Прадмова
Вітаю, мы незнаёмыя. Я Антось, а гэта мой першы зборнік апавяданьняў. Тут знойдзецца гуманітарная НФ, прыгодніцкая, высьмешлівая, плянэтарная фантастыка, фэнтэзі, спэкуляцыйная бэлетрыстыка, містыка, нават гістарычна-фантастычная п’еса.
Пісаць апавяданьні я пачаў сямнаццаць гадоў таму, а ў 2012-ым ужо меў іх столькі, што мог паадбіраць найлепшыя й выпусьціць таўсьцюткую кніжку — як гэта, на добры лад, і варта было зрабіць. Але ж не паадбіраў і ня выпусьціў — пераймаўся якасьцю, баяўся, хто што скажа й падумае.
Цяпер не пераймаюся й не баюся. Старыя апавяданьні, з аднаго боку, за гэты час не палепшалі, а зь іншага — і актуальнасьці не згубілі, бо ня мелі яе адпачатку. Летась я апублікаваў быў дэбютны раман і глядзець на такія рэчы стаў прасьцей.
У мяне самога ляжыць колькі дэбютных кнігаў вершаў і апавяданьняў беларускіх пісьменьнікаў, атрыманых цікавым спосабам: штосьці давалі ў надатак, калі купляў у кнігарнях іншыя выданьні; штосьці бясплатна — толькі вазьміце, няма куды падзець — раздавалі на літаратурных імпрэзах; штосьці дарылі аўтары, бо й накладу ў сто асобнікаў не маглі распрадаць. Яно й ня дзіва. Бальшыня гісторыяў, паводле трапнага выразу Джэфа ВандэрМэера, не выклікае ў чытачоў ніякага водгуку й сыходзіць у шэрыя землі няпомнасьці.
Мая кніжыца — якраз з такіх. І гэта добра. Магу сабе дазволіць пэўныя вольнасьці, бо ня думаю, што нават сярод тых, каму яна трапіць у рукі, знойдзецца багата ахвотнікаў чытаць далей за прадмову.
Як бы там ні было, калі ўвесь час пішаш апавяданьні, раней ці пазьней маеш выпусьціць зборнік. «Раней» у мяне не атрымалася, то сама час зрабіць гэта зараз. Куды цягнуць? Штосьці лепшае за нічога. Дый гледзячы на тое, што цяпер выдаюць нашыя вядомыя пісьменьнікі, я разумею: дарма пераймаюся. Пагатоў, ні на што большае за забаўляльную літаратуру не прэтэндую.
У гэтай кнізе — дробная частка напісанага мной: сямнаццаць тэкстаў на сямнаццаць гадоў. Каторыя творы зьніклі разам з старымі цьвёрдымі дыскамі й згубленымі нататнікамі, каторыя (бальшыня) папросту слабыя, каторыя для зборніку не пасуюць праз фармат: сцэнары й бэлетрызацыі ролевых гульняў, псальмы й прыповесьці выштукаванае рэлігіі, сумесная форумная творчасьць, апавяданьні ў падарунак сябрам, практыкаваньні ў стылі, творы па-старабеларуску, мэшапы і ўсялякае рознае, чаму я й назвы не прыдумаю.
Адныя з тэкстаў, што ўвайшлі ў кнігу, друкаваліся раней у пэрыёдыцы, другія — не. Каторыя я пакінуў бяз зьменаў, каторыя перапісаў амаль цалком. Колькі апавяданьняў пераклаў з расейскай, у якой пачынаў быў пісаць. Адныя падабаюцца мне дагэтуль, на другія не магу глядзець бяз сораму, хаця яны й перамагалі ў конкурсах (іх якраз і перапісваў). Калі ствараў першыя, я быў расейскамоўным безбародзькам, апошнія напісаныя беларускамоўным нацыяналістым зь першаю сівізною ў барадзе.
Розныя апавяданьні пісаліся ў розных мясцох: ад бытоўкі ў расейскім Запаляр’і да намёту ў гуцульскіх Карпатах недалёка ад украінска-румунскае мяжы. Гэтыя радкі я пішу, седзячы ля панарамнага вакна на хутары пад Валожынам, і перапынкамі гляджу на разгалістае бязьлістае дрэва, адрыну з прыхінутымі драбінамі за ім, веялку з малатарняй, пару розвальняў і засьнежаныя пагоркі па самы гарызонт.
Тэксты ў зборніку я не стаўляў ані паводле даты напісаньня, ані паводле тэматыкі. Проста стараўся, каб побач не апыналіся падобныя. Зрабіць гэта было нескладана, аджа апавяданьні, як на мяне, розьняцца і формай, і зьместам. Зрэшты, чытаць іх можна ў любой пасьлядоўнасьці. Маю спадзеў, такая стракатасьць пойдзе кнізе адно на карысьць і кожны (уяўны) чытач знойдзе сабе што-кольвек да густу.
Адзінае, што яднае ўсе мае тэксты — наяўнасьць фантастычнага элемэнту. Хорхэ Люіс Борхэс даўно пісаў, што літаратура пачалася з фантастыкі, а не з рэалізму, і з гэтым не паспрачаешся. Для мяне самога літаратура на фантастыцы й скончылася. За клясыку я ўважаю не талстояў з дыкензамі, а «Гільгамэша», «Адысэю» й «Бэўвульфа». Біблію магу ўспрымаць хіба што як шматтомны міжаўтарскі цыкаль фэнтэзі, дзе ёсьць як афіцыйныя раманы «паводле франшызы», так і некананічныя фанфікі.
Я ніколі ня мог зразумець аднае рэчы: калі любая літаратура — выдумка, нашто аўтарам заганяць сябе ў вязьніцу рэальнага й выдумляць тое, што рыхт у рыхт нагадвае абрыдлую штодзённасьць? Не разумею й дагэтуль. І ў вязьніцу сябе не заганяю. Зь дзяцінства мне не падабаецца чытаць пра шэрае навакольле. Хочацца, каб дзея твору адбывалася хаця б у нейкай экзатычнай краіне; лепей — у аддаленым часе, пажадана легендарным; а найлепей — на іншай плянэце або ў выдуманым сьвеце.
Назва зборніку (і аднаго з апавяданьняў) — гэта радок зь песьні толкінаўскіх гномаў у перакладзе Дзьмітрыя Магілеўцава й Крысьціны Курчанковай. Названы ён так нездарма. У ім будзе нямала цытатаў, згадак і адсылак да іншых аўтараў; будуць тэксты, дзея якіх адбываецца ў сусьветах, прыдуманых ня мною, але мною любімых.
Каб падмацаваць напісанае вышэй, адразу згадаю Харлана Элісана. Мне вельмі падабаюцца ягоныя зборнікі, у якіх прадмовы да апавяданьняў бываюць ня менш цікавымі за самыя апавяданьні. Сьледам за дзедам і я да сваіх тэкстаў напісаў невялікія прадмовы. Чытаць іх — як, дарэчы, і гэты зацягнуты ўступ — зусім неабавязкова: нічога для разуменьня твораў яны не даюць.
Арт-хутар «Васіліна», люты 2022 году
Усе д’яблы сюды прыбеглі зь пекла
Улетку 2019 году я браў удзел у раскопках крэўскага гарадзішча X — XIII стагодзьдзяў. Аднаго дня на абедзенным перапынку валянтэры, пад’еўшы, паразьлягліся на разасланым брызэньце над раскопам. Хто курыў, хто драмаў на сонцы, хто бавіў час размовамі. Я слухаў. Разам з намі быў гаваркі хлопчык, які прыехаў з бацькамі з Гомлю. У пэўны момант ён нечакана загаварыў пра пекла і прамовіў: «У пекле ёсьць Гомель». А потым як нічога ніякага дадаў, што там таксама ёсьць каровы й шмат камароў. І людзі — добрыя-добрыя. Асаблівае жудасьці дадавала тое, што прамаўлялася ўсё гэта бязьвінным танюсенькім галаском. І гэта запомнілася.
Вярнуўшыся празь які тыдзень дахаты, я прыдумаў сабе творчае заданьне (бо за вандроўкамі й раскопкамі ўлетку амаль нічога не напісаў): стварыць апавяданьне, якое пачыналася б словамі пра пекла й Гомель і ўмяшчала хлопчыкаву міталёгію й тэму дзіцячае жорсткасьці. Штопраўда, ня ведаў, ці атрымаецца. Атрымалася.
У тэксьце згадваецца «палітыка дэнацыяналізму»: рыхтуючы зборнік, я хацеў быў яе выкрасьліць праз адначаснае падабенства й непадабенства да так званае «дэнацыфікацыі» ў Украіне, якая распачалася праз два з паловаю гады па напісаньні, але па водуме вырашыў пакінуць як ёсьць. Усё ж фантастыка нічога не прадказвае, як гісторыя нічому ня вучыць. Яны патрэбныя для іншага.
У пекле быў Гомель.
Спачатку ён не даваў веры відавочнаму, але неўзабаве сумневаў не засталося.
Першым пабачыў дарожны паказальнік. Абшарпаны сіні простакутнік пасярод пякельнае пусткі. Фарба лупілася буйнымі асушкамі, як пабруднелая скура на лбе й носе Ўсьцюжаніна. Налева — Чарнігаў, наўпрост — Гомель, 20 км. Потым, празь якую пару-тройку гадзінаў, наперадзе зьявілася места. Руіны, якія Ўсьцюжанін не пазнаў альбо пазнаваць не захацеў. Яшчэ праз гадзіну — мост цераз Сож. Тады ўсё стала зразумела. Дарма што замест вады ў рэчышчы Сажу цякла лява.
У тым, што ён у пекле, Усьцюжанін не сумняваўся.
Ён апрытомнеў на беразе лядзянага возера — голы, падубелы, няпомны. І зьмеркаваў, што апынуўся ў апраметнай, няйначай. Усё навокал было скутае марозам і пазасыпанае сьнегам. Неба падавалася няісным. Халадэча стаяла такая, што скура трэскалася і адвальвалася шматамі.
Ён падняўся й пайшоў куды вочы павядуць.
Жаданьняў не засталося.
Неўзабаве налучыў на раку й далей пільнаваўся берагу. Кірунак ня горшы за любы іншы. Ужо пазьней згадаў генштабаўскую кілямэтроўку й сьцяміў, што гэта мусіла быць Іпуць, якая цякла ў бок Гомлю.
Завіруха ўзьнялася раптоўна. Вятрыска дзьмуў так, што не пераставіць ногі, калючая белая сьцяна сьляпіла й задушвала.
Законы прыроды тут сілы ня мелі. Вецер мацнеў, сьнег заляпляў нос ды вочы, тэмпэратура падала, пужаючы нават яго, бітага сыбірскага гусака. Ступняў ён не адчуваў і дзівіўся, як дагэтуль перасоўвае іх па зацьвярдзелым шарпаку. Ад холаду скура па ўсім целе карэла й пакрывалася пухірамі, якія бесьперастанку набракалі і йрваліся крывёю й гноем.
Боль наганяў не адразу.
Усьцюжанін падымаў рукі да твару, глядзеў, што ад іх засталося, жахаўся — і толькі потым адчуваў фізычныя пакуты. У нейкі момант пачуў прыглушанае храбусьценьне й сьцяміў: вантробы так зьледзянелі, што трушчацца на аскепкі. І тыя аскепкі — вострыя, незьлічоныя — уторкваліся знутры яму ў чэрава й выходзілі вонкі.
Не, ён не памёр. Ня той раз.
Колькі цягнулася агонія, сказаць было цяжка. Можа некалькі гадзінаў, а можа некалькі гадоў.
Ён не хацеў успамінаць.
Праз пэўны час завіруха суцішылася, сьнег навокал растаў. Боль зь нясьцерпнага ператварыўся ў тупы, ныючы, падспудны. Ці ня з кожным крокам рабілася ўсё гарачэй.
Цёплае паветра прынесла пахі: скіслага супу, абпаленых сінтэпонавых цацак, прытхлых сутарэньняў, ляжалае гародніны, спарахнелае мэблі, вэнознае крыві. Кіславаты смурод стрэлаў з РПГ-32. Пахі наваліліся разам, і ён ледзь не званітаваў.
Вакол зь ніадкуль зьявіліся стромыя скалы. Запраўдны каменны лес у моры пяску. Калі ўжо добра паглыбіўся ў лябірынт цясьнінаў, скалы з скрыгатам пачалі насоўвацца адна на адну. Павольна, але несупынна. Ён завярнуўся й пабег штосілы.
Але не пасьпеў.
Скалы сутыкнуліся й перамалолі яго на крывавую крышанку.
І тады ён памёр.
А праз хвіліну, калі каменныя сківіцы разьняліся, ажыў. Да таго, як выбегчы на раўніну, Усьцюжанін, усьведамляючы, што гэта немагчыма, паміраў яшчэ тройчы.
Банцэвічанка глядзела на аблогу Гом’я з замкавае вежы.
