Зварот да чытача
Мы жывем адначасова ў двух гарадах
Падваеньне асобы зрывае нам дах
Дык няўжо нам ніколі не склеіць, не сшыць Менск і Мінск —
дзьве паловы сталічнай душы?
Лявон Вольскі
Паважаны магчымы чытач…
Зьвяртаюся да Цябе з просьбай паразуменьня. У гэтай кніжцы я сабраў у адно сваё бачаньне, мары, сны, сваё адчуваньне мястэчка Луна-Волі, таксама ўспаміны, замалёўкі, назіраньні іншых людзей. Не адкідаў у бок знойдзеныя дакумэнты. Але ўсё напісанае і сабранае адносіцца да таго майго, мной успрынятага мястэчка Луна-Волі. Гэта не гістарычны твор. Калі гэтыя запісы трапяць у рукі чытачу ці то з «агрогородка Лунно», ці то (прабачце за нясьціпласьць) з гішпанскай Гернікі дэ Луна, ці яшчэ якога месца з падобнай назвай і ён раптам пазнае ў нейкім пэрсанажы сябе ці свайго знаёмага, ведайце, што Вы чытаеце мае суб’ектыўныя думкі да тога «майго» мястэчка без прэтэнзіі, што гэта адзіная правільная ацэнка падзеі ці асобы… Для кагосьці, магчыма, не існуе мястэчка Луна-Воля, а ёсьць вёска Лунна, ці «агрогородок Лунно», так як піша Лявон Вольскі пра Менск і Мінск. Кожны мае права на сваё бачаньне…
Да ўсяго знойдзенага, хоць трошкі зьвязанага з мястэчкам матэрыялу, я адносіўся вельмі хціва. Мне шкада было нешта не ўключыць. Але гэта прывяло да таго, што я ня змог аб’яднаць мае набыткі ў адно цэлае. Так атрымаліся часткі тэксту, аб’яднаныя ці-то ў часе, ці гістарычнай падзеяй, ці лёсам людзей, ці аддзельнай тэмай, напрыклад, пра Нёман.
Я марыў зрабіць кніжку аб улюбёным мной мястэчку, бо канчаткова перакананы, што людзі павінны ведаць гісторыю свайго роду, сваёй «малой радзімы», дзе нарадзіўся ён ці яго продкі, Гісторыю сваёй Айчыны. Не, я не памыліўся, напісаўшы Гісторыя з вялікай літары, бо Гісторыя сваёй Айчыны для грамадзяніна заўсёды вялікая, нягледзячы на яе сьветлыя і цёмныя старонкі. Кажуць, што ў нашых продкаў існаваў такі звычай, калі юнака пасьвячалі ў мужчыны, то адным зь іспытаў было веданьне гісторыі свайго роду ў сямі пакаленьнях! Ня ведаеш, ня маеш права быць мужчынам! Гэта забясьпечвала, каб чалавек дбаў пра гонар свайго роду і памнажаў яго. Спадзяюся, што з дапамогай гэтых запісаў частка жыхароў мястэчка больш блізка пазнаёміцца з гісторыяй Луна-Волі і больш яго палюбіць.
У зьбіраньні матэрыялаў пра мястэчка мне дапамагалі без перабольшваньня пару дзясяткаў людзей. Усіх пералічыць не магу нават з той прычыны, што кагосьці ня ўспомню і гэта будзе несправядліва. Але не магу не назваць Язэпа Палубятку, які заахвоціў мяне да гэтай працы і першы вычытваў, набіраў на кампутары і друкаваў у газэце «Мастоўскі весьнік» першыя артыкулы; Уладзіміра Хільмановіча, які не даваў памерці надзеі ў вынік, першы вычытаў усё сабранае і дапамог выправіць недахопы, упарадкаваць матэрыялы; Рут Маркус з Тэль-Авіва, якая сваёй патрыятычнай паставай да мястэчка Луна-Волі і велізарнай працай па зьбіраньню і захаваньню памяці аб месцы, дзе жылі яе бацькі, натхняла да працы, а таксама дазволіла выкарыстаць яе матэрыялы ў гэтай кніжцы; ксяндза Люцыяна Радомскага, які падзяліўся сваімі матэрыяламі аб гісторыі мястэчка; маю жонку Валянціну Карповіч, якая напісала свае ўспаміны і дадала ў кнігу; Паўла Мажэйку, які забясьпечыў усё, што зьвязана з першым выданьнем кнігі, бо без яго працы выданьне было б немагчымым.
З павагай,
аўтар сабраных і даданых запісаў Лявон Карповіч з Луны-Волі
Прадмова
…І няма ў людзей больш простага
спосабу ўдасканальвацца, як праз
веданьне дзеяў мінулых.
Палібій
«Бацькаўшчына мая, родная маці Беларусь! Ты ё для мяне найдаражэйшым, найцаньнейшым скарбам: пры табе я жыву кожнай думкай сваёй! Бацькаўшчына Беларусь, люблю я цябе, тваё поле і пожні вялікія, што разьвярнуліся ўсім сваім хараством перад вокам чалавека. Люблю цябе, Беларусь, бо я частка цябе. Люблю цябе, бо ты мая: усюды, дзя я цябе бачу, — бачу сябе. Люблю я гутарку тваю найхарашэйшую і найразумнейшую, бо ў ёй я толькі адчуваю, што я праўдзівы сын Беларусі. Люблю цябе, мая мова родная, ты для мяне неацэнны скарб, бо ты ўліта мне ў душу маёй маткай роднай, калі яшчэ быў у калысцы. Ня буду браць прыкладу з другіх сыноў Беларусі, што, паехаўшы ў сьвет, наўмысьля стараюцца забыцца свае роднае мовы і чураюцца перад другімі нацыямі назваць сябе беларусамі… Такі чалавек не дастойны называцца сынам Беларусі, ён здраднік свае Бацькаўшчыны і ўсяго Беларускага народу.
Беларусь, маці мая, зямля маіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, што дзеля цябе жылі, крывёй сваёй і духам сваім цябе баранілі. Беларусь, Бацькаўшчына мая, на цябе я хачу глядзець аж да сьмерці. Ты для мене ёсьць жыцьцём, навукаю, ты вучыш мяне ад калыскі да дамавіны кахаць цябе, цярпець за цябе і дзеля цябе…» — 1921 г. Язэп Шпэт.
Чытаючы словы Язэпа Шпэта, можа падацца, як усё проста. Як проста быць сынам Беларусі: толькі любі Бацькаўшчыну, любі родную мову…
І ў задуменьне прыводзяць другія словы: «Люди, которые говорят на белорусском языке, не могут делать ничего, кроме как разговаривать на белорусском языке, потому что по-белорусски нельзя выразить ничего великого. Белорусский язык–бедный язык. В мире существует только два великих языка: русский и английский». А. Лукашэнка. З выступа на сесіі Гомельскага гарсавета 1 сьнежня 1994 г. «Народная газета» 01.02.1995 г.
Як, адкуль і чаму могуць у людзей узьнікаць такія пачуцьці і думкі аб самым сьвятым? Комплекс гістарычнай непаўнавартасьці, манкуртызацыя, служэньне не свайму народу, а захопнікам, мае гістарычныя прычыны.
Беларусь два стагодзьдзя была паланянкай, якую закавалі ў кайданы і кінулі ў вязьніцу. Ды крый Божа, каб хто яе ўбачыў, каб магла яна варухнуцца і даць аб сабе знаць. Бо баяліся яе і нашай прыгожай, велічнай, мудрай гісторыі. Баяліся і баяцца тыя, хто не хацеў і не хоча, каб падняўся з небыцьця ды годна расправіў плечы адзін з найстаражытнейшых эўрапейскіх народаў–беларусы.
Час сьціскае стагодзьдзя, збліжае падзеі. Час абыякавы. Але вечны чалавек, яго памяць, яго трывогі і надзеі. Гэта чалавек надае часу рух. Нястрыманая і вечная плынь часу зносіць і людзкую радасьць і людзкі смутак. І зьнесла бы ўсё ў нябыт без астатку, калі б не былі такімі глыбокімі і чыстымі крыніцы народнай памяці, што песьняй і казкай, балядай і паданьнямі зьвязалі нас з далёкімі продкамі нашымі і далі магчымасьць дазнацца адкуль ёсьць і пайшла наша Беларусь, што прайшла, чаму сьведкаю была і што перажылі людзі ад тых часоў, як памятаюць сябе… Пакуль ёсьць гэтая памяць–жыве Беларусь!
Вобраз роднай зямлі ў кожнага чалавека свой, адметны, непаўторны. У ім колеры і пахі, гукі і мроі, факты гісторыі і ўласныя перажываньні. І гэты вобраз становіцца пэрлам толькі для таго, хто не парваў сваіх каранёў, чые пачуцьці асьветлены любоўю.
Кожнай жывой істоце неабходна ведаць свой дом. У кожнага з нас ён ёсьць. Разам у ім жывуць нашыя родныя і ўтвараюць сям’ю. Побач у сваіх дамах жывуць суседзі. Усе мы жыхары Беларусі жывём у доме-краіне Рэспубліцы Беларусь. Беларусь мае сваіх суседзяў, тыя — сваіх, і ўсе людзі жывуць у доме — плянэце Зямля.
Каб дом быў добрым, людным, прыгожым, неабходна берагчы яго, клапаціцца аб ім, любіць яго. Каб любіць вялікую Зямлю, неабходна спачатку палюбіць невялікую яе частачку–Радзіму. Так як любоў да чалавецтва, праяўляецца праз любоў да блізкіх, так любоў да Зямлі праяўляецца праз любоў да месца, у якім жывеш.
Як часта можна пачуць выказваньне: «Ад мяне нічога не залежыць. А вёска наша нікому не патрэбная». Гэта дакладна тое, аб чым мараць, над чым працуюць ворагі Беларусі, каб так думала большасьць.
Кажуць, што мы, беларусы, гістарычна малады народ. Каля 1000 гадоў таму назад у нас адбыўся культурны выбух. Практычна адначасова ўзьніклі гарады, пісьменнасьць, дзяржава, распаўсюдзілася хрысьціянства. За вельмі кароткі час нашы продкі вышлі з гістарычнага нябыту і стварылі вялікую магутную цывілізаваную дзяржаву, якая стала культурнай зьявай Эўропы…
Сэрцам эўрапейскай культуры былі гарады. Беларускія гарады карысталіся Магдэбурскім правам, мелі самакіраваньне і вольнае саслоўе, былі цэнтрамі гандлю, рамесьніцтва, адміністрацыі і рэлігіі, станавіліся духоўнымі і культурнымі цэнтрамі народу. Але для гэтага паміж гарадамі і астатнім людам, вясковым, павінна была існаваць надзейная сувязь. У сярэдневяковай Беларусі, гэта значыць у Вялікім Княстве Літоўскім гэтая сувязь ажыцьцяўлялася праз славутыя беларускія мястэчкі. Мястэчка было цэнтрам кіраваньня і парафіі.. Тут былі і царква, і касьцёл, і сынагога. Тут жылі ня толькі сяляне, але і гандляры, мяшчане і рамесьнікі, былі крама, школа, аптэка, шпіталь, пошта, кляштар і палац. У мястэчку існавала галоўная гандлёвая плошча і рынак. Мястэчкі мелі самакіраваньне, магдэбурскія гербы і вольных жыхароў. Мястэчкі разьмяшчаліся на адлегласьці 12—16 км адно ад другога… Жыхар любой вёскі ў любы час мог у разе патрэбы на працягу адной — дзьвюх гадзінаў трапіць у мястэчка. У мястэчку адбываўся культурны абмен паміж горадам і вёскай.
Каб разарваць культурны ланцуг расейскія акупанты ліквідавалі ня толькі гэту важнейшую функцыю мястэчак, але і саму назву, ператварыўшы іх у «дзярэўні» або ў «гэпэ» («городские посёлки»). А ў 1964 годзе быў распрацаваны плян ліквідацыі на Беларусі вясковых паселішчаў, дзе яшчэ захоўвалася беларуская мова і жыла беларуская гістарычная памяць. «Працэс» працягваецца. Цяпер былым мястэчкам надаюць абразьлівую і недарэчную назву «агрогородок».
Ідзе змаганьне і, каб зрабіць асэнсаваны выбар, паспрабуем прыадкрыць пліты памяці роднай зямлі, на якіх пыл многіх вякоў. Прыадчынім, каб ніхто па легкадумнасьці або невуцтву недасьведчанасьці, ня плюнуў на пліту памяці, незнарок зачапіўшыся за яе ў сваім неасэнсаваным мітусьлівым бегу па пакутных дарогах жыцьця. Бо той, хто плюне на памятныя знакі мінулага, здольны плюнуць на ЧАЛАВЕКА, на МАЦІ, на АЙЧЫНУ… Тысячы год жыве памяць людзкая, каб папярэдзіць разумных і неразумных, злых і добрых: асьцярожна, тут жыве наша з вамі ГІСТОРЫЯ.
Мястэчкі, як людзі: у кожнага свой твар, свой характар свой лёс. Гісторыя мястэчка–далёкая і блізкая–вартая засьведчаньня ў дакумэнтах, летапісах, творах. Узрост мястэчка — прадмет гонару для местачкоўцаў.
Кожнае пакаленьне разумее гісторыю па-свойму, бо ў кожнага пакаленьня сваё разуменьне ЧАСУ.
Паспрабуем зазірнуць у тоні ЧАСУ і, калі ўдасца, убачым і «простых» людзей, якія сваімі мазалямі кармілі яснавяльможнае шляхецтва, а на плячах сваіх трымалі дзяржаўны падмурак. І тых, хто жыцьцём і кроўю баранілі родны край, бо ён належаў ім, а яны–яму. І тых, каму выпала стаяць на вяршыні ўлады, каб служыць народу і Айчыне. Не мінем і тых, хто аказаўся падманутым, не мог разабрацца ў хітраспляценьнях варожага лябірынту, і тых, хто ў здрадзе шукаў і шукае асабістую выгаду, прадаўшы ворагу і мінулае і будучыню і душу. І тых, у каго сілком адабралі памяць і зрабілі манкуртамі. Бог усім судзьдзя.
Знайма толькі, калі ёсьць яны-носьбіты і ахоўнікі вечнага Духу Любові да Літвы-Беларусі, верныя рыцары яе «Пагоні» і Бел-Чырвона-Белага Сьцяга, яму ня згаснуць і шляху нашаму не зарасьці быльнягом забыцьця.
«Мы здалёк убачылі свабоду,
І яшчэ ня вырваліся з пут.
Божа, не дадай майму народу
Пошасьці, нязгоды і пакут».
Генадзь Бураўкін.
Спачатку быў лёд
Неўміручасьць даўніх пакаленьняў,
Водгульле мінулага быцьця,
мы — як сьведкі вашага істненьня,
Ваш далейшы паясок жыцьця.
Ларыса Геніюш
Пачатак
У апошнія 5 мільёнаў гадоў на мясьціну, дзе мы жывём 5 разоў насоўваліся і адступалі ледавікі. Апошні раз ледавік пакінуў нашу мясцовасьць 14 тысяч гадоў таму назад. Разам з ледавіком адышлі холадалюбівыя жывёлы, найважнейшыя для першабытных людзей — мамант і валасаты насарог. Паляваньне на гэтых волатаў забясьпечвала людзей ежай, скурай для адзеньня і жытла, вялікія косьці таксама выкарыстоўваліся ў будаўніцтве, з меншых рабілі прылады працы і ўжывалі як паліва. Таму людзі вандравалі сьледам за мамантамі, якія вандравалі за ледавіком. Першымі паляўнічымі на мамантаў былі нэандэртальцы. Так іх назвалі вучоныя па назьве мясцовасьці, дзе знайшлі іх жытло. Па невядомай прычыне 40—35 тысяч гадоў таму назад нэандэртальцы поўнасьцю зьнікаюць. І каля 26 тысяч гадоў да новай эры (да Нараджэньня Хрыстова) на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўжо знаходзіліся краманьёнцы — другая галіна першабытнага чалавека. 10 тысяч гадоў таму назад заканчваецца ледавіковая эпоха. Валасаты насарог і маманты зьнікаюць. Асноўным аб’ектам паляваньня становіцца паўночны алень. Кліматычныя зьмены холаду і цяпла прымушаюць людзей прыстасоўвацца, вынаходзіць спосабы захаваньня жыцьця, робяць іх больш разумнымі і ўмелымі. Яны выраблялі прылады працы з дрэва, косьці, крэмню, палявалі на дзікіх коней, першабытных быкоў, аленяў, пясцоў, умелі рабіць сякеры, цёслы, глянцавальнікі, іголкі, нават тлушчавыя сьвечкі, вынайшлі лук і стрэлы.
7—6 тысяч гадоў да нашай эры вызваленыя ледавіком землі заняў лес — бярэзьнікі і хвойнікі, а пры пацяпленьні сталі расьці дубы, вольхі, асіны, арэшнік. Зьяўілася многа расьліннай ежы: лясных і вадзяных арэхаў, жалудоў, каранёў, грыбоў, ягад. Каб іх захоўваць патрэбен быў посуд, які сталі рабіць з гліны. Лес засялілі высакародны алень, тур, зубар, ласі, дзікі, казулі, мядзьведзі, птушкі. У рэках і азёрах было шмат рыбы, баброў.
Першабытныя людзі засялялі новыя землі, рухаючыся ўздоўж рэк, паволі засялілі ўсю цяперашнюю тэрыторыю нашай краіны. Яны жылі ў паўзямлянках радавымі абшчынамі, займаліся паляваньнем, рыбалоўствам ды зьбіральніцтвам. Аснову абшчыны, якая налічвала 25—30 чалавек складалі родзічы па маці, таму гэты пэрыяд гісторыі называецца матрыярхатам. З родавых абшчын з цягам часу ўтварылася племя. Колькасьць насельніцтва ў сёньняшніх межах Беларусі магло быць каля 6000 чалавек.
Той час называюць каменным векам па матэрыялу прыладаў працы. Прыблізна 4 тысячы гадоў да нашай эры ў жыцьці першабытных людзей адбыліся вельмі важныя зьмены, або, як іх называюць, тэхналягічная рэвалюцыя: чалавек авалодаў новай тэхнікай апрацоўкі крэмню, пачаў шліфаваць прылады працы, навучыўся вырабляць гліняны посуд, вынайшаў лук і стрэлы, ткацтва. Дзякуючы гэтаму людзі сталі пераходзіць да аселага ладу жыцьця, асвойваць земляробства ды жывёлагадоўлю.
У найбольш зручных для жыльля мясьцінах рабілі свае паселішчы некаторыя абшчыны, ствараючы гнёзды, што добра відаць на карце стаянак каменна — бронзавых вякоў, выяўленых ля Песак, Мастоў, Дубна, Луна, на Нёмні, Шчары, Росі і Зяльвянцы.
Паляваньне ажыцьцяўлялася разнастайнымі спосабамі. Рабілі аблавы з выкарыстаньнем агню і ям, высочваньнем з выкарыстаньнем масак. Але найбольш вытрымкі, сілы і выносьлівасьці патрабаваў гон –пераследаваньне жывёлы да яе зьнясіленьня. Для такога паляваньня зімой выкарыстоўваліся лыжы. Лукі рабілі з вяза, дуба, цеціва была даўжынёй 150—180 см. Стрэлы былі драўляныя або трысьняговыя, з крамянёвым наканечнікам, даўжынёй 70—90 см. Чалавек прыручыў сабаку і меў дамашнюю жывёлу: сьвіней, авечак, коз, коней. Незвычайна вялікую ролю ў жыцьці першабытнага чалавека адыграў крэмень, пра які Вольга Іпатава піша, як пра жывую істоту: «агонь у жылах крэмню».
Усё найбольш дасканалыя прылады працы першабытныя людзі рабілі з крэмню, які зьбіралі спачатку на паверхні, а потым сталі здабываць у шахце, бо на паверхні не было камянёў вялікіх памераў 30—40 см у папярочніку для вырабу сярпоў, сякер і іншых вялікіх памераў прылад.
Такія шахты былі па суседзтву з Лунай па сярэднім цячэньні Росі, каля пасёлку Краснасельскі.
Для здабычы крэмню ў крэйдавай тоўшчы спачатку выкопвалі калодзеж — ствол дыямэтрам да 1,5 м і глыбінёй у залежнасьці ад заляганьня крэмню ад 2 да 8 м. Далей рабіліся падбоі да 1 мэтра даўжынёй. Даўжэйшыя не рабілі, каб пазьбегнуць абвалу. Разумней было выкапаць побач новую шахту. Выпрацаваныя шахты засыпалі друзам з суседніх шахтаў, застаўляючы месцы для майстэрні па апрацоўцы крэмню. На крэйдавых радовішчах Росі знаходзілася некалькі тысяч шахтаў. Тут была выраблена незьлічоная колькасьць крамянёвых вырабаў, найважнейшымі з якіх былі сякеры. Вырабы распаўсюджваліся на ўсё Панямоньне і па-за яго межамі. Такія сякеры знойдзены і ў Луна і знаходзяцца ў школьным музэі. Краснасельскія шахты, крэмнеапрацоўчыя майстэрні, паселішчы шахцёраў і майстроў, суседзкія стаянкі ўтварылі ідэальны комплекс, які існаваў некалькі тысяч гадоў, бо каменнымі сякерамі карысталіся нават у жалезным веку. Дзівіць сучасьнікаў, як правільна былі сканструяваны шахты, прадуманы спосаб здабычы крэмню, дасканаласьць шахцёрскага інструмэнту, некаторыя захаваліся да нашага часу, Якасьць яго гаворыць аб вельмі высокім узроўні першабытнай вытворчасьці, у якой існаваў прафэсійны падзел працы шахцёраў, майстроў па апрацоўцы крэмню і мянял, якія мянялі вырабы з крэмню на нешта іншае.
Апрацаваўшы крэмень, першабытныя людзі, не маглі не адкрыць «агонь у жылах крэмню» — уласьцівасьць утварэньня іскры, а магчыма і лекавыя ўласьцівасьці, распрацаваныя цяпер Алесем Белакозам, стваральнікам Гудзеўскага літаратурна-краязнаўчага музэю.
Арыі?
Тут спляліся карані ятвягаў,
прусаў, крывічоў.
Бацька Нёман…
Беларуская магутная рака…
Птушак гоман…
Штосьці шэпча патаемна асака….
Генадзь Аўласенка
У канцы ІІІ і пачатку ІІ тысячагодзьдзяў да нашай эры ва ўсёй Эўропе адбыліся ключавыя зьмены. Сюды прыйшлі плямёны, якія размаўлялі на аднолькавай мове, што была раньняй формай санскрыту. Яны атрымалі назву індаэўрапейцы або арыі. У Беларусь арыі прыйшлі праз басэйны Нёмна і Дняпра. Праўда вядомы нямецкі вучоны Пашэ лічыць, што радзімаю арыяў была тэрыторыя сучаснай Беларусі. Прышлыя насельнікі ўжо карысталіся бронзавымі прыладамі працы (з чым зьвязаны пачатак бронзавага веку і на нашай тэрыторыі), займаліся матычным земляробствам і жывёлагадоўляй, жылі ў дамах слупавай канструкцыі. Сьвятынямі для арыяў былі, агонь сонца і вада. Сьляды санскрыту поўняць сучасную беларускую мову.
Адбылося, што на зьмену эпохі каменных прыладаў працы, рыбалоўства і зьбіральніцтва, калі галоўную ролю ў грамадзтве выконвала жанчына (матрыярхат), прыходзіць час бронзавых прылад працы, жывёлагадоўлі, земляробства, новых адносін паміж людзьмі, калі ўзрастае галоўная роля мужчыны (патрыярхат). Арыі прыдумалі і выкарыстоўвалі кола, што было сапраўднай тэхнічнай рэвалюцыяй, роўнай з выкарыстаньнем мэталю. Індаэўрапейцы лічылі, што сьвет пабудаваны з трох міроў, якія аб’ядноўваліся дубам. У верхнім міры былі арлы, вораны. У ніжнім міры жылі зьмеі і рыбы. Сьвяшчэннымі былі мядзьведзь, бык, конь. Месца пакланеньня знаходзілася каля збудаваных з камянёў ідалаў і сьвяцілішча, дзе спальвалі памерлых.
