, стяў у самым цэнтры галоўнай магілёўскай вуліцы Першамайскай, на рагу з Камсамольскім скверам, увесь першы паверх займаў вядомы колісь Дзявяты гастраном, ды з двара колькі пакояў было да часу аддадзена пад абласны Клуб глуханемых, а вось на другім жылі, з большага, супрацоўнікі вышэйзгаданага архіву.
Кватэры былі камунальныя, але нават калі і было там «38 комнаток», дык прыбіральні не было ніводнай, вадаправоду не было таксама, была электрычнасьць, але не было разетак, што давала працу мудрагелістым «вынаходнікам», якія выраблялі т.з. жулікі, каб употай красьці дзяржаўную электраэнэргію. Ацяпленьне было пячное. На камунальнай кухні, прыкладам у нас, стялі то пяць, то сем прымусаў, керагазаў, ці газовак (керасінак па-руску), калі раптам усім трэба было гатаваць, ствараліся праблемы, але скандалаў я не памятаю. Харчаваліся па сваіх пакоях, кухня была толькі працоўным месцам гаспадынь, зрэдку і нам малым выпадаў час пагуляць на ёй, іншы раз гэта было месцам перамоваў нашых бацькоў аб жыцьці…
Калі па ваду даводзілася хадзіць у суседні двор метраў за 150, то прыбіральня была амаль побач з домам, з гарбылёў зьбітая, метрах у 30, ля маленькіх, ды ўсё ж сваіх, хлявочкаў. Відаць адпаведна полавым прыкметам былі дзьве, так бы мовіць, кабінкі аднаасобныя з дзіркамі ў падлозе, ніякага асьвятленьня вядома ж не было. Гэта амаль як у кіно, не дзеля дзяцей да шаснаццаці год. Дзецям жа, а іх у нашым доме было, прызначаліся «начныя вазы».
Даруйце вымушанае захапленьне натуралізмам, але інакш не выпадае…
Ні ў садок, ні ў ясьлі я не хадзіў, гадавалі мяне маці ды вуліца. У нашым двары ды ў суседніх дварах хапала дзятвы блізкіх па ўзросьце і старэйшых. А яшчэ тады навокал было даволі шмат пакалечаных вайною інвалідаў і бязногіх, і бязрукіх, і сьляпых, і абгарэлых, большасьць з іх не працавалі, шмат хто не меў ні жытла, ні сем'яў, хто жабраваў, хто проста сьпіваўся па-ціху, але ўсё гэта ў сукупнасьці і былі мае першыя ўрокі жыцьця. Дастатак тады быў у людзей амаль роўны, мала ў каго што-небудзь захавалася з гаспадарчых рэчаў пасьля тае разбуральнай вайны. У нашай дзьвухпакаёўцы было два вакны у двор, балкон, па адной лямпачцы зьвісала на дроце са столі, ложак бацькам ды па ложку нам з братам, было тры ці чатыры зэдлікі, два самаробных сталы, ды, бадай самае каштоўнае — швацкая машынка «Зінгер». Была яшчэ радыёкропка, галоўная, не, адзіная крыніца інфармацыі. Кампутар, тэлевізар, пральная машина, ці мікрахвалевая печка, лядоўня, куханны камбайн, тэлефон, пыласос — толькі гэты маленькі пералік, які сёньня бадай кожнай сямьі па кішэні, на той час быў не толькі недасяжны, але нават назвы былі невядомыя.
З галадухі мы не паміралі, але іншы раз апроч нішчымнай адваранай бульбы нічога і паесьці ня было, тады маці выпраўляла мяне з пустым глечыкам у гародніную крамку праз скверык, там можна было задарма ўзяць гурковага рассолу з бочкі да нашае бульбы. Было гэтак не часта, мо таму і помніцца….
На той жа час крама на першым паверсе, працуючы з рана да поўначы, прапанавала ікру чорную ды чырвоную ці ў слоіках, ці то нўпрост з бочкі, а бляшанкі з крабамі ды з вантробамі траскі нават іржа прыхоплівала, але куплялі людзі больш ліверныя каўбасы, салёную рыбу, абаранкі, і, як прысмакі, цукеркі. Ды найбольш хадавыя былі «падушачкі» з павідлам у сярэдзіне.
Жыць над крамай было нам малым карысна, бо даволі часта былі перабоі ці то з крупамі, ці з цукрам, часьцей з хлебам.
Зьбіраліся чэргі пакупнікоў, у краме ім месца не хапала, гандаль наладжвалі тады з двара, здаралася нехта і начаваў у чаканьні, а тавару давалі лімітавана, то бок на асобу ці два боханы хлебу, ці пэўную колькасьць таго, чаго там прадавалі ў адны рукі.
А людзям, асабліва вяскоўцам, трэба было і суседскія наказы выканаць, ды й ня кожны дзень на той горад выбрацца можна было. Вось тут і працавала нашая дзіцячая біржа, мы ж, знаўцы справы, толькі стаялі ў баку, а нас то адна бабулька, то другі дзядулька на сваё падмацаваньне цягнуць, ды й не задарма, капеек нейкіх там, ці нават рубель за ходку давалі, а ў той час квіток на дзіцячы сэанс у кіно, ці порцыя марозіва каштавалі блізка таго… Такі быў наш тагачасны «бізнес».…
Улетку не тольк на вёсцы, але і ў самым цэнтры гораду мае сябры з большага гойсалі басанож. Асфальт паклалі на Першамайскай ў сярэдзіне пяцідзесятых, да таго была яна колькі вякоў, бадай, брукаваная. Наш двор уяўляў цесны транспартны праезд, гуляць там было немажліва, але па суседніх дварах было больш раздольна, ды й знаёмых я заводзіў лёгка. Гулялі мы «у вайну», у хованкі, у штандара, у пікара, у чыжыка, зараз, па — навуковаму, завецца гэта рухомымі гульнямі, нават навуковыя дысэртацыі па іх абараняюць, мы ж вучыліся адзін ад аднаго…
Увесну, калі абразалі гальлё з дрэваў па вуліцах, мы ладзілі лукі, ўзімку сьлізгаліся з гарушак ды па схілах якога раўчука. З нас нехта меў санкі, нехта «казу», гэта з жалезнага прута таўстога выгіналася прылада, на якой каталіся, стоячы на адным полазе ды адштурхваючыся вольнай нагой, падобна як на самакаце ўлетку. Але больш паважалі ўладальнікаў «рулеткі». Гэта самаробная прылада звычайна з некалькіх дошак да метру даўжынёй, зьбітых разам шырынёй да паўметра, мела ззаду па рагах па адным каньку, а наперадзе, на паваротным мацаваньні ставіўся адзін канёк, ён быў кіруемы, уладальнік, лежучы, пачынаў разгон па сьлізкай гары, а на яго колькі пасажыраў заскоквала зьверху. Ну чым табе ні бабсьлей?