Варожае войска стаяла пад сьценамі. Над першымі шэрагамі выпрастала крылы жар-птушка. Магутнымі ўзмахамі яна насылала на гарадзішча навальнічныя хмары з маланкамі, што білі ў абаронцаў.
«Прысьпеў час дзеяць».
Камандзір гомейскага гарнізону прачытаў ейныя думкі й даў адмашку. Ведзьмары па ўсім абводзе ўзьнялі рукі. Зь іх далоняў зырваліся снапы сьвятла й рэзнулі па цёмных хмарах. Патрушчылі на нішто.
Гэта слугавала сыгналам для жывёлаў. Варгін працяжна замяўкаў і скокнуў з рандэлі ў гушчу абложнікаў. Кіпцюрамі ён цэліў ім у вочы, драў валасы й шкуматаў твары. За кашэчым каралём уніз скіравалася чарнашэрснае ваярства. З Сажу, наўсьлед за Хабёрам, на бераг палезьлі сотні вялізных ракаў. Вострымі клюшнямі яны пераразалі ворагам сухажылы і адціналі пальцы. Зь лесу паўзла Шкурапея. Яна вяла за сабою размаітых зьмеяў, якія джалілі нападнікаў і ўпырсквалі ім у кроў сьмяротную атруту. Паднор з процьмаю падданых мышэй і пацукоў вылез зь лёху пасярод варожага строю. Грызуны сеялі паніку, гуртам кідаючыся на людзей. З прырэчных пячораў у паветра ўзьняліся цмокі й пачалі паліваць войска полымем.
Банцэвічанка як дасьведчаная чараўніца ведала, што нічога з гэтага не ўратуе места. Яно асуджанае на паразу.
Сцэна аблогі мутнела ўваччу, засланялася прывіднымі карцінамі. Апакаліптычныя візіі зьмянялі пастаральныя краявіды. Яе нібыта разрывала на часткі.
Вось яна бачыць свой чароўны замак, а вось замест Гом’я перад ёю шэры бяздушны Гомель — бэтон, асфальт ды йржавы мэтал. Самая яна стаіць на брылі будынку гомельскага райвыканкаму й вывешвае трыкалёр над галоўным уваходам.
Банцэвічанка не кіравала ўласнымі дзеяньнямі; быццам папросту назірала здаля. Вось уваччу зноўку паплыло, і карціны сумясьціліся — паўсюль яна бачыла адно трупы й руіны.
Раўніна ўяўляла сабою бясконцую мядзяную роўнядзь. Усьцюжанін ступіў на яе й заекатаў — медзь была распаленая ледзь не да вадкага стану. Уваччу памутнела. Ступні дыміліся і асмальваліся, але ён не спыняўся.
Далей, далей — прэч з гэтага замарачнага сну.
Да краю мядзянае раўніны — а той усё ж існаваў — дабраўся на карачках, зьнявечаны й спанявераны. Тут пачыналася шэрая зямля, парослая кустоўем. Ён упаў на сьпіну і аддыхаўся. Колькі разоў цыркануў крывёй. Паветра ўсё гарачэла. Відаць, патроху набліжаўся да цэнтру апраметнай.
Калі апёкі на целе дзіўным чынам загаіліся, падняўся й рушыў праз кусты. Лісьце на іх было вострае як лёзы, і ймкнулася ўчапіць яго як мага часьцей і балючэй. Ён не зважаў на парэзы, пільнуючыся абранага кірунку.
Ягоныя пакуты толькі пачыналіся.
Зямля пад нагамі, і без таго напечаная, раптам задымілася й запалала. Шукаць паратунку не было дзе. Заставалася бегчы наперад — там на гарызоньце вымалёўваліся высокія сілюэты чорнага колеру.
Ён ня помніў, колькі разоў згараў зажыва на той раўніне. Помніў, што зьбіўся з падліку.
Часткаю свайго аганізуючага розуму Ўсьцюжанін адзначаў жахлівую няслушнасьць навакольля. Пакуль ён нема крычаў, ахоплены полымем, зьверху радасна шчабяталі нябачныя птушкі, а ля востралістага кустоўя мірна пасьвіліся каровы. Хто мог прыдумаць такое месца? Хіба што звар’яцелы бог. Альбо д’ябал. І чаму тут апынуўся ён: ня злодзей, не вычварэнец, ня кат — просты кантрактнік?
Калі заўважыў быў руіны места ў першы раз, то падумаў, што гэта ягоны Краснаярск і ён вяртаецца дамоў. Нават у пекле прыемна пабачыць родны кут, знайсьці хоць бы нейкі сэнс у пачварнай фантасмагорыі.
Але неўзабаве памылка сталася відавочнай. Гэта быў не Краснаярск, гэта…
Усьцюжанін завярнуўся й пайшоў назад.
Зноўку паўтараліся жахі. Зноўку зьмяняліся ў карагодзе сьпёка, халадэча й сьмерць. Да лявы, попелу й сьнегу дадаліся агромністыя камары, якія аблеплівалі яго воблакам і высмоктвалі кроў ці не дасуха.
Ён ішоў прэч ад руінаў, ня збочваючы, але і другі раз выйшаў да іх з таго самага боку. Заставалася толькі гістэрычна расплакацца й пабегчы наўздагад…
Калі наперадзе ўзьнік паказальнік на Гомель, ён даўмеўся, што ўжо тройчы бачыць места з усходу. Ня тое, каб у пекле былі ўсход ці захад, але ён нібыта глядзеў на руіны Гомлю з Бранскае шашы, па якой і ўехаў сюды некалі ў складзе Першага міратворчага. Калі ж гэта было? Здаецца, стагодзьдзі таму.
«Відаць, хтосьці вельмі хоча, каб я туды патрапіў. І выбару мне не пакінулі».
Кім мог быць гэты «хтосьці», заставалася няясным. Дагэтуль ён не сустрэў у апраметнай жаднае разумнае істоты, але — ірацыянальна, падсьвядома — баяўся натрапіць на дэманаў.
І вось Усьцюжанін стаяў на набярэжнай лявавага Сажу і адганяў турботныя думкі.
Банцэвічанка назірала за супраціўнікам. Ён не марудзіў ані хвілі.
На катоў Варгіна, што дзерлі ваяроў, зьверху абрынуліся птушкі сірын. Кіпцюры ў іх былі ня меншыя за кашэчыя, і карыстацца імі яны ўмелі ня горш. Ракаў і зьмеяў ірвалі на шматкі кашлатыя мядзьведзі, якіх ворагі павыпускалі з клетак. З пацукамі ўмомант расправіліся псагалоўцы. Пры патрэбе яны маглі хутка бегаць на ўсіх чатырох. Насустрач цмокам вылецелі зьмеі-гарынычы. На адну агнядышную цмачыную глотку прыходзілася па тры гарынычавых. Ведзьмароў на сьценах разілі бабы-ягі, што ляталі над гарадзішчам у ступах і стралялі маланкамі.
Яшчэ да вечару супраціўнікі разышліся — абаронцы схаваліся за гомейскімі сьценамі, а нападнікі адступілі за сьцяну лесу.
Банцэвічанка чытала думкі камандзіра гарнізону. Ён не губляў надзеі й спадзяваўся адстоіць места. Досьвіткам плянаваў кінуць на ворага атрады кадукоў, лесуноў вярхом на ваўкох і пушчавікоў. Але для яе было відавочна: наступны дзень станецца для гамяйчанаў апошнім.
Калі на Гом’е ўпала бязьмесячная ноч, Банцэвічанка накінула на плечы доўгі чорны плашч. Прайшла крывымі вулкамі да маленькіх дзьверак у сьцяне гарадзішча. Адамкнула іх. Незаўважаная пракралася паўз вартавых. І растала ў цемры.
Тае начы яна аддала ворагу ключы ад места і аддалася самая. Іншае ейнае «я» ў Гомлі перадало міратворцам сьпісы нядобранадзейных грамадзянаў. Яна доўга пераконвала сябе, што зрабіла слушную і адзіна мажлівую рэч: пазьбегла непатрэбнае бойні, уратавала жыцьці месьцічаў, вырашыла справу мірам… І самая сабе верыла.
Наступнага ранку яе абудзіў дзіцячы лямант. Банцэвічанка выйшла на балькон вежы й зьнерухомела. Заплюшчыла вочы, каб ня бачыць, што дзеецца на пляцы ўнізе, але сцэна ўжо адбілася на нутраным боку павекаў. Да таго ж яна ўвесь час чула крыкі. Калі расплюшчыла вочы, карціна зноўку ссунулася — цяпер яна глядзела на асфальтаваную плошчу Гомлю. Плошчу, залітую крывёю. Там адбываліся ня меншыя жахі.
Хацелася залезьці на парапэт і зрабіць крок наперад, але невядомая сіла трымала яе, не дазваляла вольнасьці; прымушала глядзець і слухаць. Глядзець і слухаць. Глядзець і слухаць. Здавалася, гэта ня скончыцца ніколі.
Яно й ня скончвалася.
Усьцюжанін быў у Гомлі раз у жыцьці й цяпер не прыдумаў нічога лепшага, як працягнуць шлях у тым кірунку, якім некалі йшоў у часе зачысткі, наўсьлед за танкамі й бэтээрамі.
Ад вуліцаў засталіся адно ўшпіляныя попелам прагалы між счарнелых трухлякоў руінаў. Усё зьмянілася, заняпала, здрабнела.
«Места не пазнаць».
Ён скурай адчуваў: вось-вось штосьці мусіць здарыцца, штосьці, дзеля чаго яго сюды й прывялі.
Чаканьне рабілася нясьцерпным, самота — невыноснай.
Нарэшце выйшаў на простакутную роўнядзь, пазамятаную попельнымі выдмамі. Разгледзеўся. Вохнуў. Тая самая плошча, дзе не сьціхалі масавыя хваляваньні. Даўным-даўно.
І тут з усіх бакоў на яго шуганулі дэманы.
Прынамсі, так яму падалося сьпярша. Чорныя зьнявечаныя постаці — кім яшчэ ім быць? Яны павольна набліжаліся. Падышоўшы на адлегласьць у колькі крокаў, спыніліся і абсталі яго колам. Ладны натоўп, не прарвацца.
Аж раптам убачыў: ніякія ня дэманы — звычайныя людзі.
Добрыя людзі.
Чаму так падумалася? І сам ня здолеў бы патлумачыць.
Іх, бадай, можна было б прыняць за анёлаў, каб яны не насялялі пекла. Стаялі не варушачыся, з выпрастанымі сьпінамі і ўзьнятымі галовамі. Моўчкі глядзелі на яго. У іх вачох не было злосьці, крыўды, асуджэньня — толькі сум, шкадаваньне й дзіцячая нявіннасьць. Гэта раніла больш за іншыя жахі апраметнай.
«Яны тут таксама не з уласнае волі».
Ён згадаў, як Першы міратворчы батальён падаўляў супраціў мясцовага насельніцтва, нязгоднага з палітыкай дэнацыяналізму — на гэтай жа плошчы, — і адвёў пагляд.
«За што? За што мне?»
Усьцюжанін крочыў проста ў чорны натоўп, расьпіхваючы локцямі першыя шэрагі. Людзі не запіналі шляху. Навобмацак яны былі халодныя, друзлыя і склізкія, быццам мёртвыя шчупакі. Ён скалануўся й пабег, не падымаючы галавы.
«Няхай тая раўніна, няхай холад, няхай скалы — толькі ня гэта».
Ня вытрымаў і азірнуўся. Ішлі за ім наўсьлед. Моўчкі, павольна.
На набярэжнай спыніўся, задыханы й зьнясілены. Павярнуўся да людзей з па-анёльску добрымі вачыма й пракрычаў:
— Калі гэта нарэшце скончыцца?
Маўчалі.
— Скажыце хоць што-небудзь.
Адно тужліва пазіралі на яго.
— Я проста выконваў загад, разумееце? Выконваў загад!
Ён павярнуўся да ракі, узяў разгон і скокнуў у ляву.
— Альгердзе, ну што ты так неасьцярожна?
Настаўніца сьцягвае віртуалайзар з галавы васьмігадовага хлопчыка і адводзіць яго ад анабіёзнае камэры.
— Паспальваеш яму ўсе сінапсы.
У камэры курчыцца голы мужчына з празрыстай, як мэдуза, скурай. Ён увесь пааблепліваны трубкамі й правадамі. Жылы напятыя, з носу й вушэй цячэ густая цёмная кроў.
— Прабачце, Паўліна Язэпаўна, — у голасе вучня чуваць каяньне. — Я не хацеўшы. Проста вырашыў паспрабаваць…
На камэры шыльда:
«Усьцюжанін Сяргей Іванавіч: лейтэнант, камандзір узводу мотастралковае роты карнага батальёну.
Злачынства: генацыд беларускага насельніцтва г. Гомлю.
Экспанаваньне: 63 гады».
— Ведаю, што ты спрабаваў. Сюжэтны архетып Вечнага вяртаньня. Але ж ледзь не засмажыў яго сваёй псыхапраекцыяй.
