Лябёдка Іваноўскіх
Дакументальная аповесць
Ад аўтара
Гэтая аповесць пра маёнтак Лябёдка Іваноўскіх, месца, дзе ў адной сям’і выраслі і сфармаваліся выбітныя дзеячы трох суседніх народаў: беларускага, польскага і летувіскага. Беларуса Вацлава Іваноўскага, які быў цэнтральнай фігурай у справе адраджэння нашай радзімы, выгадавала Лідская зямля і яго родная Лябёдка.
Пра Вацлава Іваноўскага грунтоўна напісаў Юры Туронак. Пра братоў Вацлава — Ежы і Тадаса — шмат пісалі польскія і летувіскія аўтары. Галоўнай асобай маёй аповесці будзе сястра Вацлава — Алена Скіндар з Іваноўскіх (1886–1973), сястра чатырох братоў, асоба, якая пакінула свой вялікі след у беларускай гісторыі, але знаходзілася ў цені сваіх братоў.
Прафесар Гданьскага ўніверсітэта Казімір Іваноўскі пісаў пра сваю сям’ю: «Сям’я наша была цікавай. Мой бацька Станіслаў меў трох братоў розных нацыянальнасцей. Самы старшы Ежы, інжынер, шмат разоў займаў міністэрскія пасады, быў сенатарам ІІ-й Рэчы Паспалітай і лічыў сябе палякам. Другі — Вацлаў, хімік, прафесар Варшаўскай Палітэхнікі, быў беларусам. Трэці — Тадэвуш, заолаг, прафесар Ковенскага ўніверсітэта, быў летувісам. Такія сямейныя падзелы не былі рэдкасцю на тэрыторыі былога ВКЛ, і асаблівай адзнакай сям’і Іваноўскіх было не гэта, а тое, што мой дзядзька Тадэвуш меў у сваяках прыёмнага радавітага кітайца, — такога больш ні ў каго не было.
Усе браты былі яркімі постацямі, і пра кожнага з іх можна напісаць кнігу.
Мае дзядзькі мелі адно хобі — часта мянялі жонак. Кожны з іх быў жанаты па тры разы, і таму мы мелі шмат цётак. У 1920-х гг. мая маці падчас нейкага раўту ў Вільні была прадстаўлена Пілсудскаму. Той запытаў — якога з Іваноўскіх яна жонка?
— Таго, які мае толькі адну жанчыну, — адказала мая маці.
— А, значыць, Станіслава, — заўважыў маршал, які добра арыентаваўся ў справах Іваноўскіх».
Пра свайго старшага дзядзьку Ежы (ці Юрыя) Іваноўскага (1876–1965) пляменнік Казімір коратка паведамляў галоўнае: шматразовы міністр адноўленай Польшчы, асабісты сябар Пілсудскага і ў 1930-я гг. сенатар Польшчы.
Вацлаў Іваноўскі (1880–1943), прафесар-хімік і адзін з заснавальнікаў Беларускага руху, — чалавек, які свае мары пра Беларусь перавёў на практычныя рэйкі і аддаў Беларусі сваё жыццё. Пра яго напісаны кнігі, і я ўпэўнены, што да гэтай постаці яшчэ шмат разоў будуць звяртацца нашыя лепшыя гісторыкі і пісьменнікі.
Тадэвуш Іваноўскі (1882–1970) — прафесар заалогіі і потым член-карэспандэнт Літоўскай акадэміі. Большую частку жыцця ён быў вядомы як Тадас Іванаўскас, бо сам сабе выбраў нацыянальнасць летувіс.
Апошні, самы малодшы брат, Станіслаў (1887–1970) прымаў удзел у польскай «Самаахове» Лідчыны і Гарадзеншчыны, а потым быў шараговым і далёка не самым лепшым віленскім адвакатам. Пра яго я таксама трошкі раскажу…
Аўтар выказвае самую шчырую падзяку слыннаму беларускаму гісторыку Генадзю Семянчуку і Анджэю Іваноўскаму (праўнуку Вацлава Іваноўскага), якія шмат зрабілі ў справе вывучэння генеалогіі роду Іваноўскіх і дапамаглі аўтару пры напісанні гэтай аповесці.
Лябёдка і Іваноўскія
Род Іваноўскіх
Навукова абгрунтаваны радавод Іваноўскіх з ласкавай згоды яго стваральнікаў Анджэя Іваноўскага і Генадзя Семянчука я падаю ў дадатках да гэтай кнігі.
З афіцыйнага дакумента №3896 ад 9 сакавіка 1848 г., выдадзенага Канцылярыяй Бюро шляхецкай дэпутацыі Віленскай губерні, бачна, што Кшыштаф Іваноўскі валодаў дваром Забалаць у Лідскім павеце і ў 1720 г. перадаў яго сыну Міхалу. Міхал у 1750 г. гэты двор з усёй маёмасцю падараваў свайму сыну Дамініку Іваноўскаму, які ў 1776 г. на падставе дароўнага акта перадаў двор з прыгоннымі сялянамі сваім двум сынам Юзафу Вінцэнту Ферар’ю Іваноўскаму і Людвіку Іваноўскаму, якія ў 1790 г. прадалі двор князю Радзівілу. Сынам Юзафа Вінцэнта Ферарыя Іваноўскага быў Тамаш Іваноўскі, прадзед нашых Вацлава і Алены Іваноўскіх. У Слонімскім павеце ён купіў двор Яварова Руда. Хадзілі чуткі, што зрабіў гэта таму, што там быў закапаны скарб, пра які больш ніхто не ведаў.
Сын Тамаша Іваноўскага Станіслаў (1818–1900), дзед Вацлава і Алены, ажаніўся з Антанінай Рыла-Быкоўскай, якая была адзінай дачкой свайго бацькі і таму ўспадкавала пасля яго двор Лябёдка. Шлюб адбыўся 2 ліпеня 1844 г. у касцёле Старых Васілішак. У Лябёдцы нарадзіўся Леанард Іваноўскі, а потым усе дзеці Леанарда.
Тадас Іванаўскас цытуе дакументы, з якіх бачна, што «прывілеям караля польскага Жыгімонта І ад 7 лістапада 1510 г. фальварак Дварэц нададзены Яго Каралеўскай Мосцю двараніну Івашку Рыла-Быкоўскаму і яго нашчадкам», і пасля гэтага ён чатыры стагоддзі заставаўся маёмасцю фаміліі, пераходзіў ад бацькі да сына, і апошнім у чарадзе ўладальнікаў стаў Юрый Андрэевіч Быкоўскі. Апошні меў адну дачку Антаніну ў замужстве з Станіславам Іваноўскім і пакінуў ёй сваю маёмасць. Пасля смерці Антаніны маёнтак перайшоў у рукі яе адзінага сына, інжынера Леанарда Іваноўскага.
У прывілеі караля Жыгімонта І гэта маёмасць называецца Дварэц з вёскай Пацкі. У дакуменце ад 12 ліпеня 1568 г. маёнтак ужо мае назву Лябёдка, нагодай змены назвы быў перанос двара на тое месца, дзе ён стаіць і цяпер — у вусце рэчкі Лябёдка. Сяляне вёскі Пацкі перасяліліся ў Ваейкаўцы і Верх-Лябёдку. Там, дзе быў двор Дварэц і вёска Пацкі, у XІX ст. заставалася толькі ўрочышча з гэткімі назвамі, якое належала фальварку Лябёдка. Прозвішчы сялян усе гэтыя гады засталіся нязменнымі.
Прадзед Тамаш Іваноўскі
У сям’і памяталі гісторыю, якая сведчыць пра зухаваты і свавольны характар прадзеда. Неяк ён з-за нейкай дробязі паспрачаўся з пробашчам з Васілішак і, доўга не чакаючы, загадаў сваім служкам у цэнтры мястэчка распрануць і высекчы ксяндза розгамі. Справа была вельмі сур’ёзная і пагражала яму смерцю, але прадзед з цяжкасцю і за вялікія грошы ўратаваўся.
Дзеці Тамаша Іваноўскага — Станіслаў і яго брат Вінцэнт — мелі такі ж нястрыманы характар, казалі праўду ў вочы і нярэдка ўблытваліся ў скандальныя гісторыі. Вінцэнт закончыў жыццё трагічна. Закахаўся ў прыгожую, але жанатую кабету, якая адказала яму ўзаемнасцю. Калі сітуацыя дайшла на скандалу, жонка атруціла свайго мужа. Ёй пагражала суровая кара, і падчас суду Вінцэнт Іваноўскі ўзяў яе віну на сябе. Прыгожую даму апраўдалі, а Вінцэнта арыштавалі і засудзілі на катаргу. Па дарозе ў Сібір ён дачакаўся адпаведнага моманту і напаў на вартаўніка, але раззброіць жаўнера і ўцячы не змог — і быў забіты.
Дзед Станіслаў Іваноўскі
У сям’і Іваноўскіх захавалася школьнае пасведчанне Станіслава, з якога бачна, што ён нарадзіўся ў 1816 г. у Яваровай Рудзе Слонімскага павета. Закончыў трохкласную павятовую вучэльню ў Слоніме і ў 1833 г. быў прыняты ў гімназію. Служыў у канцылярыі Гродзенскага дваранскага дэпутацкага сходу і Гродзенскай палаце дзяржаўнай маёмасці.
Дзед дажыў да старэчага веку і памёр, калі ўнукі былі ўжо падшпаркамі. Станіслаў шмат часу бавіў з імі, і таму яго ўнук Тадас добра памятаў свайго дзеда.
Станіслаў Іваноўскі толькі ў сівым узросце перастаў займацца маёнткам. Але і ў старым узросце, летам ён трохі назіраў за гаспадаркай, размаўляў з працаўнікамі, а потым паліў люльку і раскладаў пасьянсы. Меў час расказваць гісторыі з свайго жыцця ці шматкроць паўтараць адны і тыя ж жарты. Любіў паразмаўляць з вяскоўцамі, пачаставаць іх тытунём ці прапанаваць кілішак гарэлкі. Тадас памятаў: неяк да іх прыйшоў вясковы стараста, дзед пасадзіў яго за чысты стол і пачаў частаваць гарбатай з печывам і сухім сырам. Стараста пачаставаўся, а недаедзены сыр схаваў у сваю скураную торбу і забраў з сабой. У сям’і з гэтага моцна смяяліся.
Згодна з старым звычаем, сяляне цалавалі пану руку (асабліва старому пану). Гэтак было і ў Лябёдцы, але дзед Станіслаў звычайна рабіў пры гэтым адзін і той жа фінт. Калі чалавек хапаў яго за руку, ён прыкідваўся напалоханым, крычаў «Што, што?» і ўздымаў рукі ўверх. Тыя, хто ведалі гэты жарт, усё ж цалавалі яму руку, а чужыя пужаліся ці нават абражаліся.