Але галоўная гістарычная заслуга арыяў у тым, што ў выніку доўгага сумеснага жыцьця з мясцовым насельніцтвам, карыстаючыся яго мовай і звычаямі, утварылі шмат розных народаў, такіх як: германцы, кельты, італійцы, грэкі, славяне, балты, венды, індусы ды іншыя. Амаль усю сучасную тэрыторыю Беларусі да 1- 7 ад Н.Х. (1300 год таму назад) засялялі балцкія плямёны (яцьвягі, літва). Новыя вялікія зьмены ў жыцьці людзей на зямлі прынесла адкрыцьцё жалеза. Зьяўленьне жалезных прыладаў працы і жалезнай зброі зьмяніла спосаб жыцьця людзей і адносіны між імі. Земляробства становіцца больш дасканалай і надзейнай крыніцай ежы. З дапамогай жалезных прылад лягчэй было вырабляць розныя патрэбныя чалавеку рэчы. І сама апрацоўка жалеза, і прылад працы ды зброі з яго садзейнічалі разьвіцьцю рамёслаў. Аднак трэба сказаць, што калі ў Эўрапейскім Гальштаце жалеза ведалі ў 8 да Н.Х., то ў Панямоньні жалеза пачалі вырабляць з балотнай руды каля 500 гадоў да Н. Х. Балотную руду варылі ў печах — домніцах з гліны і крэйды 50 см у папярочніку, куды пластамі засыпалі драўляны вугаль і балотную руду. Дзякуючы ўдзіманьню паветра тэмпэратура ў печы дасягала 1200 градусаў, што недастаткова, каб расплавіць жалеза, але дастаткова, каб атрымаць з руды простую жалезную масу — крыцу. Крыцу трэба было ў разагрэтым у гарне стане апрацоўваць на накавальні, каб атрымаць «крычнае» жалеза. Першыя молаты і накавальні былі з каменю.
У 370-х гадах качавы народ гуны пачалі прасоўвацца з Азіі на захад. Гэта дало штуршок Вялікаму перасяленьню народаў, прычын якому было многа: колькасны рост плямён, неспрыяльныя ўмовы жыцьця на спустошаных землях, ціск суседзяў, распад абшчынных адносінаў у выніку ўзьнікненьня бедных і багатых, усталяваньне ваеннай дэмакратыі, калі галоўную ролю адыгрывалі ваенныя дружыны і іх кіраўнікі.
На Панямоньне, дзе ўжо не меней двух тысячагодзьдзяў жылі балты пачынаюць у Х стагодзьдзі пранікаць славяне. Рухаючыся па рэках, славяне сяліліся побач з балтамі, часам падпарадкоўваючы іх, займалі іх гарадзішчы.
Панямоньне было краем пушчаў і балот з невялікай колькасьцю насельніцтва, таму славяне часьцей за ўсё, сяліліся на новых землях без ваенных дзеяньняў, мірна. Яны мелі лепшыя, чым у балтаў прылады працы, больш дасканалую гаспадарку. Панямоньне стала месцам працяглага сумеснага жыцьця балцкіх плямёнаў яцьвягаў, літвы і славянскіх плямёнаў дрыгавічоў і крывічоў. Стагодзьдзямі тут была зьмешаная балта-славянская зона і менавіта тут сталі выпрацоўвацца асаблівасьці беларускай мовы-аканьне, дзеканьне, цеканьне, цьвёрдае «р» і інш.
Раскрываем 3 том «Жывапіснай Русі» на стар. 87 і прачытаем: «Шафарык лічыць, што народы Літоўскі і Славянскі ў дагістарычныя часы складалі дзьве галіны аднаго племені, але ў гістарычную эпоху так паміж сабой разьдзяліліся, што цяпер трэба іх прымаць за два племені розныя, хаця ж паміж індаэўрапейскімі плямёнамі самыя родныя».
Салаўёў жа гаворыць, што «насупраць, у дагістарычны час славяне і літоўцы належалі двум розным плямёнам, але ў гістарычную эпоху так паміж сабою зблізіліся, што з усіх індаэўрапейскіх народаў зьяўляюцца самымі роднымі».
А яшчэ там сама на стар. 11: «Достоверно однако то, что Литовцы и Белорусы сидят на землях собственных, унаследованных спокон века».
Але мне асабіста больш да спадобы гіпотэза майго добрага знаёмага Віктара Стахвюка. Страшэнна энэргічны, працавіты і таленавіты чалавек. Мастак, пісьменьнік, бізнэсовец, патрыёт сваёй вёскі і навакольнай прыроды. Захапляецца падводным фатаграфаваньнем. Усяго не пералічыць.
Сутнасьць ідэй спадара Віктара, як я іх зразумеў наступная.
Першабытны чалавек пакінуў свае сьляды на этнічнай тэрыторыі Беларусі 100 000 г. таму. Беларусы жывуць на сваёй зямлі спакон веку. Яны не прышэльцы, а знаходзяцца на сваёй зямлі па задумцы Ўсявышняга, які аб’явіў вытокі і ісьціну быцьця ва ўсіх формах і мірах. Да 7 тысячагодзьдзя да нашай эры былі заселены ўсе этнічныя землі беларусаў, у тым ліку дрыгавіцка-крывіцкае Панямоньне. І магчыма мы не стварыліся ні з каго, а ёсьць старымі, як і іншыя дабіблейскія народы.
Багоў ня выдумалі, а ведалі ад пачатку, бо розум і сьведамасьць у справах рэлігіі найменш прыдатныя. Першабытны чалавек верыў, а жрэц ведаў, што прырода адухатвораная, жывая і разумная і намнога дужэйшая за самога чалавека, якога яна яго самога, яго род ці племя можа ўзнагародзіць, а можа пазбавіць усяго. Гэту веру арнамэнтавалі абрадамі, пэрсанафікацыяй зьяў прыроды, ідалапаклонствам. Але істота веры ёсьць нязьменная. Гэта вера ў зьверхпрыроду сілаў дабра і зла, без якіх нішто не адбываецца. Нішто немажліва: ні прырода ні час. Гэта вера ў Бога. Ёю спакон веку быў надзелены чалавек. Гэта вера жывая да сёньня і не зьмянілася нічуць. Трэба ня блытаць веру ў Бога і форму абрадаў на розных ступенях разьвіцьця чалавека. Разьвіваліся і зьнікалі абрады — твор чалавечага розуму, але ня вера, вытокі якой па-за розумам, выплываюць з глыбіняў памяці ці інтуіцыі.
На шатах паганскіх ідалаў былі напісаны іх імёны. Праславяне мелі свой алфавіт, які быў зьнішчаны разам з ідаламі з прыходам хрысьціянства. Станіслаў Якубоўскі ў кнізе «Bogowie Slowian» піша, што біскуп Цэтмар брат цэзара Генрыха ІІ бачыў запісаныя пісьмом runiernym імёны багоў на адзежы, у якую былі апрануты ідалы.
Не магу не расказаць пра цікавы выпадак, які адбыўся са мной летась у Кіеве. Я ўпарта шукаў паштоўку з помнікам князёўны Вольгі. Перабраўшы ўсе наборы паштовак і не знайшоўшы патрэбнае, запытаўся, чаму няма такой паштоўкі. На што пачуў адказ ад адной з гандлярак: «Мы ня любім Вольгу, таму і няма». «Але ж побач з Вольгай Сьв. Кірыл і Мяфодзій». «І што з таго. У нас пісьменнасьць была да іх» — прагучала ў адказ.
Дзясяты век як магічная граніца гісторыі ўсёй славяншчыны, якая з гэтага моманту раптам становіцца густа заселена, мае свае гарады і замкі, дзяржавы, у якіх уладарылі князі, паводле ўстаноўленага права і сваёй рэлігіі. Што было прычынаю, тымі дражджамі гісторыі, што запоўнілі прастору і час бурлівым жыцьцём і данесьлі да нас памяць мінулага? Гэта было хрысьціянства элітнае і адукаванае. Праціўнікам яго было лагоднае, як характар славян, паганства, багі якога не ўвасаблялі ваяўнічасьці, а ні хітрасьці, таму былі асуджаны на гібель. На Панямоньне ў 11 ст. прыйшлі не славяне, а прыйшло хрысьціянства. «Зрэшту в школах нас увогулэ нэ ўчылі про дрыговічув, бо нас одэ нэ мело быці! Алэ мы одэ былі» -Віктар Стахвюк.
Многа гадоў Панямоньне было не ў сваёй краіне. За гэтыя гады чатыры разы памянялася назва карэннага насельніцтва: крывічы — дрыгавічы — ліцьвіны — рускія — беларусы. А чалавек павінен жыць у рэчышчы свайго Этнасу і Роду. Той, хто разрывае сувязі, бярэ адказнасьць ня толькі за сябе, але і за будучыя пакаленьні.
Такі зьмястоўны водступ, на мой погляд, патрэбны каб мець хоць які шанс зразумець, адкуль тая нітачка, якая пятае стагодзьдзе трымае тут беларускую культуру.
Спляліся ў Панямоньні
Зямля, Вада і Неба.
Дзіўлюся ў аняменьні
На непаўторны сьвет.
Праз сон тысячагодзьдзяў
Радзіма па каменьні
Плыве…
Пятро Ламан
Над Лунай
Індура, Лунна… Прыгожыя назвы вёсак непадалёку ад Гродна. Упершыню пачуў ix у раньнім юнацтве, са старонак вялікага патрапанага аднатомніка Усевалада Крастоўскага, дзе апроч любоўных вершаў («Андалузская ночь горяча, горяча…», «Ванька-ключник» i іншае), апроч рамана «Деды» былі яшчэ цікавыя i вясёлыя нататкі афіцэра гродзенскага, здаецца, драгунскага палка. Лунну потым я ўбачыў. Там i пачуў ад незнаёмага дзядзькі пра красу гэтай мясьціны над Нёманам: «Здаецца, браце, i хлеба трэба менш — так хораша!». Янка Брыль «Пішу як жыву»
У летні вечар з аблокаў
Луна… Колькі таямніча-чароўнага, летуценнага, ласкава-пяшчотнага у гэтай назве. Луна над Нёманам…
Каб пазнаць усе чары Луна, трэба выбраць летні вечар, калі сонечныя цені толькі-толькі зьніклі. У гэта імгненьне зьяўляюцца цені мінулага. У шэпце Нёмна ўзьнікаюць водбліскі вогнішча, заціхае тужлівая песьня, разносіцца лёгкі стогн, бераг ажывае. Гэта бурлакі дайшлі да адпачынку. над Нёмнам. Калыхаюцца на хвалях цені караблёў. Над мостам пралятае кавалькада за шыкоўнай карэтай. Можа сам Леў Сапега аглядае свае ўладаньні. На адлегласьці пару соцень крокаў вырысоўваецца палац. Шэлест доўгіх сукенак, о! ужо і пацалунак прагучаў над люстэркамі ставаў пад покрывам палянэза Агінскага. Ці не сабраліся ў паноў Ромэраў госьці? Хто там раз-пораз нагінаецца долу, вырывае травінку, разглядае і хавае паміж лісткамі? Так, гэта яна і «людзі і кветкі над Нёмнам». Людзі і кветкі і Эліза Ажэшка. Вось нібы маланка мільганула постаць чароўнай амазонкі на крылатым кані. Гэта кінулася ў бой за Радзіму Эмілія Плятэр. Аж ускалыхнуўся звон у касьцельнай званіцы. Бон… бон… Бона… бон… І над касьцёлам узьнікла цень у каралеўскім убраньні. Але бляск убораў не пакрывае халоднага павеву ад суровага італьянскага твару фундатаркі Луненскага касьцёлу каралевы Боны Сфорцы, сьпевамі званоў якога захаплялася Эліза Ажэшка. Далей шумы нарастаюць, цені ўсё гушчэй, яны мільгаюць як сьпіцы ў коле.
Швэды, рускія, французы, палякі немцы, бальшавікі, фашысты, камуністы… Радасьць, боль, сьлёзы, нянавісьць. Усім насычана паветра! Душа халадзее. Дзе міласьць, дзе любоў? Павінна ж быць! Хутчэй, хутчэй, далей. Хвілінка цішы і прасторы. І зноў енкі, грымоты, мэтастазы расійскага мата… Не, гэта ўжо не цені. Гэта абак царквы-мураўёўкі ідзе ідэалягічнае…. мерапрыемства пад назвай дыскатэка. Царква, клюб, сельсавет утвараюць нейкі мясцовы бэрмудзкі трохкутнік. Рэзка павернем улева, каб выйсьці з гэтае мясьціны.
Але тут, дзе празрыстай ніткай уецца, барукаючыся за жыцьцё, рачулка Лунянка цені згусьціліся ў чорную хмару з жоўтымі шасьціканцовымі зоркамі. Дзіцячы плач, гартанныя выкрыкі на незразумелай мове, дзіўныя мэлёдыі, і скрыпка. Скрыпка плача і высьпеўвае смутак, як бы пытае: чаму? Чаму нас забылі? А нас было 1549. 1549 жыхароў Луна сталі ценямі і зьвяртаюцца да жывых — успомніце, дайце нам знак, што вы памятаеце. Ці пачуюць? Ноч хавае цені.
Апяклі мяне росы раньнія,
Краскі водарам абдалі,
Прыпадаю я сэрцам раненым
Да каханай сваёй зямлі.
А яна, на кускі пакрамсаная,
У хлусьлівым чужым тумане,
Плугам родных сыноў неўзараная,
Ціха помачы просіць у мяне.
Ларыса Геніюш
І сапраўды, як водарам абдаў Бел-Чырвона-Белы Сьцяг… і надпіс «Жыве Беларусь!» Гэта знак таго, што ўсё будзе яшчэ добра!
Як жа ўзьнікла гэта цудоўная назва Луна?
Балта — яцьвягі маглі даць такую назву ад слова Lіunas, што значыць балота. Бо мясьціна тут да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя была вельмі балоцістай. І славяне крывічы ці дрыгавічы далі б такую назву, бо амаль заўсёды вісеў у вышыні зоркі шуляк, выглядаючы здабычу. Шуляк ці лунь балотны. Ён і гнездаваўся тут, гэты прыгожы (сівы як лунь) драпежнік.
Называлася гэта паселішча дакладна так Луна. Гэтаму ёсьць многа доказаў. Так на карце Вялікага Княства Літоўскага, выдадзенай Мікалаем Радзівілам-Сіроткам у 1613 годзе складзенай Тамашам Кшыштафам Макоўскім у Нясьвіжы выразна напісана Luna.
Луна на карце ВКЛ 1665 года выданьня.
Так і на многіх пазьнейшых картах замежнага выданьня (карта ВКЛ і Русі Белай з Нюрынбергу ад 1687 г., карта ВКЛ з Нюрынбергу ад 1710 г., карта ВКЛ з Амстэрдаму ад 1733 г.) Луна з адным «н» згадваецца разам з Гродна, Мастамі, Ваўкавыскам, Слонімам.
Гістарычная назва Луна (з адным «н» трымалася вельмі доўга. У заяве вучыцеляк Волькі Рубаніхі і Галены Бубяненкі ў Вучыцельскую раду Гарадзеншчыны (так напісана ў арыгінале) ад 20.9. 1919 г. напісана: «Не зрабіўшы нічога ў Луне, нам вельмі не хацелася ехаць з пустымі рукамі ў Гарадзен…». Дый цяпер жыхары навакольных вёсак кажуць: «Паеду да Луны…». Гучыць, як да цёткі ў госьці.
Калі зьяўілася другая «н» у назве Луна дакладна цяжка сказаць. Хутчэй за ўсё пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, калі тэрыторыя ВКЛ была акупавана Расейскай імпэрыяй. Так, у Рапартах земскага спраўніка Гарадзенскаму губэрнатару ад 1862 года друкуецца ўжо «Лунна». Хаця на старажытных дакумэнтах можна сустрэць напісаньне з двума «n», як, напрыклад, у дакумэнце пра Луненскі ключ.
Будучыня мінулага
Не ведаючы, што адбывалася
да таго, як нарадзіўся, гэта так
як бы ніколі не стаць дарослым.
Цыцэрон.
Людзі заўсёды цікавіліся паходжаньнем чалавека і сваім мінулым. Яшчэ ў VІІІ ст. да Н.Х. грэцкі пісьменьнік Гесіёд пісаў, што чалавецтва прайшло ў сваім разьвіцьці пяць вялікіх гістарычных эпох. Самую раньнюю ён назваў Залатым векам, калі «людзі знаходзіліся ў спакоі». А самую апошнюю — Ваенным векам, пад час якога даводзілася цяжка працаваць і перажываць найвялікшае гора. Дапамагаюць пазнаць мінулае археолягі, сапраўдныя сьледапыты, дасьледчыкі і аналітыкі. Яны ствараюць уражаньне сьмелых падарожнікаў і паляўнічых на скарбы, дэтэктываў, якія дасьледуюць таямніцы даўно мінулага. Але сучасная археалёгія — гэта не паляваньне на скарбы і не фантазіі накшталт пошукаў загінуўшых сьветаў — гэта сыстэмнае дасьледаваньне чалавецтва ў мінулым. 99% гісторыі вывучаюць дагістарычныя археолягі.
Дагісторыя — гэта частка чалавечай гісторыі, якая існавала яшчэ да ўзьнікненьня пісьменнасьці і архіўных крыніц. Гістарычныя археолягі свае знаходкі могуць пацьвердзіць дакумэнтамі. Археолягі маюць тры галоўныя мэты: вывучэньне культурнай гісторыі, рэканструкцыя спосабаў жыцьця ў мінулым, тлумачэньне прычын культурных зьмен. Гэта аснова ўсіх дасьледаваньняў, бо канчатковая задача вельмі простая — апісаньне, разуменьне і тлумачэньне чалавечых паводзін у мінулым. Дагістарычныя археолягі дасьледуюць жыцьцё чалавека шляхам выяўленьня сьлядоў яго існаваньня ў археалягічных рэштках ежы, пабудовах, рэчах, вырабленых чалавекам. Вельмі важна адносіцца да кожнага археалягічнага помніка (якім зьяўляецца любы прадмет зьвязаны з чалавечай дзейнасьцю) як да апошняга і непаўторнага. Толькі тады ў мінулага будзе будучыня. І той, хто зьнішчыў у Луна сынагогу і стары млын, габрэйскія могілкі і самалёт генэрала Жукоўскага, назвы вуліц і палац Ромэраў нанесьлі непапраўную страту мінуламу і будучаму.
Праца дагістарычных археолягаў дазволіла скласьці карту стаянак каменнага і бронзавага вякоў, выяўленых на тэрыторыі Мастоўшчыны. Знаходкі экспэдыцыі доктара Сырасека, занатаваныя ў І т. «Варшаўскай бібліятэкі» пацьвярджаюць, што ў каменным веку на нашых землях жылі нашчадкі арыяў?: балты — яцьвягі і славяне дрыгавічы і крывічы, якія карысталіся вырабамі з крэмню. У 1879 г. гэта экспэдыцыя дасьледавала старадаўняе селішча на беразе Нёмна ля Луна. Ужо ў савецкія часы археоляг Уладзімір Ісаенка знайшоў сьляды паселішча бронзавага веку (2—3 тысячагодзьдзя да Н.Х.) У нашай мясцовасьці знойдзены і дасьледаваны археалягічныя помнікі характэрныя для яцьвягаў у выглядзе курганоў і каменных магіл. Іх на Луненскай тэрыторыі на левым беразе Нёмна ва ўрочышчы Баторыя каля вёскі Жылічы дасьледаваў Л. Д. Побаль. Ф. Д. Гурэвіч, кіраваўшая ў 1955 г. археалягічнай экспэдыцыяй, выявіла да 10 курганоў паміж Дзенькаўцамі і Кавалямі, якія адносяцца да рэдкіх тыпаў помнікаў мінулага. У 1982 г. каля в. Навасёлкі геоляг А. В. Квяткоўская знайшла 60 магілаў з падшліфаванымі магільнымі плітамі і тарчма пастаўленымі камянямі.
Яцьвягі займаліся паляваньнем, жывёлагадоўляй, бортніцтвам, земляробствам. У канцы Х і пачатку ХІ ст. адбываецца калянізацыя яцьвягаў дрыгавічамі. Аб чым сьведчыць зьмяненьне характару археалягічных помнікаў, якія ўжо належалі, відавочна, не ўласна яцьвяскаму насельніцтву, а славянізаваным нашчадкам або славянам, якія перанялі яцьвяскі пахавальны абрад.
Племя яцьвягаў зьнікла, хоць яшчэ доўга заставаліся сьляды ў гісторыі. Так Т. Нарбут у 1807 г. чытаў надпіс на зрубе Скідальскай царквы, што нейкі Варфаламей хрысьціў яцьвягаў у 1553 г. А П. Д. Бранцаў выдаўшы ў 1899 г. «Гісторыю Літоўскай дзяржавы і старажытных часоў» пісаў: «У ваколіцах мястэчка Скідаль жыве насельніцтва праваслаўнай веры, гаворыць на беларускім нарэччы, але з літоўскім акцэнтам. Яны адрозьніваюцца ад іншых беларусаў смуглым колерам твару, чорнымі валасамі і некаторымі асаблівасьцямі нораваў. Вельмі магчыма быць, што гэта патомкі яцьвягаў».
У ваколіцах Луна многа вялікіх валуноў, але толькі адзін з іх мае ўласнае імя. Гэты камень ляжаў паміж в. Камянчаны і Стральцы, ля шашы, што вядзе ў Гародню. У народзе завуць яго Турэцкая шапка і распавядаюць, што пад час нашэсьця туркаў, адзін з іх згубіў тут сваю шапку.
Вось такія веліканы — ворагі нападалі на нашых продкаў, але ўцякалі пабітыя так, што гублялі шапкі… Аналягічных помнікаў аб Луне выяўлена не багата, але гэта не значыць, што іх няма.
Краязнаўцы Ваўкавыска зрабілі свой горад старэйшым на 277 гадоў, знайшоўшы пісьмовыя ўспаміны аб Ваўкавыску ад 1005 г. Для краязнаўцаў, улюбёных у свой край, кніга гісторыі ніколі не заканчваецца…
Гісторык Павал Бароўскі, апісваючы спусташэньне Гродзеншчыны ў 1241 г. піша: «З упадку сталіцы ўпала ўдзельнае княства Гарадзенскае. Пасярод спустошанай краіны, яшчэ стаяць рэшткі ўмацаваньняў, калі ў тым жа годзе прыйшлі з поўначы літоўцы (літвіны?) пад кіраўніцтвам сваіх князёў Эрдзівіла, Вікінда, Таўціла Манцівілавічаў, высланых дзядзькам сваім, Вялікім князем Міндоўгам, для заняцьця спустошаных і безабаронных зямель славянскіх. Эрдзівіл без супраціву зрабіўся ўладаром гораду, аднавіў умацаваньні і паблізу вала з драўлянай сьцяной, па звычаю Славянаў, пабудаваў умацаваную вежу. Усё гэта было зроблена з такой хуткасьцю і з такім посьпехам, што, калі манголы, у спадзяваньні новай здабычы, рушылі з поўдня пад началам царэвіча Шэйбака і разьбілі Міндоўга на берагах Нёмна бліз Луна, Эрдзівіл, маючы апору на Гарадзенскія ўмацаваньні, сьмела рушыў на дапамогу свайму дзядзьку і садзейнічаў бліскучай паразе мангольскіх полчышчаў дзесьці ў Лідзкім уезьдзе. Шэйбак загінуў, манголы ўцяклі і Міндоўг, трыюмфуючы і ў другіх перамогах зрабіўся ўладальнікам многіх зямель, складаючых цяперашнюю Гарадзенскую губэрню»… Як тут зразумець? Луна існавала ў 1241 г.? Ці гэта толькі прывязана да сучаснай мясцовасьці? На гэтыя пытаньні трэба шукаць адказу.