Хлопчык моўчкі глядзіць на Паўліну Язэпаўну анёльскімі вачыма.
— Трэ было абраць архетып папрасьцей, напрыклад, Аблогу, як Сафійка.
Дзяўчынка зь віртуалайзэрам у руках стаіць побач зь іншай камэрай.
«Банцэвіч Алеся Пятроўна. Начальніца аддзелу ідэалягічнае работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага райвыканкаму.
Злачынства: бязьдзейнасьць, калябарацыя з акупацыйным рэжымам.
Экспанаваньне: 75 гадоў».
— Зразумей, Альгердзе, у школьнага музэю няма столькі грошай, каб папаўняць экспазыцыю. Апошнія экспанаты.
Хлопчык слухмяна ківае.
— Ці мо хочаш, каб твае бацькі заплацілі?
Спужана трасе галавой.
— Паўліна Язэпаўна, — заступаецца за сябра нехта з купкі аднаклясьнікаў, якія назіраюць за псыхапраекцыямі збоку, — ну чаго вы так строга? Пэўна, ня ведаеце: у яго бабку зь дзедам закатавалі, бо ў аўтобусе па-нашаму размаўлялі.
— А ў Сафійкі, — парыруе настаўніца, — прабабуля ў нас працавала. Расстралялі праз тое, што расейскую літаратуру замежнай называла. Не зьдзівіў. І Сафійка яшчэ не праектавала на карніка. А ёй, бадай, таксама хочацца.
Дзяўчынка сур’ёзна ківае.
— То тады, — Паўліна Язэпаўна падыходзіць да кампутару, — я пераўсталюю ягоныя псыхапаказьнікі, а ты, Альгердзе, можаш пакуль папраектаваць на здрадніцу. Толькі акуратна, зразумеў?
— Зразумеў, Паўліна Язэпаўна.
Настаўніца занятая наладамі на маніторы й ня бачыць, зь якою ўсьмешкаю хлопчык ідзе да Банцэвічанкі. Затое бачыць Сафійка. І ягоная ўсьмешка ёй ну зусім не падабаецца.
Аж надта паскудная гэтая ўсьмешка.
Альгерд нацягвае віртуалайзар, і ўжо праз колькі хвілінаў ссушанае жаночае цела ў камэры пачынае рэзка курчыцца.
Урок гісторыі працягваецца. На калідоры чакае наступная група.
Блюзьнеры Анкегу
Калі я пісаў раман «Новая Зямля: Куканія», то напрыдумляў у запас розных рэлігіяў і культаў. Была сярод іх царква Касматэізму, ідэю якое я падгледзеў у Ліёна Спрэг дэ Кампа й перарабіў на свой капыл. Ня ўсё з прыдуманага мне пазьней прыдалося, ня ўсё пасавала дзівачнай плянэце, заселенай аднымі беларусамі. Касматэістыя так і засталіся ў завугольлі сюжэту, у далёкай Вільні. Але наўзамен атрымалі апавяданьне.
— Ось тут наш Келіск. А гэта, — Мікомп Аўлга перасунуў паўмісак з жамярынымі камамі далей да краю стальніцы, — Лормія. Да Скідарскіх імшараў адсюль як да суседняга сталу, а край ямы будзе ўзьбярэжжам Эйтэрычнага акіяну. Я багата чаго чуў пра гэтыя месцы, але сам, — мачануў палец у кухаль і правёў лінію між чарвяковым баланьезэ й карамелізаванымі сьветлякамі, — сам ніколі не трапляў далей за горы Прэмарда. Гэта ўвесь ведамы мне сусьвет.
Ён падняў вочы на суразмоўцу. Той вылучаўся сярод іншых наведнікаў «Сьпеўнага каменю» зьбянтэжаным выглядам, рознакаляровай вопраткай і невысокім ростам. Яны сядзелі ў найлепшай келіскай аўстэрыі, сьценамі й стольлю якой слугавалі косьці мамутаў, абцягнутыя скурамі. Пасярод памяшканьня зеўрала чорная яміна, вакол яе стаялі доўгія сталы. Пры сталох за кухлямі гаманілі мясцовыя. Уздоўж сьценаў віселі гамакі з мамутавае поўсьці, у якіх госьці спалі ўночы.
— Ось вы, фар Утальтат, кажаце, — разважаў Мікомп, — што прыляцелі зь іншае плянэты. Я й сам бачу, што вы не тутэйшы: такая бледная скура, такое дзіўнае адзеньне, акцэнт… Кажуць, на ўзьбярэжжы ёсьць касмапорт. Даю веры. Але ж я таксама прыслухоўваюся да друідаў Міхьтрэльдзкага лесу, якія адмаўляюць пазаплянэтнае жыцьцё. Кажуць, зь іхнаю магіяй жарцікі кароткія. Усе гэтыя меркаваньні маюць для мяне аднолькавую вагу. А перавагу я аддаю таму, што бачыў на ўласныя вочы. Анкег, паводле чутак, — мэгаплянэта з чатырма кантынэнтамі; чалавечага жыцьця ня стане, каб павандраваць паўсюль. Штогод на кірмашы ў Зыферы я сустракаю прадстаўнікоў культураў, пра якія раней ня чуў. А вы пытаецеся, ува што я веру.
— Мне сказалі, што вы прагрэсіўны разважлівы чалавек, фар Аўлга.
— Мяркую, таму вы да мяне й падселі. А вам хіба не сказалі, што адным кухлем я рэдка калі задавальняюся?
— Чаго вам заказаць?
— Яшчэ явэнвюру.
Каўрыт Утальтат зь непрыхаванаю гідлівасьцю паклікаў кельнэрку.
— Дарэчы, гэты ваш явэнвюр — што ён такое?
— Фэрмэнтаванавая сьліна мясцовых мухаў. Мае адначасна сэдацыйны й псыхастымуляцыйны эфэкт. Бачу, вы не ўхваляеце. Гэтаксама, як і нашыя стравы.
Каўрыт скрывіўся:
— Ад іх сьмярдзіць. Яны ўсе гнілыя. Да таго ж згатаваныя з інсэктоідаў.
— Не гнілыя — фэрмэнтаваныя. Ну а пах — пытаньне асабістага ўспрыманьня і, бадай, звычкі. Вы заклікаеце да майго розуму, а самі кіруецеся эмоцыямі. Непасьлядоўная пазыцыя. Іншага едзіва, дарэчы, у нашых краёх не дастаць. Як зьбіраецеся тут гандляваць, дык абвыкайцеся.
Каўрыт прамаўчаў.
— Дык ось наконт мае веры. Я сам, праз уласныя недасканалыя пачуцьці, спазнаў адно дробную часьцінку навакольнага сьвету — замаленькую, каб рабіць нейкія высновы што да таго, якою сілаю ён кіруецца. І ці кіруецца ўвогуле? Анкег для мяне непазнавальны. Было б верхам пыхлівасьці з майго боку верыць, — Мікомп вымавіў апошняе слова з націскам, — у тое ці іншае. Я дапускаю мажлівасьці й ня болей: запраўднае карціны сьвету мне ніколі не дазнацца.
— Тым ня менш вы маглі б прынамсі адмовіцца ад забабонаў.
— Што вы маеце наўвеце, калі кажаце «забабоны»?
— Тую ж магію друідаў, якую вы згадалі.
— Цікавая прапазыцыя. Бачыце галаву кокуця на сьцяне? Давайце падыдзем.
Высокі бронзаваскуры Мікомп Аўлга й нізкі сьветлы Каўрыт Утальтат падняліся й падыйшлі да ўваходных дзьвярэй, над якімі вісела пудзіла вялізнае галавы з ікламі й трыма рагамі. Анкегец зьвярнуўся наўпрост да галавы:
— Фар кокуць, ці не падкажаце, каторая зараз гадзіна?
— Траціна абароту да зьмярканьня, фар Аўлга.
Яны вярнуліся да сталу, і прыгаломшаны Каўрыт адно выдавіў:
— Як?
— Гэтага кокуця падстрэлілі колькі гадоў таму на раўніне. Ужо калі ён вісеў на сьцяне, напханы мамутаваю поўсьцю, у аўстэрыю завітаў бадзяжны друід і, дзеля забаўкі, зачараваў яго. Сама дзіўнае ў гэтым, што да зьмярканьня запраўды засталася траціна абароту.
Каўрыт нічога не адказаў.
— Але збольшага, фар Утальтат, вашая думка пра тое, што варта браць пад сумнеў усё, непацьверджанае ўласным досьведам, знаходзіць водгук у маёй душы. Так, рада Гнязда запэўнівае нас, што рызыкі нападу ксінатаў са Скідарскіх імшараў няма ніякае. Мой уласны досьвед кажа, што такая рызыка йснуе заўжды, а калі хто гэта адмаўляе, дык, відаць, дзейнічае з ксінатамі напару. Таму ў Гнязьдзе я слухмяна выконваю абавязкі вышніка, а ў вольны час зьбіраю рушэньне й гадую мазгавых паразітаў. Гэтыя маляткі ў выпадку чаго стануцца нечаканкаю для ксінатаў… Дарма вы так глядзіцё на мой баланьезэ — гэта зусім іншы від чарвякоў, іх адмыслова вырошчваюць на харчаваньне. Але, зноў жа, тут я вас цалком падтрымваю: бяры пад сумнеў усё, бо дакладна ня ведаеш нічога.
— Фар Аўлга, ці ўсе ў Келіску падзяляюць падобны сьветагляд?
— Вы першы назвалі мяне прагрэсіўным і разважлівым. Такіх заўжды меншасьць: хоць у Келіску, хоць у Лорміі, — але яны паўсюль кіруюць пасыўнаю бальшынёй. Калі вы плянуеце наладзіць гандаль з нашым Гняздом, вам карысна будзе ўзяць пад увагу тутэйшыя парадкі й настроі ды пазбыцца рэлігійных ілюзіяў, скуль бы яны ня браліся — з Анкегу ці з космасу.
— Вашая рацыя. Тут ёсьць над чым падумаць.
Далей размова перайшла на нэўтральныя тэмы. Каўрыт ветліва чакаў, пакуль Мікомп ня скончыць сталаваньне. У кожнай талерцы той пакінуў крыху ежы й пассыпаў усё ў паўмісак. Калі яны падняліся сыходзіць, ён падышоў да ямы й скінуў недаедкі. Каўрыт заўважыў, як раней тое ж рабілі іншыя наведнікі.
— У чым сэнс гэтага рытуалу?
— Вы б назвалі яго забабонам. Кажуць, на дне сядзіць сам гаспадар «Сьпеўнага каменю», а гаспадару трэба пакідаць выязное.
— І што ён сабою ўяўляе?
— Ня ведаю. Нават ня ўпэўнены, ці запраўды там хто ёсьць. Але і адмаўляць таго не магу. Хадземце.
Прызёмісты чалавек у шараку таптаўся ў апошніх шэрагах. Туды яго адціснулі здаравезныя дзецюкі з Нэльтасоў, якія прыйшлі апоўдні. Яму прыходзілася ставаць на дыбачкі альбо падскокваць, каб разгледзець, што дзеецца наперадзе.
На копішча ў Міхьтрэльдзкім лесе, недалёк ад Дзэргу, пасходзілася ці ня ўся ваколіца. Усё прыбываў люд з Ольтасу й Мьёзмаў, былі нават трэўрзкія. Кожны жадаў папрысутнічаць на капе друідаў.
На прагаліне ў заходняй частцы лесу за гарамі Прэмарда было насыпанае ладнае ўзвышша, мошчанае глінай. Там і адбывалася капаваньне, якое гледачы спасьцерагалі зьнізу. На ўзгорку мелі права знаходзіцца адно друіды. Яны сядзелі на касьцяных лавах, што месьціліся па абводзе насыпу, і былі абароненыя ад сонца й непагадзі разьвіслымі галінамі попельных дрэваў, якія абкружалі копішча, пакідаючы прасьвець адно над цэнтрам. Там камянямі было абведзенае кола, дзе стаялі падвіноўныя.
Менавіта іх імкнуўся разгледзець чалавек у шараку.
— Гэй, драбяза, куды ўбіваешся?
Яго пхнуў нехта зь мясцовых, але ён не здаваўся. Даў нырца пад локці суседзяў сьпераду й прасунуўся на колькі мэтраў бліжэй.
Адтуль былі відаць лавы, на якіх сядзелі друіды ў цёмна-зялёных хламідах.
— Прапусьціце наперад гэнага паўшабэлка, аджа зара ўсе ногі паадтоптвае!
Пад лаянку з розных бакоў яго выпхнулі, даўшы шчырага падзадку, у пярэдні шэраг. Адтуль ён нарэшце змог разгледзець падвіноўных у коле камянёў.
Першы быў ссушаным старым інтэлігентнага выгляду, другі, маладзейшы — пэўна, ягоным сынам. Абодва падаваліся напалоханымі й зусім безабароннымі. Вяроўкі сьцягвалі іхныя рукі.