Неяк аднойчы, рана выйшаўшы на вуліцу ў чаканьні кампаніі, я чамусьці згадаў, што казалі, калі лізьнеш намерзлую жалезку, то салодка будзе. Лізнуў жа я металічныя парэнчы ля вітрыны крамы. Язык мой адразу ж прымерз так, што балюча стала. Пачаў я мычэць, што тыя вясковыя авечкі. На гэты лямант прыбегла дворнічыха цётка Хвеня, якая і ўратавала мяне, паліваючы парэнчы з чайніку, але скурка з языку засталася на жалезцы…
Летам жа шчасьліўцы каталіся на ровары, ды рэдкасьцю гэта было. Але, з дапамогай бацькі ці старэйшых хлапцоў, рабіліся самакаты з дошак, а коламі ў іх былі падшыпнікі.
Хаця навакол амаль усе ды ўсё было знаёма, межы, так бы мовіць, майго арэалу былі. З усходу гэта была рачулка Дзебра, да яе было меньш кіламетру, на захадзе крыху бліжэй бруілася такая ж занядбаная Дубравенка, яны умоўна паралельна завершвалі свой шлях да Дняпра. Дняпро ж быў галоўнай мяжой з поўдня, нават ня сам Дняпро, а той высокі бераг яго, званы Валам — улюбёнае месца шпацыраў магілёўцаў. Шмат людзей прыходзіла на Вал, калі пачынаўся крыгаход, паводка выплёсквалася з берагоў Дняпра на поплаў, дзе пакідаючы выспачкі з хацінамі, а дзе і затопліваючы часткова хацінкі. Крыгі тоўстага лёду па рэчышчы ад Смаленску, Воршы павольна, але мэтанакіравана набліжаліся да аутамабільнага мосту, а ён быў драўляны, дрыжэў пад напорам вады, ня тое каб крыгаў. Каб ратаваць мост прызначаліся сапёры з Пашкаўскага гарнізону, яны буравілі лункі ў лёдзе, мацавалі выбуховыя зарады ды ўзрывалі крыгавыя заторы. Назіраць гэта відовішча бывала шмат ахвочых. Найбольш моцная паводка мне запамятавалася з 1955 годзе. Дарэчы, пры выбуху гінець рыба, а на той час я быў сьведкам, што пад горадам у Дняпры лавілася на вудзільна сьцярлядка нават, дык вось ніжэй мосту аматары, іншы раз скочучы па крыгах, рызыкавалі выцягнуць агаломшаную рыбіну. Ну, паквапіўся неяк і я на тое, ды не хапіла малому спрыту, укінуўся у ваду, а тое ж ня летам, вопратка прамокла ды пачала лёдам брацца. Давялося мне бегчы з кіламетр да знаёмых, ды ратавацца ля печы, бо маці маёй бы гэта дужа не спадабалася…
Вяртаючыся да межаў, скажу, што паўночнай жа мяжой я сабе меў мост праз чыгунку перад вакзалам. Вось так, ад Валу да вакзалу па Першамайскай, дзесьці два кіламетры былі маёй тэрыторыяй, якая мною была добра выведана, бо на пачатку пяцідзясятых большасьць «маёй» тэрыторыі была прыватным сэктарам ды часткова адноўленымі будынкамі, з лапікавымі гародчыкамі у дварах, з разнамаснымі хлявочкамі, прыбіральнямі, з дзіркамі ў платах. Некалькі вялікіх дамоў у цэнтры гораду мелі чамусьці свае імёны, прыкладам Дом Леніна — ля першай школы, Дом Будзённага — ля кіно «Радзіма», Шэры Дом — на пачатку вуліцы Чалюскінцаў, Зялёны Дом –Ленінская 68, дзе жылі мае аднакашнікі, бацькі якіх служылі ў Школе КГБ, Дом Саветаў, на Першамайскай Дом 90, Дом Сталіна. Апошні і зараз, праўда падрошчаны на адзін паверх, стаіць як і ранней.
Пасьля паваеннай рэстаўрацыі жылі ў ім супрацоўнікі Металаапрацоўчага камбінату, які сёньня завецца завод Электрарухавік, татка мой перайшоў на той завод на працу на самазвал ГАЗ-51, а дырэктарам быў яго старэйшы брат, мне дзядзька Янка. Прыгадваю як нейкае сьвята, ці не Кастрычніцкую рэвалюцыю, адзначалі жыхары Дома Сталіна, камунаю… Бацькоў маіх тксама запрасілі, ну дык і я там жа. Вось тады, падаецца ў 52 г., я пабачыў дэмакратыю, бо разам за адным сталом сядзелі ды частавалі адзін аднаго і намесьнік дырэктара Ляксей Грышчанка, і шафёр Васіль Станкевіч, і каваль Ільля Плотнікаў, разам было чалавек трыццаць. Той час пакуль яшчэ згуртоўваў людзей. Я памятаю, як ужо ў нашай камуналцы ладзіўся Новы Год. Сталы накрытыя былі ў нашай хаце, туды прыносілі гарэлку ды закуску, якой былі венігрэд, салёныя гуркі, капуста, трошкі сала ці вяндлінаў, можа яешня, але ўсім было і добра, і вясёла… Таньчыць ішлі ў другую хату, а зьняможаных адводзілі ў трэцюю — прахалодную, але ўсё у той жа камуналцы.