З прац пісьменьніка — краязнаўца Дзімітрыя Гаўрыліна можна зрабіць выснову, што ў 1409 г. паміж Луна і Ваўкавыскам адбылася бітва Гарадзенскіх дружын з крыжакамі, якія ў 1284 г. упершыню зьяўіліся ў нашых мясьцінах і пасьля каля 20 разоў паўтаралі напады аж да 1410 г.
Але першы ўспамін аб Луне (Волі) у гістарычных дакумэнтах пад годам 1503. Заўважым, што і далей будуць пераплятацца: маёнтак Луна, мястэчка Луна і мястэчка Воля, якую ў цяперашні час называюць «сельгасхімія», якой ужо там няма.
Пры нападзе Масквы на Смаленск князь Канстанцін Крошынскі страціў там сваю маёмасьць і атрымаў ад вялікага князя Аляксандра двор Дубна над Нёмнам, а на пусташах у 1513 годзе пабудаваў двор Луна? (Воля)? і запісаў свайму зяцю Янухне Багдановічу Сапегу (1490—1546).
Так з прац гісторыкаў і археолягаў можна навобмацак складаць гісторыю Луны, тым самым надаючы мінуламу будучыню.
Луна і Воля
Libertas civitatis.
(Вольны народ. Вольная краіна.)
Воля-не тое, што рукі разьвяжуць,
Зьменяць на большую клетку малую.
Воля-не тое, што«вольны ты» — скажуць.
Воля-то воля, якую адчую.
Ларыса Геніюш
Дзьве гісторыі
Са старажытных часоў Луна мела свайго «спадарожніка» — Волю. Таму старажытнае Луна мае як бы дзьве гісторыі: самога Луна і Волі. У тым, што Луна старажытнае, няма ніякага сумневу. Найбольшы ўзрост надае паселішчу кніга «Памяць, Мастоўскі раён»: «Лічыцца, што гэта паселішча ўзьнікла не пазьней 12 ст.». Але ж з часоў позьняга нэаліту (2-я пал. 3-га тыс. да Н.Х.) вядомыя так званыя «бурштынавыя шляхі». Адзін з іх праходзіў па Нёмне і Заходняму Бугу. Ці не існавала Луна ўжо тады? А ці не мог існаваць «крамянёвы шлях» з Краснасельскага комплексу крамянёвых вырабаў праз Луненскі «порт»? Але напэўна Луна існавала, калі дзейнічаў на Нёмне і «шлях з варагаў у грэкі» у 9—13 ст., што адпавядае запісу ў кнізе «Памяць».
На жаль пісьмовых крыніц аб гэтым я не знайшоў. І, як часта здараецца ў жыцьці, пісьмова ўпершыню ўспамінаецца не Луна, а яе «спадарожнік» Воля. Калі ж спасылацца на кнігу «Памяць» Мастоўскага раёна, можна знайсьці наступныя запісы пра Луна: «У літаратуры канстатуецца такі факт, што вясной 1400 г. крыжакі ішлі ў Ваўкавыск праз Луна». У 1410 г. адбылася вырашальная бітва пад Грунвальдам, у якой удзельнічалі 17 беларускіх харугваў. «Ёсьць меркаваньні, што ў іх былі жыхары Мастоўшчыны, бо наш край уваходзіў у гэтыя (Гродзенскае і Ваўкавыскае) княствы. А ў гэты час існавалі Масты, Луна, Пескі, Мікелеўшчына, Сьцяпанішкі». Многія нашы прашчуры загінулі на полі бою, а ўдзячныя землякі насыпалі ў іх гонар сымбалічныя курганы. Такія курганы захаваліся ў ваколіцах Луна ва ўрочышчы, якое называецца Цвінтар. Старажылы сьцьвярджаюць, што ў мінулым тут была царква. «Відаць курганы былі насыпаны пасьля адпяваньня па загінуўшых на ратным полі», — распавядаецца ў «Памяці». І як ня прыкра пра гэта гаварыць, але «зь песьні слова ня выкінеш»… Па загадзе калгаснага начальства разаралі тыя курганы «магутнымі трактарамі» і пасеялі цукровыя буракі. Як успамінае былая калгасьніца Гэлена Байкоўская, ёй маладой тады яшчэ дзяўчыне, далі дзялку тых буракоў. Але яна не магла іх абрабляць, бо калі прыходзіла на поле, то яе тут жа пачынала рваць ад выгляду мноства раскіданых чалавечых касьцей…
Але вернемся ў 16 ст., зь якога аб Луне засталіся канкрэтныя зьвесткі.
У артыкуле глыбокапаважанага пана Вітольда Карпызы «Восемдзесят гадоў пазьней» («Мagazyn Polski» №2—3, 1992г.) разьмешчана «Штабоўка ваколіц Росі», на якой каля мястэчка Луна знаходзіцца населены пункт Воля. Воляй няволяй пачаўся пошук зьвестак пра Луненскую Волю. На жаль ні ў кнізе «Памяць» Мастоўскага раёна ні ў Беларускіх Энцыкляпэдыях (ці не сымбалічна?) Волі няма. Толькі ў Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы «воля» мае аж восем значэньняў. Знайшлося і патрэбнае: воля — свабода, незалежнасьць. Прышлося зьвярнуцца да польскіх крыніц. У «Слоўніку геаграфічным каралеўства польскага і другіх краін славянскіх з 1880 г.» паселішчам з назвай Воля прысьвечана 46 старонак, на якіх даюцца кароткія зьвесткі аб больш чым 900 такіх мясьцінах на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. З іх толькі 22 разьмешчаны на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Праўда, кажуць, што ва ўсходняй частцы Беларусі паселішчы такога тыпу называлі «слабада», але і слабод у нас зусім не багата.
Воля (libera villa, libertas). Пачынаючы з 13 ст. каб загаспадараваць незаселеную (пустую, пусташ) зямлю ўладальнік (князь, рыцар, духавенства) запрашаў вольных людзей, нават іншаземцаў, каб яны сяліліся і гаспадарылі на яго зямлі на льготных умовах. Пасяленцам (каляністам) даваліся надзелы зямлі з звальненьнем да 20 гадоў ад усялякіх чыншаў, аплат і падаткаў. Пры гэтым часта давалася права на самакіраваньне ці магдэбурскае права. Чым не свабодная эканамічная зона? Такім мясьцінам давалі назву Воля, часта з дадаткам ад назвы бліжэйшага мястэчка ці іншым дадаткам, напрыклад, Воля Красная, або Воля Вялікая, заложаная Сапегамі на Шчары… Росквіт Воляў прыйшоўся на 14 ст. з паступовым распаўсюджваньне на ўсход, што дыктавалася палітычным і эканамічным станам у Эўропе.
Vola Warszowiensis
Сярод шматлікіх «воляў» непасрэднае дачыненьне да нашай гісторыі мае Вялікая Воля — вёска і прадмесьце Варшавы (Vola Warszowiensis). Тут на роўным сухім узвышшы, пануючым над Варшавай, адбываліся выбары караля Польшчы (значыць і Вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага) ад Стэфана Баторыя (1575г.) пачаўшы. Месца выбараў было аточана ровам і валам. У сярэдзіну вялі тры брамы, прызначаныя для ўезду прадстаўнікоў Вялікапольшчы, Малапольшчы і Літвы. Для сэнатараў будавалася драўляная павець. Вакол павеці разьмяшчалася кола рыцарскае і паслы. Шляхта, якая прыбывала з добрай волі, мела вызначанае праз маршалка месца ў пэўным аддаленьні і групавалася паводле ваяводзтваў. Абоз разьмяшчаўся па-за валам у намётах. Нярэдка падчас выбараў адбываліся бойкі. У 1587г. падпалілі павець, у 1669 г. стралялі ў сэнатараў… Астатнімі былі выбары ў 1764г. Станіслава Аўгуста. Пазьней тут адбываліся знакавыя бітвы: у час паўстаньня 1794 г. з Прусакамі, у 1831г. з маскалямі. Пашырэньне Варшавы зрабіла з Волі прадмесьце, улюбёнае млынарамі, бо ўзвышша спрыяла працы ветракоў.
У 1831г. Вялікую Волю абараняла 1200 паўстанцаў пад камандай генэрала Іосіфа Савіньскага, вэтэрана без нагі, якую згубіў у вайну 1812г. Якраз на Волю рушылі галоўныя сілы Расейскага войска, На шанцы №54, калі абаронцаў амаль ня стала, а маскалі радаваліся перамозе, нехта з патрыётаў узарваў парахавы склад і ўсё ўзьляцела ў паветра. Шанец №57 абараняла каля сотні паўстанцаў. Толькі, калі іх засталося чатыры, вораг сьвяткаваў перамогу. Апошнія абаронцы Волі на чале з генэралам І. Савіньскім зачыніліся ў касьцёліку. Генэрал без сіл сеў каля алтара і сказаў: «Жаўнеры, я буду апошнім». Маскалі ўварваліся ў касьцёлік і ўсіх закалолі штыкамі. Пасьля ўтраты Волі шансаў утрымаць Варшаву не было. Паўстаньне пала.
Гісторыя ўзьнікненьня Луненскай Волі
Вернемся да Волі каля Луны. Час і гісторыя ўзьнікненьня Луненскай Волі вядомы дакладна. У 1487 г. войска вялікага князя Маскоўскага Івана ІІІ захапіла Смаленскія землі, дзе вотчынамі валодалі князі Крошынскія (Крашынскія?) герба «Ліхтар». Адзін з іх князь Канстанцін Фёдаравіч Крошынскі акольнічы і казначэй Смаленскі атрымаў ад Вялікага князя Літоўскага Аляксандра 8 красавіка 1503 г. маёнткі Дубна і Луна ў Гарадзенскім павеце «на хлебокормленье» князю да «очищеня» вотчыны яго, захопленай «Маскоўскім непрыяцелем», «съ челядю неволною, и з жытомъ, и с коньми и з жывотиною, и з людми путными и тягълыми, и с конюхи, и з рыболовы, и зъ земълями пашными и бортъными, и с озеры, и з даньми грошовыми и медовыми, и з дяклы, и з бобъры, и со въсимъ с тымъ, какъ тотъ двор былъ на нас держанъ». Вялікі князь Жыгімонт пацьвердзіў гэтае наданьне 8 сьнежня 1506 г., а затым лістом ад 30 кастрычніка 1509 г., бо «многие люди хотели ся в насъ подъ нимъ того двора и людеи подъпрохивати», і нарэшце трэцяе пацьверджаньне было ад 5 кастрычніка 1512 г. Ачышчэньня вотчыны ад «непрыяцеля Маскоўскага» аднак у хуткім часе не адбылося і не прадбачылася. Выдаючы дачку Ганну за пана Яна Багданавіча Сапежыча, Канстанцін Іванавіч 8 ліпеня 1513 г. запісвае ў якасьці пасагу дварэц на рацы Луннай, які ён справіў на пустоўшчынах двара Дубенскага, 60 службаў і 40 пустоўшчынаў каля двара Луна і за Нёмнам на р. Чарлёнай, «а сеножатеи дворныхъ Чесноковъскихъ за Новоселцы у Крестовъ на две стирте», а таксама землі, лясы і трэць вярсты берага бабровага на Сьвіслачы, (які адспрэчваў яшчэ раней сам князь Крошынскі з баброўнікамі гарадзенскімі, каторыя між іншым напэўна і заснавалі сёньняшнюю вёску Баброўнікі на р. Сьвіслачы). Далей у пасазе агаворваліся два стаўкі на р. Луннай і перавоз на Нёмне зь перавозьнікамі Іванцом і Багданцом Карпавічамі, а так жа палі дворныя, сенажаці, луг і лес Хмельнік, што былі з боку двара Лаўнае пана гараднічага (напэўна гарадзенскага гараднічага Федзькі Гаўрылавіча) і паабапал Чарлёнскага рова, гумно на Чарлёньскім полі, «и озеро уступъное з Немъна, и сякли, по которымъ сеножатемъ здавъна к тому озеру бывали на имя Бурносовъская, Ровец, Безовъщина Черленьская, на другои стороне Немъна Волчегребъ, а против Ширневых сяклъ Клепачовская», а таксама колькі чалавек чэлядзі дубенскай ды смаленскай, якую пасьпелі прывесьці з сабой Крошынскія, пакідаючы свае смаленскія ўладаньні. У 1515, а пасьля ў 1523 годзе Януш Багданавіч Сопежыч заручаецца пацьвярджальным лістом Вялікага Князя на гэтыя ўладаньні. Выдаючы другую дачку Мар’ю за пісара вялікакняскай канцэлярыі пана Копця Васільевіча, Канстанцін Іванавіч недзе ў адзін час з Сопежычам запісвае ў якасьці пасагу 30 службаў-конюхаў Церашкоўскіх «подле церкви Сьвятого Спаса» ў Дубенскай воласьці, на што той неўзабаве ў 1517 годзе атрымлівае вялікакняскі пацьвярджальны ліст. Двор на дубеньскіх пустоўшчынах князь Крошынскі справіў і для дзяржаўцы ўруцкага Міхаіла Міхаілавіча Халецкага, за каторага выдаў трэцюю сваю дачку. Княгіня Ганна ўжо пасьля сьмерці мужа князя Канстанціна і двух зяцёў Сапегі і Копця просіць у траўні 1531 г. апекі і абароны ў Вялікай княгіні Боны ад наездаў і рабаваньня з боку суседзяў — ад уціску з боку ўладаньняў Воўпы, князя біскупа луцкага й берасьцейскага Паўла і з боку ўладаньняў, якія меў каля двара Дубна Мікалай Юр’евіч Пацэвіч. Разам з гэтым княгіня Ганна «по своемъ животе» перадала двор Дубна Боне, заручыўшыся аднак аб захаваньні сваім дачкам і ўнукам іх уладаньняў.
Падзел маёмасьці. Камень Боны Сфорцы
Бона Сфорца, каралева Польская і Вялікая княгіня Літоўская, другая жонка Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта II Аўгуста. Імкнулася ўзмацніць уладу караля і Вялікага князя эканамічным шляхам, усяк павялічвала зямельную ўласнасьць Ягелонаў. Заслугі Боны Сфорца ў Вялікім Княстве многія і рознастайныя цяжка пераацаніць. Дзякуючы Боне Сфорца Эўропа пачула «Песню пра зубра», менавіта пры яе падтрымцы знакамітая паэма Мікалая Гусоўскага была выдадзеная ў 1523 годзе ў Кракаве. Зь яе віны сталі нашы продкі карыстацца да гэтага невядомымі ім відэльцамі. У выніку ўзнагародаў, падараваньняў і купляў займела многія воласьці, вярнула многія захопленыя фэадаламі землі, у тым ліку Гарадзенскае староства. Акрамя феадальнага маёнтку намесьнік каралевы Боны Ежы Заляпуха зь яе загаду на рацэ Лунянцы заснаваў у 1531 г. месца Луна, дзе Бона Сфорца фундавала драўляны касьцёл. Наведваючы свае ўладаньні, каралева «часта ў гэты касьцёлік заходзіла».
Да сёньня ля касьцельнай агароджы (апошним часам перанесены на касьцельную тэрыторыю) ляжыць вялікі камень з чырвонага граніту, які нібыта каралеўскімі ручкамі быў закладзены Бонай у падмурак касьцёла.
Маладыя пары, якія бяруць шлюб без дазволу бацькоў павінны прыйсьці да гэтага каменя, каб папрасіць каралеву ня помсьціць ім, як яна гэта зрабіла сваёй нявестцы каралеве Барбары Радзівіл.
Пасьля пажару апошні кароль Польшчы і Вялікі князь ВКЛ Аўгуст Панятоўскі фундаваў тут у 1744 г. новы касьцёл мураваны ў строгіх формах клясыцызму, які быў перабудаваны і набыў сучасны нэаклясычны выгляд у 1895 г. на сродкі князя Друцкага-Любецкага.
Але Сапегі падалі скаргу на Заляпуху, што ён «на ўласных іх грунтах двара Луненскага» стварыў паселішча. Каралева Бона прызначыла для разгляду гэтай справы спэцыяльную камісію. Вывады камісіі былі разгледжаны і зацьверджаны 6 сакавіка 1532 г. Вядома, Луна засталося ўласнасьцю каралевы Боны. Але ж князь Канстанцін Крошынскі, як раней успаміналася, запісаў свой маёнтак Волю свайму зяцю Янушу Багданавічу Сапегу. Тады ж была ўстаноўлена граніца паміж уладаньнямі па рацэ Лунянцы (ці Луннай? па назве таго часу). Гэта граніца існавала аж да часоў другой сусьветнай вайны, падзяляючы паселішча на дзьве часткі: Луна і Волю. З вышэй сказанага можна зрабіць выснову, што маёнтак Луна існаваў да перадачы яго Князю Канстанціну Крошынскаму і дата яго заснаваньня застаецца таямніцаю. Воля ж узьнікла ў выніку дзейнасьці князя.
Пасьля сьмерці Янухны (1530г.) яго спадкаемцамі становяцца сыны Міхал, жанаты на Марыне з Быстрыцкіх, Глеб, Дзьмітрый, Сьцяпан, а таксама дачкі Тацьцяна, якая выйшла замуж за Ждана Словіка, і Настасься, якая была замужам за Гаўрылам Тышкевічам. Паколькі паміж братамі не было згоды, па ініцыятыве Глеба ў 1541 г. маёнткі Луна, Сьвіслач і Вайкелішкі былі падзелены на шэсьць роўных частак. На працягу 40–50-х гадоў XVI ст. Чарлёна паступова вылучаецца ў асобны двор. Гэты працэс суправаджаўся судовымі спрэчкамі і ўзаемнымі нападамі братоў і сваякоў адзін на аднаго. У 1552 г. Андрэй Мацкевіч скардзіцца ад імя маці і айчыма Сьцяпана Сапегі на Дзьмітрыя, які напаў на іх спадчыну Луна і забраў лісты. У 1554 г. памірае малодшы з братоў Міхал і Сьцяпан бяспраўна займае яго спадчыну. У сувязі з гэтым у яго была судовая справа з Мацвеем Быстрыцкім, каралеўскім каморнікам, родным братам жонкі Міхала Сапегі Марыны Быстрыцкай, якая памянялася з братам завешчанай ёй часткай маёнтка Луна на іншы маёнтак. У 1555 г. Мацвей Быстрыцкі напаў на чарлёнскія валоданьні Сапегаў. У 1556 г. ужо Дзьмітрый і Сьцяпан Сапегі са шваграмі Жданам Словікам і Гаўрылам Тышкевічам, а таксама служылымі людзьмі і падданымі ў колькасьці каля 300 чалавек нападаюць на ўладаньні Чарлёна Быстрыцкага і рабуюць іх. Пасланыя ў двор Сапегаў гаспадарскі дваранін Ян Васільевіч Клікоўскі, судовыя выканаўцы і служылыя людзі былі абстраляны апошнімі, прычым некалькі чалавек загінула. У 1557 г. за 12 коп. грошай Быстрыцкі адмаўляецца ад сваіх прэтэнзій на Чарлёну. Браты дамаўляюцца аб сумесным валоданьні набытымі землямі, але дамоўленасьці не прытрымліваюцца. Спрэчкі заканчваюцца тым, што ў час чарговага нападу ў 1560 г. (паводле іншых дадзеных у 1561 г.) людзі Сьцяпана ў час учыненай перастрэлкі забіваюць Дзьмітрыя. Маёмасьць атрымаў трэці сын Глеб, які адказваў перад судом за даўгі бацькі і, неўзабаве, памёр.
Пасьля гібелі Дзьмітрыя ў 1561 г. стрыечны брат іх бацькі Павел спрачаўся з Глебам за частку Луна і Чарлёны, якую Глеб самавольна захапіў пасьля сьмерці Дзьмітрыя. Павел даказваў, што Дзьмітрый яшчэ ў 1558 г. пазычыў у яго 500 коп. літоўскіх грошай і да моманту іх вяртаньня аддаў Паўлу ў арэнду свае часткі Луна і Чарлёны.
Удава па Сцяпану Сапегу па першым мужу Мацкевічава запісала трэць маёмасьці свайму сыну ад першага мужа Андрэю. Сваркі за маёмасьць набылі яшчэ большы размах. Анрэй Мацкевіч жаліцца каралю і просіць дапамогі ў споры з Міхалам Сапегам ваяводам Падляскім сынам Івана Багданавіча дваюрадным братам Паўла Сапегі. Не гледзячы на спрыяньне караля Андрэю, Міхал у 1565г. насылае сваіх людзей з Чарлёны на ўладаньні суседа. Натоўп напаў на двор Волю, запасы зьнішчыў і разрабаваў, сялян зьбіваў, а некалькі зьвязаных у Чарлёну прывалок. Чым закончылася гэта вайна, невядома, але з маёмасьці каралеўскай эканоміі Гарадзенскай была вылучана прыватная ўласнасьць Воля. А Міхал Сапега сам прыехаў у Луна і непадзельна запанаваў над маёнткам.
Сынам Міхала, Мікалаю і гродзенскаму земскаму судзьдзі Льву, пасьля бацькі і бязьдзетных дзядзькаў Глеба, Дзьмітрыя і Стэфана дасталіся часткі зямель маёнткаў Луна (Воля), Чарлёна і Кулёўшчына. Гэта выклікала незадавальненьне сваякоў па жаночай лініі, а менавіта Грыгорыя Войны, ваўкавыскага земскага судзьдзі, які выступаў ад імя дачок, Настасьсі з Сапегаў Тышкевіч і яе сына Міхала, а таксама трох братоў Словікаў, з якімі абодва браты вымушаны былі судзіцца. Суд прысудзіў Мікалаю і Льву тры часткі маёнткаў Луна і Чарлёна.
Восеньню 1567 г. Мікалай прыслаў са сваіх уладаньняў у Луна ў каралеўскі лягер для радашковіцкай выправы двух конных і аднаго пешага салдата. У той час ён служыў у падканцлера літоўскага Еўстафія Валовіча. Перад 25 студзеня 1574 г. Мікалай стаў каралеўскім дваранінам. 7 студзеня 1581 г. браты падзялілі маёмасьць. Луна (Воля) адышла Льву. 21 сакавіка 1586 г. суд у Гродна пацьвердзіў іх правы на датыхчасовую маёмасьць. Леў, віцебскі войскі, быў малодшым сынам Міхала. 21 жніўня 1593 г. браты зноў падзялілі маёмасьць. Леў атрымаў аседлую службу Шчэчыцы, якая належала да Луна (Волі) і плошчы з агароднікамі ў Гродна каля замку і над Нёмнам. Такім чынам, канчаткова аддзяліліся маёнткі Луна (Воля) і Чарлёна. Граніцай паміж імі была рака Нёман.
Луна заставалася ўласнасьцю каралевы Боны да 1557г., да яе сьмерці і ўваходзіла ў склад Гарадзенскага староства, а з 1558 г. стала «уласнасьцямі сталовымі», значыць даход з Луненскіх земляў быў прызначаны на ўтрыманьне караля, і ўвайшла ў склад «эканоміі Гарадзенскай», якая дзялілася на воласьці, а тыя на ключы. Для прыкладу, у 1680 г. ключ Луненскі Гарадзенскай эканоміі прынёс 9866 злотых польскіх 26 грошаў гадавога даходу.
7 лютага 1589 г. кароль здаў у арэнду мястэчка Луна разам з вёскамі Марцінаўцы і Петрашоўцы Мікалаю Сапегу. Па некаторых дадзеных Сапегі іх арандавалі па 1680 г. 20 сьнежня 1602 г. Мікалай Сапега пісаў да Льва Сапегі: «У Гродна ў цяперашні час небясьпечна (у сувязі з эпідэміяй), а там назначана правядзеньне сойміка, таму я выбраў прыгажэйшае месца і зусім небясьпечнае ў маіх арэндных уладаньнях мястэчка Луна для правядзеньня сойміка ў адпаведнасьці з унівэрсалам 3 лістапада». Соймік у ВКЛ у 16—18ст. — сход шляхты павета (зямлі, ваяводзтва). На сойміках шляхецкая супольнасьць прымала рашэньні і выбірала двух прадстаўнікоў ад павета для ўдзелу ў сойме.