Гларпларла, адная з друідак на лавах, абкінула вокам натоўп зьнізу, убачыла прызёмістага чалавека ў шараку й махнула рукой:
— Га, бард архіпрынцэпса Трамольца з Хівіскае аўтаркіі! Зусім на вас забылася… Вы хацелі былі паглядзець на нашыя абрады. Нагадайце-тка мне ймя.
— Каўрыт Утальтат, ваша мосьць.
— Падымайцеся да нас. Вам трэба пабачыць усё ў падрабязнасьцях, каб адлюстраваць у песьні як мага дакладней. Народ Хівіі і ўсяе Гульмаскае раўніны мусіць ведаць пра запраўднага бога й пра тое, што чакае яго ганьбавальнікаў.
Каўрыт залез на пагорак і падышоў да кола камянёў. У самым цэнтры ён убачыў глыбокае правальле шахты з адкінутым вечкам: на дне было відаць нешта накшталт моху.
Тымчасам распачалося капаваньне. Найвышэйшы друід зачытаў доўгую цьмяную прамову й паказаў пальцам на падвіноўных.
— Гэтыя блюзьнеры вінавацяцца ў тым, што пры сьведках адмаўлялі боскую існасьць Міцэлію, а адбіткі ягоных гіфаў у ночным небе называлі іншасьветамі, якія населеныя гэткімі ж стварэньнямі лесу, як мы. Яны называлі космас калыскаю чалавецтва.
Натоўп унізе загаманіў, але друід працягваў, узьняўшы голас:
— Прапаную кару: хай гарэтыкі зьяднаюцца з тым, што адмаўлялі, і прарастуць грыбамі Праўды.
Астатнія друіды ўхвалілі вырак узьнятымі рукамі.
— Падвіноўныя, ці маеце вы што сказаць перад пачаткам рытуалу?
Стары, пыкаючы, прамовіў:
— Нашто так пасьпяшаць зь непапраўнымі дзеямі? Так, мы з вамі без сумневу маем пэўныя анталягічныя разыходжаньні, але іх можна разглядаць як нагоду для дыялёгу, а ня сварак. Праўда можа нарадзіцца праз новыя сьветаглядныя канцэпцыі. Мы, у сваю чаргу, з увагай паставімся да вашых традыцыйных… м-м-м… прымхаў.
Найвышэйшы друід ніяк не адрэагаваў. Стары пасьпешліва дадаў:
— Калі вы ставіце пытаньне рубам, мы бясспрэчна гатовыя прызнаць боскасьць Міцэлію і адмовіцца ад касматэістычнае гэрасі.
— Вашыя развагі безумоўна цікавыя й павучальныя, але ў гэты момант пазбаўленыя будзь-якое практычнае каштоўнасьці. Скіньце іх у Міцэлій.
Два друіды кіямі сапхнулі падвіноўных у шахту. Каўрыт з асьцярогаю падышоў да краю і ўбачыў, як гіфы грыбніцы аплятаюць целы небаракаў і накрываюць іх сваёю масай. Спачатку былі чуваць жахлівыя крыкі, потым яны сьціхлі.
Усе друіды падняліся на ногі й пачалі хорам паўтараць за найвышэйшым:
— Хай распачнецца Трансфармацыя. Хай зьяўленае Існае прачнецца ў вантробах злачынцаў, пачне йрваць кіндзюкі й сілкавацца іхнымі ўспамінамі. Хай іх спаралізуе жах перад Абсалютам. Загніваючыя судзіны іхных целаў няхай стануцца караблямі экзанічных мутацыяў, а вэктарная інфэкцыя зьвяжа нуклеазы гамалягічнае адбудовы ў цэлевым локусе. Хай яны прарастуць грыбамі, якія дазволяць нам убачыць сьвет як ён ёсьць. Узрадуймася й прывітайма Трансфармацыю!
Калі рытуал скончыўся й шахту накрылі вечкам, задаволеная Гларпларла падышла да Каўрыта:
— Як вам спадабалася дзея? Аж пэўна стане матарыялу на ладную дыдактычную песьню?
— Вельмі ўражвае, — адкашляўся Каўрыт, — дзякую за дазвол папрысутнічаць. Але, між намі, вы насампраўдзе ўважаеце звычайную грыбніцу за бога?
Усьмешка зьнікла з твару друідкі.
— Мой даражэнькі, вашае невуцтва можна дараваць, бо вы прыйшлі з далёкае барбарскае краіны, дый фігура барда лічыцца ў нас недатыкальнай… Але вялікая просьба на будучыну — асьцярожней са словамі. Што да істы пытаньня: Міцэлій Міхьтрэльдзкага лесу — найстарэйшы жывы арганізм Анкегу. Яму некалькі тысяч гадоў, ён распасьцёрся пад зямлёю на палову кантынэнту й быў тут яшчэ да зьяўленьня людзей. Усе ягоныя мажлівасьці непасьціжныя й недасягальныя для нас, стварэньняў лесу. Адзіны шлях наблізіцца да Абсалюту — улучаць у дыету грыбы Міцэлію, убіраючы ў сябе часьцінку боскага. Заставайцеся на ўсяночную оргію, вы зможаце прылучыцца да сакральнага й з разьняволеным розумам апісаць усё ў песьні.
— Прынадная прапанова, але архіпрынцэпс чакае на мяне ў Хівіі і я вымушаны сьпяшацца.
— Што ж, наступнага разу. Вялікая Трансфармацыя напаткае кожнага з нас, раней ці пазьней.
— Калі вы пачакаеце, я паклічу цэхавага грандмайстра. Мажліва, ён лепей зразумее вашую прапанову.
Прыслужнік сышоў, пакінуўшы сьветласкурага чалавека ў іншаплянэтнай вопратцы аднаго ў гасьцявым пакоі. Той падышоў да вакна й паглядзеў на Эйтэрычны акіян, што шумеў трыма паверхамі ніжэй. Клінд і Ўурд, спараваныя сонцы Анкегу, нетаропка сядалі за гарызонт. У затоцы плыў велярыб з гарбарняю на сьпіне. Іншаплянэтнік з прыкрасьцю падумаў, што цэхавікі маглі б натапіць у сваёй гасподзе. У пакоі было зябка, а комін у куце заставаўся халодным.
Ён вярнуўся да паліцаў з кнігамі. Усе яны былі напісаныя на пэргаміне са скуры гастраподаў. Не пасьпеў прагледзець «Гісторыю Зурвэльскага самаўраду», як ззаду пачуўся стомлены голас:
— Фар Утальтат, — у пакоі стаяў Слатэрэт Экраск, паджылы чалавек з доўгаю барадой, заплеценай у тры касіцы чырвонага, зялёнага й чорнага колераў. — Рэўбальд, — ківок на прыслужніка, — ня здолеў уцямна патлумачыць мне, хто вы такі й з чым прыйшлі. Кажэце наўпрост, зробце ласку. Ня будзем губляць часу, бо я заняты чалавек.
— Фар Экраск, я кніганоша. Дастаўляю на Анкег кнігі з космасу: запаляю каганец асьветы ў гэтым моры цямноты, так бы мовіць. То вырашыў завітаць і ў Кніжны цэх Номільну, прынёс колькі інкунабулаў.
Каўрыт паказаў на велічэзную торбу перад сабой.
— Што за кнігі? Якія ўмовы прапаноўваеце?
— Вось пра гэта я й хацеў пагаварыць. Але ж найперш хацеў бы дазнацца вашых рэлігійных перакананьняў. Гэта даволі істотны момант.
— Я вырабляю й прадаю кнігі, а не чытаю казані. Існуюць багі ці не йснуюць, мяне мала абыходзіць. Гэтае пытаньне ня мае прынцыповага значэньня. Прыпусьцім, што маюць рацыю друіды. Што гэта зьмяняе для мяне? Альбо прыпусьцім, усё так, як кажуць мрапаіты Эльтаму. Што з таго жыхаром Номільну? Лепей пяройдзем бліжэй да справы.
Каўрыт скрывіўся:
— Прывезеныя мною кнігі — сьвятыя тэксты касматэізму. Яны дазваляюць чытачом ступіць на шлях яднаньня зь Бясконцасьцю, адкрыць сваё сэрца для касьмічнае любові. Гэта асабліва актуальна тут, у Номільне, так недалёк ад касмапорту. Месьцічам дастаткова працягнуць руку, каб крануцца міжзорнае чысьціні й пазаплянэтнае гармоніі, а яны замест таго прыслухоўваюцца да цемрашальскіх забабонаў.
Слатэрэт уздыхнуў:
— Вы ня можаце не разумець: мяне найперш цікавіць, як прадаюцца кнігі. Я выдаю тое, на што ёсьць попыт. Тэалягічнымі матэрыямі хай займаецца цэх Асьветнікаў. Я не зацікаўлены ні ў прыняцьці, ані ў адмаўленьні будзь-якіх дагматаў. З іншага боку, ня маю нічога супраць, калі кніга добра разыходзіцца ды яшчэ спрыяе… гм-м-м… «пазаплянэтнай гармоніі».
— Я гатовы рэгулярна дастаўляць вам касматэістычныя кнігі па невысокім кошце: скажам, пяцьсот асобнікаў за дзьвесьце альдэраў. Першая партыя — дармовая. Проста вазьміце іх на распаўсюд. Упэўнены, паспаліты люд Номільну ўпусьціць касьмічную любоў у свае сэрцы.
— Дайце-тка зірнуць, — грандмайстра відавочна больш зацікавіла форма, чымся зьмест кнігаў. Ён хуценька прагартаў адную, памацаў і панюхаў старонкі. — Што за матарыял?
Каўрыт каротка расказаў пра паперу.
— Узбагачаная цэлюлёза? Адмысловае напыленьне для трываласьці? Цікава-цікава…
Слатэрэт паказаў Рэўбальду на торбу з кнігамі і аддаў загад на таемнай цэхавай гаворцы, якую кніжнікі выкарыстоўвалі міжсобку. Прыслужнік падхапіў торбу й сышоў.
— Чым яшчэ магу вам дапамагчы, фар Утальтат? На жаль, я маю ня так багата часу…
— Фар Экраск, як я ўжо апынуўся ў Кніжным цэху, дык, з вашага дазволу, быў бы рады пачытаць усё, што вы маеце пра рэлігіі Анкегу.
— Ня бачу жаднае перашкоды. Вам прынясуць паесьці, пакуль Рэўбальд зьбярэ патрэбныя кнігі. Можаце бавіць у гэтым пакоі столькі часу, колькі палічыце патрэбным.
Неўзабаве прынесьлі ежу, відавочна разьлічаную на іншаплянэтнікаў: ягадны рулет у паніроўцы й запечаны зь мёдам хвост яшчура. У пакоі стала адчувальна цяплей. Каўрыт з насалодаю прыклаў рукі да прагрэтае цэглы коміну.
Рэўбальд прыцягнуў стос кнігаў на вазку, калі ад хвасту на талерцы засталіся адно косткі й храсткі. Каўрыт паглыбіўся ў чытаньне: пакланеньне забітым продкам на Гульмаскай раўніне, мэдытатыўная філязофія аўрпэнтаў, акультны канібалізм у пячорах Арліі, цьмяныя абрады велярыбных выспаў…
Ён падняўся з-за сталу, калі Клінд і Ўурд цалком схаваліся ў водах Эйтэрычнага акіяну, а незьлічоныя зоры ўшпілялі чорнае неба над Номільнам.
Праходзячы вітальняю першага паверху, Каўрыт з жахам уваччу заўважыў паразьдзіраныя асобнікі «Сямі касьмічных шчыротаў». Яны ляжалі на падлозе ля палаючага каміну.
Чоўнік выйшаў з анкегскае атмасфэры й на арбіце прыстыкаваўся да гмаху Вандроўнае Царквы Касматэізму. З шлюзу выйшаў Каўрыт Утальтат у рытуальным чорным убраньні і ўпэўнена скіраваўся ў Зорны прыдзел. Там, гледзячы ў панарамнае вакно на туманнасьць Парабрамы, стаяў Патрыярх Вірмецаль.
Каўрыт паважліва схіліў галаву й прыклаў левую руку да выявы Вялікага выбуху на правым плячы.
— Вашая патрыяршая міласьць, безнадзейны выпадак. Я наведаў адзін кантынэнт з чатырох, але й гэтага было задосыць. Плянэта блюзьнераў! Там квітнеюць апатэістыя, паганцы, агностыкі, анімістыя й ліха ведае хто яшчэ. Колькасьць дробных гарэтычных культаў не паддаецца падліку. Агульнакасьмічная мараль гэтым вылюдкам невядомая ўвогуле.
Патрыярх Вірмецаль павярнуўся да яго:
— Культурная каштоўнасьць?
— Блізкая да нулю.
— Місіянэрская дзейнасьць?
— Немажлівая.
— Рызыка распаўсюду гэрасі?
— Значная.