Але час ад часу праяўляўся і гарачы характар Станіслава Іваноўскага. Неяк касцы суседа перайшлі мяжу і выкасілі кавалак лугу Іваноўскіх (на балоце Кятуркі, там дзе луг Лябёдкі межаваў з лугам Макрэцкіх). Якраз у той момант на сенакос прыехаў сам стары. Пабачыўшы, што робіцца, ён атакаваў суседа, які там таксама знаходзіўся. Слова за слова — пачалася спрэчка, якая закончылася тым, што Станіслаў апрацаваў суседа кіем. Аднак доўга не гневаўся, хутка супакоіўся і не толькі выбачаўся, але і запрасіў Макрэцкага на сняданак. Той жа ад такога «гонару» адмовіўся.
Аднак сяляне ведалі, што Станіслаў Іваноўскі меў добрае сэрца і быў зычлівы да ўсіх, яшчэ падчас прыгону ён адносіўся да сваіх сялян як да людзей. Пра гэта можа сведчыць такі факт. Паўстанцам 1863 г. стары Іваноўскі аддаў свайго вельмі добрага каня. Пасля падаўлення паўстання рускія, каб даведацца, хто быў гаспадаром каня, вадзілі яго па ваколіцах і пыталіся ў сялян, каму ён належыць. І хоць усе ведалі, чый гэта конь, ніхто дзеда не выдаў.
Станіслаў Іваноўскі меў вясёлы і прыязны нораў, любіў забаўныя гісторыі і часта шуткаваў. Расказваючы гісторыі з былога жыцця, стары не надта выбіраў словы, і таму слухачы (асабліва маладыя жанчыны) часам чырванелі ці ад сораму апускалі вочы. Але маладзёны трымаліся інакш. Ведаючы звычкі дзеда, яны стараліся справакаваць яго і ўзбудзіць перапалох сярод паннаў і паненак. Аповяды Іваноўскага не былі надта ўжо цікавымі і, тым не менш, мелі свайго слухача.
Вось адна з гэтых гісторый. Неяк стары ехаў з Вільні. Недалёка ад горада, у Папішках затрымаўся каля карчмы. Там на плоце ці сцяне знайшоў надпіс «У панны Вінцэсі ёсць на што сесці», а ніжэй, іншым почыркам, нехта дапісаў: «Ёдкаўны». Маладыя кавалеры заўсёды прасілі дзеда, каб расказаў, што ж было напісана на карчме ў Папішках, а ён зноў і зноў сур’ёзна згаджаўся выканаць іх просьбу і зноў і зноў засмучаў паннаў і паненак.
Але Станіслаў Іваноўскі любіў шуткаваць і з маладымі кабетамі. Неяк, калі па справе ён знаходзіўся ў Гродна, пачалася бура з залевай. Потым дождж спыніўся, распагодзілася, але па вуліцах яшчэ цяклі ручаі бруднай вады. Іваноўскі падпільнаваў маладую даму, якая стаяла, падняўшы спадніцу, і не ведала, як перайсці на другі бок вуліцы. Дзед незаўважна падкраўся да яе, ухапіў на рукі і перанёс на другі бок. У першую хвіліну дама аслупянела, але потым апрытомнела і пачала гучна папракаць неспадзяванага кавалера. Станіслаў гжэчна перапрасіў і прапанаваў перанесці яе назад, але дама не згадзілася.
Часам ён любіў удаваць сябе за нейкага непрыстойнага старога, але непрыстойнасць не была характэрнай рысай яго жартаў. Такія паводзіны з’яўляліся звычайнымі для тагачаснай шляхты і знайшлі сваё адлюстраванне ў літаратуры. Але калі-некалі яго жарты стаялі блізка да той мяжы, пасля якой пачынаецца дрэннае выхаванне. Да таго ж з сялянкамі ён размаўляў яшчэ вальней, тым больш што і яны таксама любілі пагаманіць. Калі чуў нейкую навіну ці проста нешта яго ўражвала, звычайна ўскрыкваў: «А каб ты ўсікаўся!» Гэтую лаянку ведалі ўсе суседзі і лічылі звыклым элементам стылю размовы старога пана. Унук Тадас распавёў адну звязаную з гэтым гісторыю. Ён тады вучыўся ў другім класе Варшаўскай гімназіі і прыехаў у Лябёдку на калядныя вакацыі. Дзед узяў яго з сабой на паляванне. Яны абышлі вялікі абшар і пры канцы, вырашыўшы вярнуцца дадому, выйшлі на дарогу. Дзед добра стаміўся, унук таксама змучыўся, і таму, пабачыўшы кабету, якая ехала санямі, папрасілі яе падвезці іх. Кабета адмовілася, патлумачыўшы гэта тым, што конь стаміўся, а ёй яшчэ трэба прывесці хрусту з лесу.
«Каб ты ўсікалася!» — адрэзаў дзед сваёй любімай фразай. І раптоўна твар кабеты праясніўся: «А, дык гэта пан Іваноўскі! А я пана не пазнала, прашу сядаць, падвязу…»
Неяк Станіслаў Іваноўскі невядома адкуль прывёз некалькі трусоў і даручыў ахмістрыні Лябёдкі апекавацца імі. Потым ён часта пытаў яе пра гэтых звяркоў, і праз некалькі дзён сам прыйшоў да гаспадыні ў пакой, які знаходзіўся на другім канцы дома, і ўбачыў, што адзін трус ужо здох. Узяў яго і паклаў гаспадыні ў ложак паміж матрацам і металёвай рамай. Праз нейкі час зноў спытаў пра трусоў і атрымаў адказ: «Жывыя, здаровыя і добра ядуць». Мана выявілася, калі трус засмярдзеў.
Без злой волі, але сурова адносіўся стары да маладых кавалераў, якія заляцаліся да дзяўчат. У Лябёдцы часта гасцявала моладзь, і таму заляцанак не бракавала. У прыбыўшых з візітам маладзёнаў, у якіх ужо пачыналі расці першыя вусікі, стары заўсёды пытаў: «Ці ж бацька дазволіў табе гадаваць вусы?»
Неяк дайшло да здарэння, якое назаўсёды сапсавала адносіны Іваноўскіх з адным з сваіх сваякоў. Калі ў Лябёдцы сабраліся госці, з-за Нёмана на кані прыехаў пляменнік старога Палікарп Лункевіч, які толькі што атрымаў афіцэрскі чын. Калі з’явіўся стары Іваноўскі, ён якраз з поспехам заляцаўся да прыгожай панны. Дзед прывітаўся з Палікарпам і пахваліў яго, сказаўшы, што той добра выглядае ў ваенным мундзіры, а потым дадаў: «А памятаеш, Палікарпка, як ты прыехаўшы неяк, не мог рашыць практыкаванне па геаметрыі і я загадаў на гэтым каменю даць табе дзесяць бічоў?». Палікарп пачырванеў як рак, пайшоў на стайню, асядлаў каня і з’ехаў. Больш у Іваноўскіх ён не паказваўся.
Часам у Лябёдку на паляванне запрашаліся госці. Звычайна такія паляванні арганізоўваліся падчас сямейных урачыстасцяў. Паляўнічыя збіраліся з вечара, і калі дазваляла надвор’е, спалі на сене на падворку. Ім выдаваліся коўдры з падушкамі, і ўдзельнікі палявання клаліся ў радок адзін каля аднаго. Устаць належала да ўсходу сонца. Неяк дзед, абудзіўшыся першым, выйшаў на падворак і ўбачыў, што ўсе паляўнічыя яшчэ моцна спяць. Пастаяў хвілінку, потым загадаў свайму «стральцу», старому Вінцуку Крывашэю, трымаць доўгі кій і стаяць каля спячых, а сам узяў у рукі стрэльбу. Раптоўна паляўнічыя пачулі стрэл і адчулі ўдары па спінам і нагам. Усе імгненна паўскоквалі. Для ўсіх такі пачатак палявання быў у навіну!
Стары меў вялікі запас паляўнічых апавяданняў і ахвотна іх расказваў. Звычайна пры гэтым дадаваў да расказаў розную небывальшчыну. Дзясяткі разоў расказваў пра спрытнага зайца, якога гналі сабакі, а ён расплыўся ў паветры, і сабакі страцілі яго след. Потым даведаліся, што заяц заскочыў на высокі пень, таму ганчакі яго не заўважылі і прабеглі міма. Аднак пра адно паляўнічае здарэнне дзед не любіў узгадваць. Было гэта так. Ён паляваў на зайца і пачуў, што сабакі гоняць звярка ў яго бок. Заяц ужо павінен быў выскачыць на дарогу, і стары падрыхтаваўся яго сустрэць, як раптоўна пачуў: «Хай будзе пахвалёны», — па дарозе ішла вясковая кабета. Дзед замест «На векі вечныя» закрычаў: «Пацалуй сабаку пад хвост!» І як раз у гэты момант заяц збочыў і ўцёк.
Запомніўся ўнукам яшчэ адзін забаўны эпізод з бясконцых паляўнічых гісторый дзеда. Падчас адпачынку пасля палявання, адзін з гасцей, нахіліўшыся, нешта прашаптаў старому на вуха. Станіслаў Іваноўскі меў кепскі слых і, недачуўшы, гучна адказаў: «Што такое… а… добрае месца? Пачакай трохі, зараз закончу расказваць пра справы з тым зайцам… Зараз пакажу». І няспешна закончыў свой аповед, не звяртаючы ўвагі на тое, што госць не мог ужо дачакацца фіналу. У канцы ён зноў пачаў шаптаць нешта дзеду на вуха. Тады абодва выйшлі на падворак, і дзед выцягнуўшы перад сабой руку, павярнуўся вакол сябе на адной назе і сказаў: «Дзе толькі хочаш, ажно да самага гарызонту».
Да сваякоў дзед адносіўся па-рознаму. З нявесткай быў вельмі лагодны і падчас размовы з ёй не дазваляў сабе розных дрэнных словаў. З сваёй апошняй жонкай, бабуляй Стасяй, размаўляў трошкі свабадней. З сваімі ўнукамі размаўляў вольна, час ад часу ўстаўляў пікантнае слоўца. Аднак часта бываў сентыментальным, і тады называў унукаў «душачкамі». Перад і пасля абеду хрысціўся. Падчас абеду патрабаваў цішыні і казаў: «Падчас абеду — як у касцёле». Крошкі са стала трэба было сабраць і спаліць, каб не трапілі на сметнік ці іншае бруднае месца. Такім жа чынам дзед шанаваў і жыта. Дажынкавы вянок заўсёды вісеў у яго каля святых абразоў.