Тут ужо вельмі цяжка разабрацца, у якім выпадку размова ідзе пра Волю, а ў якім пра Луна. Кухмайстар у 1593г. мяняе Луна са сваім братам Львом судзьдзёй гарадзенскім на выспу з царквою на Возеры Троцкім.
Сапегі ў гісторыі Луна — Волі
Абодва брата Мікалай і Леў былі праваслаўнымі. Дзякуючы стараньням Мікалая ў 80—90 гадах 16 веку ў Чарлёне была пабудавана царква, у каторай ён быў пахаваны ў 1611 годзе, а пазьней і яго жонка.
Леў Сапега сын Мікалая (не блытаць з канцлерам ВКЛ Львом Сапегам) у завяшчаньні, напісаным у Луна 20 жніўня 1610 г., выказаў жаданьне, каб яго пахавалі ў садзе маёнтка Луна. Хутка пасьля напісаньня завяшчаньня памёр. Яго астатнюю волю занесьлі 20 верасьня 1610 г. у кнігі Літоўскага трыбунала. Леў Сапега быў жанаты на Алене, дачцэ мінскага кашталяна Міхаіла Гарабурды. Дзяцей у яго не было. Усю сваю маёмасьць завяшчаў сынам брата Мікалая — Яну Дамініку, Мікалаю і Фрыдэрыку, пры ўмове, што яны заплацяць яго жонцы 4 тыс. коп. грошай літоўскіх.
Каралі Рэчы Паспалітай апекаваліся мястэчкамі. У прыватнасьці, у 1612 г. Луна ахапіў страшны пажар — практычна ўсё мястэчка згарэла. Кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт III Ваза вызваліў луненскіх мяшчан «ад падводнай павіннасьці, пабораў і чыншу з сенажацяў, палявых, агародных участкаў і падаткаў у дзяржаўную казну» тэрмінам на 4 гады.
31 жніўня 1615 г. браты Ян Дамінік і Фрыдэрык падзялілі маёмасьць. Трэці брат Мікалай быў псыхічна хворым. Фрыдэрык атрымаў Чарлёну, а Ян Дамінік стаў гаспадаром Луна. 31.10.1637г. Фрэдэрык Сапега, стараста Астрынскі і Гарадзенскі, разам са сваёй жонкай Крысьцінай Пацеявай каля свайго двара Чарлёна фундуюць уніяцкі манастыр для 4 манахаў-базыльянаў пры старадаўнім храме Раства Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьвятога Мікалая. У гэтым храме, як напісана ў акце, пахаваны целы бацькоў Фрэдэрыка Сапегі Мікалая Сапегі кухмайстра ВКЛ, Астрынскага, Луненскага старасты і Багданы Масальскай Сапегі, маці Фрэдэрыка; а таксама — манашак Ганны і Ефрасіньні — сясьцёр- базыльянак; Мікалая Сапегі — брата і Рыгора Валовіча, старасты Рагачоўскага, Дубіцкага, Канеўскага, сына Алены Сапегі і Рамана Рыгоравіча Валовіча.
Сярод вялікай радні Мікалай меў цёзку Мікалая Сапегу, які выкраў ікону Одэнскай Багародзіцы, напісаную Сьв. Аўгусьцінам, у папы Урбана VIII, а ў 1635г. пасьля пакаяньня прасіў пакінуць сьвятыню ў Кодэні. Кароль Ян Казімір дорыць сьвятыні рубін. З канца 17ст. ікона мела рызу і кнігу для запісваньня цудаў ад яе. 26 чэрвеня 1723г. сьвятыня каранавана і з 1927г. знаходзіцца ў Кодэнскім касьцёле.
Ян Дамінік памёр пасьля 1622 г. Ні Ян Дамінік ні Фрэдэрык не аставілі патомства, таму іх уладаньні перайшлі да іх блізкіх кроўных. Хто стаў наступным уладальнікам Луна, невядома. Але ў 1645–1647 гг. Луна сярод іншых зямель выкупіў ад Ізабэлы Трызніны і Андрэя Войны Павел Сапега гербу «Ліс» (1609–1665), віцебскі, потым віленскі ваявода і Вялікі гетман Літоўскі. Павел Сапега быў сынам Яна Пятра Сапегі і Соф’і з Вэйгэраў, унукам Паўла Сапегі, які згадваўся вышэй. Постаць Паўла Сапегі апісана ў рамане Хэнрыка Сянкевіча «Патоп». Яго дзейнасьць патрабавала вялікіх выдаткаў, таму большасьць уладаньняў была закладзена або абцяжарана даўгамі.
У 1654—1667гг. адбылася Маскоўская навала на землі ВКЛ. У Мастах Маскоўскае войска спаліла касьцёл. У Гарадзенскім павеце, у склад якога ўваходзіла Луна, колькасьць насельніцтва скарацілася з 174 398 чал. да 115 323. Маскоўцамі было забіта 59 075 чалавек або 33,9% насельніцтва павета.
У 1655г ад маскоўскага войска ў Чарлёньскім кляштары хаваліся менскія манахі базыльяне.
Дакладных зьвестак няма, але ў 1685 годзе маёнтак Чарлёна адкупляе ад Вільчкаў Казімір Ян Сапега старэйшы сын Сапегі Казіміра Яна Паўла (каля 1642–1720), віленскі ваявода, Вялікі гетман Літоўскі. Яго хрышчоным бацькам быў сын знакамітага канцлера, потым Вялікага гетмана Літоўскага Льва Сапегі Казімеж Леон (Леў) (1609–1656), вялікі пісар, потым маршалак надворны, потым Літоўскі падканцлер. Жанаты з Тэадорай Крыстынай Тарноўскай (1626–24.10.1652), Казімеж Леон сваіх дзяцей не меў, таму ўсе свае вялікія ўладаньні завяшчаў хрышчонаму сыну Казімежу Яну, яго бацьку Паўлу Сапегу і Аляксандру Хілярыю Палубінскаму.
Можна меркаваць, што наступным уласьнікам двара Луна-Чарлёна становіцца маршалак Вялікі Літоўскі Аляксандр Павал Сапега (1672—1734) сын Казіміра Яна, полацкі ваявода. Вучыўся ў езуіцкім калегіюме ў Брунсбергу (Браневе), у 1685—1689 у Парыжы. Чашнік ВКЛ у 1692, маршалак дворны ў 1692—1698, маршалак Вялікі ў 1698—1703, 1705—1708 і з 1713. Удзельнічаў у Алькеніцкай бітве 1700, у час Паўночнай вайны 1700—1721 стаў на бок швэдаў і караля Станіслава Ляшчынскага, які таксама даў яму пасаду Вялікага маршалка (1705—1708). Пасьля аднаўленьня ўлады Аўгуста II у 1709 у апазыцыі да яго. Валодаў Друяй, Іказьню, Сапежынам, Дуброўнам і іншымі маёнткамі.
Кароль Ян III Сабескі ў 1680 г. для папаўненьня даходаў каралеўскай казны арганізаваў Луненскі ключ у Гродзенскай эканоміі. Яго арэндны даход быў вызначаны ў 9686 злотых польскіх [11]. Ключ складаўся з наступных населеных пунктаў: Луна, Марцінаўцы, Жылічы Вялікія, Жылічы Малыя (Рачкі), Нецеча, Каменны мост, Шчарбавічы, Мяшэтнікі, Хамічы, Глядавічы. Папярэдне была праведзена рэвізія. У выніку ў мястэчку Луна налічвалася 125 «дымаў», разьмешчаных на чатырох вуліцах: Воўпенскай, Мсьцібаўскай, Гродзенскай, Азёрскай. Пляніроўка населенага пункта была веернай-усе вуліцы выходзілі ад базарнай плошчы, на якой знаходзіліся карчма і касьцёл. У мястэчку працавалі 4 мясьніка, 4 хлебапёка, 4 сольніка, 1 цясьляр, 1 каваль, 1 кравец, 5 Шаўцоў, 2 гарбара. Яны плацілі ў казну па 6 грошаў..
Нэгатыўны ўплыў на сацыяльна-эканамічны стан мястэчка аказала другая Паўночная вайна. Панямоньне стала арэнай ваенных дзеяньняў паміж швдзкімі і расейскімі войскамі. Да таго ж супрацьстаяньне разгарнулася паміж шляхецкімі канфэдэрацыямі: прыхільнікамі Карла XII і Пятра I. У выніку беларускія землі падвергліся глыбокаму спусташэньню. На фоне эпідэмій лютаваў голад. У 1712 г. каралеўскі камісар Міхал Дамброўскі правёў рэвізію Луненскага ключа Гродзенскай эканоміі. Каралеўская камісія канстатавала, што ключ больш за дзесяць гадоў знаходзіўся ў заняпадзе ад ваенны дзеяньняў. Арэндны даход зьменшыўся ў 9 разоў і склаў 1069 злотых польскіх. Зьяўілася шмат пустак-неапрацаванай ральлі. Напрыклад, калі ў 1680 г. на Мсьцібаўскай вуліцы было 20 жылых «дымоў», то ў 1712 г. — 1. З рамесьнікаў засталіся 1 цясьляр, 1 каваль, 1 шавец. Пастановай Сойма ўсе ключы Гродзенскай каралеўскай эканоміі былі вызваленыя ад гіберны (падатак, які сяляне плацілі дзяржаве на ўтрыманьне войска), але павінны былі плаціць падводную павіннасьць на ўтрыманьне пошт. Унівэрсалам караля Аўгуста II ад 1699 г. унёсак месяцова склаў 20 злотых польскіх.
10 сакавіка 1711 г. на балтыйскім узьбярэжжы ў Караляўцы (Калінінград) нарадзіўся яшчэ адзін з уладальнікаў Луны (Волі) Міхал Антоні.
Міхал Антоні атрымаў Эўрапейскую адукацыю, а пасьля сьмерці братоў Казіміра і Язэпа, вялікую спадчыну: Стары і Новы Быхаў, Баўкладава, Даболшча, Багуславічы, Яўсевічы, Сялец, Дзярэчын, Галынка, Вострава, Зэльва, Чарлёна, Луна, Лаўна. Яму належаў палац у Ружанах, маёнткі ў Жмудзі і Польшчы. У 1741 г. разам са сваёй жонкай Кацярынай з Сапегаў выдзеліў сродкі на існаваньне Базыльянскага манастыра і царквы ў Чарлёне. Манастыру прыдавалася «вёска Казакоўцы з усімі лясамі, лугамі, агародамі, глебай і падданымі». Новыя сродкі былі выдзелены 27 жніўня 1751 г., але пры ўмове, што манахаў павінна быць не чатыры, а пяць.
Міхал Антоні атрымаў тытул падканцлера ВКЛ, у 1744 г. узнагароджаны ордэнам Белага Арла, але расчараваўся ў дзяржаўнай службе і выйшаў у адстаўку. У 1753 г. надрукаваў кнігу твораў Вальтэра, якую сам пераклаў. У Дзярэчыне застаўся, але перароблены ў царкву, фундаваны князем касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыіі. 11 верасьня 1760 г. Міхал Антоній памёр у Слоніме не аставіўшы нашчадкаў.
У завяшчаньні Міхал Антоні распараджаўся Чарлёнай, Лаўна, Луна, Сямаскаўшчынай, Воляй і г.д. (цяжка сказаць ці пад Луна і Воляй разумеюцца розныя маёнткі ці адзін і той жа). Паколькі сваіх дзяцей не меў, спадкаемцам Чарлёны, Лаўна і Луна (Волі) стаў сын брата Казіміра Леона Міхал Ксаверы.
Гаспадарку Сапегі вялі з пераменным посьпехам, хоць укладалі ў яе шмат таленту і намаганьняў. Часта прыходзілася закладаць частку ўладаньняў, выкупляць і зноў закладаць…
Сапега Міхал Ксаверы (1735–1766), які атрымаў у спадчыну валоданьні дзядзькі Міхала Антонія, памёр 24 лістапада 1766 г. у Беластоку. Яго пахавалі ў картузаў у Бярозе. Сваёй сям’і ён не меў і землі перайшлі да брата Аляксандра Міхала, які стаў наступным уладальнікам Луна (Волі). Аляксандр Міхал Сапега (1730—1793) канцлер ВКЛ, жанаты на Магдалене Агнешцы з роду Любамірскіх. Аляксандр Міхал распачынае актыўную гаспадарчую дзейнасьць у Дзярэчыне. Пры ім зьяўілася ў яго ўладаньнях бульба, якая з цягам часу стала гаспадыняй стала. На Шчары А. М. Сапега збудаваў паселішча Воля з прыстаньню. Цікава, што і Луненскія ўладаньні Сапегаў называліся Воля, і тут у Луне, Каўшах, Чарлёне, былі прыстані. Гандлёвыя флятыліі курсавалі ад Шчары да Караляўца. З Балтыкі прывозілі заморскія тавары: соль, жалеза, францускае віно, ды ангельскае піва, шкло і посуд і, нават «арфы» ці «млыны для ачысткі зерня». У Каралявец па Нёмне плыло жыта, пшаніца, пянька, пакульля, рагозы, футры, воск, скуры, драўніна, попел…
Аляксандру Міхаілу Сапегу належалі многія паселішчы на вялікіх абшарах цяперашняй Беларусі, Польшчы ды Украіны. Але аблюбаваў ён для сваёй рэзыдэнцыі на жаль не Луна, а суседні Дзярэчын. Хаця ж Луненскія мясьціны не ўступаюць, а, на мой погляд, прыгажэйшы за Дзярэчынскія, не гаворачы, што ў Дзярэчыне няма Нёмна. У 1760—1770 гг. Аляксандр Міхал найбольш увагі аддае Дзярэчыну і будуе тут 1765 г. тэатар, а ў 1768 г. Вайсковую акадэмію для 30 сыноў вышэйшых дзяржаўцаў ВКЛ. У 1786 г. саксонец Я. С. Бэкер разам з мясцовым архітэктарам Лаўрынам Гуцэвічам будуюць палац, варты рэзыдэнцыі Сапегаў. Палац упрыгожваў картуш з гербам роду Сапегаў з выявай сьвятой для ўсіх беларусаў «Пагоні». Разам з Дзярэчынам у 18 ст. праслаўляецца на ўсю Эўропу сваімі кірмашамі невялікая дагэтуль мястэчка Зэльва. У 1720 г. Антоній Казімер Сапега атрымаў Каралеўскі прывілей на правядзеньне ў мястэчку штогадовых «ярмонок ілі торгов».
Легендарны Францішак Сапега
Аляксандр Міхал меў сына Францішка Аляксандра (1772—1829), які стане бацькам Яўстаха паўстанца. Францішак стаў ці не самым легендарным уладальнікам нашых ваколіц. Пражыўшы ўсяго 57 год, ён прыняў удзел у паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі, пасьпеў адбіць каханку ў Напалеона Банапарта, сабраць вялізную колькасьць каштоўнасьцяў, старадрукаў, мастацкіх палотнаў у сваім Дзярэчынскім палацы, што пасьля вызвольнага паўстаньня 1830 г. супраць Расейскіх акупантаў канфіскаваны. З канфіскаванага Дзярэчына адных толькі карцінаў і каштоўных упрыгожаньняў было вывезена 303 пуда 25 фунтаў (каля 5 тонаў). У 21 год Францішак ужо атрымлівае званьне генэрала артылерыі, а яго мужнасьць і адвагу засьведчыў Ордэн Сьвятога Станіслава. 22 траўня 1794 г. генэрал Ф. Сапега сканцэнтраваў сваё войска ў Дзярэчыне і далажыў у Вільню, што рыхтуецца да баявых дзеяньняў, ахвяраваўшы на паўстаньне 6 тысяч дукатаў, ды яшчэ апісаў на патрэбы паўстаньня даход з аднаго з маёнткаў у 16 тысяч рублёў. Пасьля паразы паўстаньня лёс спрыяў ці схітрыў генэрал, каб выратаваць сябе і свае маёнткі, перадаўшы пакаянны ліст да Кацярыны II? Вызвалены ад перасьледу з вялікай ласкі імпэратрыцы, Францішак едзе ў Пецярбург і дамагаецца вызваленьня Т. Касьцюшкі, які паранены сядзіць у Петрапаўлаўскай цьвердзі. Але дарэмна. Т. Касьцюшку вызваляе пасьля сьмерці царыцы Павел I, які люта ненавідзеў усё, што рабіла яго маці. А можа гэтаму паспрыяў прыём, наладжаны Паўлу I у Дзярэчыне, дзе былы паўстанец прымаў яго ў сваім палацы, падносячы каранаванай асобе легендарнага «Івана» і замовіўшы слова за свайго легендарнага галоўнакамандуючага? Не блага ўспомніць, што Францішку было ў гэты час мала больш за 20 гадоў. А ў 25 ён ужо трымаў на руках нашчадка — першынца і будучага паўстанца Яўстаха Каятана. Далей было каханьне з фаварыткай Напалеона Маргарытай Жазефінай Вальтэр, ноч, у якую, па чутках прайграў у карты 15 млн. золатам, падарожжа ў кратар Вэзувія, дзе ледзь не задыхнуўся ад вульканічнага дыму, пакарэньне горных вяршынь у Пірэнэях, дзе двойчы трапіў пад сьнегавыя лявіны, назіраньне за карыдай у Гішпаніі… Вэнэцыю параўнаў з беларускім бабром, што сядзіць у вадзе, высунуўшы галаву на паверхню, ды калекцыянаваў жаночыя пацалункі, за што заслужана атрымаў тытул ліцьвінскага Казановы. Гэта ўсё не перашкаджала Францішку Аляксандру дасылаць у Дзярэчын вазы з заморскімі кнігамі, творамі мастацтва, ды іншыя набыткі на яшчэ не народжаную радасьць Расейскіх захопнікаў.
У 1809—1810 гадах Францішак Сапега ад таго, што ў Партугаліі горача, у Англіі туманна, у Вільні не хапала сяброў, у Варшаве сумна без картаў, а толькі ў Парыжы і Дзярэчыне — у самы раз, праводзіць час у Дзярэчыне. Тут і памёр легендарны Францішак Сапега ў 1829 г. і пахаваны ў Бярозе — Картускай. Нельга не дадаць, што ў « Таямніцах Парыжа «улюбёнец жанчын Жан Марэ стварае вобраз рамантычнага Рудольфа дэ Геральштайна, прататыпам якога паслужыў беларускі князь з роду Сапегаў, паўстанец і шукальнік прыгод Францішак Аляксандр. Каго зацікавіў гэты князь і Дзярэчын, можа прачытаць аб гэтым і аб многім іншым у неадарвальнай кнізе Міхася Скоблы « Дзярэчынскі Дыярыюш».
На жаль да Луны (Волі) Францішак быў не вельмі прыхільны, бо 4 лютага 1799 г. ён прадае свае ўладаньні Чарлёна, Лаўна, Воля і Сямаскаўшчына за 500 тыс. польскіх злотых князю Францішку Друцка-Любецкаму.
Фота Соф’і Хамятоўскай з дому Друцка-Любецкіх захавала выгляд палацу.
Маёнтак Воля ў 19 стагодзьзі
У маёнтак уваходзілі фальваркі Воля, Сямаскаўшчына і Віктарын, мястэчка Воля і чатыры вёскі — Залескі, Загараны, і Касілы, у якіх налічвалася 58 сялянскіх двароў. Сістэма паляводзтва ў маёнтку была трохпольнай. Сялянскія двары былі надзелены ад няпоўных дзесяці да звыш дзесяці дзесяцін зямлі, ад адной да звыш двух дзесяцін сенакосаў. Сяляне ва ўсіх вёсках павінны былі адбываць прыгонныя дні — цяглыя па тры дні, паўцяглыя па два дні ў тыдзень. Павінны былі адбываць згоны — па 12 дзён у год з рабочай душы, за выключэньнем адной душы, якая заставалася ў хаце для нагляду за гаспадаркай. Акрамя гэтага сяляне павінны былі адбываць шарваркі па 12 дзён у год з двара. Яны ж па чарзе несьлі начны каравул, павінны былі выдзяляць па два дні пешых у год са двара на выпрацоўку воўны, палатна і сукна, у якасьці даніны аддаваць 10 яек, 2 курыцы і адну капу грыбоў у год. Для абаграваньня хат сяляне атрымлівалі лес ад уладальніка, а для пашы жывёл кожнаму адводзілася месца. Праваслаўных сялян налічвалася 330. Яны належалі да Радзівонавіцкага і Ваўпянскага прыходаў. Сялян рыма-католікаў было 82. Усе належалі да Луненскай парафіі.
У «Сьведчаньнях аб маёнтку Воля» за 1845–1848 гг. ёсьць запіс аб тым, што маёнтак знаходзіцца ў вотчынным валоданьні Юльяна Крывіцкага, перайшоў яму ў спадчыну ад бацькі Ксавэрыя Крывіцкага, а апошні набыў яго ў князя Любецкага ў 1809 г. Радавым гняздом Крывіцкіх быў г. Хэлм (Польшча). У канцы 16 в. Крывіцкія пасяліліся на Літве. У Геаграфічным слоўніку чытаем: «Воля. Мястэчка і маёмасьць паблізу Нёмна Гродзенскага павета, у 3 акрузе паліцыйнай, гміны Луна, 46 вёрст ад Гродна, 665 жыхароў, пераважна жыдоў, сынагога, дом малітоўны жыдоўскі, гарбарня. Да мястэчка належыць 14 дзесяцін. Маёмасьць, уласнасьць Вікторыі Крывіцкай, маюць 3 фальварка Семаскаўшчына і Вікторын 1037 дзесяцін (670 пад пабудовамі і ральля, 137 лугоў і пашы, 141 лесу, 83 неўжыткаў). Першым уладальнікам Волі і Зельвян стаў Ксаверы Крывіцкі — ротмістар Гарадзенскі судзьдзя земскі Ваўкавыскі. З жонкай Каралінай Дзянькоўскай дачкой Антона падскарбія надворнага Літоўскага Ксаверы Крывіцкі меў трох сыноў. Сярэдні сын Ксаверыя Юльян нарадзіўся ў 1806 г. і зрабіў нядрэнную кар’еру. У 1863- 67 гадах быў маршалкам шляхты Гарадзенскай губэрні сапраўдным саветнікам штату, кавалер Ордэна Сьв. Ганны I ступені. Згубіў павагу шляхты за ліст цару, у якім выказваў сваю вернападданасьць. З жонкай Вікторыяй з Эйсмантаў меў дзьве дачкі Юзэфу і Караліну. На ім і закончыўся род Крывіцкіх. Юзэфа Памела Крывіцкая выйшла замуж за Уладыслава Тарасовіча, які паходзіў з Гнезна. У выніку Воля і Зяльвяны сталі ўласнасьцю Тарасовічаў. Уладыслаў і яго брат прынялі удзел у Паўстаньні, яго маёнтак Конна быў канфіскаваны. Юзэфа Тарасовіч імкнулася выратаваць хаця б частку іх агульнай з мужам маёмасьці. На імя імпэратара Аляксандра ІІ ў красавіку 1864 г. яна падала прашэньне з просьбай вярнуць ёй грошы, якія яе муж атрымаў за яе ў якасьці пасагу. Юзэфа разам з двума дзецьмі паехала сьледам за мужам у ссылку. Аб гэтым сьведчыць просьба Уладыслава Тарасовіча аб выдачы яму і яго сям’і грашовай дапамогі з казны, накіраваная ў 1865 г. на імя Тамбоўскага губэрнатара. У Юзэфы быў вельмі ўплывовы бацька Юльян-Ксаверый Крывіцкі, які займаў пасаду маршалка шляхты Гродзенскай губэрні. Яго сувязі адыгралі вельмі важную ролю пасьля таго, як яго зяць Уладыслаў Тарасовіч быў высланы ў г. Казлоў Томскай губэрні (знаходзіўся там ужо ў сьнежні 1864 г.). Усе свае магчымасьці і знаёмствы Юльян-Ксаверый накіраваў на тое, каб выратаваць маёмасьць зяця і вярнуць яго на радзіму. 23 сьнежня 1865 г. было абнародавана «Высочайшее повеление», якое давала магчымасьць Тарасовічу прадаць яго маёнтак Конна. Дазвол быў атрыманы і 25 лютага 1867 г. Тарасовіч выехаў з Казлова на радзіму. Верагодна, іншай нерухомасьці Уладыслаў не меў. Ён мог жыць толькі ў маёнтках Зяльвяны і Воля. Пасьля сьмерці Ксаверыя Крывіцкага па разьдзельным запісе ад 5 жніўня 1830 г. яго сыну Юльяну-Ксаверыю адышоў маёнтак Воля. Пасьля сьмерці самога Юльяна-Ксаверыя Крывіцкага каля 1884 г. на яго спадчыну прэтэндавалі дачка Юзэфа Тарасовіч і ўнук барон Сігізмунд Сігізмундавіч Дангель. Адпаведна ўводнага ліста яны былі ўведзены ў агульнае валоданьне маёнткам Воля.