— Што вы прапануеце, мой касьмічны браце?
— Стандартную працэдуру, вашая патрыяршая міласьць.
Вірмецаль падняў рукі далонямі ўверх і ўрачыста прамовіў:
— Няхай міжзорны пыл прыме небаракаў у свае абдоймы й даруе ім новае жыцьцё ў пазаплянэтнай гармоніі.
Каўрыт Утальтат, брат-дабрадзей інквізытарскае місіі Касьмічнае любові, падышоў да аналою, прабегся пальцамі па клявішах і зьвярнуўся да бартавога кампутару:
— Панплянэтная анігіляцыя.
Ліст да Сатан Кляўса
Калядаў я не люблю. Старажытныя паганскія сьвяты, вылегчаныя й перакручаныя абрагамічнымі рэлігіямі, губляюць, як на мяне, усялякую глыбіню й прывабнасьць, а рэлігія рымскіх рабоў, якая паразытуе ў гэтай частцы сьвету, не выклікае нічога, акром гідлівасьці. У хрысьціянства, здаецца, увогуле нічога свайго няма: усё скрадзенае ў папярэднікаў. Не люблю таксама каляднае крывадушнасьці, калі, прыкладам, блэк-, дэз-мэталістыя, якія сьпяваюць оды сатанізму й мізантрапіі й ня маюць жаднага прамацыйнага здымку безь перагорнутага крыжу, ладзяць у сьнежні калядныя распродажы мэрчу й зычаць у сацыяльных сетках «шчасьлівых сьвятаў». Потым, калі іх тыкаюць носам у несупадзеньне словаў і дзеяў, апраўдваюцца, маўляў, сьвяткуюць яны старажытны Ёль ці нейкія «атэістычныя Каляды».
Не люблю я, адпаведна, і калядных апавяданьняў. Ані пісаць, ані чытаць. Усе яны выглядаюць штучнымі і актуальнымі раз на год, як вершы на дзень народзінаў дырэктара, што лісьлівыя падначаленыя перадзіраюць з інтэрнэту, падстаўляючы ў шаблён патрэбнае ймя.
Але лёс склаўся так, што каляднае апавяданьне я напісаў. Ды не адно — два. Абодва ёсьць у гэтым зборніку. У апраўданьне магу сказаць, што яны настолькі ж калядныя, наколькі антыкалядныя.
Вось першае зь іх.
О шаноўнаяны Сатана!
Я хачу, каб гэты ліст патрапіў да цябе, хаця Джэй Сі кажа што нуй бздура, але я ўсё адно думаю што патрапіць. А калі яго расьпячатаюць твае памагатыя чэрці, дык хай перададуць табе, але я ўсё адно напісаў на капэрце што асабіста для Сатаны.
Сатана, я спачатку хацеў быў напісаць Санта Кляўсу, як раней, але Білі даў мне пстрычку і назваў ёлупнем. Білі мой старэйшы брат, ён ужо вялікі і б’е мяне, як назаву яго Білі, але калі ў добрым гуморы, можна зваць проста Білам, а так увогуле Ўільямам. Ён сказаў што лепш бы ты напісаў Сатан Кляўсу, а ня Санта, прытырак, га-га-га. Гэта цытата. Білі дурань, але я яго паслухаўся.
Я штогод пісаў Саньце, але мамцы лягчэй ня стала. Ён заўжды пакідаў мне ў падарунак робленыя швэдры (колкія!) і вопратку, а ня тое што я прасіў. А яшчэ Білі кажа што ён пазёр і педзік у чырвоным каўпаку і не йснуе. Я ўсё ж такі думаю Санта йснуе. Але ты йснуеш напэўна, я ведаю.
Я бачыў у Білі кніжку, яна завецца «Д’ябал», а аўтар Рабэр Гуё, ён француз. А Д’ябал і Сатана гэта адное й тое ж, як Санта Кляўс і Сьвяты Мікалай. Там на вокладцы ты сядзіш голы і ў цябе вялікая піпірка да калена, і яна ўся пазарасла валосьсем, яе амаль не відаць. А ў мяне там валосьсе яшчэ не расьце, а ў Білі ўжо ого-го, я бачыў, як мы ўлетку хадзілі ў паход і купаліся голыя, а Джэй Сі кажа ў яго запраўдны гушчар, але я ня веру — ён заўжды прыбрэхвае, а потым кажа што не.
Сатана, а калі ты надзяваеш нагавіцы, ты ў якую калашыну запраўляеш матню — у правую ці ў левую? А ці носіш шорты? У пекле ж мусібыць горача, Білі кажа там лява і гіена вогненая. А твая піпірка тырчыць з шортаў ці як? Калі тырчыць, дык відаць сьмешна выходзіць.
Ты не падумай, я тут сьмешкі ня строю. Проста цікава.
А яшчэ я слухаю KISS. Я ўзяў кружэлку ў Білі, ён кажа дзіцячы садок, а мне падабаецца. І я ведаю што значыць KISS: Kings In Satan Service. То бок ты йснуеш, я ведаю. А яшчэ ў Beatles ёсьць белы альбом, а айцец Філіпс называе яго д’ябальскім альбомам. Я люблю Beatles, а Білі кажа дзіцячы садок. Айцец Філіпс кажа Black Sabbath заключылі пакт з Д’яблам, а Джымі Пэйдж цемрашал і чорны маг. Ну ня ведаю.
Білі басіст. У іх з Джэфам і Трэвам свой гурт. Назву ня памятаю, штосьці такое, ну, мудрагелістае. Білі кажа яны валяць акультавы флёрыдзкі дэзьняк. (Папраўдзе, дык Білі і граць не сказаць каб умее.) Але гэта між намі, Сатана. Дзеўкі жаж вакол музыкаў труцца, а гэта галоўнае, ну ты ў тэме. І лягатып у іх прыгожы, там пэнтаграма і крыжы перагорнутыя. Білі кажа па Сатане!
Потым яшчэ Джэй Сі прынёс быў Сатанінскую Біблію да Тома на выходныя. Яе напісаў Антон Ля-Вэй, ён не француз, проста імя такое. Білі кажа ён пазёр і педзік. Білі дурань. Мы чыталі яе ў цемры, у нас была сьвечка. Джэй Сі кажа ён бачыў у нас за сьпінамі цень Люцыпара (то бок твой цень, Сатана!), але я яму ня веру. Я думаю гэта была Томава котка.
Таму я вырашыў напісаць табе, а ня Санта Кляўсу. Санта нудны. У маёй асадцы скончыўся атрамант.
А айцец Філіпс зь нядзельнае школы кажа што вы мусіце павярнуць свае сэрцы да Езуса і Езус ёсьць любоў. І мы мусім працівіцца спакусам Нячыстага (то бок тваім спакусам, Сатана!) і што на гэта здольны толькі чысты духам. Айцец Філіпс мне не даспадобы. Білі кажа ён пазёр і педзік у расе. Білі дурань, але як на мяне айцец Філіпс дакладна педзік.
На той вокладцы таксама ё голая цыцоха, яна сімпотная. Мы з Джэй Сі колькі разоў падглядалі за Джыні ў душы. У яе таксама цыцкі не бяды, але ўсё ж не такія вялікія. Джыні гэта сястра Джэй Сі, яна ўжо дарослая і нават старэйшая за Білі. Білі кажа курвяга, а яна кажа хай не распушчае рукі.
Санта Кляўсу я б не пісаў пра цыцкі. І пра піпірку таксама. Санта Кляўс — сьвятоша, яму бадай не да спадобы вялікія цыцкі. І ён заўжды пакідае мне швэдры. Відаць, ён яшчэ той нудзіла. Таму я й напісаў табе, Сатана.
Ужо неўзабаве вячэра, то далей буду пісаць хутка. Сатана, прашу на Каляды толькі аднаго: РЫМІСІЮ для мамкі. І не такую, як тады Цур, каб праз тыдзень яе зноўку не забралі. Мне самому нічога ня трэба. Хіба што ў Білі няхай усё будзе добра. У цуды ён ня верыць, заўжды паўтарае «No Presents for Christmas!» (Сам ведаеш чыя гэта песьня.) Хоць ён і дурань і б’е мяне, ён таксама хвалюецца за мамку. Ён ніколі не прызнаецца, кажа што мезантроп. Але я ведаю.
Білі кажа ты выканаеш любое жаданьне, але папросіш душу наўзамен. Як табе патрэбная мая душа, дык я згодны. Лепей жа з мамкай, чым з душой. У айца Філіпса пэўна вялікая душа, але ён педзік. І ён мне не да спадобы. Таму душа мне без патрэбы, дый у нядзельную школу хадзіць не падабаецца. Калі ў мяне ня будзе душы, дык і ў нядзельную школу хадзіць ня прыйдзецца, га? І плакаць я больш ня буду.
Білі кажа дамову з Сатаной варта замацоўваць крывёй. Бабка кліча вячэраць, то я падпісваюся крывёй з пальцу (крыві я ўжо не баюся). Бывай, Сатана!
Навек твой,
~Гэры
P.S. Калі ласка, ня трэба швэдраў!
P.P.S. Я сур’ёзна.
P.P.P.S. Доўга тарміновую рымісію.
Дай нам божа жыць доўга і ўсім памерці
Баляда пра Кэрнуна й Фойкэ
Калі я працаваў у Фінляндыі, калегі расказалі мне пра Пеньці Лінкалу — тамтэйшага мысьляра, мізантропа й біяцэнтрыстага, якога нярэдка называюць экафашыстым. Я знайшоў зборнік ягоных артыкулаў і зь цікаўнасьцю прачытаў. Ідэі Лінкалы падаліся мне слушнымі, пасьлядоўнымі й своечасовымі, прыпаў да густу ягоны радыкалізм. Але жыць у сьвеце ягонае мары я б не захацеў — аж надта ён нагадвае канцлягер. З гіпэрбалізаваных ідэяў Лінкалы ды ўласных разважаньняў пра месца чалавека ў прыродзе й нарадзіўся наступны тэкст.
Вось як мы зноўку сталі людзьмі.
На Гвінвідзе ў Ноч разьятраных зораў Фойкэ выляцела з Брэкільенскага лесу й скіравалася да Ўсясьветнага дрэва, пад якім сядзеў рагаты бог. Аса-блястафага, яна магла сваімі фасетачнымі вачыма глядзець на сто восемдзесят градусаў і бачыла над галавою туманнасьць Кілю, якая нагадвала слуп рознакаляровага пылу. Аматыдыі ейных вачэй фарбавалі іянізаваны кісларод зорнае скупнасьці ў сінечу, вадарод — у зяленіва, а серу — у чырвань. На тле гэтае мазаікі купал неба раз-пораз прарысоўвалі зьнічкі, якія, ведала Фойкэ, зьнічкамі не былі. Чаго ейныя вочы не маглі, дык гэта ліць сьлёзаў. Яна толькі бясьсільна траскатала жаваламі.
Кэрнун сядзеў зь перакрыжаванымі нагамі на траве пад Усясьветным дрэвам і таксама глядзеў на неба. Між ягоных разгалістых рагоў віліся гадзюкі, з даўгога валосься вытыкаліся насы палёвак, на каленях зганяла сон аляня. Ён выглядаў маладым і бязьвінным, хоць такім і ня быў.
Вялізны чорны ганчак, які ляжаў праваруч ад бога, падхапіўся й падскочыў да Фойкэ, калі тая склала паблізу дзьве пары сваіх крылцаў. Ён абнюхаў асіныя вусікі, укрытыя пылком смакоўніцы, і разачхаўся. Папырхаўшы, працягнуў дагляд: трохкутная галава з шырачэзным ілбом, грудзі, пярэднія, сярэднія й заднія ногі, распухлае чэраўца.
Ганчак зарыкаў, напужаўшы аляня, і зьвярнуўся да бога:
— Яна там штосьці мае.
Фойкэ спужана выгнулася й затуліла чэраўца ўсімі шасьцю канцавінамі.
— Вядома, мае. Пусьці яе, Мадыган. Неўзабаве адкладзе яйкі. Бачу, засталіся лічаныя дні, ці ня так?
Фойкэ моўчкі кіўнула й наблізілася да Кэрнуна. Той гэстам прапанаваў сядаць да яго на калені.
— Што прывяло цябе сюды, дачка мая блястафага?
— Я хацела задаць пытаньне.
— Мае дзеці заўжды могуць разьлічваць на мудры адказ свайго бога.
Фойкэ памулялася.
— За што?
Кэрнун глыбака ўздыхнуў і зь пяшчотаю пагладзіў асіныя крылцы.
— Яны ўзялі на душу грэх антрапацэнтрызму, — бог паглядзеў на гарызонт, дзе ўсё падалі й падалі зьнічкі. У ягоным голасе чулася непадробнае шкадаваньне. — Мне не пакінулі выбару.
— Кажаны, мурашы, дэльфіны, каты на Ануне, сьветлякі й перапёлкі на арбітальных станцыях і ў хабітатах… Гэта тэрыяцыд.