Шкада, што з дабрабытам гэтая традыцыя адмерла…
Дагэтуль памятаю твары ды імёны сваіх сяброў з Дому Сталіна, гэта Далінскага, Вярбіцкіх, Барашкавых, Безьменаў, Ільвоўскіх, Азьбеля, Дрыганта, Лапідусаў, Петрулевічаў. А ў нашым доме мае бліжэйшыя сябры, гэта Архіпцавы Люда, Воўка ды Міхаська, вялікі ды іх старэйшы брат Васёна Паршакоў, з імі ж разам жылі з маці сваякі Прудніковічы Міла, Анатоль ды Тома, у другой камуналцы, праз лесьвічную пляцоўку іншая суполка, гэта Якуты Майя, Іна ды Сьвета, дарэчы, з прыкладу апошняй я, значна пазьней, але ж трывала прыйшоў у лёгкую атлетыку. Жылі там Нэля ды Гэля Трахвімавы ды іхні малодшы, мой цёзка Сашка, а яго бацька — Сяргей Кузьміч Шнітко, ня толькі зрабіў ці ня першыя ў маім жыцьці мае фотаздымкі, але, навучаючы мяне ў Доме Піянэраў у фотакружку, даў мне такую «прышчэпку», што я ўжо больш паловы веку амаль не разьвітваюся з фотакамерамі. Маю гонар казаць, што багата са здабытага ў дзяцінстве добра служыць мне ўсё жыцьцё…
Цікавых імпрэзаў для месьцічаў асабліва не было, час быў аднаўляць, ды будаваць, але аднаго разу тата зрабіў нам з маці падарунак. На лётным полі аэрадрому, што быў за Дняпром, ладзілася гарадское сьвята — Дзень Ваенна-паветраных сілаў, і недзе побач быў мой дзень нараджэньня. Заўважу, што на тую пару не было ў нас традыцыі адзначаць такія хатнія сьвяты нават для дарослых. Было гэта ў нядзелю, добрае летняе надвор'е, шмат людзей, як і мы, апрануўшыся папрыстойней, рушылі з гораду. Ісьці давялося па адзіным тады драўляным Дняпроўскім мосьце высака над вадою, пешшу я быў на ім упершыню, крыху боязна, але ж бацькі побач… Прайшоўшы лупалаўскімі вулачкамі мы выйшлі да аэрадрому, вялізнага поля, дзе ўжо віраваў даволі вялікі натоўп людзей. А колькі цікавага было навокал: тут табе і сапраўдныя самалёты, якія можна было нават памацаць, асобным малым пашчасьціла пават у пілоцкай кабінцы пасядзець, ды сапраўдны лётніцкі шлём памераць, недалёка ладзілася выстава мадэляў самалётаў, дзе мяне асабліва уразіла мадэль больш за мяне памерам «лятаючай крэпасьці», чатарохматорнага бамбардыроўшчыка з працуючымі рухавікамі, нейдзе лёталі пілатажныя просьценькія мадэлі з гумовымі рухавікамі, планёры, стаялі велізарныя пражэктары на машынах і яшчэ шмат чаго рознага ды цікавага, не кажучы ўжо пра шматлікія буфеты з тагачаснымі прысмакамі. Я раз-пораз выдзёргваў сваю руку з бацькавай, ды шмыгаў кудысьці ў натоўп, каб не прапусьціць чагосьці цікавага. А людзей усё прыбывала… Татка разумеў мяне і не сварыўся, толькі спытаў знянацку, а што ж я стану рабіць, як раптам згублюся ў вялізным натоўпе незнаёмых людзей? А сапраўды, што? Я ж такога не прадбачыў… Тады татка вывеў мяне на вольнае месца ды сказаў — паглядзі па баках. Бачыш вунь далёка на гары вежа пабітая, гэта Ратуша, мы там бывалі, на Валу, а перад імі мост праз Дняпро. Дык вось, як што, абяры накірунак, ды вулачкамі, завулачкамі дабірайся дамоў. Ты ж ужо не маленькі… Апошняе мне вельмі спадабалася. Своечасовай была тая парада, бо неўзабаве я сапраўды не пабачыў бацькоў. Спачатку падалося жартуюць, але выпадала па іншаму. Бацькі не знаходзіліся… Я, вядома ж разгубіўся, ды таткава навука была сьвежай. А плакаць мне было сорамна на людзях, і я пайшоў. Насустрач і спадарожна ішлі людзі, можа хто і зьвяртаў увагу на самотнага вандроўцу, ды выгляд у мяне быў відаць самастойны ды мэтанакіраваны, пытаньняў да мяне не было. Але аднаму ісьці праз доўгі высачэзны мост, які нібы жывы ўздрыгвў ды рыпеў ад праяжджаючых рэдкіх машын, я ўсё ж не наважыўся. То дачакаўшыся нейкай цётачкі, што выбралася на горад, прыстроіўся крыху збоку, ззаду ды й рушыў… А нейдзе на сярэдзіне мосту мяне дагналі бацькі… Вядома ж яны заўважылі мяне ранней, ды, відаць не жадалі палохаць… Вось ужо было мне радасьці! Бацькам мо й не толькі радасьці, але яны мяне ні слоўцам не ўпікнулі. Як жа я ім удзячны, як мне пашчасьціла з бацькамі!
Неяк так сталася, што чытаць я навучыўся чатарохгадовым, памятаю, што дапамагала мне адмысловае даміно з малюнкамі, яшчэ мы выпісвалі тады газэту «Сталинская молодёжь», вось гэта і была мая чытанка. Дарэчы маці мая, меўшы адукацыю чатыры класы, вельмі любіла чытаць колькі я памятаю, брала мяне з сабою ў абласную бібліятэку, дзе я начытаўся насьценных цытатаў ды лёзунгаў, болшасьць якіх не разумеў, але не забыўся і сёньня, нават такога мудрагелістага: «Коммунистом стать можно только лишь тогда, когда обогатишь свою память знанием всех тех богатств, что выработало человечество!», вось гэтак… Толькі з часам разумееш, што такое немагчыма. Нават за пару дзён да свайго скону маці яшчэ намагалася чытаць, хаця акуляры ёй ужо амаль не дапамагалі, а Божачка ж адмераў ёй веку 93 гады… Партызанскія балоты, дзе мамачцы даводзілася не адны суткі ў вадзе прасядзець, хаваючыся блакіроўкі карнікаў, даліся ёй у знакі, ведаю, што мяне яна нарадзіла з вялікімі пакутамі, ды й пакуль я маленькім зусім быў, яна часта хварэла. Даглядаць мяне тады даводзілася бабулі Зене, яна жыла з малодшай дачкой Ганнай ды яе двума сынамі ў доме, які належыў жонцы дзядзькі Янкі, гэта на 1-й Чыгуначнай вуліцы. Бабуля ў мяне была адна, дзядуляў жа ўжо ня было. Аднаго разу ўзяла мяне бабуля на горад, спачатку яна завяла мяне ў царкву, што блізка базару, які завецца зараз Цэнтральным, а быў Мінскім, калі тую царкву пасьля доўгага ваяўнічага атэізму ды разбурэньня, перапрыстасаваньня ізноў адкрылі, я дазнаўся, што завецца яна Трохсьвяціцельская. Пасьля набажэнства нашая вандроўка працягнулася да рэстарану «Дняпро», бо там мая цётка Ганна рабіла тады старэйшай афіцыянткай і мы мелі прыстойны абед за асобным, на двох, сталом пад белым абрусам, з камплектам сталовых прыбораў, прыгожа аздобленымі стравамі. Ці смачна было я ня памятаю, але было ў той дзень два цікавых мне адкрыцьці. Бабулечка наладзіла мне першы шляхетны выхад у людзі, вядома ж у яе меліся свае справы, мяне ж папросту ня было на каго пакінуць, але гэта зрабіла ўражаньні. Дарэчы, мая адзіная бабулечка Зена Кандратаўна з роду Абрамовічаў, шляхетскага гербу Ляліва, дзядуля таксама быў шляхціц гербу Вадвіч, яго імя Павал Сымонавіч Станкевіч, на жаль са спазьненьнем я гэта даведаўся, бо ў сталінскія часы трэба было быць камуністым, як мае тата і дзядзька Янка, а пра наяўнасьць гербаў «па мячы і па кудзелі» варта было забыцца, бо гэта, відаць, перашкаджала будаваць камунізм…