Уладыслаў Тарасовіч і Юзэфа пасьля сьмерці былі пахаваны ў Гнезна, дзе пры касьцёле ёсьць помнік з надпісамі: «SP Wladyslaw Tarasowicz ur 24 stycznia 1826 r, zmarl 1 lutego 1892 r. SP Krywickich Jozefa Tarasowicz, ur 22 czerwca 1836 r. Zm 2 grudnia 1903 r». Маці Юзэфы Вікторыя перажыла іх. Цэцылія з Талочкаў Цешкоўская ў «Размове аб тым, што было «узгадвае Волю таго часу: «А дзьве мілі ад Зяльвян быў другі маёнтак Тарасовічаў, Воля, у якім у вельмі прыгожым старым доме з вялікім паркам жыла бабка Юлька Тарасовіча пані Крывіцкая са сваёй дачкой удавою Юзэфай Тарасовіч. Пані Крывіцкая была вельмі дастойнаю старэнькаю. Дробная, акружаная старою службаю, сядзела самотна і не мела таварыства». У 1832г. Крывіцкія пабудавалі ў Волі цікавы двор у клясычным стылі, падобны да будынку ў Росі. Двор падрабязна апісаны Раманам Афтаназы ў артыкуле «Воля каля Луны», дзе зьмешчана аж 4 здымкі будынка з 1939 г. Фатаграфію двара з 1934 г. надрукавала ў сваёй кнізе амэрыканская падарожніца Louise Arner Boyd. Добра адлюстраваны палац і на малюнку В. Карпызы. Наступным уладальнікам Волі стаў сын Юзэфы Юліян Тарасовіч. У 1911 г. Юльян Тарасовіч памёр. Юльян меў адзінага сына Эдварда-Мар’яна (? –пасьля 1939) і дачку Юзэфу Марыю (1899–1932). У спадчыну пасьля бацькі зусім яшчэ юнаму Эдварду дастаўся маёнтак Воля. Нарадзіўся Эдвард Тарасовіч у 1891 г. Скончыў Сельскагаспадарчую акадэмію ў Дублянах. Перад І-й сусьветнай вайной ён ажаніўся з Ядвігай-Эміліяй Дзяконскай (1895–1939) з маёнтка Пятровічы Кобрынскага павета. У час вайны, адпаведна расійскаму праву, Эдвард Тарасовіч не быў мабілізаваны, таму што быў адзіным сынам. Летам 1915 г. пачалося актыўнае наступленьне нямецкіх войск, многія жыхары заходніх рэгіёнаў Беларусі пакідалі свае родныя мясьціны, перамяшчаліся на ўсход. Цішэўская падрабязна апісвала пераезд у Менск, які працягваўся тыдзень. Цяжка было знайсьці месца для начлегу, а мясцовыя жыхары па-рознаму ставіліся да бежанцаў. Сем’і Тарасовічаў і Талочкаў пасяліліся ў Менску ў адным доме №16 на вул. Захар’еўскай, разам вялі гаспадарку.
У 1920–1930-я гг. сям’я Эдварда і Ядвігі-Эміліі Тарасовічаў жыла ў Волі, дзе была адноўлена вельмі прыгожая сядзіба, яе тагачасны выгляд захавалі старыя здымкі.
Гэтую сям’ю яшчэ памятаюць старэйшыя людзі ў ваколіцы. Зь іхніх слоў гаспадар быў страшным карцёжнікам. Частку маёнтку прайграў у карты. З-за гэтага напэўна Эдвард Тарасовіч меў фінансавыя праблемы, таму што маёнтак Воля быў закладзены ў Віленскім Земскім банку. Нягледзячы на гэта ў пачатку 20 ст. новы ўладальнік Эдвард Тарасовіч адрамантаваў увесь будынак, але ў час першай сусьветнай вайны ён быў зьнішчаны. Адноўлены ў 1928г. Па дадзеных на 1937г. за гэтым маёнткам пляцам 561 га значылася пазыка ў 104 тыс. 224 зл. Двор стаяў у парку плошчай 3 га. З правай стараны вяла да яго шырокая ўязная алея тапалёвая, якая заканчвалася стылёвай брамай, завешанай на двух мураваных акруглых слупах. Перад домам быў вялікі газон, праз які вяла сьцежка сярод дэкаратыўных кустоў і штамбавых руж. Другі газон быў з тыльнага боку дома, Спадаў ён да гуляючай у нізе рачулкі, праз якую перабягалі два бярозавыя масткі. За рэчкаю ляжаў агарод. Газоны акружалі ёлкі, лістоўніцы, ліпы, бярозы і таполі.
Лёс апошніх уладальнікаў Волі
У Тарасовічаў было два сыны, абодва зьяўіліся на сьвет у маёнтку Воля. Старэйшы Казімір нарадзіўся 20 сьнежня 1919 г., малодшы Станіслаў — 22 траўня 1922г. Хлопчыкі вучыліся ў гімназіі бацькоў-езуітаў у Вільні.
У гары са стрэльбамі Станіславаў, унізе — Казімір Тарасовічы. Фота сярэдзіны 30-х гг. ХХ ст.
Фота з кнігі: В. М. Папко. Род Дзяконьскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў ХІХ-ХХ стст. Брэст: Альтэрнатыва, 2009.
На старых здымках тых часоў усе члены сям’і выглядаюць шчасьлівымі.
Адзін са здымкаў прадстаўляе Ядвігу-Эмілію, яе мужа і сына Казіміра каля матацыкла. Маці дарослага сына, гэтая жанчына захоўвала стройнасьць і дзявочую фігуру. Здымак прадстаўляе яе на матацыкле, які ў тыя часы зьяўляўся сымбалям дастатку і тэхнічнага прагрэсу.
20 сакавіка 1939г. памерла Ядвіга-Эмілія, яна была пахаваная ў Варшаве на Павонзках. Пасьля верасьня 1939 г. па прыходзе савецкіх войскаў Эдвард Тарасовіч і яго сын Станіслаў былі арыштаваныя ў Вільні. Невядома толькі ці ў 1939 г., ці ў 1940–1941 гг. Па другой вэрсіі ён быў арыштаваны разам з маці Ядвігай. Эдвард Тарасовіч памёр ад дызэнтэрыі 8 верасьня 1941 г. у лягпункце №47 лягернага комплексу Севуралляг Сьвярдлоўскай вобласьці Расійскай фэдэрацыі. Лёс яго маці Ядвігі невядомы.
Станіслаў апынуўся ў ваколіцах Ташкента, пасьля патрапіў у войска Андэрса. Ваяваў пад Монтэ-Касіна. Пасьля вайны патрапіў у Англію, дзе сустрэўся са сваёй будучай жонкай Марыен-Элан (нар. у 1932г.). Хутка сям'я пераехала ў канадзкі Манрэаль. Станіслаў Тарасовіч пачаў выкарыстоўваць англізаваную форму свайго імя і прозьвішча — Стэнлі Дэ Тэры. Працаваў графікам. У 1987г. прыяжджаў у Польшчу, каб сустрэцца з братам. Станіслаў памёр у Манрэалі 9 сьнежня 1992 г., дзе да гэтага часу жыве яго жонка і двое дзяцей. Дачка Джэнет у шлюбе з Лей Харысанам мае дачку Ізабэлу Доун і сына Марка. Сын Станіслава Роджар Дэ Тэры нарадзіўся ў 1963 г., жонкі і дзяцей не мае. Лей Харысан валодае ў Манрэалі фабрыкай шкла і люстэркаў, дзе працуе яго жонка Джэнет і яе брат.
Лёс Казіміра быў вельмі складаным. У 1939г. ён не патрапіў у савецкія турмы. З прыходам немцаў пасяліўся ў Луна, таму што маёнтак на той час быў ужо разрабаваны. Паколькі добра ведаў нямецкую мову, быў войтам. У часы акупацыі ў Луне дзейнічала Армія Краёва. Застава АК належала да акругі «Левы Нёман». Камэндантам заставы Луна быў падпаручнік Казімір Тарасовіч, згодна з запісамі Вітольда Карпызы, апошні ўладальнік Луна–Волі. Яго зьвесткі заснаваны на ўспамінах жыхаркі Луны Ірэны Алізар: «Казімір Тарасовіч быў у войску (пасьля экзамэну і падхарунжоўкі). У часы акупацыі нямецкай жыў у Луне (знаў бегла нямецкую мову) і быў войтам. Быў таксама камандзірам узводу АК у нашай акрузе. Тарасовіч быў уладальнікам маёнтка Воля. На пачатку 1945 г. быў арыштаваны. У лягеры працаваў як фэльчар. Да краю вярнуўся ў 1956 г. Нядаўна даведалася, што памёр». Па другіх зьвестках пасьля вызваленьня Беларусі ў 1944 г. быў арыштаваны, атрымаў 25 гадоў за супрацоўніцтва з Войскам Арміі Краявой.
У 1953 г. яго выслалі ў Казахстан. Дзяўчына з Луна Людвіка Швед, якая слала ў лягер пасылкі свайму бацьку, падтрымлівала пасылкамі на працягу знаходжаньня ў лягеры і Казіміра. Ён прапанаваў ёй у лісьце выйсьці за яго замуж. Яна доўга не згаджалася, бо была простай дзяўчынай, да таго ж нянька ў дзяцінстве вывіхнула ёй лапатку, і ў яе пачаў разьвівацца горб. Але потым усё ж паехала да яго. Казімір меў адукацыю фэльчара, разам з жонкай працаваў у шпіталі ў Акчатаў. У 1955г. нарадзілася адзіная дачка Казіміра — Ядвіга-Стэфанія. Праз год сям'я атрымала дазвол на пераезд у Польшчу і пасяліліся ў сучасным Заходнепаморскім ваяводзтве. Па дарозе туды ў касьцёле вёскі Каменка каля Скідаля Казімір і Людвіка ўзялі шлюб і пахрысьцілі маленькую Ядвігу. Да пэнсіі Казімір працаваў фэльчарам, памёр у Гнезна праз месяц пасьля спатканьня з братам 17 лютага 1988г.
Ядвіга-Стэфанія скончыла філялягічны факультэт, выйшла замуж за Паўла Хэлміняка (нар. у 1956г.), мае адзінага сына Міхала-Ежы, які нарадзіўся ў 1981г. Ядвіга працуе настаўніцай польскай мовы і літаратуры ў Гнезна.
Апошнія з Сапегаў
Але, калі ўспамінаць пра ўсіх уладальнікаў Луна, то трэба зноў вярнуцца да Сапегаў. А каб падзеі выглядалі больш зразумела, зірнем на Сапегаўскае радавое дрэва. Вядомы нам Аляксандр Міхал, заснавальнік радавой рэзыдэнцыі ў Дзярэчыне, меў сына Францішка, які ў сваю чаргу быў бацькам Яўстаху — паўстанцу. Яўстах Каятан Сапега з 1821 г. жыў у Англіі. Але ў лістападзе 1830 г. выбухнула Вызвольнае Паўстаньне супраць Расейскіх акупантаў. Трыццацігадовы князь пакідае маёнтак у графстве Лянкашыр, магілу жонкі Мары Патэн Больд і вяртаецца ў радавое гняздо. У раньзе падпаручніка так змагаецца з ворагам, што ўзнагароджваецца Залатым Крыжом Віртуці Мілітары (Вайсковага Гонару). Не толькі адвагай у баях, але, прадаўшы маёнтак у Ружанах, Яўстах Каятан грашыма падтрымлівае паўстаньне, так, як гэта зрабіла і Эмілія Плятэр. Пасьля паразы паўстаньня князь з сотнямі сваіх сяброў вымушаны падацца ў эміграцыю. Жыве спачатку ў Англіі, потым у Францыі ў гарадку Бяланкурт пад Парыжам. Назапашвае сродкі з надзеяй на новае паўстаньне, але 16 лістапада 1860 г. памірае. Пахаваны на Манмартры. Усе ўладаньні на Радзіме былі сканфіскаваны. Сьпіс вывезенага дабра з Дзярэчына ў Расею складаецца з 124 лістоў. Толькі мастацкіх палотнаў ды ўпрыгожаньняў было вывезена 303 пуда 25 фунтаў (каля 5 тон).
Памяць Яўстаха Каятана шануецца ў Дзярэчыне. У 1999 г. мясцовыя патрыёты ўстанавілі ў адноўленым касьцёле мэмарыяльную дошку:
«Яўстаху Каятану Сапегу (1797- 1860)
уладару Дзярэчына ўдзельніку нацыянальна — вызвольнага паўстаньня 1830- 1831 гг».
Яўстах Каятан меў сына Яна Паўла Аляксандра. У 1877 годзе афіцэр арміі Яе Вялікасьці Каралевы Вялікай Брытаніі ўзяў шлюб з Севярынай Урускай — Тызенгаўз, якая ў якасьці пасагу мела маёнтак Спушу, што ў 12 км ад Скідаля. Гэта стала адзінай маёмасьцю на акупаванай тэрыторыі Вялікага Княства некалі магутнага роду Сапегаў. Праз чатыры гады ў маладой пары нарадзіўся сын Яўстах Каятан, названы так у гонар дзеда. Атрымаўшы адукацыю ў Цюрыху (Швэйцарыя) і ажаніўшыся на Тэрэзе Ізабэле з Любамірскіх, Яўстах Каятан пасяляецца ў радавым маёнтку Спушы (цяпер — Старая Спуша Шчучынскага раёна). Правадыр Польшчы Юзаф Пілсуцкі запрашае яго на дыпляматычную службу паслом у Англію, пазьней прызначае на пасаду міністра замежных спраў Польшчы. У 1921 г. бальшавікі з немцамі падпісалі ганебную Рыскую дамову, разадраўшы Беларусь на дзьве часткі. Яўстах Каятан не можа з гэтым пагадзіцца і пакідае Ўрад Пілсудскага.
«Трэба было адбудаваць Спушу з руінаў, якія засталіся па вайне», — успамінае сын былога міністра Яўстах Севярын, які нарадзіўся тут 7 жніўня 1916 г. і пражыў у Спушы з невялікімі перапынкамі 23 гады. Пасьля заканчэньня аднаўленчых работ палац у Спушы выглядаў вельмі прыгожа: мураваны двухпавярховы, з мансардай, галерэямі і бальконамі. Каля палаца разьлягаў прыгожы лесапарк. У 1933 г. Яўстаху Сапегу польскі ўрад зьвярнуў сканфіскаваныя Расеяй у яго дзеда паўстанца маёнткі і землі. Валянцін Дубатоўка піша, што сярод вернутых былі Ружаны, Дзярэчын, Зэльва, Новая Мыш, Луна. Як былі ўладкаваны справы з Тарасовічамі, невядома. У 1939 г. Яўстах Каятан быў арыштаваны распачаўшымі вайну саветамі і пасаджаны ў Менскую турму. Потым былі допыты на Лубянцы, сьмяротны прысуд сталінскай « тройкі «… Але Лаўрэнцій Берыя замяніў расстрэл на катаржныя работы на Беламор — канале. Уратаваньне прыйшло праз армію Андэрса, з якой Яўстах пападае ў Афрыку. Так род Сапегаў назаўсёды пакідае родную зямлю. І толькі праз паўстагодзьдзя 4 верасьня 1998 г. князь Яўстах Севярын Сапега выйшаў з вагона Варшаўскага цягніка на Гарадзенскім вакзале.
Сын апошняга з Сапегаў — уладальнікаў Луна жыў у Афрыцы ў горадзе Найробі краіны Кеніі. Ён не забыў сваіх каранёў. У Варшаве надрукаваны плён яго працы, прысьвечанай Бацькаўшчыне і свайму роду: васьмісотстаронкавы фаліянт «Сапегаўскі дом» з падрабязнымі біяграфіямі, фамільнымі партрэтамі, апісаньнямі маёнткаў… Пераадолеўшы 7 тысяч кілямэтраў, князь Яўстах Сапега крочыў ля руін Ружанскага палаца, схіляў галаву перад мэмарыяльным знакам свайму прадзеду ў Дзярэчынскім касьцёле, марыў пабудаваць невялікі дом у Спушы…
Мястэчка ж Луна працягвала заставацца ў складзе Гарадзенскай эканоміі, створанай у 1588 г. з дзяржаўных маёнткаў Гарадзенскага павета. Маёнткі яе здаваліся ў арэнду. Становішча сялян эканоміі было цяжкім, але лепшым, чым у магнацкіх і царкоўных уладаньнях. Значныя страты эканоміі нанесьлі войны 17—18 стст., эпідэмія чумы ў 1709—10 гг. У другой палове 18 ст. у выніку галоснай рэфарматарскай дзейнасьці Антона Тызенгаўза гаспадарка аднаўляецца, уводзяцца новыя тэхналёгіі ў жывёлагадоўлі, садоўніцтве… Але пасьля захопу Вялікага Княства Расеяй маёмасьць Гарадзенскай эканоміі распрадаецца і раздорваецца акупантамі. Луненскі ключ (адміністрацыйная адзінка эканоміі) у складзе маёнтка Луна з вёскамі Стральцы, Жылічы, Камянчаны, Гледавічы, Шчарбавічы 12 лістапада 1795 г. быў падараваны сапраўднаму стацкаму саветніку графу Мікалаю Аляксандравічу Самойлаву. Але ён чамусьці не зьяўіўся. Луна становіцца ўласнасьцю графа Міхала Валіцкага. Род Валіцкіх вядомы ў Ваўкавыскім павеце з 1567 г. У 1821 г. маёнтак быў куплены Чахоўскім. Згодна з другімі дадзенымі, маёнтак стаў належаць Чахоўскім у выніку жаніцьбы судзьдзі Яна Чахоўскага з Верай Валіцкай. Ян Чахоўскі памёр у 1823 г., а Вера Чахоўская ў 1857 г. У 1833 г. маёнтак выстаўляўся на продаж, прыносіў даход 43 000 злотых, але, напэўна, ня быў прададзены. Ад Яна, сына Аляксандра Чахоўскага, пасьля яго сьмерці ў 1858 г., уладаньні пераходзяць да яго ўдавы і дачок Аляксандры Паліксены, Эміліі Люцыі Марыі і Актавіі Эўфразіны Юзэфы. Апекуном быў князь Станіслаў Сьвятаполк Чацвярціньскі. Юзэфа Чахоўская гербу «Окша» ў 1833 г. выйшла замуж за Эдварда Матэуша Ромэра, які стаў уладальнікам маёнтка. Бацька Э. М. Ромэра Эдвард Ян Ромэр быў удзельнікам вызвольнага руху, а род Ромэраў багаты на таленты, то і зьвестак аб іх жыцьці і дзейнасьці засталося многа. Раскажам аб тых, што мелі адносіны да Луны крыху пазьней у аддзельным апавяданьні.
У часы міжваенныя Луна заставалася ўласнасьцю Юзэфы Ромэр і Марыі Камаровай. Яны валодалі яшчэ фальваркам Жылічы і мелі 1400 га зямлі. Яшчэ каля іх палацу можна было ўбачыць некалі багатыя рыбай ставы і стары прыгожы парк.
На тэрыторыі Волі немцы стварылі ГЕТА. Габрэі з ГЕТА былі вывезены ў лягеры сьмерці. Таму пасьля вайны амаль усе жыхары Волі абнавіліся. На ўладаньнях Тарасовічаў былі пабудаваны майстэрні Сельгастэхнікі і склады Сельгасхіміі.
Палац адвялі пад клюб, краму і жыльлё. Зьніклі клясычныя калёны, кветнікі, парк, брама, мосьцікі… Пасьля развалу Імпэрыі развалілася і Сельгастэхніка і Сельгасхімія. Даўно забытая назва Воля… Сярод руін палаца і будынкаў майстэрняў, сярод заросьляў кустоўя тут дажываюць сваё жыцьцё пару дзясяткаў пэнсіянэраў, якія з радасьцю бягуць на датэрміновыя «выбары», бо гэта адзінае імгненьне, калі яны адчуваюць сябе патрэбнымі і, і ў адместку сваім няўдзячным нашчадкам, «галасуюць»…
Ромэры — апошнія ўладальнікі Луны
Луна дарогаю сваяцтва (па іншых зьвестках куплена ў 1821 г., бо расейскія памешчыкі распрадавалі падараваную маёмасьць) перайшло ў валоданьне Чахоўскім, аб чым можа сьведчыць надпіс у Луненскім касьцёле: «Вера з Валіцкіх Чахоўская заснула ў Богу 1857 г. 21 сакавіка ў веку гадоў 76. Пакой яе душы». Напэўна была яна жонкай судзьдзі, аб якім другі надпіс у гэтым жа касьцёле гаворыць. «Тут ляжыць прах с. п. Яна Чахоўскага, судзьдзя, які нарадзіўся 1772 г. траўня 21 дня, памёр у 1823 г., чэрвеня другога дня. Найчулей аплакваючы яго страту, сын гэты знак паставіў».
У час газыфікацыі, калі капалі траншэю да касьцельнай кацельнай у 2005 г., выпадкова быў праламаны склеп ля помніка Аляксандру Чахоўскаму і праз невялікую адтуліну можна было апусьціць у склеп руку з фотаапаратам. Так зьяўіўся гэты здымак.
Чахоўскія валодалі Лунам нядоўга, бо ўжо ў 1833 г. у «Кур’еры Літоўскім» №70/1833 была зьмешчана аб’ява, што маёнтак Луна Чахоўскіх прадаецца. У яго склад уваходзяць два фальваркі (невялікія панскія службы), 5 вёсак і мястэчка, якое мае дымоў (сялянская гаспадарка адзінка абкладаньня падаткам) хрысьціянскіх 199, жыдоўскіх–78, душ 527. Гадавы даход з маёнтка выносіць 43 000 злотых». Няведама, ці быў прададзены і хто яго купіў. Мажліва Ромэры, але не выключана, што маглі яны Луна атрымаць як пасаг, бо Чахоўскія і Ромэры ўзаемна радніліся. Вынікае гэта з наступнага касьцельнага надпісу: «Аляксандр і Валерыя з Ромэраў Чахоўскія Дня 17 ліпеня 1857 г». Таксама ўспамінаная праз Э. Ажэшка Юзэфа Ромэр была ў доме Чахоўскіх, а гэта было ўжо ў 1902 г.
Бясспрэчным уладальнікам Луны быў муж Юзэфы, Эдвард Матэуш Ромэр. Ромэры–знакаміты шляхецкі род нямецкага паходжаньня (Romer), цэлая дынастыя, прадстаўнікі якой унесьлі значны ўклад у разьвіцьцё культуры Беларусі, Літвы, Украіны, Польшчы, былі пасьлядоўнымі і актыўнымі змагарамі за незалежнасьць краю, у якім жылі. Сярод іх былі мастакі, выдаўцы, журналісты, палітычныя дзеячы, вучоныя.