— Антрапацыд. Вымушаная мера. Яны больш ня могуць звацца запраўднымі жывёламі. Каляністыя на Ануне без майго нагляду пачалі мадыфікаваць целы, набліжаючы іх да чалавечых, а нашыя суплянэтнікі распрацоўваюць на арбіце забароненыя генэтычныя тэхналёгіі.
— Але ж мы ўсе калісьці былі людзьмі.
Кэрнун паклаў руку на шчаку Фойкэ й павярнуў ейную галаву, каб паглядзець у фасетачныя вочы.
— Няўжо Зялёны чалавек дабраўся й да Брэкільенскага лесу?
Ейныя вусікі заторгаліся.
— Кажуць, глыбака ўнутры мы дагэтуль засталіся людзьмі. Маўляў, людзі не павінныя адкладваць яйкі, гадавацца ў коканах, паядаць прадстаўнікоў свайго віду. Мы заслугоўваем на лепшае.
— А што ты хацела пачуць ад чалавека? Ён шавіністы — лічыць прыроду за нішто, як і любы антрапацэнтрысты.
— Тады патлумач: за што мне гэта? Чаму большую частку жыцьця я праводжу ўнутры смокваў і ня бачу белага сьвету? Чаму не пасьпела я ператварыцца зь лялечкі ў імага, як мяне апладнілі мае ж браты? Чаму потым мяне неаднойчы апладнялі ўласныя дзеці? Хіба гэта ня грэх? Чаму кожнага разу, шукаючы новую смокву на смакоўніцы, каб адкласьці яйкі, я мушу спадзявацца, што патраплю ў мужчынскае суплодзьдзе, бо жаночае ператравіць мяне дарэшты?
Ад хваляваньня дыхальцы па ўсім целе Фойкэ з шумам ганялі паветра.
— Бедная мая блястафага, — Кэрнун выглядаў пасумнелым, але не раззлаваным. — Ты наслухалася атрутных словаў і самая не разумееш свайго шчасьця. Раней, за часамі панаваньня чалавека, восы-блястафагі былі памерам з мой пазногаць, ня мелі розуму й жылі ня больш за пару дзён. Іхныя саміцы паміралі па першым жа прыплодзе. Дзякуючы майму клопату, вы жывяце сваім сёньняшнім жыцьцём. Ты пытаешся чаму? Бо так наканавана самою прыродаю. Ты — нібы той вінар, які абкопвае і ўгнойвае няплодную смакоўніцу ў вінаградні — апыляеш смоквы й даеш сьвету вялізныя вінныя ягады. Што тычыцца крэўнага скрыжаваньня, ніякае рызыкі яно не нясе: рэкамбінацыяў генаў у вас болей чым дастаткова. Тое, што для Зялёнага чалавека грэх, для дзяцей Кэрнуна такім не зьяўляецца.
Фойкэ не выглядала перакананай.
— Завошта ты так абышоўся з чалавецтвам? Цалком зьмяніў яго, але не пазбавіў розуму. Перакруціў форму, але пакінуў істу. Гэта нагадвае вытанчанае катаваньне. Зялёны чалавек кажа, першыя гібрыды жывёлы й чалавека ствараліся як сэкс-лялькі для вычварэнцаў. Навошта было заводзіць усё так далёка: ствараць цэлую плянэту лялек для сябе аднаго?
— Зялёны чалавек як заўжды кажа паўпраўду. Тое, што пачалося як вычварэньне, паслужыла добрай мэце. Усё, што я рабіў, павер, я рабіў у імя біяцэнтрызму. Чалавецтва загразла было ў невырашальных супярэчнасьцях і пагражала існаваньню ўсяго жывога. Я ня мог ня дзеяць. Каб парваць з індустрыяльным грамадзтвам і ягонымі жудаснымі параджэньнямі, духоўнае трансфармацыі аказалася недастаткова — спатрэбілася й фізычная. Адную плянэту людзі на той момант зьнішчылі, Гвінвідам я рызыкаваць ня мог.
Фойкэ не стрымалася: затраскатала жаваламі й заторгала вусікамі.
— Няпраўда! Ня дзеля біяцэнтрызму ты стараешся. Ты тэацэнтрысты. Самазакаханы бог. Тысячагодзьдзямі назіраеш, як створаныя табой цацкі жывуць і паміраюць, і цешышся з уласнае ўсёмагутнасьці.
Праваруч пагрозьліва зарыкаў Мадыган, зьверху засыкалі гадзюкі. Кэрнун суняў іх адным гэстам і спакойна пагладзіў Фойкэ па сьпіне.
— Ну-ну, усе вы — мае ўлюбёныя дзеці, я вас папросту даглядаю. А за цябе зараз гаворыць Зялёны чалавек, ягоныя злосьць і зайздрасьць. Гэта чалавечыя эмоцыі, жывёлам яны не да твару.
— У чым жа ён так няправы? Чаму людзі ня могуць падтрымваць біябалянс, жыць у гармоніі з прыродай?
— Могуць. Калі зьяўляюцца ейнаю часткаю. Калі перастаюць быць людзьмі. Бо пакуль імі застаюцца, паўсюль нясуць з сабою самаразбурэньне. Гэта Зялёны чалавек навучыў антрапацэнтрыстых забароненым тэхналёгіям. Адказнасьць за іх сьмерць ляжыць на ім. Паглядзі, усё ўжо скончваецца.
Калі б Фойкэ падняла свае фасетачныя вочы ўгару, яна б убачыла, што над гарызонтам узышоў Анун — спадарожнік Гвінвіду. Па ўсёй ягонай паверхні былі відаць зарнічныя выбліскі ракетных выбухаў. Падбітыя касьмічныя станцыі зьнічкамі падалі зь нябёсаў на тле туманнасьці Кілю. Зьнічак рабілася ўсё менш.
Але Фойкэ вачэй не падняла. Тых самых вачэй, якія маглі глядзець на сто восемдзесят градусаў. Імі яна адначасна бачыла Мадыгана, які неадрыўна сачыў за ёй, справа і голы жывот Кэрнуна, да якога прыціскалася чэраўцам, зьлева. Тыдзень таму на загад Зялёнага чалавека яна лятала на арбітальную станцыю да сьветлякоў, якія пасьпелі адгадаваць сабе пяціпальцавыя канцавіны й навытырыцца ў біяінжынэрыі. Там зь ейнага яйкакладу вынялі ўсе яйкі, замяніўшы іх фугаснымі бомбачкамі.
Рэзкім рухам Фойкэ выгнулася і ўсадзіла джала ў бок рагатаму богу. Ён застагнаў. У той жа момант Мадыган учапіўся ёй у грудзі, гадзюкі атакавалі галаву. Але было позна. Яна напружыла чэраўца й павыціскала бомбачкі ўнутар Кэрнуна. Фойкэ да апошняга ня верыла, што ў яе атрымаецца забіць бога, хоць Зялёны чалавек і запэўніваў, што той — просты сьмяротны.
Выбухнула.
У Ноч разьятраных зораў на Ануне й на арбіце загінула каля двух мільярдаў. Зялёны чалавек кажа, яны не былі людзьмі ў сучасным разуменьні, то й пераймацца дарма ня варта. Гэта гісторыя. Трэба жыць далей.
Тае начы пачалося нашае вяртаньне да людзкасьці. У каторых з нас дагэтуль засталіся хвасты й мацалы, але гэта рудымэнты, ня больш за тое. Нашыя смакоўніцы цяпер няплодныя — ды замест таго, каб пасьсякаць, мы абкопваем і ўгнойваем іх, спадзяваючыся на перамены. Каторыя кажуць, бяз восаў-блястафагаў нічога не атрымаецца. З такімі ў нас размова кароткая.
Граху біяцэнтрызму мы на душу ня возьмем.
Найлепшая маскіроўка
Як бы я ні любіў чытаць цьвёрдую НФ зь ейнымі рэвалюцыйнымі ідэямі й канцэптамі, ад якіх займае дух, таксама не абы-які сантымэнт маю да касмаопэры й «sword and planet». І дагэтуль у перапынках паміж Грэгам Бэрам і Грэгам Іганам з прыемнасьцю перачытваю забаўляльныя «Tschai» Вэнса, «Viagens Interplanetarias» дэ Кампа і «Majipoor» Сільвэрбэрга.
Пачынаючы сваё знаёмства з фантастыкай, я, памятаю, дзівіўся: як так? Па «новай хвалі», па тым, як у канцы 60-х Дзілэйні напісаў быў «Бабілён-17», Жалязны — «Валадара сьвятла», а Дзік — «Убіка», — па ўсім тым Эдвін Таб як нічога ніякага кляпаў яшчэ не адзін дзясятак непатрабавальных раманаў пра Дзюмарэста з Тэры, а Лі Брэкет працягвала бясконцыя прыгоды Эрыка Старка на чарговай плянэце. Яна ж напісала сцэнар для пятага эпізоду «Зорных войнаў», дзе, як вядома, караблі так прыгожа, але абсалютна ненавукова выбухаюць у космасе.
Дзівіцца я дзівіўся, але быў задаволены, што прыгодніцкая фантастыка добра пачуваецца па сёньня. Брэкет з Табам мне падабаліся, і я радаваўся, што яны чытаюцца й дагэтуль. А дурасьлівыя «Зорныя войны» дык і глядзяцца — насуперак таму, што гэта, у ісьце, папросту «Дзюна» на мінімалках. Гэткая лёгкая фантастыка ня толькі чытаецца, але й пішацца. Напрыканцы тысячагодзьдзя Гарднэр Дазуа выдаў таўшчэзную анталёгію «Adventure SF in the Grand Tradition» з новымі прыгодніцкімі апавяданьнямі сучасьнікаў. Шматлікія аўтары й цяпер, у XXI стагодзьдзі, працягваюць ствараць кнігі пра герояў Эдгара Райса Бэраўза — Джона Картэра з Марса й Карсана з Вэнэры.
У рэчышчы тае старое традыцыі якраз і напісаная «Маскіроўка». А выгляд галоўных герояў я запазычыў з карцінаў Ота Дыкса «Партрэт доктара Маер-Германа», «Прадавец запалак» і «Партрэт доктара Гайнрыха Штадэльмана». Касмалёгію скарыстаў з «Куканіі»: у парадку аддаленьня ад Старое Зямлі йдуць Блізкія Сьветы, Крэсовыя плянэты, Загранічча й Незнань.
«Доктар Лезгэ».
Што-што, а памяць у Бальтрута Тронзы была выдатная. Зь ягонаю прафэсіяй па-іншаму ніяк. У той момант памяць падавала сыгналы ягонай сьвядомасьці.
Таму ён і зьнерухомеў, дзе стаяў — пасярод эсплянады. Леваруч за падпорнаю сьценкаю плёскаўся Брульлём — памаранчавы акіян звадкаванага газу з характэрным мэталічным пахам, а праваруч бязладным шэрагам ляпіліся да схілу замшэлыя грыбы з офіснымі памяшканьнямі ўнутрох. Варты ўвагі краявід для ўраджэнца Старое Зямлі, але нічога прыцямнага для таго, хто ўжо наведваў Гліцыяс. Для бадзягі, які не затрымваўся на адной плянэце болей за пару месяцаў, папросту чарговая дэкарацыя.
«Гм, Лезгэ. Дакладна ня з тых, каму я ваду замуціў быў. Лезгэ-Лезгэ, дзе ж я мог цябе перастрэць?..»
Сьпіс людзей, што мелі нагоду й магчымасьць для помсты, ён ясна бачыў нутраным зрокам, варта было заплюшчыць вочы. У ягоным доме памяці картатэка з мажлівымі мсьціўцамі й знанымі ворагамі месьцілася ў цэнтральным пакоі. Складалася яна з двухсот сарака шасьці ймёнаў. Васьмёра былі нябожчыкамі, але іхныя карткі выкідаць было ня варта: паквітацца квітам могуць і нашчадкі.
«Хто ж ты такі, доктару, і чаму мне муляе тваё ймя?»
Гэты адрас даў Старычына Рэнзо. Падстаўляць Тронзу яму было не з рукі. Днямі яны сумесна правярнулі шматхадовую афэру на станцыі Альдрэма ў Блізкіх Сьветах. У выніку хітрых апэрацыяў ім удалося паціху аформіць паі ў Банку ККД. Паі на кругленькую суму й выдуманыя ймёны. Пад гэтыя ймёны яны зрабілі новыя асобы — зьмянілі свае ДНК. Адпаведныя дакумэнты — цалком афіцыйна — на тыя імёны дастаць было нескладана. Паводле рэгуляцыяў банку, пагасіць паі ў аддзяленьні на Папілюсе, што ў Крэсах, можна было не раней, чым празь зямны месяц. Каб засьцерагчы сябе ад здрады з боку паплечніка, яны аформілі паі адмысловым чынам. Пагасіць іх можна выключна ў пары: трымальнікі папераў мусяць адначасна зьявіцца ў аддзяленьні банку й пацьвердзіць свае асобы квантавымі меткамі.