У двары дома па Першамайскай быў яшчэ невялічкі двухпавярховік, там была кінарамонтная майстэрня. Працавалі там майстравітыя дзядзькі, ладзілі ня толькі кінапраектары, але і розныя іншыя пабытовыя ды тэхнічныя прылады, часта да іх зьвярталіся матацыклісты, а матацыклаў жа трафейных на той час было розных марак ды калібраў, вядома ж я такой прыгажосьці абмінуць ня мог. І сёньня памятаю самы мне любы БМВ-360, прыгожага дызайну, з карданнай перадачай, а які ў яго быў голас… Майстры хутка мяне прынялі за свайго, давалі мне цацак ад сваіх рамонтаў, ды, нават калі нікалі бралі пасьля працы мяне з сабою «трахнуць», у іх гэта азначала кульнуць па келішку гарэлкі, ці па куфлю піва, мяне ж частавалі сокам ці газіроўкай, але ў кампаніі… Кропак дзе прапанавалася гэткае «Бістро», хапала на кожным кроку. Былі і іншыя «выхавацелі», прыкладам сярод тэлефаністаў, што ладзілі ці пракладвалі сувязь, знаходзіліся і такія хто мог цікаўным прапанаваць патрымаць два канцы кабелю, а самі крутнуць ручку дынамы, каб слабым токам таргануць таго ж цікаўнага пацанёнка. Аднаму гэта была навука, другому рогат…
Сьпяшаючыся хутчэй падрасьці, малыя цягнуліся да старэйшых, пераймалі іх звычкі, манэры, гэтак было спрадвеку, а калі старэйшыя хлопцы дазвалялі некуды з імі пайсьці, то быў асаблівы давер. Неяк так у кампаніі бальшуноў на вуліцы яны мне падказалі, што мой татка едзе на днямі атрыманым самазвале, якога я яшчэ не бачыў. Машына запавольвала хаду перад павароткай, дык я дагнаў яе, ды скочыў на падножку з боку кіроўцы і прысеў, левай рукой трымаючыся за рукаятку кабіны, а правай за накрыўку бензабаку.
Тата мой, пілнуючы дарогу, такой жамяры як я не заўважыў, затое ж заўважыў міліцыянт-рэгуліроўшчк з перакрыжаваньня, які кінуўся ў бок машыны. Спыніўшыся, ды адчыняючы дзьверцу кабіны, мой здзіўлены тата пабачыў саскочыўшага мяне і, зразумеўшы магчымыя наступствы, зьбялеў.
Як ён тлумачыўся міліцыянту ня памятаю, але мне было загадана чакаць у хаце. Хутка тата прыехаў ды выдаў мне поўху, дарэчы першую ды апошнюю за ўсё маё жыцьцё. Рукі ён на мяне не паднімаў, затое мог так словамі дастаць, што лепей бы пакалаціў…
Бальшуны мяне завялі і ў марскі клуб, і ў аэраклуб, і ў мотаклуб, паўсюль было шмат цікавага ды, за недахопу ўзросту, мяне нікуды ня прыймалі, але ж дужа хацелася, затое на мастацкія выставы, на выставы праектаў архітэктурнай адбудовы Магілёву ды іншыя запісвацца ня трэба было ды й квіткоў купляць ня трэба было, вось я і займаўся самаадукацыяй. Але часу хапала і спаборніцтвы па веславаньні ці плаваньні пабачыць, нават скачкі ў ваду бачыў. Ніжэй мосту на Дняпры была часовая драўляная вежа для скачкоў у ваду, а на працілеглым баразе месьцілася база марклубу, адтуль на вёслах ці пад ветразем адыходзілі ялы на 6 ці 8 весьляроў. А побач з нашым домам у двары была база ДТСААФ, там стаяў самалёт ПО-2, у боксе стаяў танк, ды некалькі боксаў пазьней былі аддадзены мотаклубу, апошні мяне больш вабіў, мо таму, што там ужо мой Арнольд займаўся, які быў ужо ўдзельнікам некалькіх гонак. Побач, праз плот, у пачатку 50-х гадоў пабудавалі стадыён «Спартак», перарабіўшы яго са спартыўнай базы школы КГБ. Спартак стаў маім першым спартыўным таварыствам, а сам стадыён — галоўным месцам майго спартовага сталеньня.
Як прыйшоў я ў 11 год да трэнера Віктара Шадуры на лёгкую атлетыку, так з ёю пажыцьцёва і «пабраўся шлюбам».
Ці не першы раз самастойна задумаўся я над сваімі учынкамі, калі аднаго разу зь вёскі прыехаў да нас цесьць майго стрыечнага брата. Прыехаў ён адведаць свайго першага унука, цягнуў з сабою два вялікіх кашы вясковай сьнедзі ды прысмакаў, а дарогі не ведаў. Да нас жа шлях ведалі ўсе. А тае дарогі да брата было метраў не больш за дзьвесьце, то бок перасекчы па дыяганалі Камсамольскі сквер ад Дзевятага гастраному да шпілю каля кіно «Радзіма». Вось маці мяне і адправіла правадніком. А мне проста! Я на той час геаметрыі не ведаў, але праверыў, што напрасткі хутчэй. Розныя весьнічкі, паркавыя алеі — то для іншых… Лёгка пераскочыўшы цагляную, агарожу скверу каля метру вышынёй да гэткай жа шырыні (у двух кроках побач быў шырокі праход), па скошаным газоне, праз пастрыжаная кусты я упэўнена кіраваўся да брата… А дзе ж мой госьць? А госьць жа не я, пакуль узьняў свае кашы на агарожу, пакуль сам узлез ды зьлез, ажно успацеў, але кіраваўся дакладна за мной, прысьпяшаючыся… Раптам я разгубіўся, ды мне стала сорамна вельмі. Аказваецца трэба улічваць свае магчымасьці з тымі, аб кім ты апякуешся…
Жывучы ў цэнтры гораду мы нібы трымалі явачную кватэру. Бо партызанскіх сяброў, знаёмых з партызанскіх вёсак, ды сваякоў розных адгалінаваньняў заходзіла да нас шмат. Дзьверы у нашую кватэру ключом запіраліся толькі на ноч. Пакуль я не пайшоў у першы клас, маці мая сталай працы ня мела, і, з большага, была ў хаце. Для мяне самым цікавым было калі зьбіраліся партызаны. Прайшло якіх пяць, сем гадоў пасьля заканчэньня іх партызанкі, і яны па-сапраўднаму горача і шчыра згадвалі падзеі, сяброў, страты, жахлівыя і сьмешныя моманты, карацей, вярталіся ў мінулае, нібы не даваяваўшы. Нагадаю, што на першым паверсе пад намі была крама, таму пачастунак на стале быў заўсёды.