Бацька Матэуша Эдвард Ян Ромэр (1806—1878) падчас паўстаньня 1830—1831 сябар Віленскага цэнтральнага паўстанцкага камітэту.
У 1833 годзе арыштаваны і асуджаны на пажыцьцёвую ссылку ў г. Волагда, аднак праз год атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. У 1834 усталяваў сувязь з Літоўскім камітэтам (Вільня), таксама падтрымліваў адносіны з эмігранцкім лягерам польскага «караля дэ-факта» А. Ю. Чартарыйскага. У ліпеню 1838 зноў арыштаваны за супрацу з эмісарам Маладой Польшчы Шыманам Канарскім., асуджаны да сьмяротнага пакараньня, замененага новай 13-гадовай ссылкай у Волагду а пазьней — у Вялікі Усьцюг. Разам з ім у ссылцы знаходзілася яго жонка Соф’я з Белазораў. Тут 19 верасьня 1848 года і нарадзіўся іх сын-Эдвард Матэуш Ромэр. (Поўнае імя — Edward Mateusz Jan Oktawiusz Romer). Аб чым сьведчыць таксама эпітафія ў Луненскім касьцёле: «Эдвард Матэуш Ромэр нар. у Волагдзе, пм 22.11.1900 г». Пасьля вяртаньня ў Вільню быў пад наглядам паліцыі. У сваім падарожным дзёньніку:» Wyprawa do wód z Litwy do Normandii: kartki z dziennika 6 czerwca — 16 listopada 1861» між іншым запісаў наступнае: «Zdawało się, że te czasy minęły, gdy lud w męczarniach i ucisku Bogu swę żale przesyła w peśni — a oto są obecne. Chwytano po kościołach, do więzienia wtrącano tych, którzy spiewali — a oto spiewają, wszyscy i wszędzie». (Здавалася, што тыя часы ўжо мінулі, калі люд у муках і прыгнёце Богу свае крыўды пасылае ў песьні — але яны наяве. Хапалі па касьцёлах, да вязьніцы ўкідалі тых, якія сьпявалі — а сьпяваюць, усе і ўсюды». ) Пад час паўстаньня 1863—1864 гг. знаходзіўся пад хатнім арыштам.
Здольны ад прыроды да мастацтва Эдвард Матэуш Ромэр вучыўся малюнку спачатку ў бацькі мастака-аматара, потым у Катаяна Русецкага і Яна Зянкевіча. Скончыўшы ў 1867 г. Віленскую гімназію выехаў на вучобу ў Акадэмію Мастацтваў у Дрэздэн. Настаўнікам яго быў К. Шульц. Малюнкі Э. М.Ромэра зьмяшчаліся ў «Ляйпцігскай ілюстраванай газэце». У 1870 г. ён перавёўся ў Мюнхэнскую Акадэмію Мастацтваў, дзе навучаўся пад кіраўніцтвам Г. Аншуца, А. Сойтца, А. Ромберга, у майстэрні баталіста Ф. Адама. Э. М. Ромэр калегаваў з эмігрантамі былой Рэчы Паспалітай В. Чахурскім, Ю. Брандтам, Ю. Косакам, М. Гедымскім. Некаторы час Э. М. Ромэр працаваў у майстэрні Ксаверы Пілата. Першыя працы ў Мюнхэне «Вяртаньне зь ярмаркі» і «Пікет».
З 1873 г. многа падарожнічаў: пабываў у Вене, Меране, Варшаве.
У 1878 г. вярнуўся ў Вільню і адкрыў на Бакшце ў старым доме Ромэраў, які дастаўся яму ў выніку падзелу маёмасьці паміж братамі, мастацкую майстэрню і карыстаўся ёй сумесна з братам Альфрэдам Тэадорам Ромэрам і сябрам Францішкам Юргілевічам. 16 сакавіка 1880 г. ажаніўся з Юзэфай Чахоўскай (дачкой Аляксандра Чахоўскага і Валерыі Ромэр) і атрымаў у якасьці пасагу Луна.
У гэты час пісаў ён галоўным чынам бытавыя жанравыя сцэнкі, пэйзажы: «Завіруха», «Перад вакзалам», «Перад майстэрняй». Маляваў партрэты «Каваль», «Селянін у футравай шапцы». Майстэрскі напісаны «Партрэт бацькі мастака» –бацькі свайго сябра Ю. Юргілевіча.
Шэраг твораў прысьвечаны паўстанцам 1863 г.: «Патруль», «Хаціна ў лесе». У 1873 г. Эдвард Матэуш Ромэр экспанаваў свае працы ў Кракаўскім Таварыстве сяброў мастацтваў: «Адпачынак перад карчмой», «Вузкакалейка на Літве», «Чыгуначная станцыя», У парку», «Куліч», «Пад таполямі», «Мяцеліца». На выставе ў Варшаве палотны «Чыгуначная станцыя», «На запусты», «Пасьля работы», «Вяртаньне» былі куплены Таварыствам падтрымкі мастацтваў. У 1894 г. на выставе сучаснага мастацтва ў Львове карціна «Мяцеліца-2» была ўганаравана срэбным мэдалём. Выстаўляў свае працы Эдвард Матэуш Ромэр у Парыжы, Вене, Берліне, Мюнхене, дзе карціна «Мая хата» атрымала прыз і была куплена прафэсарам мастацтва з Брусэля І. Дэ Гасам.
Пэндзьлю Эдварда Матэуша Ромэра належыць партрэт народнага літоўскага паэта Анастаса Страздаса. На палатне паўстае постаць волата. Палац, местачковыя дамы, нават ветраны млын у параўнаньні зь ім здаюцца цацачнымі. Паэт бы магутная глыба стаіць на зямлі, сягаючы да неба. Апрануты сьціпла, ён стаміўся, зьняў галаўны ўбор і павесіў на ручку кавенькі, на якую апіраецца, у правай руцэ трымае хусьцінку, якой толькі што выцер твар. Непакорныя валасы, шырокі твар, прасьветлены лоб, на маршчыністым валявым задуменным твары трывога і надзея. Такое ўражаньне, што паэт вандруе па вёсках і мястэчках, заклікаючы народ да змаганьня за лепшую долю.
Карціны Э. М. Ромэра можна паглядзець у Народным Музэі ў Варшаве («Амазонка»), Кракава («На папасьцы-2»), у Музэі Мастацтва ў Вільні (7 работ) і ў музэі Каўнаса.
Апошнімі яго працамі былі пэйзажы з хлопчыкам на кані, зімовая карціна «Тры каралі» і незакончаная праца «Ад’езд дыцэзіі жмудзкага біскупа». Засталося многа эскізаў. Акрамя карцін ён пакінуў мноства эскізаў.
На працягу 20 год Эдвард Матэуш Ромэр быў уладальнікам Луна. Ці адлюстравана ў яго работах Луна? Магчыма, але адказ на гэта пытаньне чакае свайго дасьледчыка. Таму будзем спадзявацца, што сярод яго твораў ёсьць малюнкі, прысьвечаныя Луна. Трэба толькі іх адшукаць.
У сям’і Ромэраў было трое дзяцей. Сын Эдвард нарадзіўся ў 1881 годзе, але памёр удзяцінстве ў 1901 г. Дачка Рэгіна нарадзілася ў 1882 годзе. 18 кастрычніка 1909 г. у Вільні яна выйшла замуж за свайго траюраднага брата Міхала Піўса Пасхаліса Ромэра (1880–1945). Сын Ежы нарадзіўся ў 1896 годзе і таксама мала пражыў. Уся сям’я мела клопаты са здароўем. Пасьля цяжкага запаленьня лёгкіх меў клопаты са здароўем і бацька Эдвард Матэуш Ромэр. Нягледзячы на гэта, шмат займаўся гаспадарчымі і сямейнымі справамі і да апошніх дзён не пакідаў маляваць.
Памёр Эдвард Матэуш Ромэр 22 лістапада 1900 года ў Луне, пахаваны ў радзіннай капліцы ў Троках. Гэта дата вынікае з цытаванай вышэй эпітафіі ў Луненскім касьцёле і папаўшай мне ксэракопіі нэкралёгу, прысьвечанага Эдварду Матэушу Ромэру. Але многія крыніцы чамусьці падаюць іншую дату сьмерці -10 лютага 1900 года.
Пасьля сьмерці брата Ежы у 1920 годзе Рэгіна стала спадкаемніцай маёнтку Луна. Яе муж Міхал Ромэр быў адным з галоўных ідэолягаў лібэральна-дэмакратычнага крыла краёўцаў. У 1913—15 распрацаваў канцэпцыю новай Рэчы Паспалітай у выглядзе канфэдэрацыі Польшчы і «гістарычнай Літвы» як самастойных і дэмакратычных дзяржаў.
Пра Міхала Піуса Ромэра больш можна даведацца ў працы: Смалянчук А. Дзёньнік Міхала Ромэра як крыніца па гісторыі Беларусі пачатку ХХ ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. 1998. Т. 5. Сш. 1 (8); ён жа. Ромэр Міхал Піус //.
Але Міхал Ромэр у Луне хіба ня быў ды і з жонкай Рэгінай неўзабаве разьвёўся.
У міжваенны час Луна пазаставалася ўласнасьцю Рэгіны Ромэр. Гэтыя ўладаньні разам з фальваркам Жылічы налічвалі 1400 га. Былі ў арэндзе, магчыма ў Марыі Камаровай, якая ў дакумэнце выступае ўладальніцай. Рэгіна сышлася з сэквэстрам Крупіньскім. З дачкой Цэлінай у яе былі сапсаваныя адносіны. Станіслава Швед жыхарка в. Луна гаварыла, што дачка кінула яе, бо Крупіньскі не быў знатнага паходжаньня, а магчыма, яшчэ па нейкай прычыне. Гаспадарка Ромэраў была ўзорнай. Хто і калі пабудаваў двор, невядома. Перад прыходам савецкіх войск у верасьні 1939 г. Рэгіна Ромэр і Крупіньскі ўцяклі. Драўляны палац Ромэраў, паводле Станіславы Швед, быў разабраны ў 1940 г. У галоўнай браме стаяла статуя Маці Божай, якую ксёндз Мончка аддаў у Жалудок.
Але Стасюкевіч Яся, таксама жыхарка Луна, апавядае, што пасьля вайны будынак палаца яшчэ стаяў. Я паказаў спадарыні Стасюкевіч малюнак Напалеона Орды палаца з Гродзеншчыны, але з невядомага канкрэтна месца. Спадарыня Яся сказала, што малюнак вельмі падобны да таго палаца Ромэраў.
Сёньня на месцы дома Ромэраў знаходзіцца будынак старой школы.
Ад былога сядзібна-паркавага комплексу Луна засталіся рэшткі былога парку і побач зь імі, абсаджанае дрэвамі, месца былых ставаў.
У ставах вырошчвалі рыбу. Ставы запаўняліся вадой у выніку перакрыцьця р. Лунянкі плацінай, якая адначасова служыла для прывядзеньня ў рух вадзянога млына. Млын не захаваўся. На беразе ставу да 2009 г. расло старое дрэва, якое было самым тоўстым у акрузе (2 м у дыямэтры і больш за 6 м у абхваце). Яго відаць на здымку 1928 г. зьлева. У 2009 г. гэта гістарычнае дрэва сьпілавалі ў пляне правядзеньня палітыкі пераводу кацельных на «мясцовае паліва». Па гэтай прычыне тады былі сьпілаваны многія дрэвы былога парку Ромэраў. Да канца 20 ст. ставы яшчэ запаўняліся вадою. Пасярэдзіне ставаў знаходзіліся альтанкі, да якіх вялі драўляныя масткі. Пры пабудове новай школы будаўнічае сьмецьце было сапхнутае бульдозэрам у ставы. Заняпад набыў незваротны працэс.
На другім пляне віднеюцца абрысы будынкаў палацавага комплексу Ромэраў.
Нядаўна я знайшоў паведамленьне аб тым, што ў Інстытуце Гувера ў Архівах калекцыі Мечыслава Ялавецкага (Mieczysława Jałowieckiego) ў скрынцы 18 захоўваецца такі экспанат: 964. ŁUNNA Dwór. ziemia Grodzieńska /N/ bar. Romer. Магчыма гэта і ёсьць малюнак палацу Ромэраў, зроблены Мечыславам Ялавецкім?
Пад Расейскай акупацыяй
Лістападаўскае Вызвольнае Паўстаньне
Пасьля захопу расейцамі зямель Вялікага княства Літоўскага, пачынаючы з 14.11.1795 г. Луна ў складзе Гродзенскага павета, з 14.12.1795 г. — у Слонімскай губэрні, з 11.12.1795 г. — Літоўскай, а з 1801 г. у Гродзенскай губэрні.
Расійскае панаваньне на захопленых землях пачалося з рабаваньня. Вывозілася ўсё, што мела каштоўнасьць. Рабаваліся музэі і палацы, вывозіліся калекцыі мастацкіх твораў, кнігі, летапісы. Цяпер яны ўпрыгожваюць зборы Эрмітажа, Трацякоўкі і іншых музэяў Расіі. І зараз ніхто не думае іх вяртаць.
Луненскі ключ (579 мужыкоў і 573 жанчыны) разам з вёскамі Стральцы, Камянчаны, Жылічы, Глядавічы быў аддадзены графу Н. А. Самойлаву, але той не зьяўіўся на вызначаныя ўладаньні. Таму знайшлі другога графа М. Валіцкага. Сяляне папалі пад прыгон. Паўсюдна адмяняліся прывілеі, беларускія законы, забаранялася беларуская мова, зьнішчалася ўніяцтва, да якога належала 80% вернікаў Беларусі. Нават грыгарыянскі каляндар (новы стыль), уведзены Вялікім Князем ВКЛ Стэфанам Баторыем, быў адменены. Пачаўся набор у рэкруты, чаго ніколі не было ў Вялікім Княстве Літоўскім. На 25 гадоў забіраліся сяляне на службу ў расейскую армію.
У 1812 годзе пачалася франка — расейская вайна. Многія літвіны спадзяваліся, што Напалеон дасьць магчымасьць аднавіць незалежнасьць ВКЛ, таму ішлі служыць у францускае войска. Для беларусаў гэта была не Айчынная, а братазабойчая вайна. Пры адступленьні французаў Луна занялі войскі графа Атароўскага. 12.12.1812 г., яны ішлі да Беластока праз Луна-Адэльск, частка ў напрамку Воўпа-Крынкі.
І французы і расейцы несьлі спусташэньні, забіралі ў сялян апошняе.
Пасьля вайны пачаўся эканамічны заняпад. Расейскія памешчыкі пачалі прадаваць дараваныя землі. У І82І годзе Луна куплена Чахоўскім і яго жонкай Валерыяй фон Ромэр. Па зьвестках П. О. Баброўскага, Луна страціла статус мястэчка, але гандаль яшчэ цепліўся.
Літвіны не зьмірыліся з агульнай стратай незалежнасьці. У І830-І83І гг. адбылося Лістападаўскае Вызвольнае Паўстаньне. У час паўстаньня ў раёне Луна дзейнічаў атрад паўстанцаў генэрала Хлапоўскага, які ў І83І г. зьнішчыў ля Луна расійскі абоз у 4І8 вазоў, што ішоў з Брэста на Луна-Скідаль. 26.05 1831 г. ля Воўпы Д. Хлапкоўскі зрабіў засаду, у якую трапілі казакі, што адбіла ахвоту генэралу Герсьценфейту атакаваць тылы паўстанцаў. У гэтым атрадзе ваявала беларуская Жана Д’Арк — Эмілія Плятэр.
Хлапоўскі ўспамінаў: «Калі мы праходзілі праз вёскі, народ спачатку прызнаваў нас за маскалёў і не адразу хацеў верыць, што мы Палякі, а калі ўпэўніваўся, дык плакаў ад радасьці, прыносіў прадукты, што толькі меў, ніколі не хацелі браць грошы, тым ня менш я прымушаў іх браць грошы за авёс і сена, гаворачы, што маю на гэта строгі загад».
«Алфавітны сьпіс удзельнікаў паўстаньня 1831 г». па Гродзенскай губэрні, складзены сьледчай камісіяй, уключае прозьвішчы 474 чалавек. У ім паўстанцы з Мастоўшчыны: сяляне С. Дзяшко, Ф. Курпіньскі, Ф. Трусевіч; памешчыкі М. Матусевіч, браты Т. і Ф. Палубіньскія, Ф. Шабаньскі, Антоні Эйсымонт, князь Е. Сапега; шляхціцы Актавіян Эйсымонт і Мінучыц, а таксама 37 паўстанцаў з Ваўкавыскага павета. Бацька аднаго з апошніх уладальнікаў Луны Эдварда Матэуша Ромэра Эдвард Ян Ромэр (1806—1878) падчас паўстаньня 1830—1831 быў сябрам Віленскага цэнтральнага паўстанцкага камітэта. Падрабязьней аб гэтым у апавяданьні пра Ромэраў.
Дзеяньні акупацыйных уладаў пасьля разгому Лістападаўскага Паўстаньня
Пасьля расправы з паўстанцамі 1831 года былі разрабаваны маёнткі паўстанцаў, вывезены каштоўнасьці з музэяў і бібліятэк, канфіскаваныя землі, разам з сем'ямі раздаваліся расійскім памешчыкам і чыноўнікам, дробная беларуская шляхта пераводзілася ў прыгонных.
Але перад расіянамі паўстала пытаньне: што трэба зрабіць, каб пазьбегнуць паўтору такіх падзей. Дзеля адказу на гэта пры імпэратары Мікалаі І быў створаны дарадчы орган — спэцыяльны Камітэт па справах залежных губэрняў, які павінен быў распрацаваць прапановы і рэкамэндацыі ўраду па пераўтварэньні Беларусі ў расійскую адміністрацыйную адзінку (губэрню) на векі вечныя. Распрацаваны быў плян працы: па-першае — адабраць у беларусаў іх мову і гісторыю; па-другое — ліквідаваць беларускую царкву. Для выкананьня пляну ўжо ў 1832 годзе быў зачынены Віленскі ўнівэрсытэт, а ў 1834 г. пераведзена навучаньне ва ўсіх школах на расейскую мову. Каб настаўнікі вучылі па-расейску, у Віцебску заснавалі настаўніцкую сэмінарыю, а ў Полацку ў старадаўніх езуіцкіх мурах–кадэцкі корпус. Так была створана «кузьніца» расейскамоўных настаўнікаў і афіцэраў–манкуртаў, пазбаўленых роднай мовы і ведаў аб мінулым Радзімы.
У 1839 годзе была скасавана Берасьцейская Ўнія. Цяпер сьвятары вялі набажэнства па маскоўскіх службоўніках, на расейскай мове трэба было весьці ўсю справаздачу. Беларускія кнігі, службоўнікі, іконы тысячамі спальвалі на вогнішчах. За ўдзел у паўстаньні зьнішчаліся кляштары. Быў зьнішчаны цэлы старажытны другі па значэньні ў ВКЛ горад Брэст з старажытным замкам і 10 кляштарамі католікаў і ўніятаў, а на яго месцы пабудавана Брэсцкая крэпасьць.
З 1840 года па царскаму ўказу забаранялася назва «Беларусь» і ўводзілася назва «Северо-Западный край». Адмаўлялася дзеяньне Статута Вялікага Княства Літоўскага і ўводзілася расійскае заканадаўства. Губэрнатар і расійскі ўрад былі ўпэўнены, што зрабілі ўсё, каб беларусы зьніклі як народ.
Але супраціў расіянам не сьцішаў. Найбольшую актыўнасьць праяўлялі сяляне, становішча якіх было невыносным. Ва ўмовах расейскага прыгоннага права сапраўднай трагедыяй былі былі рэкруцкія наборы ў расейскую армію. Рэкрутаў набіралі прымусова і да 1834 г. яны служылі пажыцьцёва, з 1834–29 год, з 1855 па 1872 –12, 10 і 7 гадоў. Сяляне адказвалі на прыгнёт бунтамі.
На становішча ў краіне спрабавалі актыўна ўплываць уцекачы — эмігранты. Былі арганізаваны выправы патрыётаў для арганізацыі партызанскага руху. Першай была экспэдыцыя палкоўніка Ю. Заліўскага, ініцыятара Лістападаўскага паўстаньня і дзеяча Лялевелеўскага камітэта. Ужо ў другой палове 1832 года ўзяўся за арганізацыю экспэдыцыі на Радзіму. Землі Беларусі падзяляліся на акругі, кожная на два паветы, куды прыяжджалі камандзіры і 2—3 памочнікі. Акругу Гродзенскага і Лідзкага паветаў узначаліў Марцэлі Шыманскі, Слонімскага і Наваградзкага — Міхал Валовіч з Парэчча. Створаныя М. Валовічам і іншымі партызанскія атрады выклікалі вялікую трывогу захопнікаў. Былі арганізаваныя шматлікія аблавы. У вышуках прынялі ўдзел звыш 10 тыс. салдатаў толькі ў Гродзенскай губэрні. Партызаны і кіраўнікі былі арыштаваны. Іх звозілі ў Гродна, дзе трымалі ў астрозе, разьмешчаным у былым езуіцкім кляштары. 24 ліпеня 1833 года генэрал-губэрнатарам М. Дуўгарукавым быў зацьверджаны прысуд:
М. Валовіча–да павешаньня, 6 чалавек–да біцьця розгамі і высылкі на катаргу ў Сібір, 3-х чалавек–да біцьця розгамі скрозь строй у 500 салдат і ў арыштанцкія роты.
2 жніўня Міхал Валовіч пры вялікім натоўпе мясцовых жыхароў быў павешаны ля Скідальскай заставы. Ноччу яго патаемна пахавалі, каб «не было тайных молений при теле преступника». Чарговым эмісарам на Беларусі вясной 1835 г. быў Шыман Канарскі, удзельнік Лістападаўскага паўстаньня і экспэдыцыі Ю. Заліўскага. Сваёй мэтай ён ставіў падрыхтоўку народу да разуменьня закліку: «Айчына, Вольнасьць!» і яднаньня шляхты з народам. Але ў 1838 годзе Ш. Канарскі быў арыштаваны. Перад сьледзтвам прайшло 221 чалавек. 15 (27). 02. 1839 г. Шыман Канарскі быў расстраляны. Праз суд прайшло 150 чалавек. Нягледзячы на крывавы перасьлед хваляваньні і бунты працягваліся. Толькі да 1845 года адбылося 207 бунтаў. У 1847 г. у Гродна ўведзены ваенны стан. «Вясна» 1848 г. у Эўропе спрыяла росту супраціву.
У ліпеню 1833 г. Мікалай І быў вымушаны выдаць Указ, у якім прадпісвалася, што рабіць у выпадку мяцяжу, падобнага да 1831 г.: вінаватых дзяліць на 4 разрады і канфіскоўваць маёмасьць. Вінаватых 1 разраду судзіць ваенна-палявым судом (нават расстрэл), 2 разраду — ссылаць у Сібір, 3, 4 разраду — прысуды зацьвярджае галоўнакамандуючы. Прыняцьце такога Ўказу гаворыць аб становішчы на Беларусі. Указ ішоў паўторна ў 1848 г.