Гэта быў сапраўдны чалавек XІX ст., і ў тым стагоддзі ён і застаўся. Але, у той жа час, быў ён прадстаўніком амбітнага і свавольнага класа, які ўжо дажываў свой век.
Першая жонка Станіслава Іваноўскага — Антаніна з дома Рыла-Быкоўскіх, маці Леанарда, памерла ў 1852 г. у досыць маладым веку. Станіслаў застаўся ўдаўцом. Было яму самотна, і ён адчуваў патрэбу ў другім шлюбе. Паўторна Станіслаў ажаніўся з Каралінай Клімантовіч, але і яна, пакінуўшы дзве дачкі, рана памерла.
Калі яго сын Леанард узяў шлюб, Станіслаў Іваноўскі жаніўся ў трэці раз з дачкой свайго суседа Губарэвіча — Стасяй (1843–1917), якой здаўна аказваў сімпатыі. Гэтак у сям’і з’явілася бабуля Стася, якая любіла ўсіх унукаў Станіслава, і яе таксама ўсе любілі як родную.
Пра Губарэвічаў Тадасу Іванаўскасу расказваў стары ляснік Іваноўскіх Вінцук Крывашэй. Стары Губарэвіч, уладальнік двара Галавічполе, быў прадстаўніком збяднелай шляхты, якая ў той час ужо пачала знікаць. Часткова ў гэтым была вінаватая і сама шляхта, бо пасля адмены прыгону не прыстасавалася да новай эканамічнай сітуацыі. Пасля паўстання 1863 г. шмат двароў знаходзілася ў цяжкім стане, эканамічны стан пагаршала яшчэ наложаная на шляхту так званая кантрыбуцыя — грашовая кара за паўстанне.
Маёмасць Губарэвічаў Галавічполе лічылася занядбаным дваром. Ляснік Вінцук казаў, што Губарэвіч нават быў не ў стане абслугоўваць свой статак быдла і здаваў яго ў арэнду яўрэю (таму меў толькі частку малака ад статку). З-за гэтага нават самім панам Губарэвічам не хапала смятаны. Яны бралі малочныя прадукты ў яўрэя ў крэдыт і давяралі ягоным бухгалтарскім запісам. Такая сітуацыя трымалася шмат гадоў, і калі яўрэй пачаў патрабаваць грошы, каб заплаціць, сям’і трэба было прадаць кавалак зямлі.
Аднак Губарэвіч не страціў добрага настрою і ўсё жыццё самааддана паляваў. Трымаў статак сабак, якіх потым перадушылі ваўкі. Стары Вінцук апавядаў, што неяк сабакі схапілі ваўка, а Губарэвіч, які знаходзіўся з тылу, саскочыў з каня і голымі рукамі ўхапіў ваўка за заднюю лапу, пасля чаго паламаў яе на сваім калене.
Губарэвічы часам наведвалі двор у Ішчалне, дзе жылі іх сваякі Важынскія. Бабуля Стася расказвала пра адну непрыемную прыгоду, якая здарылася з ёй падчас такога візіту. Яна ўзяла з сабой любімага коціка і неяк разам з ім пайшла на шпацыр. Кот ішоў каля гаспадыні, калі яго раптоўна атакавалі ішчалнянскія паляўнічыя сабакі. Ратуючыся, кот кінуўся да гаспадыні — ганчакі за ім. Бабуля таксама пабегла, але хутка заблыталася ў крыналінах і ўпала. Тады кот, як у адчыненую браму, убег ёй пад спадніцы і схаваўся. За катом палезлі і сабакі… Пачалася мітусня, енкі, крыкі і ўсё гэта закончылася валяр’янавымі кроплямі.
Бацька Леанард Іваноўскі
У памяці дзяцей ён застаўся нешматмоўным і строгім. Любіў і песціў толькі сваю дачку Алену, да сыноў жа ставіўся сурова, і яны яго нават баяліся.
З дакументаў бачна, што Леанард Іваноўскі нарадзіўся 2 лістапада 1845 г. (па старым стылі) у Лябёдцы. Яго маці памерла ў адносна маладым веку, і Леанард рос самастойна, бо бацька Станіслаў меў невялікі ўплыў на свайго нашчадка.
Пасля паўстання 1863 г., з-за матэрыяльных цяжкасцяў, большасць шляхты не магла паслаць сваіх дзяцей вучыцца, і таму трэба з павагай узгадаць старога Станіслава Іваноўскага: ён зрабіў усе, што мог, каб даць сыну сапраўдную адукацыю.
Напачатку Леанард Іваноўскі паступіў у Віленскі шляхецкі інстытут, пасля яго закрыцця ў 1863 г. перавёўся і з добрымі адзнакамі закончыў гімназію №1 у Вільні (знаходзілася на рагу вуліцы Вялікай і Святога Яна — цяпер гмах універсітэта). Пра яго жыццё ў Вільні вядома не шмат. Здымаў пакой недзе па вуліцы Святога Яна, і потым, калі сын Тадас ужо сам быў студэнтам, паказаў яму вакно сваёй кватэры. Неяк праз тое вакно да яго заляцеў стрыж, Леанард злапаў птушку і зрабіў з яе экспанат, які папоўніў калекцыю ў Лябёдцы.
У гімназіі Іваноўскі цікавіўся прыродазнаўчымі навукамі і добра ведаў флору і фаўну Віленшчыны. З гімназічных часоў і да першага прыходу бальшавікоў у Лябёдцы захоўваўся яго вялікі гербарый. Падчас паляванняў у ваколіцах Вільні ён вывучаў раслінны і жывёльны свет. Але пасля паўстання 1863 г. у гімназіста канфіскавалі паляўнічую зброю, і Леанард страціў магчымасць паляваць.
Улетку Іваноўскі прыязджаў да бацькі ў Лябёдку і там аддаваўся сваім захапленням — збіраў гербарый, паляваў, прэпараваў казурак і птушак. Цікаўнасць да біялогіі засталася на ўсё жыццё, але ён выбраў сабе іншую і, верагодна, больш перспектыўную прафесію. Пасля гімназіі малады Іваноўскі працягнуў вучобу ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце.
Пасля заканчэння вучобы, з дыпломам інжынера-тэхнолага, ён паехаў у Сібір, якая прыцягвала сваімі бясконцымі магчымасцямі, тым больш, што там меліся сваякі. Адным з іх быў Юзаф Козел-Паклеўскі, ссыльны ўдзельнік паўстання, які потым стаў у Сібіры багатым чалавекам, ён меў вялікі маёнтак, капальні золата, заводы і шмат лесу. Каля самай мяжы з Кітаем, у Маймачыне, стаяла яго дыстылярня спірту. Хімік Леанард Іваноўскі атрымаў тут сваю першую пасаду, але доўга на ёй не затрымаўся, а дэталёва разабраўшыся з тэхналогіяй дыстылярні, выехаў у Францыю і прадоўжыў там адукацыю. У Францыі працаваў і вывучаў новыя прамысловыя тэхналогіі вырабу спірту і пераканаўся пры гэтым, што ў Расіі справа вырабу спірту знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні. Потым, праз укараненне еўрапейскіх тэхналогій, малады інжынер змог значна знізіць сабекошт вырабу спірту ў Расіі і зрабіць сабе на гэтым кар’еру.
Пасля вяртання дахаты Іваноўскі прымяніў веды на вялікім спіртзаводзе ў Варонежскай губерні. Вынікі былі выдатнымі, яму далі вялікі заробак і запрасілі ў склад кіраўніцтва завода. Аднак і тут Леанард Іваноўскі доўга не працаваў, бо яго інжынерныя здольнасці ўжо атрымалі агульнае прызнанне, і яму прапанавалі дзяржаўную пасаду — на пачатку ў Варшаве, а потым і ў Пецярбургу. Працуючы ў Варшаве, па просьбе Міністэрства фінансаў, Іваноўскі напісаў працу па спецыяльнасці («Устройство винокуренных заводов»). Быў вялікім і паважаным аўтарытэтам у сваёй сферы.
Неўзабаве Іваноўскі быў пераведзены ў Міністэрства фінансаў у Пецярбург. Здаецца, інжынер быў задаволены сваёй пасадай, бо дзякуючы ёй не быў прывязаны да аднаго месца. Шмат часу праводзіў у розных дэлегацыях, часам у самых аддаленых кутках Расіі: у Сібіры ці на Урале, дзе кіраваў пабудовай вялікіх хімічных прадпрыемстваў. Быў чалавекам шырокай кваліфікацыі, і неяк яму нават даручылі рэарганізаваць чаканку манет у Пецярбургу, працу выканаў добра і быў узнагароджаны.
У 1874 г. Леанард Іваноўскі і яго сябар Вацлаў Карафа-Корбут (яны пасябравалі падчас перабудовы вінакурні ў Рокішаках) — пабраліся з сёстрамі Ядвігай і Хэленай Райхель з ваколіц Пятркова. Сёстры былі выхаванкамі курсаў прафесара Баранэцкага ў Кракаве і, як на тыя часы, мелі добрую адукацыю. Леанард атрымаў за жонку ў пасаг частку маёнтка Райхеляў над ракой Вальборкай каля Вальбромя. Але чужая старонка яго не вабіла. Прадаў гэтую зямлю і за выручаныя грошы павялічыў гаспадарку ў Лябёдцы. Унук Леанарда Іваноўскага Казімір пісаў: «Дзед Леанард, жадаючы выхаваць маладую жонку, цалкам ізаляваў яе ад сваякоў, перасяліўшы на 600 км у Лябёдку, дзе яна мела толькі яго аднаго».
З роду Райхеляў нам вядомы цесць Леанарда Іваноўскага (дзед Алены і Вацлава Іваноўскіх) — барон Амон фон Райхель. Ён паходзіў з Вялікага Княства Пазнанскага і па сямейнай легендзе, служыў у прускім войску ротмістрам гусарскага палка. Гэты полк стаяў каля Гданьска, Райхель нейкім чынам пакінуў ваенную службу і, ажаніўшыся з паннай Хжаноўскай, асеў у Польскім каралеўстве.