А мне, апроч таго, што цікавыя былі іх гаворкі, дык яшчэ чаго-небудзь смачнага са стала перападала, бо есьці хацелася ж. Прызнаюся нават, што практыкаваў я іншы раз макнуць лусьцік белага хлебу ў недапіты келіх гарэлкі ды зьесьці, як старэйшыя ня бачылі. Зараз, ужо стары, тлумачу ўсім, што гэта выпрацавала ў мяне імунітэт на алкаголь, бо залежнасьці ад яго ня прыдбаў, хоць іншы раз і ня грэбую якім келіхам. А калі ў гасьцей быў добры настрой, яны маглі засьпяваць свае партызанскія песьні, а то тата хахляцкія песьні пеў, у яго ня блага выходзіла, іншы раз дапамагала яму й маці, а калі яна шчэ брала гітару сяміструнку, ды заводзіла які раманс — быў сапраўдны канцэрт. Звычайна імпрэза цягнулася дапазна, мяне ўжо адпраўлялі спаць, але дзе там, я хаваўся ці пад сталом, ці дзе ў куточку, ды слухаў, слухаў…
Гэта прывяло да таго, што з часам, калі партызанскія успаміны пачалі блытацца, а ў некага пыхі ці гераізму прырастала, дык вось я, ужо стаўшы дарослым, мусіў ім дэлікатна падказваць, як насамрэч было. Тады яны дзівіліся, але згаджаліся.
У бацькоў свае госьці, у мяне ж свае. Іншым разам да нас «на горад» прыяжджалі ці знаёмыя, ці сваякі, якім я рабіўся «экскурсаводам», паказваў розныя мясьціны прыгожыя, збудаваньні гарадскія ды іншае. Пасьля такой маёй экскурсіі крыху маладзейшая мая стрыечная сястра Тома з Палевічаў, кажуць, распавядала на сваіх Рудках. «Прывёў мяне Сашка да нейкае хаты, а яна ж вышэй разоў пяць за самае высокае з нашых дрэваў, а даўжынёй болей за нашую усю вуліцу, ды яшчэ вокнаў жа, вокнаў… у восем радоў у гару. А ў сенцах нейкіх вялізных людзей, людзей… Нейкія цёткі ў белых халатах ды каптурыках, як лекары, гандлявалі адна нейкімі пончыкамі, то падобныя на нашыя рэзьнікі, толькі рудыя, ды нейкай салодкай крэйдай пасыпаныя, другая зь нейкіх крывых слоікаў нацэжвала мёду рознакаляровага, потым налівала нейкай шыпуча — калючай вады… Але ж смачна!!! Потым мы ішлі нейкім напоўцьмяным калідорам, бо былі толькі дзьверы з абодвух бакоў, адкуль выходзілі нейкія людзі, каб зайсьці ў другія дзьверы… Падыйшлі да нейкай жалезнай шафы з падвойнымі дзьвярыма ды закратаваным вакном, увайшлі ў сярэдзіну, а яна раптам сама паехала ў гару, са страху я ўчапілася за братаву руку ды й вочы заплюшчыла. Потым бразнулі зноў дзьверы, мы зноў апынуліся ў падобным калідоры, які меў на сваім заканчэньні вакно. З таго ж вакна я пабачыла тое, з чаго ў мяне дух заняло ды й каленькі задрыжэлі. Нейдзе далёка ўнізе рухаліся нейкія чалавечкі меньшыя за мурашоў, зрэдку сноўдаліся машыны, памерам з божых каровак, дрэвы выглядалі нязвыкла прыгожа»… Так мая Томця распавядала пра наш Дом Саветаў, папярэднік менскага Дому Ураду, пра ліфт на якім першы раз пракацілася…
Мой брат закончыў тэхнікум і быў разьмеркаваны на працу ва Узьбекістан, на той час у нас кватэравала мая стрыечная сястра Аля, яна вучылася ў Педагагічнай вучэльні на выхавацельку дзіцячага садку. Гартаючы з цікаўнасьці яе падручнікі, я запомніў партрэты ды імёны расейскіх, ды савецкіх тагачасных класікаў літаратуры, а неяк пазьней кватэраваў у нас Хведзя, што вучыўся на фельдшара-акушэра, яго падручнікі мяне пазнаёмілі з анатоміяй, а малодшы брат Алі, Валодзя Палевіч, трошку жывучы у нас, расказваў пра Данбас ды шахты, пра тое як цікава кіраваць планёрам, лётаючы над Магілёвам. Жыла трошку і паштовы экспедытар Люба, дык той я ўдзячны за знаёмства з тым, як на вёсцы, а было тое блізка Вейна, гуляюць Купальле. Вось так, патрошку, ад розных знаёмстваў і набіраўся мой сьветапогляд, жыцьцёы досьвед. Атачэньне ў мяне было даволі разнастайнае, але ў сумніўныя хаўрусы мяне не цягнула, відаць на той час я быў паглынуты спортам ды іншымі, для мяне больш прывабнымі заняткамі. Сапраўдная бойка, адзін супроць некалькіх, ды супроць нажа мяне напаткала, калі я ўжо быў выкладчыкам інстытуту ды меў жонку і пяцімесячнага сынка, але вось досьведу, як біць чалавека, ў мяне не было. З тае сітуацыі я выйшаў цэлы ды непераможаны, але, калі меў ўжо двух сыноў, падарыў ім баксёрскія пальчаткі, бадай, каб сталі лепш за мяне падрыхтаваныя…
Маці — для кожнага чалавека самая блізкая і дарагая асоба. Яна нараджае нас на сьвет белы, яна корміць нас сваім малаком, яна сагравае нас сваім цяплом, яна вучыць роднаму слову, яна першая наша вучыцелька. Відаць у кожных рэлігіях ёсьць запавет шанаваць сваіх бацькоў, і маці там павінна стаяць на першым месцы. У чалавека за жыцьцё можа быць некалькі жонак, адпаведна і колькасьць дзяцей не малая, а вось маці ды тата толькі адны. Ужо дастаткова сталым пазнаёміўся я з адной легендаю, нібы ў Грэцыі адзін юнак надта ж пакахаў нейкую прыгажуню, тая ж ніяк да яго не ставілася, болей таго кпіла з яго ды насьміхалася. Аднаго разу паведала, што прыме яго каханьне, але толькі калі ён прынясе ёй галаву сваёй маці! Жудасная прапанова доўга мучала юнака, але каханьне іншым і вочы засьціць і розуму іх пазбаўляе, дык вось ён усёж выканаў патрабаваньне. Паклаўшы матчыну галаву ў кошык, ён стрымгалоў паімчаў да тае прыгажуні, каб хутчэй пазбыцца свайго грэху ды здзейсьніць даўнюю мару. Сьпяшаўся так, што абступіўся, абраніў кошык ды павліўся. Адсечаная галава маці выкацілася ў дарожны пыл, ды спытала: «Сыночак, ты не пабіўся?»…