Падзеі ў краіне не маглі не закрануць і луненцаў. У сьледчых матэрыялах ёсьць запісы аб сялянах-удзельніках паўстаньня з недалёкіх ад Луна вёсак. «Біяграфіі» асобных сялян па выніках сьледзтва даюць магчымасьць уявіць іх месца ў паўстанцкіх атрадах і далейшы лёс. Так, селянін з маёнтка Радзівонавічы Гродзенскага павета Сьцяпан Дзяшко «знаходзіўся ў шайцы мяцежнікаў з ружжом», хутчэй за ўсё пад началам Ц. Пуслоўскага. Адбываў арышт у Гарадзенскім астрозе, пасьля быў адпраўлены ў Табольск для залічэньня ў Сыбірскія лінейныя батальёны. Адтуль зьбег на радзіму, выкарыстаўшы імя таварыша па службе, але быў схоплены і вернуты нанова. Фелікс Карпінскі з маёнтка Забалацьце Ваўкавыскага павета служыў лякеем у генэрала Д. Хлапоўскага, які прыйшоў у Беларусь на чале польскага войска. Захварэў і быў захоплены ў палон у Коўне. Сядзеў у Дынабургзкай крэпасьці, потым адпраўлены ў Гродна. У лютым 1833 г. дараваны і адпушчаны дадому. Да Хлапоўскага падаўся, тайна пакінуўшы памешчыка, Фёдар Цімафеевіч Трусевіч (Трушэвіч) з в. Ябланава таго ж павета. Там служыў дзеншчыком у паручніка Забельскага. Пасьля паразы пад Коўнам спрабаваў прабрацца ў Каралеўства Польскае, але быў злоўлены ў Кобрынскім павеце. Сьледзтва адбыў у Гродзенскім астрозе. У ліпеню 1832 г. атрымаў прабачэньне і вернуты пад расьпіску памешчыка наглядаць за яго паводзінамі.
Масавыя абурэньні
Пасьля разгрому паўстаньня ціск на беларушчыну ўзмацніўся шматкротна. 3 І839 г. забаронены казаньні ў цэрквах і касьцёлах на беларускай мове. З 1840 года па ўказу цара тэрмін «Літва» як і «літвін» сталі таксама забароненымі. Адказ беларусаў быў адпаведны. У І845 г. адбылося 207 бунтаў. Расія ўсё больш эканамічна і тэхнічна адставала ад многіх краінаў сьвету. Нарастала небясьпека пераросту сялянскага антыпрыгоньніцкага руху ў рэвалюцыю. Гэта прымусіла расейскага імпэратара Аляксандра ІІ 19 лютага 1861 г. падпісаць Маніфэст і «Палажэньне аб вызваленьні сялян ад прыгоннай залежнасьці», што карэнным чынам зьмяняла іх становішча. Але многія палажэньні Маніфэсту (часовыя абавязкі па захаваньню паншчыны і выплатай аброку, выкуп надзелаў, парушэньні памешчыкамі саміх Палажэньняў 19 лютага) выклікалі масавыя абурэньні. Калі ў 1860 г. на Беларусі адбылося каля 50 сялянскіх выступленьняў, то ў 1861г.–379, а ў 1861—63 гг. пік сялянскіх бунтаў дасягнуў 1100. Сярод бунтаўшчыкоў былі і сяляне Луненскай воласьці.
У І843 г. па Ўказу Ўрадавага Сэнату Луна, якое ў той час належала рымска-каталіцкай царкве, пераходзіць у казённае ведамства. Фальварак складаўся з 2 двароў у в. Луна і ў в. Пілкі.
25 верасьня 1859 г. Віленскі генэрал-губэрнатар зрабіў прадпісаньне гродзенскаму губэрнатару «Аб правядзеньні неадкладна найстражэйшага дасьледаваньня аб буянскім учынку сялян маёнтка Луна», бо сяляне адмовіліся ад згонаў–выхадаў на ўборку панскага ўраджаю ўсяго працаздольнага насельніцтва, пачынаючы з 12 гадоў. У воласьць былі накіраваны 57 паліцэйскіх. Але звыш 200 чалавек узброілася палкамі і перагарадзілі дарогу паліцэйскім.
У І859 г. на тэрыторыі, ахопленай Волпай, Росьсю і Луна, адбыўся «цьвярозы» рух. Сяляне на сходах прынялі пастановы ў царскіх кабаках віно і гарэлку не купляць. «У нас няма ні п’янства, ні распусты, ні крадзяжу. Хату хоць на цэлы дзень пакідай адчыненай — ніхто трэскі не возьме», — піша пра звычаі нашай мясцовасьці Эліза Ажэшка.
Для ўціхамірваньня сялян у ліпеню 1862 г. урад накіраваў роту салдат. Валасны старшыня загадаў забіраць у сялян прадукты харчаваньня, «рэзаць жывёлу». Супраціўленьне луненскіх сялян было зломленае.
Не прынялі ўстаноўчых грамат сяляне вёсак Шчарбавічы, Глядавічы, Стральцы, Жылічы, Камянчаны. У сялян былі адабраны добра ўгноеныя землі, а аддадзены непрыдатныя, на якіх нічога не радзіла. Аб гэтым напісалі скаргу Віленскаму генэрал-губэрнатару ў кастрычніку 1862 г. З-за непісьменнасьці сялян складаў скаргу і зрабіў подпісы за іх нейкі Антоній Багуслаўскі. Праз пяць дзён больш за 100 сялян скасілі частку панскага лугу. 19 кастрычніка 1862 г. ад Віленскага генэрал-губэрнатара Назімава прыходзіць «Адносіна» Гродзенскаму губэрнатару «…аб сходзе сялян Луненскай воласьці Гродзенскага павета аб павялічэньні паншчыны, прысваеньні іх грошай і распрадажы маёмасьці беднякоў памешчыкам». У «Адносіне» распавядаецца на што скардзяцца сяляне « сельских обществ Луненской вол»., што міравы пасрэднік аб’явіў аб адмене згонаў, а летам прымушаў адбываць згонныя павіннасьці звыш вызначанай паншчыны, і штрафуе за невыхады. Што ў 1830 г. зярно з сельскага запаснога магазына (склад для семяннога зерня сялян) было забранае на харчаваньне войска, а грошы 2000 р. забраў памешчык сабе, і хлебны запас папоўнены недастаткова. Скарб 23 сялянскіх гаспадарак распраданы за нядоімкі, бо па прычыне дрэннага ўраджаю і падзяжу ската гэтыя сяляне не змаглі і не адпрацавалі на памешчыка. Толькі ў 1858 годзе ў сялян адабрана 500 дзесяцін зямлі, а эканомія павялічыла грашовыя плацяжы на 1 руб. 46 кап. з двара. Таксама на 1 дзень павялічана баршчына і склала 5 дзён на тыдзень замест чатырох.
Скаргі на гэта міравому пасрэдніку і земскаму спраўніку не далі ніякіх вынікаў і таму сяляне хадайнічаюць аб утварэньні сьледчай камісіі для справядлівага разгляду іх скаргаў. У дакумэнце адзначаецца, што і раней у некаторых вёсках Луненскай воласьці адбываліся беспарадкі з нагоды патрабаваньняў памешчыкаў, якія не адпавядалі Ўстаўным граматам.
Якія былі наступствы скаргі сялян і адносіны Віленскага генэрал-губэрнатара сьведчыць «Рапарт Гродзенскага земскага спраўніка Гродзенскаму губэрнатару аб прымяненьні ваеннай сілы пры ўвядзеньні Ўстаўной граматы ў Луненскай воласьці» ад 25 сьнежня 1862 г « (…) То, чтобы восстановить порядок и повиновение, тем более во избежание распространения подобных беспорядков и в других местах, я отнёсся к Командиру 3-го батальона Калужского пехотного Его Величества короля прусского полка, дабы в виде экзекуции послать в деревни Каменчаны, Стрельцы, Жиличи, Шкробовичи и Глядовичи на каждый двор (которых всего 150) по два человека и сьверх того устроил в местечко Лунно особый караул из 60 человек, для арестования или же в случае надобности наказания более виноватых и упорных крестьян и на счёт размещения низших чинов при приличном содержании я назначил ежедневного экзекутного платежа по 5-ти копеек на человека и за переход по 1 1/2 копейке на версту и требовал чтобы те же постояльцы непременно тот час доставили ко мне в Лунну каждый своего хозяина и таковыми они всё были собрать, то я сделал им при мировом посреднике соответствующее внушение, заставил быть спокойными и выслушать Уставную Грамоту, а когда это кончилось с желаемым успехом я крестьянам возобновил приказание, чтобы руководствовались и повинности исполняли по Грамоте, а нижних чинов для 11 роты удовлетворить следуемыми деньгами, в чём малейшего сопротивления со стороны крестьян я уже не встретил, а как по местному дознанию моему оказалось: что к означенному неповиновению более всего виновен крестьянин деревни Каменчаны Иван Олизар, который чувствуя свою вину, до прихода моего скрылся, то я предписал приставу Бугардту за возвратом Олизара доставить его за караулом ко мне в Гродно для воздержания его от подобных поступков».
Сяляне яшчэ паспрабавалі паскардзіцца самаму імпэратару Аляксандру ІІ. Але скарга ў Пецярбург не дайшла, а асела ў канцылярыі самага Гродзенскага губэрнатара Івана Галера.
Студзеньскае Вызвольнае Паўстаньне
«Паўстаньне тут было больш зацятае, упартае, чым у Каралеўстве. Наймужнейшыя, найшляхетнейшыя, найгарачэй мілуючыя загінулі ад кулі, ад ссылкі, ад эміграцыі».
Эліза Ажэшка
Беларускія, польскія і літоўскія патрыёты рашылі выкарыстаць сытуацыю, каб вызваліцца ад акупантаў. У канцы 1850-х гг. і пачатку 1860-х на Беларусі, у Польшчы і Літве ўзьніклі канспіратыўныя арганізацыі, а з восені 1861 г. падрыхтоўку паўстаньня ачоліў Камітэт у Вільні. Генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў называе нашу краіну «самой мяцежной колонией России».
3 верасьня 1861 года Гродна і губэрня абвешчаны на ваенным становішчы (зьнятае 28 кастрычніка 1862 г. і зноў абвешчана 26 студзеня 1863 г.). Яшчэ ў сакавіку 1861 г. з бацькаўскай Якушоўкі з мэтай стварэньня кансьпіратыўнай вызвольнай арганізацыі ў Гародню накіраваўся Кастусь Каліноўскі. Сярод іншых у Гарадзенскую арганізацыю ўвайшлі Валеры Ўрублеўскі, Эразм Заблоцкі, Ян Заржыцкі і Ян Ваньковіч. З ліпеня 1862 года пачынае выпускацца Кастусём Каліноўскім «Мужыцкая праўда» — першая рэвалюцыйна-дэмакратычная газэта ў Беларусі.
«У нас, дзецюкі, адно вучаць у школах, каб ты знаў чытаці па-маскоўску, а то для таго, каб цябе саўсім перарабіці на маскаля… — зьвярталася газета да простага люду. — За тое, што мы цару 25 лет на войнах служым без людскай стравы і адзежы, мала таго, што не дае шляхецтва, но, сабача юха, не дае нават куска зямлі, каб, хаця цяжка гаруючы, дабіціся да спакойнай смерці… А што грэху набярэшся перад Богам, спрыяючы маскалю, таго ніколі Бог не даруе. Ідзе француз даваці вольнасьць мужыкам, бунтуюцца местачковыя да і маладзёж за сваю і нашу вольнасьць і веру, а мы-то даем рэкрута, і нашымі грудзямі цар маскоўскі застаўляецца, і нашымі рукамі ўсмірае бунты… Ён-то, перакупіўшы многа папоў… плаціў грошы, каб толькі пераходзілі на праваслаўе, і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую ўніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі, а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці, а Бог справядлівы не меў зьлітаваньня над намі».
«Падумайце добра да, памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за нашу вольнасьць! Нас цар ніц не падмане — не падвядуць маскалі: няма для іх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба, для іх мы глухія і нямыя — нічога не бачылі і не чулі. А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшаць з віламі ды з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды, а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сьцерагчы будзем да ўведамляць, адкуль на іх сягне нячыстая маскоўская сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. А будзе ў нас вольнасьць, якой не было нашым дзядам ды бацькам», — заклікае Кастусь Каліноўскі ў «Мужыцкай праўдзе».
Шырокую дзейнасьць разгарнуў Кастусь Каліноўскі на Гарадзеншчыне. Валеры Ўрублеўскі стаў ваенным начальнікам Гродзенскага ваяводзтва, будучы генэрал Парыскай камуны. У губэрні паўстанцы ўтварылі акругі, адпавядаючыя 5-ці станам. Цывільным кіраўніком Гродзенскага павету быў прызначаны Ян Каменьскі ўладальнік Мінявіч з Луненскай воласьці. Ян Каменьскі заслугоўвае таго, каб аб ім і яго лёсе было расказана падрабязьней, што будзе зроблена ў аддзельным апавяданьні пазьней.
Унук паўстанца Язэпа Шамета з в. Дубраўляны (апошні час жыў у Седзянеўцах) успамінаў, што яго дзед быў сувязным паўстанцкіх атрадаў, што ў нашай мясцовасьці дзейнічала каля трох тысяч паўстанцаў, узброеных драбавікамі, шаблямі, пікамі ды косамі. Пасьля паразы каля Кнышава Язэп Шамет вывез з поля бою параненага паўстанца Жалезьнякоўскага з в. Хамічы, а самому ўдалося пазьбегнуць палону. Мясцовыя сяляне вялікай актыўнасьці ў паўстаньні не праявілі, але калі паўстанца агітатара з в. Камянчаны Івана Алізара арыштавалі, то 30 сялян зьяўіліся ў Луненскае валасное праўленьне, зьбілі старшыню Малашку і вывезьлі ў невядомым накірунку. Але на самой справе «Малашка (Małaszko) Ян, с. Шымона, войт Лунна, быў арыштаваны ў першыя дні сакавіка 1866 г. [? памылка — 1863] за захаванне паўстанчай літаратуры. У той час меў 45 гадоў», гэта значыць — быў паўстанцам.
Невядома, якую пазыцыю ў адносінах да паўстаньня занялі гаспадары маёнтка Луна, але ён не быў абкладзены часовым зборам з маёнткаў памешчыкаў польскага паходжаньня на ўтрыманьне сельскіх каравулаў у пэрыяд з 1 кастрычніка 1863 г. да 1 мая 1864 г. Сельскі каравул у Луна складаўся з дзяржаўных сялян Ваўпянскага і Дубнаўскага вясковых грамадзтваў, якія забясьпечваліся хлебам з запасных абшчынных магазынаў, а грашовыя сродкі выдзяляліся з харчовага і мірскага капіталаў.
22 ліпеня 1863 года Гродзенскі губэрнатар Уладзімір Бобрынскі па прапанове Віленскага генэрал — губэрнатара Міхаіла Мураўёва распараджаецца «о строжайшем запрещении женщинам носить траур, а мужчинам польские национальные костюмы или же другие революционные знаки». Аб'ява аб гэтым была надрукавана ў «Гродненских губернских ведомостях» і аддзельнымі публікацыямі.
У І864 г. Паўстаньне было задушана, а Кастусь Каліноўскі 22.03. І864 г. павешаны на Лукіскім пляцы ў Вільні і тайна пахаваны, каб і магілы яго не было. У «Лісьце з-пад шыбеніцы» ён пісаў для свайго народу: «…Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду… Няма ш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжо не будзе.
Твой слуга
Яська-гаспадар з-пад Вільні».
Варта сказаць пра жанчын, якія актыўна, ці ўскосна ўдзельнічалі ў змаганьні, душой і сэрцам падтрымалі яго высокія ідэі.
Пад наглядам паліцыі па Гродзенскай губэрні за спачуваньне Паўстаньню і ўдзел у ім знаходзілася 64 кабеты. Многія жанчыны паехалі ў Сыбір за сваімі мужамі. Некаторыя несьлі гэты крыж разам са сваімі дзецьмі: Канстанцыя Сядлецкая і дачка Сафія, Владычанская Яна з дачкой Вікторыяй, Малевічова Людвіка з дачкою Аляксандраю Лявонія Каменьская з дачкой Марыяй і сынком, які памёр у Сыбіры…
У 1863 г. у Гродзенскую турму былі кінуты 638 чалавек, з іх — 36 жанчын. Найчасьцей — шляхецкага паходжаньня і высокага сацыяльнага статусу: жонка «предводителя дворянства Гродненского уезда» Севярына Ромэра — Тэадора, сёстры Людвіка і Крыстына Нарбуты і інш.
Аб вялікай самаахвярнасьці жанчын і нялюдзкасьці, дзікай жорсткасьці царскай жандармэрыі сьведчыць і тое, што ў турму кінулі жанчын разам з дзецьмі: Казіміра Высоцкая і трое маленькіх дзяцей — Казімір, Мар'яна, Станіслава; Канстанцыя Высоцкая і дочкі Аўгусціна і Тэрэза; Антановіч Канстанцыя з дачкою Юліяй і 4-х гадовым сынам Казімірам і інш.
Ссылалі жанчын і за непасрэдны ўдзел у Паўстаньні: Караліна Станішэўская ў Цвер за збор ахвяраваньняў і перадачы ежы паўстанцам, Багдановіч Эвеліна ў Кастраму — за збор ахвяраваньняў для сем'яў паўстанцаў і шмат інш.
Пратэст жанчын працягваўся і пасьля падаўленьня паўстаньня, набываў цікавыя формы. Кабеты масава пачалі апранаць жалобнае адзеньне з сымбалічнымі знакамі — чорная доўгая сукенка, абшытая чырвонай і блакітнай стужкай, чорны капялюш, на якім знаходзілася спражка герба Паўстаньня. Найбольш распаўсюджана гэтая зьява была ў Віленскай і Гродзенскай губэрнях.
Пратэст жанчын набыў такі масавы характар, што царскі ўрад быў вымушаны прыняць самыя жорсткія меры і інструкцыі: «Принять меры к прекращению преступных манифистаций, воспретить носить траур и другие мятежницкие знаки… начали эти беспорядки в здешнем крае женщины…».
Ад тых часоў каля в. Мінявічы засталася магіла-курган 40 паўстанцам.
Штогод патрыёты ўшаноўваюць памяць паўстанцаў. На што ўлады адказваюць затрыманьнямі, арыштамі і штрафамі.
Ян Каменьскі-паўстанец
Загінем, — добра, але гэты наш крык, крывёю і сьлязьмі сплываючы, застанецца ў паветры, і тым, што пасьля нас прыйдуць, памерці не дасьць, і сонных зрываць будзе з пуховых пасьцеляў, і стане сном чорным і сном залатым народу, і лупцуючым яго да вечнай барацьбы пугай, а тады толькі адгучыць, калі пераможа-ідэя. Эліза Ажэшка «Gloria victis» — «Слава пераможаным»
Цывільны начальнік Гродзенскага павету
У кастрычніку 1862 г. кіраўніком Літоўскага правінцыяльнага камітэту стаў Кастусь Каліноўскі. У канцы сакавіка 1863 г. ён зноў прыяжджае ў Гародню з усімі паўнамоцтвам, і як рэвалюцыйны камісар ваяводзтва.
«Дзяцюкі, — зьвяртаецца К. Каліноўскі да сялян — Жывучы пад рондам маскоўскім, кожны ведае, што ён нас абдзірае і глуміць, но мала хто добра падумаў, чы можна ад яго спадзяваціся чаго-лень для нас альбо для дзяцей нашых?» І ў канцы пісьма: «Так з гэтага пісьма і відна: што няма чаго ждаці ад нікога, бо той толькі жне, хто пасее. Дык сейце ж, Дзяцюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою, не шкадуйце працы — каб і мужык быў чалавекам вольным, як е на цалюткім сьвеце. Бог нам дапаможа!!!
Яська-гаспадар з-пад Вільні.
Каштуе грошы 5».
Кастусь Каліноўскі і Валеры Урублеўскі ствараюць рэвалюцыйны камітэт партыі «чырвоных», аб’ядноўваюць пяць паветаў. Сябрамі камітэта сталі Баляслаў Заблоцкі, Аляксандар Гінтаўт, Ян Ваньковіч, Станіслаў Сонгін, Ян Казлоўскі, Фелікс Ражанскі, Ян Заржыцкі. Камісію апекі ў складзе жаночага камітэта ачольвае Эліза Ажэшка. Гродзенская губэрня дзеліцца на два ваяводзтва — Гродзенскае і Берасьцейская.
Цывільным начальнікам Гродзенскага павету быў прызначаны Ян Каменьскі ўладальнік Мінявіч з Луненскай воласьці.
Ян Каменьскі названы Эліза Ажэшка «рыцарам з брыльянтавай душой» паслужыў ёй прататыпам Андрэя Карчыньскага ў рамане «Над Нёмнам», а маёнтак Мінявічы названы ў рамане Карчынам, у 1862 г. зьвярнуўся да люду: «Маці Бацькаўшчына прыгавораная да сьмерці, як жа дзецям яе не плакаць… Павер у Міласэрдзе Божае, большае за грахі народу, малю братоў сваіх у поўным зьяднаньні выйсьці на адно поле, поле бітвы, са штандарам са знакам Арла і Пагоні і Міхала Анёла, да адной мэты, якой ёсьць вызваленьне Бацькаўшчыны».
Вядома пра Яна Каменьскага, што ён нарадзіўся 16 сьнежня 1827 г. у фальварку Камянец пад Заблудавым.
Верагодна, дзед Яна Каменьскага — Міхал Ігнат Каменьскі (нарадзіўся ў 1758 годзе ў Ленчыцы, памёр у 1815 годзе ў Раскошы) — дывізіённы генэрал Варшаўскага княства.
Пасьля заканчэньня кадэцкага корпусу ў 1770—1776 паступіў 1 верасьня 1777 у 5 полк франтавой гвардыі кароннай у званьні прапаршчыка. Пасьля праходжаньня ніжніх афіцэрскіх чыноў ён атрымаў званьне ў маёра ў 1789. У 1790 стаў падпалкоўнікам. У 1792 годзе ваяваў супраць расейскай інтэрвэнцыі. Ён вызначыўся пад Вішняполем, атрымаў у 1793 годзе званьне палкоўніка 5 палка франтавой гвардыі і стаў кавалерам Крыжа Ордэна Віртуці Мілітары. 10 красавіка 1794 года пасьля ўзнагароджаньня ў баі пад Шчэкацінамі авансаваў у генэрал-маёры. Пад Мацеевіцамі трапіў у расейскі палон. Узнагароджаны Залатым пярсьцёнкам Радзіма Абаронцы Свайму №20. У 1795 дзякуючы намаганьням калегаў ён здабыў свабоду і абгрунтаваўся на ралі. У 1808 годзе служыў у Генэральным штабе Арміі Варшаўскага Княства. У 1809 годзе ваяваў пад Рашынам, за Замосьце, з генэралам А. Ражнецкім, заняў Львоў і арганізоўваў там Часовы ўрад. Паддаўся на выхад у поле расейцам, якія як «саюзьнікі» выціснулі яго з Малапольшчы Ўсходняй. У адсутнасьць сіл для абароны вёў з імі партызанскую вайну. У 1810 ваенны камэндант Сядлецкага дэпартамэнту. Удзельнічаў у Напалеонаўскай кампаніі 1812 года, камандаваў коннай дывізіяй V Польскага корпуса Вялікай Арміі. Як камандуючы франтавой аховай Вялікай Арміі пацярпеў паразу пры Раманаве. Камэндант Смаленска. Цяжка паранены падчас баявых дзеяньняў у абароне маршала Оўдзінота трапіў у палон. Вярнуўся з Расеі ў 1814 г. у Сядлецкі дэпартамэнт, бо тут у 1814—1815 гадах арандаваў фальварак Літоўнікі. Памёр 31 сьнежня 1815 года (1 студзеня 1816 года) у Раскошы блізу Бялай, пахаваны пры касьцёле Сьвятой Ганны ў Бяла-Падляскай.
Бацька Яна Юзаф Каменьскі (нарадзіўся ў 1789, памёр 5.1842) сын Міхала Ігнація ў 1806 годзе, як кадэт паступіў у 2-й Полк Кавалерыі Варшаўскага Княства, у 1807 г. стаў падпаручнікам Француска — польскай гвардыі, а ў 1808 г. лейтэнантам. Адбыў кампанію супраць Прусіі 1807 г. У 1808 годзе быў удзельнікам баёў у Гішпаніі, а ў 1812 годзе выступіў з Напалеонам на Маскву. У 1809 г. узнагароджаны Кавалерскім крыжам Ганаровага легіёна, у 1820 г. — ордэнам Сьв. Ганны II клясу. У 1812 годзе ён быў ужо падпалкоўнікам 19 Палку Уланаў Літоўскіх, у 1825 годзе — камандзір 4-га Коннага стралковага палку, а ў 1831 г. — брыгадным генэралам. Маршалак Гродзенскага палку, паўстанец лістападавы — брыгадны генэрал, прыгожы бляндын і яго велікавокая прыгажуня жонка Разалія Мразоўская –бацькі Яна Каменьскага — паўстанца — абодва ляжаць у Луне каля касьцёла.