Ядвіга Іваноўская з Райхеляў мела сясцёр — Хэлену, Антаніну, Ванду Мамэрту, Хэлену Валерыю, і братоў — Уладзя, Браніслава і Мечыслава. Уладзь меў слабасць да кабет і моцных напояў, і яшчэ яму заўсёды не шанцавала ў карты. Канец свайго жыцця ён дажываў каля сястры ў Лябёдцы. Брат Ядвігі Браніслаў меў сына Мечыслава, які ў ваколіцы Лябёдкі пазнаёміўся з багатай паннай Марыяй (усе звалі яе Мануля) Кандраценка. Пасля паўстання 1863 г. рыма-католікам нельга было набываць маёнткі, і канфіскаваны маёнтак Шайбакполе (раней належаў паўстанцам Александровічам і Плятэрам) за заслугі быў прададзены казацкаму генералу Кандраценку (памёр у 1880 г.). Калі пляменнік Ядвігі Іваноўскай Мечыслаў ажаніўся з Марыяй (дачкой Кандраценка), гэты стары маёнтак перайшоў у рукі Райхеляў.
Як ужо адзначалася, Леанард Іваноўскі вельмі любіў падарожжы, ён часта атрымліваў даручэнні за мяжой: прымаў удзел у міжнародных выставах і стаў спецыялістам у гэтай справе. Праца на выставах вымагала шмат часу праводзіць у Парыжы, Турыне, Вене ці Берліне. Паўсюдна ён меў знаёмых і нідзе не пачуваўся чужым. З падарожжаў Іваноўскі заўсёды вяртаўся задаволены і поўны энергіі зноў прыступіць да сваёй звычайнай, штодзённай працы. Жыў у Пецярбургу і, здаецца, любіў гэты горад, бо прывязаўся да яго з часоў свайго студэнцтва. Жыў сціпла, але бываў на прыёмах і наведваў абавязковыя, афіцыйныя банкеты. Меў некалькі старых знаёмых, з якімі сябраваў яшчэ з часоў віленскай гімназіі і Тэхналагічнага інстытута. Яго старымі сябрамі былі Ялавецкі, Златніцкі, Навіцкі і іншыя. Сыны Леанарда падчас свайго студэнцтва жылі разам з бацькам у Пецярбургу.
Падчас жыцця ў Пецярбургу Леанард Іваноўскі супрацоўнічаў з хімікам Дзмітрыем Мендзялеевым і перакладаў на ангельскую мову яго лекцыі ў Лонданскім каралеўскім таварыстве аматараў прыроды. У 1898–1905 гг. займаў пасаду прэзідэнта Варшаўскага садоўніцкага таварыства і прымаў актыўны ўдзел у яго працы. Як адзін з заснавальнікаў і фундатараў лідскай гімназіі быў удастоены звання ганаровага грамадзяніна Ліды.
Паводле ўспамінаў, Леанард быў чалавекам працавітым, любіў парадак і акрэслены рытм жыцця: уставаў рана, заўсёды ў адзін час. Напачатку трошкі працаваў у сваім кабінеце, а потым, хоць Міністэрства фінансаў у Пецярбургу было досыць далёка, заўсёды пешшу ішоў на працу. Вяртаўся з працы таксама пешшу. Жыў далёка ад бацькаўшчыны, але сэрцам быў заўсёды з ёй. Шляхі ўсіх ягоных паездак праходзілі праз Лябёдку. Відавочна, калі вяртаўся з Заходняй Еўропы, адведаць Лябёдку было проста. Але калі нават ён ехаў з усходу, заўсёды выкройваў дзень ці два, якія абавязкова праводзіў дома. Пры гэтым аглядваў сваю гаспадарку і кантраляваў працы, асабліва ў садзе. Калі яго дзеці жылі ў Лябёдцы, яны павінны былі аглядаць гаспадарку разам з ім і слухаць яго заўвагі.
Восенню, звычайна ў верасні, Іваноўскі меў месяц адпачынку. Свядома выбіраў сабе гэты час, каб у маёнтку асабіста займацца ўборкай ураджаю і асабліва ў яго любімым садзе. Сад быў галоўным захапленнем інжынера. Кожную восень часткова выконваўся план Леанарда Іваноўскага: садзіўся новы кавалак саду, новая алея, новая школка маладых дрэўцаў. У апошнія часы перад Першай сусветнай вайной сад займаў ужо каля 20 гектараў. Падчас адпачынку гаспадар рана ўставаў і сам кантраляваў працу. Бываў паўсюдна, усё бачыў, і не дзіва, што мучыў сваіх рабочых, служак і ўсю сям’ю. Калі ён ад’язджаў, усе, нават жонка, уздыхалі свабадней.
Дзеці шанавалі бацьку за яго справядлівасць, працавітасць і мудрасць. Ім нават не прыходзіла ў галаву казаць пра яго дрэнна, бо быў для іх вялікім аўтарытэтам. Аднак сын Тадас заўважыў, што яго бацька меў і недахоп: ён быў кепскім псіхолагам і не бачыў таго, што робіцца ў душы не толькі жонкі, але і дзяцей. Яго адносіны да дзяцей былі суровыя і бескампрамісныя, з-за гэтага даходзіла да балючых канфліктаў, у якія, баронячы дзяцей, заўсёды ўступала маці. Дзеці вельмі баяліся гэтай рысы характару бацькі, і паступова паміж імі з’явілася мяжа, праз якую ўжо немагчыма было перакрочыць. На жаль, гэтая мяжа не дазваляла мець больш блізкія, сардэчныя адносіны. Толькі для адной сваёй дачкі Алёны Іваноўскі быў іншым, больш лагодным і разважлівым, а яна, дзякуючы сваёй жаночай інтуіцыі, гэта рана зразумела і старалася залагодзіць жорсткасць бацькі.
Здаецца, Леанард Іваноўскі значна больш вольным быў з чужымі людзьмі, чым з сваімі дзецьмі. Калі прыязджаў у Лябёдку, да яго па справах прыходзілі самыя розныя людзі: суседняя шляхта, сяляне ці яўрэі з бліжніх мястэчак. І яму прасцей было знайсці агульную мову з сялянамі, асабліва калі размова вялася пра сельскую гаспадарку. Дзеці памяталі свайго бацьку, які падчас размовы з групай сялян у доўгіх авечых кажухах быў апрануты ў кароткі гаспадарскі кажушок. Вось яны разам аглядаюць палі, сельскагаспадарчыя машыны ці быдла, і інжынер вельмі доўга не развітваецца з сялянамі. Уладальнік маёнтка часта дарыў сялянам ці ёркшырскіх парасят, ці новыя гатункі бульбы, ці маладыя прывітыя дрэўцы. Каб прыахвоціць вяскоўцаў да паляпшэння гаспадаркі, Іваноўскі прыдумаў праводзіць выставы прадукцыі. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі ён дабіўся падтрымкі і невялікай субсідыі, афіцыйных пахвальных лістоў і г. д. Выставы адбываліся ў вялікай лябёдскай стадоле, мелі гучны поспех і добра ўплывалі на мясцовых гаспадароў. Леанард Іваноўскі вельмі радаваўся, бо бачыў, з якім шацункам удзельнікі выставы атрымоўвалі грашовыя ўзнагароды ці пахвальныя лісты.
У вялікім артыкуле «Уражанні ад выставы ў Лябёдцы» віленская газета «Кур’ер Літоўскі» ўвосень 1910 г. пісала пра адну з гэтакіх сельскагаспадарчых выстаў у Лябёдцы Іваноўскага. «На ўсе бакі ад прыгожага, вельмі рацыянальна і па-сучаснаму пабудаванага двара ў Лябёдцы цягнуцца ўзорныя сады, гароды, купкі пладовых і дэкаратыўных дрэваў. Далей пачынаюцца добра апрацаваныя палі бульбы і збожжа… Гаспадарчыя пабудовы лёгкія і танныя… У адной з такіх, высокай і добра пабудаванай шопе, усталяваны простыя, але спрытныя машыны для вырабу дахоўкі, цэглы і пустых знутры вялікіх блокаў… У стайнях, аборах, хлявах, курніках шмат жывёлы розных сартоў, падабраных для нашых умоў. Агароды і купкі пладовых дрэў дэманструюць шматгадовую працу былога прэзідэнта Таварыства Садаводаў. Сады з-за вялікай колькасці сартоў дагледжаных тут дрэваў маюць музейную вартасць… Колькі смачнай і карыснай гародніны стала вядома дзякуючы толькі таму, што сп. Леанард Іваноўскі купляў яе паўсюдна, а потым папулярызаваў сярод мясцовых гаспадароў. Сп. Іваноўскі ёсць найвялікшы знаўца сваёй справы ў Літве… На выставе дэманстраваліся цікавыя вырабы з садавіны і гародніны, вырабленыя пад кіраўніцтвам гаспадыні сп. Ядвігі Іваноўскай. Адборныя віны, кансерваваныя ягады і грыбы ў шкляных і бляшаных банках розных відаў: гародніна па-кіеўску, гародніна сушаная ў адмысловых сушарнях, старасвецкія канфіцюры і сокі, — усё надта смачнае і дасканала вырабленае. Бляшаныя банкі, распрацаваныя Вацлавам Іваноўскім, — простыя, танныя і адначасова дасканалыя і герметычныя, абавязкова будуць выкарыстоўвацца ў прамысловасці… Выстава ў Лябёдцы была арганізаваная для суседніх гмін, і ў ёй прымалі ўдзел вырабы суседніх маёнткаў… Але вырабы з Лябёдкі былі па-за канкурэнцыяй. …Лябёдка 400 гадоў знаходзіцца ў руках Іваноўскіх…». А ў верасні 1913 г. Леанард Іваноўскі ў сваім маёнтку Лябёдка правеў выставу жывёлы.
У тагачаснай Беларусі не хапала добрых рамеснікаў, і інжынер здаўна хацеў арганізаваць у Лябёдцы школу садаводства, і таму здабыў у адпаведным міністэрстве дазвол на яе адкрыццё. Школа пачала працаваць перад Першай сусветнай вайной, і разам з садаводствам ў Лябёдцы неафіцыйна выкладалася і польская мова. Гэтым займаліся жонка Леанарда Ядвіга і яе сястра Хэлена. З таго часу ў сям’і памяталі амаль што анекдот, як падчас вывучэння назваў раслін беларускія дзеці на слых успрынялі фразу: «Дуб ёсць дрэва, а ляшчына куст» як «Дуб ёсць дрэва, але сцыць на куст». Маладых сялян прымалі ў маёнтку для практыкі ў галіне садоўніцтва, пчалярства, жывёла- і раслінаводства. У 1913 г. меркавалася адкрыць курсы малочнай вытворчасці. Для будучай школы выбралі месца ў блізкім суседстве з Лябёдкай, у вёсцы Банюкі. Будаўнічы матэрыял даў дзяржаўны лес, але ў 1914 г. пачалася Сусветная вайна, і будынак школы не быў пабудаваны.