Маленькаму мне маці расказвала казкі, якія чула ад сваёй маці, распавядала аб сваіх дзіцячых прыгодах, аб сваёй сям’і, потым аб партызанскіх часах, яна ж заахвоціла мяне да чытаньня. У шасцігадовым узросьце я ўжо сам завучыў некалькі вершаў А. Твардоўскага з «Васіля Цёркіна». Кніга гэтая была падорана Арнольду на 16 год дзядзькам Янкам, татка наш іншы раз чытаў яе ў голас, а потым і я заахвоціўся…
Запомніліся маміны рукі, якія былі заўсёды пяшчотнымі, мягкімі ды цёплымі, калі яна ўжо працавала ў штамповачным цэху з брудным, цяжкім, халодным металам на груваздкіх ды грамыхаючых станках, дзе ўзімку стаяў вулічны холад і працаваць даводзілася ў тры зьмены, то бок, нават ўночы. Неяк аднаго разу пад штамп трапіў яе палец так, што дзьве фалангі костак выйшлі вонкі, але ж лекары ёй палец уратавалі. Пасля таго яна ўжо не кранала гітары, але рукі яе аднаўляліся, захоўваючы свае ўласьцівасьці. Апошнія яе хвіліны я трымаў тые рукі ў сваіх і яны былі як заўсёды — цёплымі, мягкімі, звыкла мамінымі…
Я пісаў, што маці мая з-за хваробаў не працавала пэўны час, была хатняй гаспадыняй, і, калі я з вулічных сваіх вандровак вяртаўся дадому, дужа мне падабалася слухаць яе расповеды ці пра яе бацькоў з братамі ды той жа сястрой Фрузай, ці дзіўныя казкі, што запомніла яна са свайго маленства, ці пра тое, як у партызанскім лесе адна з маленькім Арнольдам выпякала хлеб у адмысловай зямлянцы на цэлы атрад… Сядзім мы ля печы, назіраем як гараць, шыпяць ды патрэскваюць дровы, аддаючы цяпло і я слухаю маці. Калі іншы раз хварэў, яе мяккія пяшчотныя рукі і коўдру з падушкаю паправяць, і парашкоў з мікстурамі дадуць так, што зусім не горка, а то, як хвораму, дадатковае харчаваньне — які піражок з павідлам з крамы, ці кісялю зварыць з журавінавага соку, купленага у той жа краме на першым паверсе…
Маці расказвала, што была самай малодшай у сям’і, нарадзілася ў 1915 годзе, пасьля вяртаньня майго дзеда Міхала з Дэтройту амерыканскага, дзе ён за пару год на эміграцыі заробіў крыху грошай, збудаваў нейкае немудрагелістае жытло, ды выправіўсяца зваротна праз акіян забраць сям’ю, але, раптам, пачалася Першая Сусьветная вайна, потым рэвалюцыя, потым калектывізацыя… Шукаючы паратунку ад голаду выправіліся яны ўдвох з маёй бабуляй ва Украіну, ды там і памерлі з тае ж галадухі, родным нават невядома месца пахаваньня, ды й ці ёсьць увогуле яно…
Маці ж маю з нараджэньня празвалі амерыканачкай. Адукацыі ў маці, як і ў бацькі, было толькі чатыры класы, працавала яна апошнія гадоў пятнаццаць да пэнсіі штампаўшчыцай на заводзе, бачыў я гэтую цяжкую, брудную працу ў халодным па-вулічнаму цэху. Але маці не наракала, яна заўсёды была прыкладам, тройчы узнагароджана за сваю працу ўрадавымі граматамі, абіралася дэпутатам раённага ды гарадскога саветаў, была пэрсанальным пэнсіянэрам. Быў пры Саветах такі прывілей для раўнейшых сярод роўных. Да апошніх сваіх дзён, у яе хапала цеплыні і павагі, разумных парадаў, простых практычных дзеяньняў у дапамогу і не толькі блізкім ды родным, яна не адмаўляла ў дапамозе і незнаёмым. Ужо кепска бачучы, на апошнім тыдні свайго веку, калі ўжо некалькі месяцаў не магла ўстаць на ногі, абклаўшыся падушкамі, каб не паваліцца, седзячы ў ложку, яна на сьпіцах вязала ці шкарпэткі з воўны, ці пантофелькі хатнія дарослым і малым, якімі абдорвала усіх. Я бачыў яе вырабы ў сваякоў у Маскве, Піцеры і на Палесьсі… Цёплыя, мяккія матчыны рукі не забыць мне ніколі… Рукі, якія падтрымлівалі, накіроўвалі, песьцілі мяне праз усё жыцьцё.
Дзеці ды старыя патрабуюць шмат апекі, мы мусім ім дапамагаць. Але калі баліць малому — мы ведаем, што гэта пройдзе, хутка падрасьце, ўсё наладзіцца… Калі ж баліць старому, спадзявацца на тое, што будзе добра, не выпадае. Розум падказвае, што трэба чакаць горшага, а ведаючы, што дапамагчы ты не ў стане, даволі цяжка з гэтым мірыцца…
Вакол нас дастаткова шмат старых людзей, яны не такія актыўныя як мы, кепска чуюць, кепска бачаць, у іх можа быць кепская памяць, карацей — яны бачацца нам не такімі, як мы. А іншы раз яны нас раздражняюць. Але варта памятаць, што некалі яны былі таксама маладымі, прыгожымі, разумнымі, дужымі, ды толькі час, праца, жыцьцё ўвогуле зрабілі іх іншымі. Калі давядзецца, то й нам тае долі не мінуць… Пра гэта варта памятаць заўсёды, менавіта спагадлівасьць, павага да старэйшых, цярплівасьць ды гатовасьць дапамагаць вызначае сапраўднага шляхетнага чалавека ў любой краіне…
Аналізуючы жыцьцё ці, як той казаў, разважаючы над яго сэнсам, прыходзіш да высновы, што жыцьцё — гэта не проста Божы падарунак, гэта спрэс выпрабаваньне… Чуў я розныя тлумачэньні пра тое, навошта чалавек жыве. Нават такое, што першую палову жыве — каб сапсаваць сабе другую… Сам жа я мяркую, што жыву дзеля таго, «каб удасканальваць Сьвет на падставе ўласнае недасканаласьці, ды мець з таго задавальненьне», жарт, вядома…
Гэта некалі мною падслуханае, ды крыху дапоўненае выслоў'е…
Парадаў ды рэцэптаў як жыць — ніхто не дасьць, бо кожны жыве сваё жыцьцё, набывае свой досьвед, але ведаць як жылі раней, разам з тым разумець як жывуць сёньня іншыя — вельмі карысна. Зараз дастаткова літаратуры з гісторыі, якую доўгі час ад нас хавалі, можна чытаць ды рабіць свае высновы, падкрэсьлю — свае, а ня тыя «што правільныя»… Трэба вызначыцца з сябрамі, мне, прыкладам, да спадобы старажытнае выслоўе: «Amicum proba, probatum ama» — «Сябра выпрабуй, а выпрабаванага любі», гэта з лацінскай мудрасьці, адтуль жа і гэта: «Hodie Caesar — cras nihil», «Сёньня Цэзар — заўтра нішто»…
Добра калі чалавек мае свой стрыжань унутраны. У цябе, мой Мікітка, я яго заўважыў… Не згубі ж!