Пасьля заканчэньня вядомай гімназіі ў Сьвіслачы і атрымаўшы дадатковую навуку ў Маскве, Ян Каменьскі загаспадарыў уласнасьць у Мінявічах, якая належала яго роду з ХVІІ ст. Двор у Мінявічах стаў месцам кантактаў, складам і кузьняй зброі для паўстанцаў.
Эліза Ажэшка так апісвае паўстанцаў, з каторымі мела непасрэдны кантакт у Кобрынскім павеце: «Мноства постацей і твараў, вялікая разнастайнасьць іх афарбоўкі і выразу. Ёсьць тут сыны дамоў заможных, дзеці дастатку і элеганцыі, з нясьцёртай плямай іх у рухах і адзеньні. Ёсьць маладыя вучоныя, дзеці думкі і ведаў, з не пазбытым іх сьвятлом на чолах і ў вачах. Ёсьць усе амаль лясьнічыя з плячамі шырокімі, позіркамі крыху панурымі, але хуткімі, для пранікненьня скрозь гушчы і змрокі прыстасаванымі. Ёсьць уся моладзь двароў дробнашляхецкіх, шпаркая, сьмелая, з усьмехамі, лёгкімі размашыстымі рухамі. І ёсьць яшчэ некалькі постацяў кволых, найменш выразных, прыдатныя быць ценямі, каторыя ідуць за тымі. Гэтых з мястэчак, дзе-нідзе з вёсак халопскіх, якіхсьці можа дарог памылковых і нешчасьлівых прывялі сюды заклікі, каторыя сонныя душы страсянулі, надзеі будучыні лепшай, каторыя шаром сплылі на злую сучаснасьць».
Гарачы абаронца народнай справы Ян Каменьскі братаўся з засьцянковай (дробнай) шляхтай і быў у добрых адносінах з сялянамі ў сваіх уладаньнях. Але менавіта адзін з халопаў, нейкі Глэмбоцкі, злакоміўся на юдзіны срэбранікі і данёс царскім жандарам, што ў Мінявіцкім двары хаваюць зброю ды адліваюць кулі. Быў арыштаваны 12.VI. 1863 г. (Віленскі генэрал-губэрнатар Мураўёў-вешальнік выдаў загад аб узнагародзе за кожнага выдадзенага паўстанца.)
Сьмяротны прысуд
Рота жандараў расейскіх спаліла дом.
Ян Каменьскі «посредник для дел владельцев» нёс службу, як абраная асоба. Віленскі генэрал-губэрнатар Мураўёў-вешальнік выкарыстаў дадзеныя яму царом надзвычайныя правы адносна дзяржаўных службоўцаў і выдаў Яну Каменьскаму сьмяротны прысуд, якога ня меў права рабіць для чыноўнікаў цывільнай службы.
«Бацька, прысуджаны да расстрэлу, стаяў ужо прывязаны да слупа, чакаючы на экзэкуцыю, калі ў астатнюю хвіліну надышоў царскі маніфэст, каб што дзясятага асуджанага (была гэта экзэкуцыя вялікай колькасьці паўстанцаў) ад кары сьмерці вызваліць, а выслаць у Сібір на пажыцьцёвую катаргу. Бацька быў тым дзясятым» — пераказвае ўспаміны дачкі Яна Каменьскага Марыі яе дачка ўнучка Яна.
«Бачыла напад пераможцаў, расьпіхваючых усіх ва ўсіх месцах, таптаўшых усё, што было нашым: на рэшткі людзей, застаўшыхся на зямлі, на мову, рэлігію, звычаі.
(…) Ня толькі не перабольшваю, але на чвэрць не магу заключыць тысячнага зьместу той трагедыі, каторая полымем і мячом ударыла ў мае дваццацігадовыя вочы і сэрца» — пісала ў пісьмах Эліза Ажэшка.
Быў тады Ян Каменьскі мужам і бацькам. З Лявоніяй Станіславай з Судзінаў меў дзьве маленькія дачкі: 8-гадовую Янку і 6-гадовую Станіславу. З цяжкім сумам пакідаў Мінявічы, застаўляючы, па іх канфіскацыі, сям’ю на волю лёсу.
«Чалавек гэты, такім, якім быў у маладосьці, паслужыў мне як вобраз Андрэя Карчыньскага з той розьніцай, што той загінуў, а гэты многа гадоў на катарзе, а затым, там дзесьці ў стэпе», — пісала Эліза Ажэшка.
Аб далейшым лёсе Яна захаваў зьвесткі яго ўнук Станіслаў Дмахоўскі, які жыве ў Варшаве, сын наймалодшай дачкі Яна і Лявоніі Каменьскіх, Марыі. Яна прыйшла на сьвет у Омску, і потым многа расказала сыну аб сыбірскім жыцьці дзеда. Захавалася шмат розных лістоў і фатаграфій. На адной з іх на адваротным баку надрукавана: «Фотография при С-Петербургской тюремной крепости». Значыць праз Пецярбург везьлі ссыльных у Сібір. Ян Каменьскі–кропля ў пятай самай крывавай хвалі рэпрэсій 1863–64 гадоў. Яна ўражвае сваімі маштабамі–128 чалавек былі пакараны сьмерцю, 12 483 адпраўлены на катаргу і пасяленьне ў Сібір, арыштанцкія роты.
Дарога была доўгай. «Адпачывалі ў этапавых турмах у цеснаце, духаце і гразі. Слабыя паміралі ад тыфу ці ад страты сіл, а выжыўшыя былі этапаваныя далей аж да Омска. Сьнежныя завеі і бураны затруднялі рух. Трэба было цягнуцца па глыбокім па калена сьнезе, ледзьве выцягваючы з гурбаноў закутыя ў кайданы ногі.
Кайданы! Колькім беларусам дастаўся такі падарунак ад расейскіх братоў! Насілі іх над халявамі абутку, прымацаваныя рамянём да пояса. Невідочныя для вока, пры кожным руху выдавалі востры, хоць ціхі, звон. Трэба было купіць за свае грошы спэцыяльныя скураныя падкладкі, бо без іх жалезныя абручы да крыві ранілі ногі. Канструктары кайданаў добра папрацавалі. Кайданы давалі магчымасьць працаваць, таму іх ніколі не здымалі.
Захаваліся фатаграфіі Яна Каменьскага ў вопратцы ссыльнага. Высланы ў Старлітамак, Арэнбургзкай губэрні.
Ян Каменьскі прыйшоў да высновы, што толькі праца, хоць самая цяжкая, адзіны спосаб выжыць. Бо ўмовы жыцьця ў Омскай цьвердзі вялі да згубы здароўя. Таму накіраваньне на цяжкую працу ў саляварню было сустрэта з задавальненьнем. Ранкам усіх, хто працаваў выстройвалі перад кардэгардай на дзядзінцу турмы. Там «кандуктар» дзяліў катаржан на партыі і разьмяркоўваў на розныя работы. І гэта былі найлепшыя хвіліны дня.
Калі цямнела і канваір зачыняў на засаўку цяжкія дзьверы камэры, калі было ўжо вядома, што ніхто з «начальства» не прыйдзе, камэра пачынала жыць сваім жыцьцём. Вязьні запальвалі свае сьвечкі і кожны пачынаў займацца сваёй справай: латалі адзеньне, плялі кошыкі на продаж, ігралі ў карты.
Паўстанцы ўспаміналі родных, сяброў, Радзіму.
Сярод фатаграфій, якія зьберагае ўнучка Яна ёсьць адна з пабляклым лесам крыжоў. На другім баку дата 4 чэрвеня 1865 г. Тлумачэньне: «Пагост ссыльных у Кунгуры Пермскай губэрні» і два вершаваныя радкі:
1864 год гэты ясна выкажа іх думкі і жарсьці.
Таму ўдзячнасьць Ім братняя, хвала Іх памяці.
Так пражыў Ян Каменьскі цэлыя 7 гадоў. У 1871 годзе кайданы з яго былі зьнятыя і праца катаржніка зьменена на «пасяленьне». Мог цяпер жыць пад Омскам, дазволены быў прыезд сям’і.
«Кіргіскі кароль»
Скора Лявонія з Судзінаў Каменьская, далікатны профіль з цяжкім вузлом валасоў на фота, зробленым перад выездам, з 13-гадовай дачкой Стасяй прыехала ў 1872 г. да мужа. Старэйшая дачка Яна засталася ў Варшаве, каб не перарываць вучобу.
Яе лёс быў больш ласкавы, ніж гераіні Андрэевай Карчыньскай. Былі разам. Спрабавалі будаваць жыцьцё аднова. Каменьскі — як бараніў сваіх сяльчан у Мінявічах–цяпер у Омску станавіўся на абарону падманваемых праз расейскіх жулікаў кіргізаў.
Тут у Сыбіры ў сьнежні 1877 г. нарадзілася дачка Марыя, пазьней Андрэева Дмахоўская. Дзякуючы пазьнейшым запісам Марыі, засталіся ўспаміны аб жыцьці сярод кіргіскіх стэпаў. А яшчэ быў сын, але гэта дзіцё было заслабое, каб перажыць марозную сыбірскую зіму. Марыя перажыла некалькі такіх зімаў. Помніла аулы ў кіргіскіх стэпах з некалькіх кібітак і юрт ці палатак з шэрага лямцу. Цёмнарудыя кіргіскія дзеці да 7 гадоў амаль голыя шукалі цяпла ў попеле вогнішча. Вогнішча гарэла ўвесь час на плоскім камяні, разьмешчаным пасярод юрты, напаўняючы яе едкім дымам, нягледзячы на дзірку ў даху.
Помніла старога Кіргіза, аб якім гаварылі, што ён сьвяты, бо зьдзіўляў ня толькі ссыльных паўстанцаў, але і ўсё племя тым, што спаў голы на сьнезе ў любы мароз.
Ян Каменьскі распавядаў аб кіргізах, што былі шчырыя, удзячныя і ўчцівыя. Калі кіргіз знаходзіў у стэпе сярэбраную падкову, то не падымаў яе гаворачы: «Няхай яе забярэ той, хто згубіў». Займаліся паляваньнем, земляробствам, пасьвілі жывёлу і бессаромна эксплуатаваліся царскімі чыноўнікамі і купцамі. «Чыноўнікам» павінны былі плаціць «ясак» — даніну, а купцы з Омска, прывозячы да аулаў соль і другія тавары першай патрэбы, выкарыстоўвалі прастадушша сваіх вузкавокіх кліентаў і абманвалі іх неміласэрна. Таму кіргізы былі глыбока ўдзячны Яну Каменьскаму, які бараніў іх, таргаваўся, лічыў і спрачаўся з неўчцівымі купцамі.
Малая Маня бачыла, як гасьцінна віталі бацьку ва ўбогіх юртах, садзілі ля вогнішча на лямцавым дыване і частавалі кумысам, які налівалі са скураной торбы ў драўляныя кубкі, як частавалі варанай без солі канінай, якую даставалі з катла рукамі. Гаспадар юрты разрываў мяса на кавалкі і падаваў гасьцям адразу ў рот. Трэба было мець многа добрай волі, каб прыняць такі, выплываючы з глыбіні сэрца, пачастунак. Помніла ўжо іншыя сцэны з вуліц Омска. «Калі кіргіз прыяжджаў у горад, а падыходзіў час малітвы, то злазіў з каня, расьсьцілаў пасярод вуліцы свой лямец і сядаў на яго для выкананьня малітвы з падкручанымі пад сябе нагамі. Тым часам расейскія хлопцы, а, нават, і дарослыя штурхалі яго, цягнулі за лямец, сьмяючыся, каб пакаціць кіргіза. Калі на такую сцэну трапляў Каменьскі, то разганяў «жартаўнікоў», заслугоўваючы ўсё большую павагу кіргізаў. Расейскія чыноўнікі незадаволена ўспрымалі папулярнасьць паўстанца і іранічна называлі яго «кіргіскім каралём», але перашкодаў яму не чынілі.
Праз некалькі гадоў Ян Каменьскі атрымаў дазвол на жыцьцё ў самым Омску. Быў гэта ў тыя часы адзін з буйнейшых гарадоў Сыбіры, дзе разьмяшчалася рэзыдэнцыя генэрал-губэрнатара Заходняй Сыбіры. Але дамы ў Омску былі ўсе драўляныя, а вуліцы без бруку. Не было кнігарні, бібліятэкі, нават газэты, яшчэ не было чыгункі, якая б злучала Омск з эўрапейскай часткаю Расеі.
«Кіргіскі кароль» стаў працаваць у краме, якая належала паляку Паўлоўскаму, таксама ссыльнаму. Калі Паўлоўскі атрымаў дазвол на вяртаньне на Радзіму, Ян Каменьскі адкупіў краму, вёў справу разам з жонкай і старэйшай дачкой аж да таго часу, калі пасьля 20 гадоў ссылкі, дзякуючы Маніфэсту цара Аляксандра ІІІ, змог вярнуцца на Радзіму, сардэчна разьвітваючыся з кіргіскімі прыяцелямі. Захаваліся аб’явы аб продажы тавараў «складу Варнаўскага» у Омску. Прадавалася абсталяваньне крамы, вазы і коні, а нават партыя францускіх він. Аб’ява ад 14 лістапада 1886 г. Але толькі 14 ліпеня 1887 г. падарожнікі прыбылі ў Гродна.
Вяртаньне на Радзіму
Падарожжа было цяжкім і доўгім. З Омска вырушылі суднам, праз Уральскія горы перапраўляліся на конях, потым зноў на караблі да Ніжняга Ноўгарада. Адтуль чыгункай да Масквы і далей ужо да роднага краю. Эліза Ажэшка радасна вітала вяртаньне «кіргіскага караля» да Мінявіч.
«Гурточак наш пабольшваецца праз пасяленьне панства Каменьскіх, якія ўжо ад арэнды свае землі атрымалі і стала на ёй пасяляюцца», — пісала ў пісьме да Карловіча.
Ян Каменьскі адваяваў частку канфіскаванай маёмасьці для двух дачок, народжаных перад паўстаньнем.
«А зямля! Божа! (…) Я кожную расьліну, кожную кроплю вады, кожны яе камень любіў», — гаворыць яго словы герой рамана «Над Нёмнам». Калі ў 1888 г. — перадапошняе лета ў Менявічах–прыехала спадарыня Эліза Ажэшка над Нёман, астанавілася «100 крокаў» ад дому Каменьскіх «што нам спраўляе вялікую прыемнасьць, бо ёсьць высакародныя, мілыя і шчыра з намі пасябраваныя, засмуткавала, бачачы, як далёка жыцьцё зноў паўтарыла дзеі яе рамана, як Каменьскі, так як Бенекдыкт, з цяжарам ратаваў менавіта «Корчын». «Ён па дваццаці колькі гадох выгнаньня першы год на сваім кавалку зямлі гаспадарыць, але што скажу? Адразу паразу неўраджаю мець будзе, бо на палях ад вялікай сушы ўсё жаўцее і чарнее. Так вось лёсы спрыяюць сваім абранцам». 8 гадоў бітвы былі яшчэ перад Янам Каменьскім.
Вясною 1896 г. ужо горка пісала Эліза Ажэшка: «Мы ў гэтыя дні глыбока засмучаныя цяжкаю хваробаю многагадовага сябра нашага і многазаслужанага патрыёта спадара Яна Каменьскага. Яшчэ жыве, але на думцы лекара, не толькі дні, але гадзіны яго палічаны. Меншае нас тут меншае, а нашчадкі — на жаль — пад Волгай і Амурам».
Памёр 31 сакавіка. «…Знаходзімся пад смутным цёмным уражаньнем сьмерці Яна Каменьскага. Амаль не хочацца верыць, што яго больш не ўбачым.
Знаходзяцца ў нас дзьве яго дачкі, улюбёнае бядацтва ў жалобе, сплаканае і прыгнечанае».
А ў пісьме да свайго прыяцеля Леапольда Мэыэта пані Эліза пісала: «Уладальнік Мінявіч пан Ян Каменьскі разам з жонкай і дочкамі гэтым летам з Сыбіры вярнуўся. Знала гэтых людзей ад найраньнейшай маладосьці, з радасьцю іх сустрэла, але сапраўдную раскошу спраўляе багаты вобраз гэтага дзельнага і ўчцівага чалавека, праўдзівага мучаніка ідэі і любові, вітаючага па дваццаці некалькілетняй адсутнасьці роднае месца, адпачываючага ад кайданаў і падзямельляў катаржніка, ад лягчэйшых, але таксама цяжкіх пакутаў пасяленца, роднае паветра, родныя гукі і выгляды.
Быў гэта ў часах рэвалюцыйных адзін з найгарачшых і найуплывовых паплечнікаў справы люду на Літве, таму халопы віталі яго грамадою з узрушаючымі да глыбіні праявамі памяці і ўдзячнасьці».
«У глыбіні, над цёмнай калянадай пераплеценых гольлем елак, ахінуты іхнім ценем, узвышаўся невялікі пагорак, даўгаваты і з такімі схіламі, падобны не то на вал, не то на курган, відаць, калісьці насыпаны рукамі людзей, і як уся гэта паляна, зарослы няроўнымі гарбатымі кусьцікамі травы.
Ян моўчкі пагорак гэты Юстыне паказаў, яна таксама моўчкі кіўнула галавой; знала, што гэта сумесная магіла.
— Колькі? — ціха запытала.
— Сорак — адказаў…» — так апісвае Эліза Ажэшка месца пахаваньня 40 паўстанцаў у лесе ля Мінявіч. Тут па яе вэрсіі пахаваны і Андрэй Карчыньскі–прататыпам якога стаў Ян Каменьскі.
А на магіле-кургане 40 паўстанцам, тымі, хто помніць і ганарыцца, пастаўлены памятны крыж. Сюды прыяжджаюць патрыёты з Польшчы, каб ушанаваць памяць змагароў за Свабоду і Вольнасьць. Заўсёды тут ёсьць кветкі і бела-чырвоныя стужкі. Але няма бел-чырвона-белых, ні чырвона-зялёных. Яшчэ не прыйшла пара, яшчэ не прачнуліся беларускія патрыёты…
Дызайнерам помніка ў Міневічах зьяўляецца Ядвіга Бачыньска, ініцыятарам — ксёндз Адам Рудніцкі, тагачасны парафіяльны сьвятар у Луне. «Па ініцыятыве сьвятара Адама Рудніцкага палякі, якія жывуць у Луне і ваколіцах, разам са студэнцкай моладзьдзю з Польшчы ўзяліся за будаўніцтва помніка. Помнік мы пабудавалі сваімі рукамі ў 1993 годзе да 130-годзьдзя Паўстаньня. […] Запіс пра падзею ёсьць у парафіяльнай кнізе Лунна ад 1993 года» — піша Ядвіга Бачыньска.
Але Ян Каменьскі выжыў. Адбыў катаргу і вярнуўся на радзіму. Пахаваны ён на парафіяльных могілках у Луна. Сьціплы помнік з надпісам: «Grób rodziny Kameńskich» патрабуе рамонту і дагляду. На жаль пакуль не прыходзяць на магілу паўстанца 1863 г. ні школьнікі, ні беларускія патрыёты. Варта было б стварыць такую традыцыю. Наведваюць магілу толькі сябры Зьвязу палякаў на Беларусі, прадстаўнікі Косульства РП і польскія турысты.
Між тым Эліза Ажэшка аб Паўстаньні на Беларусі піша: «Паўстаньне тут было больш зацятае, больш упартае чым у Каралеўстве. Самыя мужныя і шляхетныя, найгарачэй мілуючыя загінулі ад кулі, ад ссылкі, ад эміграцыі. Засталіся за малым выключэньнем самыя слабыя, самалюбівыя і парадзілі, а пасьля выхавалі дзяцей пад чорнымі крыламі тэрору, у трывозе, у згрызьлівай турбоце, у прыніжэньні, у сумневе (…). Край наш заняла глухая цёмная ноч…».
Каралева польскай прозы і пакутлівай праўды
Трапіць страла ў сэрца — вынь яе,
упадзе жменя гразі на галаву —
сатры яе, а з ранаю і плямаю,
якую час змые — змагацца далей.
Эліза Ажэшка
Вяртаньне Элізы Ажэшка
«1. 14. 1902 г. Луна». Праходзіць лета без сьвятла і цяпла, хмурае, халоднае, заплаканае… Перашкаджае гэта свабоднаму разгляданьню прыроды і ўзмацненьню сіл усебаковых на доўгую і мёртвую зіму. Нягледзячы на гэта бываюць моманты прыгожыя, у якія можна глядзець на палеткі збажыны і групы дрэў на палянах, а заўсёды ёсьць тут гэта найдзіўнейшая ціша вясковая, якой ніякая частка тутэйшага жыцьця замяніць і ўзнагародзіць не можа. Луна ёсьць вёска без асобай прыгажосьці, але мае прыгожыя палі, прыгожы сад сапраўды цудоўны, прыгожыя паляны, старыя дрэвы двару. Ёсьць тут дакладней акацыі так вялізныя, якіх у клімаце нашым не бачыла ніколі, і вельмі прыгожыя векавыя ліпы. Усё гэта, нягледзячы на дажджы і халады, у моманты распагоджваньня неба спраўляе мне многа прыемнасьці… што да людзей, то акрамя гаспадароў дому, у якім з Марыяй Абрэбскай знаходзімся, маем блізкую суседку, уладальніцу Луна, пані Рамэрову, яшчэ даволі маладую, мілую і сумную, з якой павязалі стасунак ветлівы і прыемны. Ёсьць сумнаю, бо няпоўныя два гады таму страціла ў адзін год мужа і дарослага сына, а другі сын малы пад пагрозай сухотаў, якія забілі таго. Сама хворая, самотная, лагодная і простая, мае пані Рамэрова штосьці ў сабе чуйнае і самой доляй сваёй прывабная. Маем тут таксама ксяндза, мала адукаванага, але нязьмерна чэснага чалавека, велізарна адданага колу працы адукаваньня і ўмаральненьня люду і доктара, які што хвіліну прыходзіць мне на памяць Бальзакоўскага «Вясковага доктара», — так піша Эліза Ажэшка аб нашым мястэчку ў лісьце на імя Канстанціна Скірмунта.
У пачатку 2001 года адданыя паклоньнікі творчасьці Элізы Ажэшка ў Луне на падыходзе да 60-годзьдзя з дня нараджэньня вялікай пісьменьніцы, улічваючы той факт, што Эліза Ажэшка наведвала Луна і пакінула аб вёсцы прыемныя ўспаміны, вырашылі памяняць назву вуліцы Камсамольскай, былой Паштовай, на вуліцу Элізы Ажэшка. У тыя дні на вуліцы было паштовае аддзяленьне, да якога, магчыма, Эліза Ажэшка прыходзіла. Вуліца таксама вяла да палаца Ромэраў, да ўладальніцы якога пані Рамэровай заходзіла ў госьці пісьменьніца. Кандыдат гістарычных навук настаўнік гісторыі Луненскай школы Станіслаў Сільвановіч падрыхтаваў інфармацыю аб асабістых і літаратурных заслугах Элізы Ажэшка перад Наднёманскім краем і непасрэдна перад мястэчкам Луна. Актывісты сабралі подпісы людзей, якія прасілі назваць вуліцу Камсамольскую вуліцай імя Элізы Ажэшкі. Гэта заява была разгледжана на паседжаньні дэпутатаў Луненскага сельскага Савету, якія аднагалосна пагадзіліся даць вуліцы Камсамольскай новую назву Элізы Ажэшкі.
Бесплатный фрагмент закончился.
Купите книгу, чтобы продолжить чтение.