У апошнія гады перад Сусветнай вайной Лябёдка перажывала свой «залаты век». У гаспадарцы ўсталяваўся добры парадак, палепшылася агратэхніка, з’явіўся дрэнаж, усталявалі сучасныя машыны, купілі статкі пародзістага быдла, вырас добры сад. Гэта быў момант найвышэйшага ўздыму маёнтка. Але выбухнула вайна, край агарнула гарачка мабілізацыі. Як і звычайна, увосень 1914 г. Іваноўскі меў чарговы адпачынак. Пасля заканчэння адпачынку ён вярнуўся ў Пецярбург і адразу пайшоў у адстаўку. Пра адстаўку марыў даўно і бачыў сваё жыццё на пенсіі ў рамантычным свеце: будзе жыць у Лябёдцы, займацца гаспадаркай, меліярацыяй ці іншымі добрымі рэчамі. Думаў, што яго высокі ранг сапраўднага дзяржаўнага дарадцы гарантуе аўтарытэт і павагу, акрамя таго перад пенсіяй спадзяваўся атрымаць ранг тайнага дарадцы. Усё змянілася: знікла старая ўлада, яго чыны страцілі значэнне, знік капітал, які захоўваўся ў пецярбургскіх банках. А ў 1915 г. раскватараваныя ў маёнтку рускія войскі знішчылі сады і школку маладых дрэў.
Хутка прыйшлі немцы. Начальнікам павета (kreіsu) быў прызначаны нейкі Фікель, і ў Лябёдцы пасялілася група гвардзейскіх афіцэраў. Адстаўны інжынер перастаў панаваць у сваім доме, і яго нават на нейкі час пасадзілі пад варту ва ўласнай піўніцы за спробу аказваць супраціў. Некаторыя суседзі, якія раней не прапускалі ніводнага дня нараджэння ці імянін сапраўднага дзяржаўнага дарадцы, каб не выказаць сваю павагу, цалкам перасталі звяртаць на яго ўвагу.
Пад канец Першай сусветнай вайны здароўе Іваноўскага пахіснулася. Новыя акалічнасці жыцця паламалі яго, і гэта быў ужо не той генерал (як любілі яго называць суседзі), а звычайны ўладальнік спустошанага маёнтка. Памёр Леанард Іваноўскі ў 1919 г.
Яго жонка, Ядвіга Іваноўская, расказвала дзецям, як у яго апошнія дні яна вызвала для споведзі з Васілішак ксяндза Сакалоўскага, але бацька катэгарычна адмовіўся ад яго паслуг. Тады маці пачала прасіць Іваноўскага хоць проста паразмаўляць з госцем — спадзявалася, што размова натуральным чынам перарасце ў споведзь. Размова першапачаткова ішла ціха, але хутка інжынер пачаў нешта гучна казаць. Жонка зразумела, што ён востра распякае ксяндза, і паспяшалася закончыць візіт.
Леанард Іваноўскі быў пахаваны ў Лябёдцы. Яшчэ за некалькі гадоў да смерці ён атрымаў дазвол на адкрыццё могілак для сваёй сям’і ў межах свайго маёнтка. Месца было выбрана ў кіламетры ад дома і мела назву Буянаўшчына — сухі пагорак ў сасновым лесе, абсаджаны дубамі. Да могілак правялі дарогу.
Унук Леанарда Казімір Іваноўскі ўспамінаў: «Бабулю Ядвігу памятаю па Лябёдцы і па Вільні, куды яна прыязджала штогод пагасцяваць у наш дом. Памятаю, як яна прыходзіла ў наш пакой, каб пажадаць добрай ночы і прачытаць апавяданне Джэка Лондана. Памерла 11 верасня 1934 г. ва ўзросце 83 года. Калі яна ўжо цяжка хварэла, з Варшавы ў Вільню прыехаў Стэфан Іваноўскі (сын Вацлава Іваноўскага. — Л. Л.) і прывёз у Лябёдку доктара Умястоўскага. Гэты чалавек быў старым сябрам сям’і і пажыццёвым доктарам бабулі…
Добра памятаю пахаванне бабулі. Сабралася ўся сям’я і ваколічны народ. Жалобную імшу правёў пробашч касцёла. …Памятаю кароткую жалобную прадмову сябра сям’і Абрама Гардона, яўрэя з Васілішак. Сваю прамову Абрам закончыў гэтак:
— Ці пані Іваноўская заслужыла неба?
— Так, — выдыхнулі ўсе людзі.
— Голас народа — голас Бога, — закончыў Абрам. Быў ён ужо добра падпіты, бо пасля гэтага народнага рэферэндуму па прызначэнні неба для нашай бабулі, дадаў:
— Хай жыве пані Іваноўская! …у сэнсе… у нашай памяці.
Якой вялікай павагай карысталася бабуля сярод суседзяў, гэта бачна з таго, што было вырашана ўзяць труну з катафалка і ўсю дарогу да могілак, даўжынёй больш за кіламетр, несці на руках. Была пахавана ў вялікім сямейным склепе, разам з дзедам Леанардам. Калі ў 1939 г. прыйшла Савецкая ўлада, удзячны народ павыцягваў труны, павыкідваў парэшткі і гуляў чарапамі як мячыкамі. Калі прыйшлі немцы, мы пазбіралі косткі і там жа ў склепе проста закапалі іх глыбока ў зямлю».
Маёнтак Лябёдка
Лябёдка разам з фальваркамі мела 500 га зямлі. Знаходзілася яна 40 км ад Ліды і 120 ад Вільні. Валасным (потым гмінным) мястэчкам з’яўляліся Васілішкі, да якіх было 6 км. Каля паловы жыхароў Васілішак складалі яўрэі. З Лябёдкі туды ездзілі па пошту, на закупы, на кірмашы, там жа быў і пастарунак паліцыі. Закупы рабілі ў краме спадарыні Фэйгус, якая гандлявала «і мылам і шылам». Там можна было купіць усё, ад шмаравідла для воза і газы да селядца з галантарэяй. У мястэчку меўся яшчэ аптэчны склад Каўфмана, які славіўся рэцэптурай мазі для росту валасоў.
З гэтай маззю адбылася такая справа. Падчас Першай сусветнай вайны мясцовы нямецкі камендант мястэчка паслаў свайго ардынарца да Каўфмана па гуталін. Сапраўднага гуталіну ў продажы не знайшлося, і Каўфман прадаў немцу саматужны выраб. Пасля чысткі ботаў гэтым саматужным гуталінам прыгожы раней абутак каменданта стаў мець выгляд варты жалю. Каб пакараць гандляра, камендант загадаў вымазаць Каўфману галаву яго саматужным гуталінам. І ў раней лысага, як калена, гандляра выраслі валасы! Пасля гэтага Каўфман больш не гандляваў гуталінам, а прадаваў толькі свой цудоўны эліксір для валасоў.
Мястэчка Васілішкі мела барочны касцёл, у якім шмат гадоў працаваў ксёндз-дэкан Цыраскі. Ксёндз быў вельмі энергічным чалавекам і кожнаму казаў толькі праўду. Расказвалі пра яго такую байку. У яўрэйскім аўтобусе, які ішоў у Вільню, ехаў знаны ў акрузе дзялок, пан Віславух. Каля яго сядзеў сціплы ксёндз у старой сутане. Свецкі чалавек Віславух пачаў расказваць вясковаму пробашчу пра цуды матарызацыі. Ксёндз падтакваў. Каб яшчэ больш узвысіцца над прастаком, Віславух сказаў:
— Калі будзеце ў Вільні, дык запытайце, дзе вуліца Віленская. Там пад нумарам 4 ёсць кнігарня Руцкога. Прашу туды зайсці і спытаць кнігу «Маё жыццё і справы» Генры Форда. Гэта такі спадар, які першым пачаў вырабляць добрыя аўтамабілі, ксёндз, пэўна, пра яго не чуў. У той кніжцы Форд гэтак проста ўсё патлумачыў пра аўтамабілі, што нават і ксёндз зразумее.
На што святар адказаў:
— А калі вы будзеце ў Вільні, дык прашу зайсці ў тую ж кнігарню і папрасіць тую ж кнігу, адгарнуць яе на тытульнай старонцы і ўбачыць тое, што напісана пад загалоўкам: «Пераклаў з англійскай мовы А. Цыраскі». Дарэчы, Цыраскі — гэта я.
Аднак парафіяльным касцёлам Іваноўскіх быў касцёл пад вызнаннем св. Пятра і Паўла ў Старых Васілішках — 2 км ад мястэчка Васілішкі ў бок рэчкі Лябёдка. Гэты неагатычны касцёл быў пабудаваны амаль што ў адзін час з лябёдскім домам, г. зн. каля 1904 г. Леанард Іваноўскі з’яўляўся адным з яго фундатараў, і таму па правы бок ад алтара стаяла лава калятараў Іваноўскіх (перад ёй мелася меншая лава сям’і Райхеляў). А вітраж з гербамі Райхеляў і Іваноўскіх на адным з вокнаў касцёла быў фундаваны бабуляй Ядвігай Іваноўскай. Гэты вітраж зрабілі ў кракаўскай майстэрні. Касцёл меў багаты роспіс на сценах і столі, па легендзе, мастак, які гэта намаляваў, не меў рук і працаваў нагамі. Потым адукаваныя парафіяне казалі, што калі ацэньваць мастацкі ўзровень роспісаў, дык у гэта можна і паверыць…
Тадас Іванаўскас успамінаў, што самымі набожнымі з яго родных быў дзед Станіслаў і яго жонка бабуля Стася. «А самым вялікім тэолагам з’яўляўся сталяр Казюк Пятачок. Пятачок — гэта не прозвішча, а мянушка. Пятачок меў славу самага вядомага тэолага ў Лябёдцы, бо прызвычаіўся каментаваць тэксты касцельных малітваў. Напрыклад, ён быў глыбока перакананы, што Хрыстос меў вялікія сантыменты да палякаў і таму выбраў час і месца сваёй смерці «за польскім Пілатам». На слых сталяр у касцёле ўспрымаў слова «понскім» як «польскім».
Іванаўскас пісаў, што яго бацька жыў сапраўдным вальнадумцам, якім чалавека магло зрабіць толькі XІX стагоддзе. Маці была веруючай, але вельмі талерантнай, і ніколі не прымушала сваіх дзяцей да рэлігійных практык. Пра веру ў Бога яна казала, толькі калі хварэлі дзеці.