Рэнзо й Тронза сталіся цяпер адзін для аднаго літаральна найдаражэйшымі людзьмі ў Сусьвеце. Гэта, вядома ж, ні ў найменшай меры ня значыла, што яны хоць крышачкі давяралі адзін аднаму.
Бальтрут Тронза ня быў бы Бальтрутам Тронзам, калі б не перастрахаваўся: перад адведкамі Папілюсу ён вырашыў з тыдзень пераседзець на Гліцыясе. Паводзіўся тут ціхмяна й назіраў, ці ня пойдуць якія чуткі, ці ня зьявяцца нязваныя госьцейкі. Афіцыйна Галяктычны Рэгістар ня мог нічога зрабіць на Крэсовых плянэтах, у тым ліку на Папілюсе, але неафіцыйна мог заслаць сакрэтных агентаў — справа пахла вялікімі грашыма. Мог выправіць наймітаў і Банк ККД, калі б выкрыў афэру. Заставалася верагоднасьць, што іх сустрэнуць адразу за дзьвярыма аддзяленьня. Усё, што Тронза быў у змозе зрабіць (і зрабіў) — гэта займець свае «вушы» на Папілюсе, якія ў выпадку небясьпекі даслалі б яму вестку.
Акром таго, ён вырашыў у чарговы раз зьмяніць аблічча. Старычына Рэнзо параіў яму адрас у Вялікім Шкосьце: Эсплянада Ві Брульлём, 17. Сказаў, што здаўна знае доктара й давярае яму як сыну. Маўляў, ягонымі паслугамі карысталіся такія легенды, як Пранчуздра Дэнэльбромт, Ё-ё Крыкс, Тэльтрон Пратон і Мезьвілёмій Арэскі. Галяктычнаму Рэгістру ні разу не ўдалося злапаць нікога зь іх. Яны бяз шуму сышлі на дно й цяпер, відаць, насалоджваюцца заслужаным адпачынкам дзе-небудзь у Заграніччы альбо на ўласных астэроідах. На гэта Тронзу не было чаго запярэчыць.
У сьпіну яму торкнуўся халодны нос цяжкавога вульпра, які цягнуў панарад з грыбнымі спорамі. Тронза схамянуўся і адышоў з дарогі, дзе стаяў увесь час, утаропіўшыся ў вялізныя белыя літары на дзьвярох:
КАНСЬПІРАЦЫЙНАЯ ХІРУРГІЯ Й СУПРОЦЬСЬЛЕДЧАЯ СПАМОГА
Д-Р ЛЕЗГЭ, МЛДШ.
Ён задуменна падкруціў наваскаваны вус і наблізіўся да ўваходу. Адсюль можна было разабраць драбнейшы надпіс ніжэй:
Адзінаццаць гадоў бясплямнае практыкі
Найлепшая маскіроўка, творчы падыход
Ніякіх пытаньняў, ніякіх імёнаў, ніякіх ганьбаваньняў
Пакіньце катэгарычны імпэратыў на ганку й сьмела ўваходзьце
Яшчэ ніжэй на цьвіку ліпела паперчына:
Нагадваем баязьліўцам: паводле арт. 343/8 Галяктычнага Рэгістру, правамоцнасьць Рэгістру не распаўсюджваецца на Крэсовыя Плянэты, якія зьяўляюцца зонаю неабмежаваных вольнасьцяў, грамадзянскае бяспраўнасьці, натуральнага стану й кіраванага хаосу. Таксама нагадваем, што пакоі за адрасам Эсплянада Ві Брульлём, 17 месьцяцца ў Вялікім Шкосьце, які ў сваю чаргу знаходзіцца на Гліцыясе, а Гліцыяс, як вядома нават баязьліўцам — плянэта Крэсовая.
Ля самае зямлі ляпіліся квантавыя меткі Ё-ё Крыкса, Пранчуздры Дэнэльбромт і шчэ колькіх знакамітых авантурнікаў. Тронза прысеў і памацаў блішчастыя круглякі — непадробленыя. Гэта яго супакоіла. А вось пасаж пра «творчы падыход» даспадобы не прыпаў. Гэтак жа сама, як прозьвішча Лезгэ.
Бальтрут Тронза ня быў бы Бальтрутам Тронзам, калі б не навучыўся па-філязофску спакойна прымаць тое, з чым нічога парабіць ня мог. Нічога, акром хіба што аднае засьцярогі. Пакончыўшы зь ёй, ёй паціснуў плячыма, разгледзеўся на бакі і ўвайшоў.
Калідор імітаваў ход, прагрызены стужачным чарвём. На шурпатых сьценах чорнымі алейнымі кроплямі праступала вільгаць. Ход пятляў і падымаўся ўгору, аж пакуль не выводзіў у полы капялюш. Памяшканьне станавіла сабою прасторную напаўсфэрычную апэрацыйную, пазастаўляную незразумелымі прыладамі старасьвецкага выгляду, мэталічныя часткі якіх пакрыліся пацінай — атмасфэра Гліцыясу не давала ім літасьці. Тут панаваў грыбны водар упярэмешку з мэдычнымі пахамі. Ніводзін прадмет ня быў маладзейшым за Тронзу. Зрэшты, пабачыць іншую карціну ў Крэсах ён і не спадзяваўся.
Большую частку пакою, здавалася, займаў тлусьцяк у белым халаце. Ён сядзеў на ўслоне й глядзеў у нікуды тупымі касаватымі вочкамі, зьведзенымі да пераносься. Мажныя шчокі й падвойнае падбародзьдзе, за якім не было відаць шыі, наводзілі на думку пра вавёрак Сўэльта. Тыя назапашвалі еміну ў ротавае поласьці на зіму й часам так стараліся, што гінулі з асьфіксіі. На грушаватую галаву тлусьцяк начапіў бліскучую антыкварную прыладу. «Лобны рэфлектар, — паслужліва падказала памяць. — Артэфакт Даўных дзён. У дадзеным выпадку не слугуе ніякай практычнай мэце». Гледзячы на дзябёлыя пальцы, Тронзу цяжка было даць веры, што перад ім слынны хірург. Ад пальцаў увага перакінулася на рукі. Можна было падумаць, іх вага настолькі вялікая, што менавіта празь яе доктар склаў ручышчы-ўпоры на каленях перад трыбухом.
Судзіць людзей паводле першага ўражаньня, да таго ж вонкавага, — справа рызыкоўная, таму Тронза ўстрымаўся ад высноваў. Адно зазначыў, як часта лекары бываюць падобныя да спалечнікаў лякарняў.
Тлусьцяк маўчаў, глядзеў у сьцяну й не выяўляў з таго ні найменшае няёмкасьці.
Тронза аказаўся:
— Доктару Лезгэ, мяркую? Вышняга вам ветру.
Той урэшце перавёў на яго няўважлівы пагляд, пасьля чаго цяжка, з задышкаю, узьняўся.
— Так-так, і вам таго ж, шаноўны незнаёмцу. Да паслугаў спадара.
Тронза разгарнуў паперу, дзе загадзя накідаў жаданы твар. Ён кагадзе зацікавіўся фізыягномікай — таемнаю ведаю Даўных дзён, якую тады каторыя лічылі за псэўданавуку. Можа, так і было, можа — не. Тронза не губляў нічога, акром часу, таму на аснове зводак Галяктычнага Рэгістру ўклаў сьпіс рысаў, што сустракаліся ў злачынцаў часьцей за іншыя. Тым рысам ён падабраў супраціўнасьці. Да іх дадаў характарыстыкі, якія, паводле фізыягномікі, сьведчылі пра абычайлівасьць носьбіта. У выніку атрымаўся непрыкметны твар: за такі ў натоўпе вока не зачэпіцца. Гэта яму й патрабавалася.
Доктар моўчкі глядзеў на накід. Тронза керхануў і для прыліку задаў колькі пытаньняў пра апэрацыю. Лезгэ ўдакладняў дэталі неахвотна; выслухваў пажаданьні Тронзы, засунуўшы ў рот адзінец, і няпэўна мыкаў; ківаў ня ў лад, быццам уласным думкам. Пажвавеў, толькі калі гаворка зайшла пра аплату.
— Пяцьсот вызнакаў. Зробім у найлепшым выглядзе.
— Чатырыста альбо разьвітаемся зараз жа. За пяцьсот на Старой Зямлі мною займаліся б некалькі дактароў у сучаснай чыстай лякарні.
— Чатырыста пяцьдзясят. На Зямлі, няма сумневу, спадар прыцягнуў бы непатрэбную ўвагу.
— У кожным разе я маю пры сабе толькі чатырыста дваццаць.
— Што ж, праходзьце, кладзецеся. Пару гадзінаў, і вы сябе не пазнаеце.
Тронза распрануўся, выпрастаў стрэлкі на нагавіцах, спраўна склаў вопратку на канапе ля сьценкі. Без ваганьняў лёг на апэрацыйны стол у цэнтры.
Доктар Лезгэ падкаціў да яго праржавелы рыплівы апарат. «Саматужная прылада для зьнячуленьня, — паведаміла памяць. — Чарговы рэлікт Даўных дзён».
Доктар прыціснуў маску з трубкаю да ягонага твару. Падаў газ. Тронза пару разоў глыбока ўздыхнуў, і ягоная сьвядомасьць расьцьвецілася калейдаскопам відзежаў.
Тлусьцяк у залітым крывёю халаце пяшчотна схіляецца над ім, адкусвае нагу й ручышчамі-ўпорамі запіхвае сабе за шчаку. Смачна храбусьціць. Нахіляецца над другою. Тронза скочваецца на падлогу й колькі змогі скача прэч на адной назе. Вакол праносяцца модулі станцыі Альдрэма. Ён імчыць паўз гатэль Друі Нуё, дзе спыняўся днямі, калі праварочваў афэру з Старычынам Рэнзо. Залятае за рог і наскоквае на адліваную браму. На ёй — выгнуты сьвятлісты надпіс:
ВАНДРОЎНЫ ЦЫРК-ЗЬВЯРЫНЕЦ КАСЬМІЧНЫХ ВЫРАДКАЎ
СП. ЛЕЗГЭ
Шалапуты, блазны, нелюдзі, бажаволкі й размаітыя пачвары
Самасьцьвярджайцеся за кошт калекаў, якія моўчкі праглынуць любыя кпіны
Пасьпейце на векапомны выступ, пакуль цырк не паляцеў далей
Пад ім — прыпіска на аркушы кардону:
32—36 бакагрэя, пятая гадзіна. Наступныя імпрэзы: Гліцыяс, Вальрая, Папілюс
Тронза навальваецца на браму. Яна з скрыгатам расчыняецца.
Ён апрытомнеў і разьляпіў вочы. Пахла нечым рэзкім і непрыемным. Адчувалася лёгкая замарака, млявасьць. Ад доўгага ляжаньня зашэрхнулі ногі. Калі лахманы туману ўваччу паразьвейваліся, Тронза зразумеў, што відзежы па зьнячуленьні ня зьніклі. З круглага вакна ўгары на яго глядзеў жудасны курдупель: аблавухі, з масыўнымі брывянымі дугамі, вытырклымі скуліцамі й параю гнілякоў у роце. Твар яго крывіўся грымасаю бясьсільнае нянавісьці. Ногі ад сярэдзіны сьцёгнаў ператвараліся ў караценькія кавёлы. Так мог выглядаць дзікі насельнік Даўнажыўнае эры.
Курдупель зьнік як і не было. Тронза сьцяміў: гэта не вакно — гэта доктар Лезгэ адсунуў ад сталу вялізнае круглае люстра. Ён назіраў за ўласным адбіткам.
— Ну як вам, даражэнькі Бальтруце? — пачуўся знаёмы далікатны голас. — Як на мяне, харызматычна й густоўна. Адчуваецца дотык самабытнага творцы.
— Старычына Рэнзо? — прасыкаў Тронза. Без бальшыні зубоў прамовіць нават гэтыя два словы было няпроста.
Ён амаль не зьдзівіўся. Сьвядомасьць ужо складвала кавалачкі мазаікі, і вынік атрымваўся бязрадасным. Рука міжволі цягнулася да праменявіка, які ён узьвёў перад уваходам.
— Спадар Рэнзо. Рэнзо Лезгэ. Панібрацтва не пасуе дачыненьням шэфа з падначаленым. Мяркую, вы пагадзіцеся са мною, Бальтруце. Вам, натуральна, патрэбны час, каб асэнсаваць новы стан рэчаў. Не магу вас папракаць.
Тронза павярнуў нехлямяжую галаву і ўгледзеўся ў свайго супольніка — лупатага сухарлявага чалавечка ў гадох, як заўжды пры гальштуку й гарнітуры. Трыкутная галава з вузкім падбародзьдзем і высокім ілбом падавалася завялікаю для ягонага кволага цельца. Выцягнутыя, бы ў кажана, вушы амаль сягалі падбародзьдзя. Абвіслая скура мела зеленаватае адценьне — вынік доўгага жыцьця на станцыях пад узьдзеяньнем сонечнае радыяцыі. Сьлязістыя вочы даўно выцьвілі й зацягнуліся плевачкай, празь якую прасьвечвалі шэрыя зрэнкі. Гэтымі вачыма Рэнзо жаласна глядзеў на Тронзу, рыхтык перапрашаў за сваю бытнасьць.