Шмат шляхоў пратаптана маімі нагамі па жыцьці і ў жаўнерскіх ботах, і ў спартовых красоўках, і ў мадэльных чаравіках, але пачыналася ўсё басанож у родным Магілёве. І нават зараз, калі іншы раз ён пакліча мяне, я прыеду са стольнага Менску ды прайдуся па вулках, скверах, па Дубравенцы — па тых мясьцінах дзе зьбегаў усё басанож, каб аднавіць у сабе тыя пачуцьці спазнаваньня сьвету, пачуцьці бацькоўскага клопату, сяброўскіх стасункаў — гэта чамусьці патрэбна маёй душы. Гэта жыве ува мне і ня зводзіцца, і ад таго мне цяплей…
Пачатак прайду
Веснавы дзень заканчваўся. Але гарэзьлівае красавіцкае сонейка, відаць добра адпачыўшы за сьцюдзёную зіму, ну ніяк не жадала зыходзіць за далягляд… Завіснуўшы, нібы лятаючая талерка, яно пырскала промнямі цёплымі, нібы гючымі, паралельна паверхні зямлі, ды, трапляючы ў зрэнкі людзкіх вачэй, прымушала іх прымружвацца, ад чаго яны выглядалі весялейшымі, ці, нават падобнымі на япончыкаў. Падавалася ва ўсіх быў добры настрой…
Невядома, як ва ўсіх, у Алекса ж дакладна. Ён вяртаўся з Унівэрсітэту па вуліцы на якой пасяліўся не так даўно, але ведаў добра. Транспартнымі патокамі яна была неабцяжарана, можа таму старыя каштаны паабапал яе, з набрынялымі пупышкамі, якія былі велічынёй ледзь ні з грэцкі гарэх, ды, відаць ад напругі, пакрыліся нават пахучымі кроплямі, напаўняючы навакольле нейкім адмысловым водарам падаваліся добрымі сябрамі. Алекс усьміхнуўся міжвольнай асацыяцыі, тыя пупышкі, гатовыя стрэліць маладой лістотай, ды пачаць новае жыцьцё, нагадалі яму яго Далорэс, якая зараз, відаць, чакала яго, а хутчэй больш таго, хто быў у яе пад сэрцам, да зрабіў яе жывот вялікім, чымсьці падобным на тыя пупышкі…
Пасьля вуліцы ў калідорах дому было цёмна, не зважаючы на парадак, па шляху пакідаючы дзе чаравікі, дзе спартовую валізу, дзе плашч Алекс ляцеў хутчэй, да яе. Адчыніўшы апошнія дзьверы ён трапіў у сапраўдную сьвятліцу. Не толькі таму, што яна была пранізана промнямі таго ж сонейка, галоўнае, што ў сваім утульным фатэлю сядзела, як на пасадзе, яго Далорэс. У руках яе спрытна рухаліся, зрэдку тонка пазвоньваючы, сьпіцы, з кошыка на падлозе цягнулася тоўстая нітка воўны… І сама яна выглядала казачна: яе даўгія, амаль ці не да полу, простыя, густыя чорныя валасы, ніспадаючы, мякка ахіналі плечы, неяк маскіравалі вялікі жывот і, нават, мелі нейкі адметны адліў, як пер’е на шыі ў прыгажуна глушца на таку. Чым табе не мадона, вартая пэндзаля добрага мастака? Спыніўшыся на хвіліну ад гэтага казачнага хараства, ды прывыкаючы да сьвятла, Алекс усё ж не стрымаўся, ды, падскочыўшы да яе, дэлікатна, але надзейна і моцна узьняў яе разам з фатэлем ды закружыў па пакоі, шчасьлівы! Як раптам пачуў: «А ты упэўнены, што гэта тваё дзіця??!!» Пасьпеўшы мякка паставіці сваю ношку, Алекс здраньцьвеў. Гэта была поўха, нейкая калючая, па-лёдаваму халодная… Мажліва так выглядае накдаўн. Алекс, хаця й завершваў вышэйшую спартовую адукацаю, боксу ў праграме не меў. У вачох нешта замылілася ды расплылося, некуды зьнікла паветра, колькі хвіляў таму быўшае гаючым, спрабуючы удыхнуць, ён не мог таго зрабіць… Раптам, чамусьці, прывідзіўся твар Іржыка, лепшага сябры паловы пражытага веку, земляка, паплечніка не толькі ў спорце а і па ўсім жыцьці, які з’едліва усьміхаўся, ды, нібы папракаў: «Ну, атрымаў?». Ён катэгарычна не пагаджаўся з Алексавым рашэньнем узяць шлюб з Далорэс. Потым перад вычама ўзьнік разгублены, маўклівы твар Вячкі, надзейнага сябры, набытага і праверанага падчас чатырох год навучаньня ва Унівэрсітэце, ён, дарэчы, першы падтрымаў, ды вызначыў Алексава рашэньне, як адзіна верны шляхетны крок. Потым шчэ мільгануў здзіўлены, як звычайна перагружаны касмэтыкай, твар Пэсі, калежанкі Далорэс па працы, якая, лічачы сябе дасьведчанай, бо ўжо мела дзіця, ды нават была разьвядзёнкаю, спрабавала яе вучыць жыцьцю…
Здароваму арганізму уласьціва аднаўляць свае функцыі, пасьля накдаўнаў таксама. Спытаць навошта так балюча, ці ладзіць якія разборкі не было жаданьня. Відаць ёй так было трэба… Канешне, запазьніліся Алекс з Далорэс са шлюбам, але абодва былі ў тым не правыя, што ж зараз? Зараз ёсьць мажлівасьць выправіцца. Перш, чым прапанаваць сваёй Далорэс шлюб, болей чым шмат часу было ў Алекса. Дык ён і сказаў сабе сам яшчэ тады нешта кшталту таго: «Так выпала… Гэта хай будзе мой крыж… Цяпер толькі пакжыце ў які бок тая Галгофа, а я ўжо не збочу…». Ды яшчэ — «усё што магло быць, было, ці не было — ўсё дарую, нават усё, што будзе наперадзе — таксама дарую»…
Відаць рашэньне тое было прынята блізка даравальнай нядзелі, дарма што быў ён тады атэістам.