Ад пачатку двор у Лябёдцы складаўся з самой Лябёдкі і фальварка Тэрэспаль, які Леанард Іваноўскі купіў у сваёй мачыхі, нейкім чынам абмінуўшы пры гэтым закон, які забараняў продаж зямлі рыма-католікам. У Тэрэспалі не было ніякіх будынкаў, і таму фальварак проста далучылі да Лябёдкі. Тут раслі толькі дзве вельмі старыя пірамідальныя таполі і мелася старая студня, якая патроху западала, покуль цалкам не знікла. Каля 1900 г. таполяў ужо не было, не было ўжо і назвы Тэрэспаль — месца пачало называцца Зязюлька. Потым да Лябёдкі далучылі яшчэ адзін фальварак — частку Галавічполя, які Леанард Іваноўскі таксама купіў у бабулі Стасі, а яшчэ пазней — калі былі зняты абмежаванні для католікаў — у Франскевічаў купіў двор Рагачоўшчына (некалькі кіламетраў на поўдзень ад Лябёдкі).
У канцы XІX ст. у Лябёдцы стаялі старыя, драўляныя гаспадарскія будынкі. Леанард Іваноўскі па чарзе іх бурыў і замяняў новымі, з якіх частка была цалкам мураванымі, а частка — толькі на палову з цэглы. Самымі галоўнымі будынкамі лічыліся: дом для службы — афіцына, дом дзеда Станіслава ў садзе (у сям’і яго звалі дамок), вялікая стадола, дзве стайні, абора, два хлявы, млын з рухавіком і кузня каля яго, старая кузня каля лесу, чатыры шопы, тры хаты для парабкаў (у кожнай хаце па некалькі кватэр), птушнік, шэсць малых стадол, свіран, тры будынкі пад садавіну, некалькі піўніц пад гародніну ды іншыя малыя будынкі.
Акрамя гэтага фальваркі Галавічполе і Рагачоўшчына мелі ўласныя гаспадарскія будынкі. Леанард Іваноўскі вельмі любіў свой маёнтак, увесь час прыдумляў нешта новае, развіваў і паляпшаў старое. Іваноўскія мелі шмат лугоў, і ён, выкапаўшы асушальныя равы, паправіў усе свае лугі. Звазіў камяні з палёў і выкарыстоўваў іх для будаўніцтва. Асушаў палі, выцінаў хмызняк і малавартасныя дрэвы і на іх месцы пасадзіў ладны кавалак лесу. Іваноўскі клапаціўся пра сад і школку маладых дрэваў. Новы сад у Лябёдцы быў пасаджаны каля 1867 г., а школка маладых дрэў з’явілася каля 1885 г. Школка і сад забяспечвалі мясцовы рынак, але хутка для збыту маладых дрэўцаў і садавіны інжынер знайшоў новыя рынкі: такія вялікія гарады, як Пецярбург, Масква і Варшава патрабавалі шмат садавіны. Хутка садавіна з Лябёдкі атрымала добрую рэпутацыю ў гандляроў і пакупнікоў, да таго ж яна неаднаразова ўзнагароджвалася рознымі медалямі на выставах. Восенню маштабы працы ў лябёдскім садзе ўражвалі: нанятыя працаўнікі пад наглядам усіх мабілізаваных членаў сям’і збіралі садавіну і звозілі яе ў склады, тут ураджай перабіраўся, пакаваўся, пералічваўся і потым грузіўся на вазы, пасля чаго яго везлі да бліжэйшай чыгункі. Раней гэта была Ліда (45 км), а з 1907 г., калі пабудавалі новую чыгуначную лінію, — станцыя Скрыбаўцы (каля 20 км ад Лябёдкі). Пасля гэтага пачыналі назапашваць садавіну на зіму ў вялікай піўніцы пад домам. Шмат пладоў вывозілася для ўласнага ўжытку ў Варшаву ці Пецярбург, бо ўсе Іваноўскія былі аматарамі садавіны — за час, калі дзеці вучыліся ў гімназіях, а потым набывалі вышэйшую адукацыю, яны самі і іх шматлікія сябры з’елі неверагодную колькасць лябёдскай садавіны.
У школцы маладых дрэў таксама было шмат працы, і працаваў там не толькі садоўнік з 4–5 памочнікамі, але яшчэ і практыканты, шмат нанятых працаўнікоў і члены сям’і — часцей сыны Вацлаў і Тадас. Бацька даверыў ім лекаванне дрэўцаў, іх сарціроўку, прышчапленне і г. д. Дзеці мелі шмат працы, і таму больш старшы і хітры Вацлаў стараўся перакласці яе на Тадаса, а той як мог імкнуўся цалкам пазбегнуць працы. Але дзеці мелі строгага бацьку, і таму ў іх нічога не атрымлівалася.
Гаспадарка ў Лябёдцы адрознівалася ад суседніх. Яна патрабавала шмат служачых і яшчэ больш рабочых рук. Лябёдка насамрэч больш нагадвала прамысловае, а не аграрнае прадпрыемства, тым больш, што ўвесь час будаваліся новыя спецыялізаваныя будынкі, закупаліся машыны, бурыліся артэзіянскія свідравіны і г. д.
У Лябёдцы з былых часоў стаяў вялікі, тыповы для старых двароў драўляны дом, крыты гонтай, з дужым ашклёным ганкам з боку падворка, з шырокім балконам і мансардай уверсе. З боку сада знаходзілася вялікая веранда з дошак. Яе дах апіраўся на белыя, драўляныя слупы, а сходы з веранды вялі ў парк. З другога боку дома быў «чорны» ўваход у пякарню і кухню. У доме меліся наступныя памяшканні: слынны ў сям’і «дамскі пакой», «пакой дзядулі», сталовая, дзіцячы пакой, спальня, «птушыны пакой», найбольшым быў гасцінны пакой, альбо па-іншаму «салон», два кабінеты, далей, каля пякарні, меўся пакой ахмістрыні, потым «цёмная ізба», кухня, вялікая камора — «спіжарня» і нарэшце, наверсе, малая зала, у якой толькі ўлетку жыла цётка — малая зала не мела печкі.
Гэты дом, з якім звязаныя найлепшыя ўспаміны ўсіх дзяцей Леанарда Іваноўскага, быў пабураны ў 1901 г., і на яго месцы пабудаваны вялікі, мураваны, двухпавярховы з чырвонай цэглы сапраўдны палац у стылі мадэрн з элементамі неаготыкі. У плане ён нагадваў літару «L» (Lebіodka) і меў вялікую колькасць пакояў.
Ад старога дома захавалася толькі частка з верандай. Трохі пераробленая, яна была перанесена ў сад. Потым, пасля Першай сусветнай вайны, Алена Іваноўская перанесла гэты дом у вёску Капцюхі, дзе ён згарэў падчас пажару.
Трэба сказаць яшчэ некалькі слоў пра гэты стары дом, які, каб адрозніць яго ад «палаца», усе звалі «дамком». Казімір Іваноўскі ўспамінаў, што дамок быў вельмі мілай, драўлянай, аднапавярховай халупкай памерам 22 на 15 м. Уваходзілі ў яго праз зашклёны ганак. Летам там прыемна было пасядзець на лавах, а зімой ганак з’яўляўся добрай заслонай ад халоднага ветру, снегу і марозу. Менавіта тут у свой час зладзілі алтар і хрысцілі малога Казіміра.
З ганку ўваходзілі ў вялікі перадпакой, адтуль двое дзвярэй вялі ўнутр дома. За левымі дзвярыма была вялікая сталовая, адначасова яна з’яўлялася і салонам. За правымі дзвярыма мелася вялікая кухня з вялікай хлебнай печчу. Каля печы стаяла вялікая кухонная пліта на чатыры фаеркі. У ёй заўсёды гарэў агонь. Тут гатавалася ежа для сям’і малодшага з братоў — Станіслава Іваноўскага, а ў вялізным чыгунным сагане варылася бульба для парсюкоў. Часта, прагаладаўшыся, дзеці кралі тую вараную бульбачку. На ўскрайку пліты заўсёды стаялі вялікія чорныя гладышы — гліняныя збаны з сквашаным малаком, якое адстойвалася на тварог. За печчу меўся ўмураваны ў яе 100-літровы кацёл, у ім грэлася вада для мыцця і прання бялізны. Кухня была цёплай, утульнай, пахла малаком і свежым хлебам. Не шкодзіла ёй нават вялікая колькасць мух улетку. За кухняй меўся яшчэ адзін жылы і адзін службовы пакой, у якім у 1930-я гг. жыла ахмістрыня Мяланья. Мяланья кіравала хатняй гаспадаркай — кухняй, хатняй птушкай і свінкамі. Страціла сваю сям’ю і ў Іваноўскіх знайшла другую.
Усе пакоі, за выняткам кухні, былі высланы карычневым лінолеумам, што дазваляла, нават маючы дзяцей і сабак, утрымліваць чысціню.
Дамок стаяў у 30 метрах ад палацу і аддзяляўся ад яго парканам. Вокны дамка мелі невялікі памер і ўлетку заўсёды адчыняліся, што вечарам значна палягчала хлопцам вяртанне дахаты. Узімку мароз маляваў прыгожыя ўзоры на двайным шкле, з-за чаго не патрэбны былі фіранкі. А ўлетку, калі глядзець вонкі, заўсёды быў бачны дзікі вінаград, які аплятаў увесь дамок.
Калі будаваўся Лябёдскі палац (у сям’і яго называлі проста домам) разам з рознымі прысядзібнымі гаспадарчымі пабудовамі, Леанард Іваноўскі, як інжынер, задзейнічаў на будаўніцтве шмат розных машын, якія на месцы выраблялі бетон, цэглу, дахоўку, трубы і іншыя будаўнічыя матэрыялы. Дзеля ўсяго гэтага выкарыстоўваўся жвір і пясок з ямаў недалёка ад будоўлі. Потым жвір здабываўся для будаўніцтва дарог у ваколіцы і ў выніку недалёка ад палаца паўсталі жвіровыя ямы ў 6 метраў глыбіні і каля 20 даўжыні. Заслоненыя ад ветру, ямы мелі свой мікраклімат і ўвесь год мелі на сваім дне ваду. Але адмысловую цэглу для будаўніцтва старавасілішкаўскага касцёла і лябёдскага палаца прывозілі з польскага Влацлавека.