— Вы не казалі, што доктар Лезгэ — ваш сын. І, пэўна, не зусім доктар.
— Ах, гэта дробязі… У Драманда талент, вы ня лічыце? Натуральны мастак. Натхняецца старасьвецкімі альбомамі. Ён і мне падправіў быў выгляд. Стаўся для яго, так бы мовіць, першым палатном.
Сам Драманд тымчасам усеўся на ўслон і зноўку вылупіўся на сьцяну.
— Прызнацца, я спадзяваўся на іншы вынік апэрацыі.
— Творчая натура, што зь яго возьмеш. Акадэміяў ня скончваў. Не прызнае рамак, грэбуе работаю на заказ, самі бачыце. А спадзевы… Няспраўджаныя спадзевы гартуюць характар.
— Як вы падрабілі квантавыя меткі? Ужо й маю́ маеце?
— Квантавую метку падрабіць нельга. Вы й самі ведаеце.
Тронза нахмурыў свае новыя кашлатыя бровы.
— Я вас ні ў чым не падмануў, даражэнькі Бальтруце, — уздыхнуў Рэнзо. — Гэта папраўдзе найлепшая маскіроўка. Ёю скарысталіся многія авантурнікі. Каторыя зь іх дагэтуль са мной. Тэльтрон Пратон радасна віхляе хвастом, як убачыць мяне, а Пранчуздра Дэнэльбромт ня можа нацешыцца сваёю барадой. Усе яны — і Ё-ё Крыкс, і Мезьвілёмій Арэскі — уласнаручна пакінулі свае меткі. Такую рэкамэндацыю ня купіш за грошы.
— То значыць, я мушу быць вам удзячны.
— Разумею, у вас зараз віруюць эмоцыі, вы наладжаныя здураваць. Цягнецеся па праменявік, але забываецеся, што ён зашыты ў галёнцы — нагі ў вас, на жаль, ужо няма. Лазэрную пістолю з зубу Драманд таксама дастаў, разам з бальшынёю зубоў. Даліпан, вы мусіце мне падзячыць: ён хацеў быў адняць вам абедзьве рукі, каб дасягнуць большага падабенства з альбомнаю выявай; але я пераканаў яго, што гэта непрактычна.
Тронза зычна скаўтнуў.
— Слова свайго я не парушу. У найбліжэйшыя тры тыдні вы — Недаростак Бальтар, калека з вандроўнага цырку спадара Лезгэ. Неўзабаве нас чакае выступ на Вальраі. У часе плянэтарнага візыту мы зможам падчысьціць запасьнікі музэю Андрамэды. Праз тры тыдні выправімся на Папілюс і атрымаем свае грошы, па чым вы будзеце вольныя пайсьці сваёю дарогай — мо знойдзеце хірургаў, якія падлатаюць вас пасьля майго сынка, хаця я дагэтуль не сустрэў такіх — альбо, хто ведае, застацца ў маім цырку й праварочваць афэры па ўсёй Галяктыцы ў слаўнай кумпаніі прайдзісьветаў.
— Бачу, вы не пакінулі мне выбару.
На прыганку Папілюскага аддзяленьня банку ККД стаялі двох нібы з карыкатуры: цыбаты стары жалобнага выгляду й курдупель на кавёлах з тварам нэандэртальца. Кожны трымаў у руцэ валізку. Яны ўважліва агледзелі пусты пляц перад сабой. Зялёнае сонца сядала за вежы царквы Касьмічнага зьнічу. Пастаялі моўчкі.
Цыбаты працягнуў руку курдуплю:
— Прыемна было працаваць з вамі, Недаростку Бальтру. Дазвольце пацікавіцца: якія маеце пляны на прышласьць?
Бальтрут Тронза ня быў бы Бальтрутам Тронзам, калі б ня мог любую, нават самую непрывабную, сытуацыю абярнуць на сваю карысьць. Да таго ж ён быў прафэсіяналам. «Цікава, калі яшчэ надарыцца шанец папрацаваць з найлепшымі авантурнікамі Галяктыкі?» «Ніколі», — безуважна адзначыла сьвядомасьць.
Курдупель упэўнена адказаў на поціск рукі:
— Ляцім на Гліцыяс, спадару Рэнзо. На дзьвярох вашага сыночка яшчэ стане месца пад маю метку.
Звон зьвініць званчэй
Другое (анты-) каляднае апавяданьне. Адначасна яно ёсьць і ўшанаваньнем Лаўкрафта. Як бы хто ні крытыкаваў бацьку сучаснага хорару, яго ёсьць за што любіць. Ды яшчэ як любіць. Мне падабаецца шмат чаго ў ягонай творчасьці; падабаецца, як міты Ктулху жывуць і праз восемдзесят гадоў па сьмерці творцы ды цудоўна пачуваюцца ў іншых руках; падабаецца, што гэтая міталёгія даўно выйшла за межы літаратуры й стала часткаю масавае культуры.
У «Звон» я ўштукаваў нямала адсылак да пашыранае лаўкрафціяны: ад «Караля ў жоўтым» Уільяма Чэмбэрза да кулінарнае кнігі «The Necronomnomnom — A Cookbook of Eldritch Horror»; ад альбому «Liber Logaeth» LAMIA MORRA да настольнае ролевае гульні «Call of Cthulhu». Хто захоча, тыя адсылкі можа пашукаць і знайсьці.
They will return: mankind will learn
New kinds of fear when they are here
They will reclaim all in their name
Hopes turn to black when they come back
Ignorant fools, mankind now rules
Where they ruled then: it’s theirs again
«Carol of the Old Ones»
Знайшлося б нямала такога, чаго Эзра Ольсэн ня ведаў. Але ў адным ён пераканаўся за шэсьцьдзесят тры гады напэўна: ніякіх цудаў не бывае. Ні на сонцаварот, ні калі яшчэ. Сусьвет халодны і абыякі да чалавечых жаданьняў і памкненьняў. Маральнага кодэксу ён ня мае. Усё зьмяняецца толькі на горшае.
Эзра агледзеў магілу пад нагамі. «Я — Провід», вытыркаўся надпіс з-пад сьнегу. Гэты чалавек, што ўзапраўды быў божым провідам, усё жыцьцё вешчаваў прыйсьце Вялікіх Старцаў, але так і не прычакаў іх. Памёр у галечы й безьвесьці. А мусіў бы стацца шчырым прарокам і зьвестуном Праўды. Якраз дзякуючы яму сям’я Ольсэнаў захавала памяць і веру продкаў пераз хаос дваццатага стагодзьдзя. Штогоду напярэдадні Ёля Эзра прыходзіў да ягонае магілы.
Дый куды б яшчэ яму хадзіць у такі дзень: жонка даўно спачыла ў рытуальным полымі, дзеці з унукамі паразьехаліся. І хоць жылі недалёка — у Данвічы ды Аркгэме, — наведваліся да старога зрэдку. Апошні раз завіталі на Бельтэйн пазалетась.
Ён ня меў пэўнасьці, ці зьберагуць яны айчызную спадчыну, і моцна пераймаўся з тае нагоды. Аджа іхныя продкі прыйшлі ў гэты край з далёкіх земляў на Поўдні. Прыйшлі яшчэ да таго, як сюды прыплыў першы карабель. Да таго, як узьнікла Плімуцкая калёнія. Іхны род заўжды быў нешматлікім і пачуваўся чужым у Новай Англіі, а зь цягам часу повязь з былым усё вытанчалася, традыцыі чэзьлі. Ён застаўся хіба апошнім, хто пільнаваўся старых звычаяў.
Эзра ўздыхнуў, выпусьціўшы з роту воблачак пары, і разгледзеўся на бакі. Два дні таму з мора наляцела завіруха і ахінула Кінгспарт белым покрывам. Могілкі ляжалі на вяршыні ўзгорку ў цэнтры старога места. Цяпер яны ператварыліся ў казачную катэдру: пад цяжарам сьнегу вербы схілілі галіны да растрэсканых помнікаў і раскрышаных плітаў. З арачных вокнаў, што атрымаліся такім парадкам, была відаць ладная частка Кінгспарту: ад Саўтпойнту й Сьвінячае выспы ў Гарбэрсайдзе на ўсходзе да каляніяльных дамкоў Гілтаўну на захадзе. Вобач могілак на ўзгорку ўзносіла шпіль у вечаровае неба парафіяльная царква Сьвятога Міхаіла. Адтуль даносілася гамана й высьвечвалі бліскавіцы фаервэркаў. На другі бок могілак месьцілася псыхіятрычная лякарня Сьвятога Эразма, адкуль яго кагадзе выпісалі.
Неўзабаве прысьпее той час, усьведамляў Эзра, калі й ён спачне на гэтым пагорку — і пахавальнага вогнішча яму ніхто не складзе. Эзра пачуваўся жаўнерам у часе вайны на захопленай тэрыторыі. Жаўнер адчувае непазьбежнасьць перамогі, але так жа сама чуе, што да яе не дажыве. І ўсё ж адкласьці зброю значыць здрадзіць нашчадкам, пазбавіць іх будучыны. На вайне трэба добра выконваць сваю працу — упарта, бяз скаргаў. Брудавозная, няўдзячная справа — але што зробіш.
Ён закінуў галаву — шыйныя хрыбеткі глуха захрабусьцелі — і глянуў у марознае зорнае неба. Прыжмурыўшыся, знайшоў Альдэбаран і зьвярнуўся да свайго бога ў гарачай малітве. Эзра разумеў, што гэта цалком пазбаўлена сэнсу, што цудаў не бывае і ён папросту блазнуе — але ўсё адно паціху зьвяртаўся да Валадара Гіядаў. «Пабачыў бы мяне зараз доктар Пікэрынг». Прастадушны акаліт унутры яго па-ранейшаму мроіў пра туманныя віры Дэмэ й возера Галі, пра недасяжныя воблачныя хрыбты, над якімі праплывае Аляр і дэманічны Альголь. Акаліт унутры хацеў верыць.
Проці ночы бралася на мароз. Кончыкі пальцаў нямелі. Эзра схамянуўся й пашыбаваў рыпучым сьнегам да выхаду.
На пляцы перад царквою тлуміліся мясцовыя. Тут залілі коўзанку, і цэлыя сем’і бавілі суботні вечар на лёдзе. У паветры лунаў дзіцячы сьмех і вясёлая гамана. Ад ятак, што атачалі коўзанку, далятаў пах глінтвайну й цынамону. На сходах царквы ўбраныя дзеці сьпявалі калядкі пад наглядам сьвятара. Гледачы падпявалі й пляскалі ў ладкі.
Ён скрывіўся. Дурны люд! Усе іхныя вясёленькія калядныя прыпеўкі й забаўкі папраўдзе зьвернутыя да цёмных паганскіх часоў, якімі яны пагарджаюць. Сатурналіі, Natalis Invicti Solis, Модраніхт — не, пра гэта яны ня згадваюць. Што за крывадушніцтва. Затое славяць свайго псэўдабога, прыдуманага рымскімі рабамі, і нават ня могуць сьцяміць, што нарадзіцца ўзімку, паводле ўласных жа сьвятых кнігаў, ён аніяк ня мог. Ня памятаюць, ці памятаць ня хочуць, пра Мітру, Думузі ды іншых, зь якіх скампілявалі свайго бесхрыбетнага пакутніка. І гэта ня кажучы пра багоў запраўдных, што йснавалі да прыходу чалавецтва і існавацьмуць па ягоным сыходзе.
Іхнае «сьвята дабрыні, любові, міласэрнасьці й спагады» старэйшае за чалавечы род. І нічога добрага ды міласэрнага ў ім нямашака. Не, гэтыя невукі ня ў змозе адмовіцца ад антрапацэнтрычнае пэрспэктывы; няздольныя зразумець, што ў маштабе Сусьвету — а толькі такімі маштабамі й варта мысьліць — чалавецтва меншае за пылінку.
Эзра з агідаю цыркнуў і збочыў за рог, на Чорч-стрыт. Ля сьцяны насупраць сядзеў жабрак у запэцканых зямлёю рызманах і нешта мармытаў, працягваючы руку ў пустату. Эзра ніколі не падаваў міласьціны, але тут раптам спыніўся, убачыўшы твар небаракі.
Той ільсьніўся як нашмараваны воскам і нават на пагляд здаваўся мяккім, рыхтык засьмярдзелы сыр. Пад скураю нібыта варушыліся чэрві. Разам з тым страшнаватае відовішча зачароўвала й не адпускала.
Бесплатный фрагмент закончился.
Купите книгу, чтобы продолжить чтение.