Часу на перажываньні не было, варта было абараніць дыплом, варта было падрыхтавацца быць бацькам, варта было працаўладкавацца, а колькі шчэ спадарожных дробязей зрабіць было варта…
Тым часам тэрмін надыйшоў і для Далорэс, суботнім вечарам па яе прыехала каманда медыкаў ды павезьлі ў шпіталь. Алекс суправаджаў, пакуль было можна, суцяшаць імкнуўся, але Далорэс трымалася, толькі перад самой шпітальнай брамай зь яе вырвалася: «Я туды не хочу!!!». Але ж, але… Раніцай, пратэлефанаваўшы, Алекс дазнаўся — жонка нарадзіла яму СЫНА, ноч была перад Вялікаднем, і хаця Алекс ня быў вернікам, дужа яму хацелася, каб сынку шчасьлівай была доля. «Хлопчык і парадзіха пачуваюць сябе нармалёва, вага дзевяць фунтаў, рост пяцьдзесят сантыметраў» — гэтая сухая службовая інфармацыя так шмат значыла для яго! Як жа яна здолела, напакутвалася, відаць… Не тое, каб ён чакаў толькі сына, але быў шчасьлівы і кінуўся дзяліцца свім шчасьцем з бацькамі, павіньшаваўшы іх тэлеграмай, вядома ж з бацькамі жонкі, ў якіх яны з Далорэс жылі, са студнэнцкімі сябрамі. Той час медтэхналогіі не мелі сучасных магчымасьцяў загадзя вызначыць пол плоду, звычайна будучыя бацькі выбіралі імёны напярэдадні. Вырашана было, што дачцэ дасьць імя Далорэс, калі будзе сын, то нарачэ яго Алекс. Выбраў ён імя — Руслан. Ці то яго рэдкасьць, ці казачная ды шляхецкая гераічнасьць паўплывалі, цяжка зараз вызначыць. Дарэчы, толькі з часам Алекс дазнаўся, што паходзіць тое імя з арабскай мовы, ды перакладаецца як Леў, іншы раз, жартуючы, называў сынка Лёвам, Ліонам…
Ці варта казаць, што калі Алекс са старэйшай жончынай сястрой пайшлі да шпіталю наведаць Далорэс, то ён, раней нармальны сангвінік, пачуваўся, як той Тарзан, эмоцыі ірваліся зь яго, хацелася ці на дрэва ўзьлезьці, ці на руках пайсьці. Так і не здолеўшы утаймаваць сябе, ля самага шпіталю ён раптам узяў ды пераскочыў шпітальны паркан, які быў, дарэчы, на вышыні яго носу, тым жа манэрам, праўда, і назад вярнуўся на ходнікі, і ніякаму унутранаму голасу ён не хацеў пакарацца… Разам з перадачай адправіў ён Далорэс і Руслану самаруч намаляваны шарж, дзе яны былі ўсе трое, сям’я!
Калі прывезьлі праз колькі дзён малога з маці ў дом, цешча Юзэфа ўжо патрыхтавалася. Немаўляці паклалі на аўчыннае футра, спавітага вызвалілі, яго маленечкія кулачкі, складзеныя ў кукішы, пацягнуліся да ружовага носіку, ды ён чыхнуў, не таропка, але упэўнена, ды разоў сем запар… Усім цікаўным, назіраючым яго, стала вясёла, кожны зразумеў гэта па-свойму. Алекс жа зразумеў гэты сігнал! Справа ў тым, што так заўсёды чыхалася яго бацьку, Базылю, той не мог спыніцца раней сямі-васьмі разоў. Дык вось і Руслан, калі толькі назапасіў моцы (?), сьпяшаўся бацьку свайму прасігналіць Я ТВОЙ, татка, я твой!…
Ты МОЙ, татка, ты МОЙ!!! «Прасігналіўшы», Руслан пазяхнуў, даючы зразумець, што будзе спаць далей, такі ў яго галоўны занятак пакуль.
Удзячны сыну за такі кантакт Алекс адчуў нейкую новую повязь ды адказнасьць і за гэтае немаўля і за ўсё што вакол яго… На плячо яго асьцярожна легла далонь Далорэс, прыгожая, цёплая, далікатная. Слоў ніякіх ён не пачуў, але здагадваўся, што яна таксама нешта сабе зразумела… А ільвёнак-Руслан, ізноў туга спавіты, ціхенька пасопваючы маленькм носам — гузікам, спаў, яшчэ не даючы сабе клопату з таго, што менавіта дзякуючы яму толькі што утварыўся новы прайд… У добры час!!!
Грустное прощание
Печальную новость к полуночи четверга принёс фейсбук от земляка Литина.
Далеко за пределами Родины ушли из жизни два могилевчанина, которые давно уехали в эмиграцию, но след оставили в Могилёве заметный…
В начале 1950-х я впервые увидал человека, поднимающегося по Яцыно с овчаркой, которая напротив Дома Сталина охотно выполняла некоторые его команды, например преодолевала барьер сквера. Кто больше был доволен, не скажу, только хозяин, красивый брюнет с волнистой шевелюрой, на протезе и с тростью, прятал свою усмешку в пышные усы…
Позже я узнал, что это учитель. А в 9-м классе в 3-й школе он учил меня русскому языку и литературе, жаль, что только один год, зато этот год мне дороже девяти в других школах.
В начале 1990-х в Доме писателей в Минске я показывал его фото на стенде ветеранов войны и хвалился, что это мой учитель Михаил Шумов (Шульман), наш писатель.
Программную «Войну и мир» в школе я так и не осилил, юность и весна с ней оказались не совместимы, зато «Печёные яблоки» его прочёл ещё в школе, а уже перед его отъездом он подписал мне и свою трилогию…
Несколько лет тому раздобыл его электронный адрес, но так и не написал тёплых слов, видимо оттого, что его недуг со зрением уже мне был известен. Уповаю, что сейчас успею, ведь говорят Дух усопшего ещё отслеживает события вокруг него…
Арона Симонса, мастера фотосалона возле «Чырвонай Зоркі» знали наверное полгорода, всегда доброжелательный, внимательный, главное — профессионал! У меня хранятся от него наши семейные фото, школьная первоклашек, фото с друзьями, свои портреты. А ведь мастером фото он стал вынужденно, после того как бывшие коллеги из чиновников партноменклатуры, руководствуясь самым «лучшим» в Мире правом, лишили его с семьёй права на достойную жизнь.
Бесплатный фрагмент закончился.
Купите книгу, чтобы продолжить чтение.