Як выглядаў Лябёдскі палац у 1930-я гг.? Увайсці ў палац можна было праз вялікія зашклёныя дзверы. Адразу ад увахода меўся невялікі зашклёны перадпакой, а за ім другі, больш вялікі. Па левым баку тут стаяла вешалка для вопраткі, а далей вялікі стэлаж з поручамі, на якім спачывалі прыгожыя конскія прылады Алены Іваноўскай: лёгкія англійскія сёдлы з светлай скуры, далікатныя аброці з кольцамі, спражкі і цуглі, упрыгожаныя слановай косткай. Насупраць стаяла вялікая зашклёная вітрына на ножках з выразанымі на ёй птушкамі. У гэтай вітрыне захоўваліся рэчы, якія нагадвалі пра захапленне паляваннем як мінімум чатырох пакаленняў Іваноўскіх.
Дзесьці з другой паловы 1930-х гг. сям’я малодшага брата Вацлава і Алены — Станіслава Іваноўскага — атрымала ў палацы тры пакоі на першым паверсе, гэтую частку дома раней займаў Леанард Іваноўскі, а на сценах пакоя, у які пасяліліся дзеці Станіслава — Лех і Казімір, да канца 1930-х гг. тут віселі дыпломы дзеда Леанарда, гэты пакой раней быў яго кабінетам. На найбольшым, каляровым, у саліднай дубовай раме дыпломе, быў намаляваны чалавек, які трымаў у руцэ італьянскі сцяг, а каля сцяга меўся надпіс: «Esposіzіone Іnternazіonale dell’Undustrіa e del Lavoro. DІPLOMA DІ BENEMERENZA. Sіgnore Leonardo Іwanowskі. Torіno 1911». Гэта была ўзнагарода за прадстаўленае дзедам Леанардам абсталяванне для вінакурні, у гэтай справе дзед быў выбітным адмыслоўцам. Каля першага вісеў другі, менш прыгожы дыплом з нейкай выставы ў Вене, арганізаванай аўстрыйскай манаполіяй алкаголю і тытуню. Апошні дыплом на французскай мове быў дадзены за выгадаваную ў Лябёдцы гародніну. У гэтым жа пакоі стаяў жалезны ўмывальнік з тазам — зімняя лазня для дзяцей. Улетку ролю лазні выконвалі малыя сенцы каля былога кабінета Леанарда, яны вялі на задні, малы ганак. У сенцах мелася ладная кафляная падлога з фірмовым надпісам пасярэдзіне: «Дзявульскі і Ланге, Апочна». Каб не паслізнуцца, на гладкай паверхні кафлі меліся аб’ёмныя малюнкі кветак. Уся падлога была аблямавана бронзава-жоўтым плінтусам.
На другім паверсе палаца некалькі пакояў займала жонка Леанарда Іваноўскага, бабуля Ядвіга, той жа Казімір помніў, што «У бабуліных пакоях заўсёды цёпла і ўтульна, на сценах вісяць фотаздымкі яе пецярых дзяцей і ўнукаў. Дзядзька Ежы трымае на каленях сваю малую дачушку Ванду, каля яго — фотаздымкі Стэфана, Вацака, Юркі, Ганкі (фотаздымкі ўнукаў, — Л. Л.), таксама і маёй сям’і. Каля свайго вялікага ложка бабця мае ліхтар, у якім заўсёды гарыць свечка. Пад свечкай стаіць талерка, у якую сцякае парафін. У бабулі мы нядоўга, дамаўляемся пра сустрэчу на заўтра і ляцім аглядзець гаспадарку. Па дарозе сустракаем цёцю Алену, як заўсёды, яна мае для нас шырокую ўсмешку, пахне коньмі і хартамі».
Суседні маёнтак Шайбакполе
Лябёдка знаходзіцца ў старажытным месцы гістарычнай Літвы. Пра міфічную гісторыю суседняга Шайбакполя, у свой час расказалі Тэадор Нарбут і Адам Кіркор. І насамрэч на палях гэтага суседняга з Іваноўскімі маёнтка стаялі курганы і Алена з Іваноўскіх, мела знойдзены ў адным з тых курганоў мела цяжкі, масіўны і досыць прымітыўны пярсцёнак які меў выгляд быццам двух сплеценых вужоў. Алена любіла і часта насіла гэтую рэч.
Ня дзіва, што людзі з ваколіц Лябёдкі лічылі, што старажытныя духі ўпадабалі сабе руіны палацу ў Шайбакполі. У 1930-я гг. ад палаца засталіся толькі фрагменты сцен з гнёздамі бацяноў, але навакольныя людзі ведалі, што каля руін павінны былі з’яўляцца 7 паненак у белых кашулях са свечкамі ў руках ці рыцар на белым кані. Пляменнікі Алены спрабавалі спраўдзіць гэту легенду і неяк прасядзелі ўсю ноч, але, акрамя гукання савы, палётаў кажана, піску шчуроў, крокаў вожыка, нічога не ўбачылі і не пачулі. Таксама, у Лябёдцы расказвалі зімовай ноччу конна вяртаўся з мястэчка. Стаялі моцныя маразы, і, зразумела, эканом добра «пагрэўся» ў карчме. На мяжы Лябёдкі пры дарозе стаяў стары трухлявы драўляны крыж, цалкам сівы ад марозу. Калі эканом ехаў каля крыжа, той упаў на яго. Эканом адразу працверазеў і, непрытомны ад страху, памчаўся галопам на падворак. За той вечар адразу стаў поўнасцю сівы.
Думаю, трэба трошкі падрабязней расказаць пра суседні з Лябёдкай маёнтак Шайбакполе. Пачну з дарогі на Шайбакполе з Лябёдкі, раскажу якой яна была ў 1930-х гг. — менавіта тады па ёй ездзілі Алена, Вацлаў і ўсе іншыя Іваноўскія. Зараз жа наваколле там моцна змянілася.
Шайбакполе палягала на адлегласці трох кіламетраў на паўночны захад ад Лябёдкі. У залежнасці ад транспорту і ўзросту падарожніка, патрапіць туды можна было рознымі дарогамі. Калі ехаць коньмі, трэба было рушыць ад галоўнага ганка лябёдскага дома праз шырокую выязную алею, з аднаго боку агароджаную жывым плотам з глогу, а з другога боку — ляшчыннікам. Па левым баку меўся сад Пяскі — у ім раслі пераважна грушы. Па правым баку быў стары сад, ад дарогі яго аддзяляла падвойная алея з ляшчынніку, у якім жылі вавёркі. Выязная дарога даўжынёй каля 200 метраў вяла на ўсход і даходзіла да гасцінца, які ішоў улева на Васілішкі, а ўправа праз Галавічполе дарога ішла на Верх-Лябёдку. Але да гасцінца можна было прайсці сцежкай праз сад і там дзе сцежка праз сад выходзіла на гасцінец, раслі дзве стройныя высокія бярозы. Мелі яны сваю гісторыю, бо былі пасаджаны на «магіле» двух пальцаў дзядзькі Вацака, брата майго бацькі. Гэтыя пальцы ён страціў у маладым веку, калі неасцярожна рабіў набоі для дубальтоўкі. З таго часу ніхто з сям’і не майстраваў у доме амуніцыі, усё куплялася ў краме для паляўнічых, і дзве бярозы раслі самотнымі. З-за таго, што на адной руцэ Вацлаў Іваноўскі меў толькі два пальца, потым ён узяў сабе псеўданім «Вацюк Тройца».
Далей па трасе, за нейкія 200 метраў управа ад тых бяроз, гасцінец перасякаў ручай. Быў гэта маленькі струменьчык, які цёк праз лугі. Але падчас паводак на лугах з’яўляліся азёры, а ручай ператвараўся ў рэчку, якая змывала мост на гасцінцы.
Менавіта гэты ручай быў мяжой з фальваркам Галавічполе. Калі на гэтым перакрыжаванні, павярнуць управа, дык хутка на гарызонце ўжо было бачна Шайбакполе. Тут, каля перакрыжавання, раслі дзве прысадзістыя дзікія грушы, на якія часта сядалі сокалы-каршачкі. За грушамі пачыналася багна Кятуркі (назва балцкага паходжання азначае «чацвёрка»). Кятуркі адвеку былі месцам паляўнічых подзвігаў роду Іваноўскіх. Гэта была група лугоў паверхняй каля 2 кв. км, тут было шмат вокнаў з вадой і глыбокіх багністых саджалак. Кятуркі нельга было прайсці без рызыкі ўтапіцца.
Але ідзём наперад, пераходзім масток і бачым 30-метровы ўзгорак. На ім старыя ліпы ствараюць вышчарбленую, непрыгожую алею. Адсюль пачынаецца Шайбакполе — ладны, 500-гектарны, маёнтак Райхеляў, блізкіх сваякоў Іваноўскіх (як яны атрымалі гэту маёмасць, я пісаў вышэй).
Сам падворак Шайбакполя меў каля гектара. З аднаго боку стаялі вялікія стадолы, стайні, аборы. З другога — быў прыгожы драўляны свіран, руіны палаца і вялікі сад. Жылога дома не было. Райхелі жылі ў адрамантаваным старым лямусе. У наш неспакойны час, калі здараліся ўсялякія наезды і напады, лямусы выконвалі ролю не толькі сямейнага архіва, але і крэпасці. Гэтак было і ў Шайбакполі. Лямус меў муры метровай таўшчыні, малыя ваконцы, замест печаў вялікі камін з напалову адкрытым вогнішчам. Зімой там было надзвычай холадна і ў любы час года цесна, месца для жыцця не хапала.
Шайбакполе ў 1930-я гг. славілася вялікай колькасцю сабак, якіх было каля 10. Гэтых сабак кармілі рэдка, і яны вынішчалі ваколіцы маёнтка. Калі на падворку з’яўляўся нехта чужы, уся зграя адразу з гучным лаем кідалася на яго. Уязджаючы на ровары, перад брамай трэба было добра разагнацца і потым высока ўздымаць ногі, ажно на руль, і маліцца, каб разгону хапіла даехаць да ўваходных дзвярэй.
Калі госці прыязджалі коньмі, частка сабак скакала да мордаў і горла коней, частка хапала іх за ногі, а частка кідалася да воза, каб ухапіць гасцей. Пры гэтым з лямуса выбягаў нехта з гаспадароў і, вырваўшы пас з штаноў, адганяў сабак, прытрымліваючы спадаючыя штаны. Госці бараніліся ад сабак усім, што ўхапілі ў рукі. На шчасце, праз нейкі час сабакам гэтая забава надакучвала, гаспадары заканчвалі свае «палавецкія пляскі» і міла сустракалі гасцей, пасля чаго яны сходзілі з воза. Госці ўваходзілі ў дом, а там ім у ногі кідаліся іншыя кудлатыя стварэнні!
З тымі сабакамі бывалі розныя гісторыі. Казімір Іваноўскі ўспамінаў, як яго стрыечныя браты, сыны Вацлава Іваноўскага з фальварка Рагачоўшчына, знайшлі малога ваўчка з хворай нагой і выхавалі яго з шчанюкамі. Воўк атрымаў мянушку Акела. Гэта быў вельмі спакойны звер і толькі калі-нікалі выў на месяц.. «Неяк у пошуках сукі дабег да Шайбакполя, дзе чарговая сука сабрала вакол сабе з ваколіц вяршкі сабачай моладзі. … Пасля гэтага жыў то ў Рагачоўшчыне, то ў Шайбакполі», — пісаў Казімір, пляменнік Вацлава і Алены Іваноўскіх.
Гэтак воўк знайшоў дарогу да Райхеляў. Дзядзька Іваноўскіх — Мечыслаў Райхель меў шмат неўжытковай зямлі і таму гадаваў на ёй некалькі сотняў авечак. Калі надыходзілі халады, авечак заганялі ў абору. Неяк, калі была поўня, Акела, гэтак звалі гэтага воўка, пачуў кліч продкаў. Падкапаўся пад абору і за душыў каля 20 авечак, яшчэ столькі ж пакалечыў. Мечыслаў Райхель, як суддзя, вырашыў, што за воўка адказвае яго гаспадар і таму адаслаў Сабіне Іваноўскай, першай жонке Вацлава, рахунак за задушаных авечак. Па меры таго як пакалечаныя авечкі здыхалі, адсылаў ёй наступныя рахункі. З таго часу сяброўскія адносіны паміж домам Сабіны Іваноўскага і Райхеляў і Райхелямі вельмі астылі. Сям’я Сабіны да вайны не магла больш нават глядзець на бараніну, і пасля гэтага ў сябе гадавала толькі таксаў.
Абшарнікі і шляхта
Гэта быў вельмі неаднародны клас. Да яго належалі вышэйшыя, сярэднія і дробныя ўладальнікі маёнткаў, якія ў матэрыяльным сэнсе маглі не надта адрознівацца ад сялян (можа, толькі тым, што жылі не ў вёсках, а ў фальварках). Інтэлектуальны ўзровень таксама моцна адрозніваўся, але збольшага адпавядаў матэрыяльнаму стану асобы.
Паўстанне 1863 г. зменшыла колькасць шляхты. Удзельнікі паўстання былі ці забітыя, ці сасланыя ў Сібір, і лёс сасланых быў вельмі розны. Некаторыя прыжыліся ў Сібіры, сярод сасланых было шмат інтэлігентаў (лекары, навукоўцы), і праз нейкі час яны пачалі зарабляць грошы, а адзінкі нават сталі мільянерамі. Іншыя вярнуліся ў Літву, але сваіх двароў не атрымалі, бо былі яны канфіскаваныя і пераважна па нізкім кошце альбо ў растэрміноўку аддадзеныя розным нікчэмнікам, у асноўным ваенным, якія якраз і задушылі паўстанне. Другая частка ўладальнікаў двароў былі агаломшаныя, стэрарызаваныя і думалі толькі пра захаванне сваёй скуры і сваёй зямлі. Мелася забарона на набыццё зямлі католікамі, таму тыя, хто меў зямлю, стараліся ў любым выпадку захаваць яе, а не прадаць прышлым элементам. Цяжкім ціскам для тутэйшай шляхты была гэтак званая кантрыбуцыя, ці грашовая кара, за паўстанне. Гэтыя грошы плаціла ўся шляхта, але я не знайшоў Леанарда Іваноўскага ў спісе асоб, якія плацілі кантрыбуцыю, магчыма таму, што ён фармальна не жыў у Лябёдцы. Да гэтага дадаваўся яшчэ нацыянальны і рэлігійны ўціск. Усе гэта абцяжарвала псіхіку і нараджала безнадзейны настрой, які панаваў сярод нашых уладальнікаў двароў у другой палове XIX ст. У гэткай атмасферы вырасла цэлае пакаленне, і толькі адзінкі з моцным характарам маглі перамагчы прыніжэнне.
Большасць суседзяў Іваноўскіх мелі дрэннае выхаванне і адукацыю. Сярод шляхты цяжка было знайсці чалавека з вышэйшай ці нават сярэдняй адукацыяй. Большасць з іх лічылі, што ў сельскай гаспадарцы навука непатрэбна. Трэба толькі гаспадарыць гэтак жа, як рабілі бацькі. Аднак па-старому ўжо было немагчыма, бо бацькі мелі яшчэ прыгонных сялян, а пасля адмены прыгону працаўнікоў трэба было наймаць. Каб атрымаць грошы, тыя, хто меў лес, прадавалі яго. Пра дынамічнае развіццё гаспадаркі размова не ішла. Усё рабілася па-старому, павольна і прымітыўна.
Пасля паўстанні 1863 г. адбылася селекцыя, у выніку якой край страціў найлепшых людзей — сваю эліту. Ідэалы тых, хто застаўся, не выходзілі за межы дасягнення дабрабыту, але такога дабрабыту, якога можна было асягнуць без вялікіх высілкаў. Тадас Іванаўскас пісаў, што гэтыя людзі ўнікалі ўсяго, што магло парушыць іх спакой, і вельмі баяліся ўладаў — нават з’яўленне жандара ў мундзіры ўзбуджала ў іх страх. «Урадник», а тым болей «пристав» былі іхнім кашмарам, пры іх з’яўленні яны станавіліся ліслівымі і падлыжнымі. А калі ў правінцыю прыязджаў функцыянер высокага рангу, дык яны, каб яму спадабацца, вылузваліся са скуры.
Вялікай страсцю нашай шляхты была гульня ў карты. Для гасцей рыхтаваўся па частунак, пасля якога моладзь танцавала, а старыя, каб не траціць часу, сядзелі за зялёным сталом і гулялі ў карты. Пісьменнік Мельхіёр Ваньковіч, які сам быў уладальнікам двара ў Літве, кпіў з недахопаў свайго грамадскага слоя. Ён неяк некалькіх сваіх суседзяў намовіў з’ездзіць у Парыж на Сусветную выставу. Пасля выставы яны яшчэ ўсе разам планавалі наведаць некалькі знакамітых гарадоў. Ваньковіч адправіў сваіх сяброў цягніком, а сам павінен быў выехаць праз некалькі дзён і сустрэцца з імі ў парыжскім гатэлі. Гэтак і адбылося. Пісьменнік прыехаў у Парыж і ў адпаведным гатэлі застаў сваіх суседзяў за зялёным сталом з картамі. Іх не цікавіла сталіца Францыі — ужо два дні і дзве ночы яны не ўставалі з-за картачнага стала.
Напрыканцы XIX ст. наша шляхта не вызначалася выбітным інтэлектам. Мала хто з паноў меў бібліятэку ці нават выпісваў нейкае перыядычнае выданне — усё замяняў каляндар. Рэдка пісалі, і калі была такая патрэба, дык па ўсім доме шукалі атрамант і пяро. Мала хто меў замілаванне да прыроды ці садоўніцтва — усё замяняла паляванне. Некаторыя паны праз паляванне цалкам занядбалі свае гаспадаркі і таму з ахвотай бывалі ў гасцях. Ездзілі па суседзях з нагоды Божага Нараджэння, Вялікадня, Зялёных святаў ці імянінаў, каб выпіць і пад’есці ўдосталь.
Іванаўскас піша, што падчас святаў грошай не шкадавалі, нават калі іх і не было. Не важным было тое, што пасля святаў давядзецца доўгі час адмаўляць сабе ва ўсім. Падчас Божага Нараджэння ці Вялікадня багатыя паны прымалі ў сваім доме шмат гасцей. Госці прыязджалі з касцёла, і пачастункам не было канца: калі адны з’язджалі, другія прыязджалі, і гэтак увесь дзень. Да велікоднага стала не трэба было запрашаць — госці самі знаходзілі талеркі, нажы і відэльцы, наразалі сабе кусы, налівалі трункі ў кілішкі — адным словам, паводзілі сабе вальней, чым у сваёй хаце. Падзяліўшыся на групы, размаўлялі пра гаспадарку, пра тое, колькі пашы яшчэ засталося, пра кароў, банкаўскія пазыкі, новага пробашча. Можна было пачуць урыўкі сенсацыйных размоваў, напрыклад: «Ці чуў пан-сусед, што сын губернатара Аржэўскага, калі вучыўся ў гімназіі, абрабаваў ахвярную скрынку ў Вострай Браме, а на наступны дзень на коўзанцы зламаў нагу?» «То Божая кара», — быў адказ. У іншай групе размаўлялі пра новы гатунак бульбы. «Ён лепшы», — казаў першы. «Гэта праў да», — адказваў другі.
Адбываліся танцавальныя вечарыны, нават вельмі гучныя, якія пачыналіся зранку. Большасць паноў мелі фартэпіяна, і сама пані ці цёця альбо нехта з сваякоў маглі на ім іграць і таму ігралі да раніцы. У Лябёдцы на важных вечарынах іграў аркестр з Васілішак, якім кіраваў шавец Манчынскі. У аркестры акрамя шаўца звычайна быў яшчэ адзін музыка. Яны ўмелі іграць адзін вальс, адну мазурку, адну польку, адзін контрданс — здаецца, гэта быў увесь рэпертуар аркестра. Іванаўскас помніць, што на ўсіх вечарынах ігралі адно і тое, і нават праз шмат гадоў усе іхнія матывы яшчэ жылі ў яго памяці. «Стаіць перад вачыма карціна, як аркестрант Шмуль, дзьмуўшы ў свой інструмент, заснуў на хаду. Але вось галава яго тарганулася, і ён зноў энергічна зайграў. Пачаўся перапынак, і аркестранты адразу засынаюць на крэслах, а моладзь парамі выбягае на падворак, каб падыхаць свежым паветрам і весела пагаманіць. Світанак ужо хутка, ветрык аслабеў, зараз узыдзе сонца, але ў хаце пры свечках каля зялёнага стала старыя яшчэ гуляюць у карты. На падворку вазніцы пачынаюць запрагаць коней».
Сярод уладальнікаў двароў былі таксама і рускія. Гэтыя новыя паны найчасцей атрымалі маёмасць рознымі нячыстымі спосабамі. Сярод іх было шмат ваенных — удзельнікаў задушэння паўстання 1863 г. Менавіта гэтыя новыя ўладальнікі маёнткаў уваходзілі ў склад такіх нячыстых арганізацый, як Саюз рускага народа ці Саюз Міхаіла Арханёла.
Бесплатный фрагмент закончился.
Купите книгу, чтобы продолжить чтение.